Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад «ІТ-каталізатара» да «крыптамахляроў» і падзеньня экспарту: Як зьмяніўся беларускі Парк высокіх тэхналёгій


Будынак ПВТ, ілюстратыўнае фота
Будынак ПВТ, ілюстратыўнае фота

У 2005 годзе ў Беларусі заснавалі Парк высокіх тэхналёгій, які меўся стаць інкубатарам для ІТ-сфэры і драйвэрам росту эканомікі. Да 2022 году ПВТ паказваў рост, потым — стагнацыю.

22 верасьня 2005 году прынята лічыць датай пачатку існаваньня ў Беларусі Парку высокіх тэхналёгій, тады быў падпісаны адпаведны дэкрэт, аб стварэньні гэтага ІТ-інкубатара. ПВТ пачаў хутка разьвівацца, перажыў «залатыя часы», а пасьля падзеньне экспарту і масавы сыход рэзыдэнтаў. Расказваем, як ПВТ пачынаўся і што зь ім цяпер.

Першыя гады і «залатыя часы»

Паводле канцэпцыі ПВТ кампаніі-рэзыдэнты парка вызваляліся ад часткі падаткаў і мелі іншыя прэфэрэнцыі. Сярод іншага, рэзыдэнтаў парку пазбаўлялі неабходнасьці плаціць мясцовыя падаткі і зборы, а забудоўшчыкаў парку вызвалілі ад выдаткаў на інжынэрную інфраструктуру. Таксама рэзыдэнты парку пазбаўляліся ад выплаты падатку на прыбытак і падатку на дадатковую вартасьць пры рэалізацыі тавараў, работ і паслуг.

Першым кіраўніком новага ІТ-хаба стаў адстаўны дыплямат Валер Цапкала.

У 2006 годзе першыя кампаніі пачалі рэгістравацца як рэзыдэнты ПВТ, а самай першай такой кампаніяй стаў EPAM. Стваральніка ЕРАМ Аркадзя Добкіна лічаць адным з ініцыятараў стварэньня ПВТ.

Эмблема Epam на будынку ПВТ
Эмблема Epam на будынку ПВТ

Ужо за першы год дзейнасьці, у 2006-м, экспарт ІТ-паслуг парка склаў 21,6 мільёна даляраў. Працягваўся рост колькасьці рэзыдэнтаў. Да 2010 году рэзыдэнтамі парка сталі ўжо 88 кампаній зь лікам супрацоўнікаў у 8,2 тысячы чалавек.

На 2016 год экспарт ПВТ складаў ужо 820,6 мільёна даляраў на год. Праграмнае забесьпячэньне, якое рабілі рэзыдэнты парка, пастаўлялі ў 67 краін, на Заходнюю Эўропу прыпадала 49,1% ад усяго экспарту, на ЗША — 43,2%.

Адзін з прадстаўнікоў ІТ-галіны, які доўгі час працаваў у кампаніі-рэзыдэнце ПВТ сярод крытэраў першапачатковага посьпеху называе адсутнасьць бюракратыі, зразумелыя правілы гульні і высокія стандарты. Пра гэта спэцыяліст распавёў Свабодзе на ўмовах ананімнасьці.

«ПВТ у свой час адыграў ролю каталізатара разьвіцьця беларускай ІТ-галіны. Для кампаній гэта была магчымасьць працаваць па міжнародных правілах у межах беларускай юрысдыкцыі. Спачатку ключавымі фактарамі былі падатковыя льготы і спрошчанае валютнае рэгуляваньне, што рэзка зьніжала парог уваходу для аўтсорсных і ў цэлым арыентаваных на экспарт ІТ-кампаній. І гэта было празрыста: зразумелыя ўмовы, мінімум бюракратыі, рэальныя падатковыя льготы, магчымасьць працаваць з замежнымі партнэрамі наўпрост. У той жа час у ПВТ ня мог прыйсьці хто заўгодна, бо стандарты былі даволі высокія. То бок гэта хутка стала яшчэ і элемэнтам прэстыжу і рэпутацыйных гарантый», — зважае суразмоўца.

Вялікім штуршком для разьвіцьця, паводле суразмоўцы, сталі таксама адукацыйныя праекты ў межах ПВТ, дзякуючы якім можна было рыхтаваць сваіх спэцыялістаў на месцы.

«Плюсам стаў эфэкт клястару: у адной прасторы — канцэнтрацыя спэцыялістаў, разьвіцьцё адукацыйных праектаў і ініцыятыў. Найбольш ПВТ падыходзіў для сэрвісных кампаній, якія прадавалі свае паслугі за мяжу, і для цэнтраў распрацоўкі міжнародных карпарацый, бо абяцаў адносную фінансавую прадказальнасьць і фармаваў доступ да талентаў», — зважае суразмоўца.

