Прэс-сакратар кампаніі Norwegian паведаміў нарвэскаму выданьню NRK пра тое, што празь неапазнаны бесьпілётнік вымушаны быў вярнуцца ў аэрапорт самалёт рэйсам з Осла ў Бардуфос. Самалёт павярнуўся ў 20:47 мясцовага часу. Але ўжо, а 21:15 зь лётнішча вылецеў іншы рэйс.
Аэрапорт Бардуфос у Тромсё зачынялі празь небясьпеку.
Раней у нядзелю бесьпілётнікі заўважылі прыкладна за 800 кілямэтраў на поўдзень, каля аэрапорту Бранёйсун у Нурлане. Адзін самалёт накіравалі ў іншы аэрапорт, паведаміла прадстаўніца кампаніі Avinor.
Праз прысутнасьць невядомых бесьпілётнікаў зачынялі аэрапорт і ў Нурлане. Раніцай 29 верасьня нарвэская паліцыя пацьвердзіла, што бачыла над аэрапортам два бесьпілётнікі.
У паліцыі ёсьць фатаграфіі, на якіх нібыта бачныя бесьпілётнікі, але яны зробленыя здалёк і маюць нізкую якасьць.
Кіраўнік пошукавых апэрацый сьцьвярджае, што атрымаў шмат паведамленьняў ад жыхароў гораду Будзё пра заўважаныя бесьпілётнікі, але яны выявіліся ілжывымі. Цяпер паліцыя павялічыла радыюс забароны на палёты бесьпілётнікаў каля аэрапортаў з 5 да 10 км.
На мінулым тыдні праз пралёты бесьпілётнікаў часова зачыняўся шэраг аэрапортаў у Даніі, у тым ліку сталіцы Капэнгагене, а таксама ў нарвэскай сталіцы Осла.
Форум