— Цяпер Польшча заявіла пра тое, што польскія грамадзяне павінныя выехаць, пакінуць тэрыторыю Беларусі. Гэта ўвогуле звязана з адносінамі з Пуціным і з Расеяй?
— Я думаю, так. Я думаю, што Лукашэнка 25 верасьня паехаў у Маскву шмат у чым апраўдвацца. Бо ў яго апошнім часам цікавая тактыка паводзінаў з усімі. Дроны ляцяць праз нас у Польшчу — мы тут ні пры чым. Мяжу закрылі — гэта ж недружалюбны ход палякаў у адносінах да Кітая чамусьці. Нібыта існуе польска-кітайская мяжа. Мы ж бачым, што ён зараз усё больш пачынае круціцца ва ўсе бакі, і даводзіцца тлумачыцца. Дзеля гэтага з Пуціным ён і мае зносіны.
— Лукашэнка размаўляў па тэлефоне з Трампам, потым быў там абмен нейкімі лістамі. Гэта ўзгоднена з Пуціным? Ці Лукашэнку зараз даводзілася тлумачыцца перад Пуціным і за гэтыя кантакты з Трампам?
— Думаю, што за гэта —не. Лукашэнка прадаваў амерыканцам парады, як трэба правільна з Пуціным мець зносіны. І, мяркуючы па амерыканскіх крыніцах, гэтымі парадамі яны скарысталіся, а парады там дастаткова простыя — Пуціну трэба дагаджаць. Гэта на саміце ў Анкорыджы і было зроблена — чырвоны дыван, абдымкі, і ўсё, што хочаш. Так што ў парадах Лукашэнкі Трампу не было нічога, за што трэба было апраўдвацца, хутчэй пахваліў.
— Відавочна, што Дональд Трамп меркаваў, што вызваляць нашмат больш беларускіх палітвязьняў. Ён казаў пра лічбы 1300-1500 чалавек. Ці Трамп незадаволены?
— Гэта два махляры, шулеры, хітруны, якія спаборнічаюць паміж сабой, хто больш вопытны махляр. І камунікацыя робіцца ня так, што на паперы запісана, што ЗША здымаюць санкцыі з бізнэсоўца Карыча, у адказ вызваляюцца 14 палітвязьняў, Амэрыка дазваляе купляць запчасткі для «Боінгаў» — выходзяць на волю 50 палітвязьняў. Гэта падаецца не як зьдзелка, не як абмен, а як жэсты добрай волі з абодвух бакоў. Махлярскія па сутнасьці.
Санкцыі з пэрсанальнага самалёта Лукашэнкі не зьнялі, Куды «Боінгі» «Белавія» не маглі лётаць, туды і ня могуць цяпер, пасьля таго, як зьнялі санкцыі. Амэрыканцы крыху Лукашэнку надурылі, калі сказалі, што зьнялі санкцыі зь «Белавія».
Але і Лукашэнка іх крыху надурыў. Больш як дзьвюм трацінам палітвязьняў, якіх вызваліў апошнім разам Лукашэнка, заставалася і так нядоўга сядзець. Па вялікім рахунку Лукашэнка вырашыў сваю праблему — як не пакінуць у краіне людзей, якія зараз пачнуць выходзіць з-за кратаў.
Форум