Да 2017 году ПВТ меў больш за тысячу рэзыдэнтаў, аднак, экспэрты называлі праблемай тое, што толькі 10-15% кампаній распрацоўвалі свае прадукты, астатнія працавалі на аўтсорс.

У 2017 годзе Лукашэнка прыняў новы дэкрэт, які кранаўся дзейнасьці ПВТ, «Аб разьвіцьці лічбавай эканомікі». Дакумэнт захоўваў частку папярэдніх ільготаў і даваў іншыя. Адны з асноўных ільготаў, якія спрыялі разьвіцьцю ІТ-сфэры далей — гэта зьніжаны падаходны падатак у 9% замест 13%, як было ў іншых, а таксама выплаты ў Фонд сацыяльнай абароны, якія вылічваліся не адносна заробку ў кампаніі, а адносна сярэдняга па краіне. Таксама гэты дэкрэт дазволіў легалізаваць абарот крыптавалют. У 2021 годзе ільготу ў 9% падатку на даходы часова адмянілі да 2028 году.

Пікавы ўздым, а пасьля падзеньне экспарту і масавы сыход

2021 год стаў пікавым у гісторыі беларускага ПВТ, агульны аб’ём экспарту паслуг склаў больш за 3,2 мільярда даляраў, доля ў агульным ВУП Беларусі 4,8%. Аднак, крызісныя тэндэнцыі пачаліся яшчэ раней, пасьля падзей 2020 году многія ІТ-спэцыялісты праз палітычны крызіс і рэпрэсіі вымушаныя былі зьехаць з Беларусі.

Адзін з плякатаў прадстаўнікоў ІТ-сфэры падчас страйку ў жніўні 2020 году
Адзін з плякатаў прадстаўнікоў ІТ-сфэры падчас страйку ў жніўні 2020 году

Далей — болей, пасьля пачатку маштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну ў 2022 годзе, буйныя кампаніі-рэзыдэнты парка пачалі масавы сыход і ад’езд за мяжу. Напрыклад, Wargaming цалкам сышоў з Беларусі ў 2022 годзе, Epam значна скараціў колькасьць сваіх супрацоўнікаў і пачаў пераводзіць іх у Літву, Польшчу ды іншыя краіны. Агулам ПВТ пакінула больш за 250 ІТ-кампаній.

На 1 студзеня 2021 году ў кампаніях-рэзыдэнтах ПВТ працавалі 80 000. На 2025 год іх стала менш на 21 000 чалавек — 59 000.

Экспарт паслуг ПВТ у грашовым вымярэньні зьнізіўся ў параўнаньні з 2021 годам у 1,7 разы:

  • 2021 год — 3,2 мільярда даляраў
  • 2022 год — 2,7 мільярда даляраў
  • 2023 год — 1,8 мільярда даляраў
  • 2022 год — 1,8 мільярда даляраў.

Цяпер у ПВТ уваходзіць 1050 кампаній-рэзыдэнтаў, у 2021 годзе такіх кампаній было на 15 больш.

А так выглядае доля ў ВУП усяго ІТ-сэктара Беларусі згодна з Белстатам па гадах:

  • 2021 — 7,27%
  • 2022 — 6,15%
  • 2023 — 5,06%
  • 2024 — 4,92%

Зьніжэньне амаль у 1,5 разы.

Згодна з дадзенымі, доступ да якіх атрымала супольнасьць Кібэрпартызаны ў 2021-2024 гадах кампаніі-рэзыдэнты ПВТ згубілі 18500 супрацоўнікаў. 15000 паводле зьвестках супольнасьці наогул пакінулі беларускі ІТ-рынак у гэты прамежак часу.

Хто цяпер працуе ў ПВТ

5 верасьня Лукашэнка правёў нараду наконт крыптавалют, дзе кіраўнік Дзяржкантролю Васіль Герасімаў прывёў прыклад крымінальнай справы. Нібыта грамадзяне Казахстану выпусьцілі 16 токенаў (лічбавыя каштоўныя паперы, крыптавалюта), але заплацілі грамадзянам Беларусі, якія ў іх уклаліся толькі за 4, а астатнія сродкі вывелі за мяжу. Пацярпелі, па словах прадстаўніка ведамства 1,6 тысячы чалавек.

Таксама Герасімаў прывёў прыклад, калі з 6 арганізацый, якія выпускалі токены 3 проста «лопнулі». Ці ўваходзілі пералічаныя кампаніі ў ПВТ не паведамлялася.

«Хтось павінен за гэта адказваць. Мы стварылі ў Парку высокіх тэхналёгій крыптабіржу. Ці ёсьць там адказны кіраўнік за гэта? Ёсьць. Дзе ён? На свабодзе. Ну, я груба кажу. Можа, не трымаць у турме, можа, трэба „павесіць“, можа, „застрэліць“. Публічна пра гэта кажу. Дзе вы былі дагэтуль, чаму вы з іх не спыталі? Чаму генэральны пракурор і нашы спэцслужбы ці Міністэрства ўнутраных спраў павінны каго-небудзь шукаць, марнаваць грошы?!» — сказаў на нарадзе Аляксандар Лукашэнка.

Пра каго вядзецца гаворка, ён не ўдакладніў, а дзяржаўнае тэлебачаньне пасьля назвалазгаданыя кампаніі «крыптамахлярамі».

Крыптарэзыдэнты ў ПВТ на сайце выдзеленыя ў асобны блёк, цяпер там 18 кампаній. Некаторыя зь іх зьяўляюцца апэратарамі крыптаплятформы, некаторыя — аказваюць паслугі па разьмяшчэньню токенаў на біржах, іншыя — аказваюць юрыдычныя і брокерскія паслугі, зьвязаныя з апэрацыямі на крыптабіржах.

Большасьць гэтых кампаній сталі рэзыдэнтам парка нядаўна: на мяжы 2023-2025 гадоў ці наогул зьявіліся ў гэты час, то бок былі зарэгістраваныя як юрыдычныя адзінкі.

Калі паглядзець на ўвесь сьпіс рэзыдэнтаў ПВТ, то цяпер у ім 79 кампаній, якія маюць стаж 1-3 гады, то бок адносна нядаўна сталі рэзыдэнтамі. Старых кампаній, якія зьяўляюцца рэзыдэнтамі 10 гадоў і болей, — 297.

У сьпісе рэзыдэнтаў толькі 5 кампаній, якія маюць больш за 1000 чалавек у штаце супрацоўнікаў. Больш за ўсё кампаній у сьпісе рэзыдэнтаў ПВТ маюць штат ад 11 да 50 чалавек.

«У Расеі няма столькі грошай, як на Захадзе»

Адзін з суразмоўцаў Свабоды са сфэры ІТ зважае, што мэта ПВТ засталася ранейшай, проста ўпалі інвэстыцыі з-за пераарыентацыі.

«Менш інвэстыцый у ІТ прыходзіць, хаця яны не спыніліся — проста ў Расеі, якая цяпер асноўны інвэстар, няма столькі грошай, колькі на Захадзе. Значная частка супрацоўнікаў кампаній ПВТ выехала», — адказвае суразмоўца.

Яшчэ адзін спэцыяліст, які працаваў у некалькіх кампаніях-рэзыдэнтах ПВТ адзначае, што цяпер парк застаецца цікавым для тых, хто хоча працаваць для рынка ЭАЭС ці краінах Азіі.

«Новыя фактары — палітычная нестабільнасьць, санкцыйны ціск і адток спэцыялістаў — уносяць свае карэктывы. Рэпутацыя на міжнародным рынку істотна пацярпела. Буйнейшыя гульцы пераразьмеркавалі структуры, каб зрабіць рызыкі кіраванымі, а для малых кампаній такі шлях значна складаней, і іх рызыкі даволі высокія. Сёньня, на маю думку, ПВТ застаецца карысным для кампаній, якія гатовыя зьвязваць будучыню з рынкам ЕАЭС або Азіі. Сюды прыходзяць як новыя стартапы, так і падразьдзяленьні міжнародных груп, для якіх па-ранейшаму важная камбінацыя падатковых ільгот і доступу да таго кадравага рэсурсу, што яшчэ застаўся», — кажа суразмоўца.

Да палітычнага крызісу асноўнымі спажыўцамі паслуг ПВТ былі краіны Заходняй Эўропы і ЗША, зважае эканамістка Анастасія Лузгіна. Цяпер ПВТ не згубіў сваёй мэты, ён па-ранейшаму акумулюе ІТ-кампаніі.

Анастасія Лузгіна
Анастасія Лузгіна

«У 2025 годзе мы назіраем нейкае ўзнаўленьне ПВТ пасьля падзеньня. Аднак у якой кропцы ён бы мог знаходзіцца, калі б ня спад пасьля рэпрэсій і пачатку вайны. Нельга сказаць, што цяпер ПВТ — гэта такі рэгіянальны цэнтар сярод іншых краін. Ён ужо не выдзяляецца сярод суседзяў, як 5 гадоў таму», — гаворыць эканамістка.

Сёлета ў траўні ў ПВТ прызначылі новую кіраўніцу — ёй стала ранейшая намесьніца міністра сувязі і інфарматызацыі Ганна Рабава. Яна замяніла на пасадзе Аляксандра Базанава, былога супрацоўніка КДБ.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG