Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзям патрэбнае месца, дзе б яны маглі выдыхнуць». У Італіі адкрываецца часовы прытулак для беларусаў


Першы прытулак для беларусаў у Італіі
Першы прытулак для беларусаў у Італіі

Кіраўніца Асацыяцыі беларусаў у Італіі «Талака» Юлія Юхно атрымала ключы ад сацыяльнага жытла ў Флярэнцыі, дзе будзе часовы прытулак для беларусаў, вымушаных зьехаць з сваёй краіны.

«Гэта быў складаны праект, самі італьянцы казалі, што будзе цяжка яго ажыцьцявіць»

Кіраўніца Асацыяцыі беларусаў Італіі «Талака», прадстаўніца Народнай амбасады Беларусі ў Італіі Юлія Юхно кажа, што беларусы, якія вымушана зьяжджаюць ад перасьледу, дабіраюцца і да гэтай сонечнай краіны. Хоць, вядома, не ў такой колькасьці, як да Літвы ці Польшчы. У Італію ідзе вялікі паток мігрантаў з розных краін: шмат людзей прыплываюць морам, мноства ўкраінцаў прыехала пасьля 2022 году. Іх падтрымліваюць. А беларусам, з словаў Юліі Юхно, вельмі складана трапіць у дзяржаўныя праграмы, як гэта ўдаецца іншым імігрантам.

Тым ня менш Юлія дапаглася, каб тры беларускія сям’і ўцекачоў трапілі ў дзяржаўныя праграмы. На гэта спатрэбілася ад месяца да чатырох. А ў Італіі ўцекачам можна ўладкавацца на працу праз 60 дзён пасьля прыезду ў краіну.

«Людзям трэба недзе жыць. Ім патрэбнае месца, дзе яны маглі б выдыхнуць пасьля перажытага. Былі розныя сытуацыі: адна сям‘я з чатырма дзецьмі некаторы час жыла ў мяне, другую сям’ю ўладкавалі пажыць пры царкве, трэцяя сям’я з двума дзецьмі амаль кожны тыдзень вымушаная была пераязджаць, і дзеці своечасова не пайшлі ў школу. Гэта вялікая праблема і для бацькоў, і для дзяцей, і для мяне», — кажа Юлія.

Юлія Юхно
Юлія Юхно

Таму народная амбасадарка Беларусі ў Італіі прыйшла да высновы, што неабходна адкрыць шэлтэр. У лістападзе 2024 года Юлія Юхно прэзэнтавала свой праект сацыяльнага жытла, пачала шукаць спонсараў.

«Гэта быў складаны праект, самі італьянцы мне казалі, што яго ажыцьцявіць і цяжка, і доўга. Сем’і змогуць жыць у шэлтэры, пакуль я не ўладкую іх у нейкія інтэграцыйныя праграмы. Мяркую, тэрмін жыхарства там будзе каля 5–6 месяцаў, бо ў Італіі бюракратыя даволі складаная. Да таго ж у Італіі, пакуль уцякач ня ўвойдзе ў нейкую праграму, яму нічога не плацяць, а трапіць у дзяржаўную праграму даволі складана», — тлумачыць Юлія Юхно.

«24 верасьня я атрымала ключы»

У сакавіку 2024 году ў Флярэнцыю прыяжджала Сьвятлана Ціханоўская, яна сустракалася з мэрам і з адміністрацыяй гораду Флярэнцыі і рэгіёну Таскана, яны паабяцалі дапамагчы. Фундацыя «Ашчадныя касы» (Fondazione cassa di risparmio di Firenze) дала невялікія грошы на адкрыцьцё шэлтэру, але іх хапіла толькі на самыя неабходныя выдаткі, кажа Юлія.

«У турыстычнай краіне Італіі знайсьці жытло — складаная рэч, бо людзей ня могуць выселіць з таго жытла (справа ў італьянскім заканадаўстве, якое ўскладняе працэдуру высяленьня арандатараў — РС). Таму я разумела, што шукаць жытло на сайтах нерэальна. Я зьвярталася і ў абласную, і гарадзкую адміністрацыю. Нарэшце ў чэрвені мы знайшлі сацыяльнае жытло. Трэба было чакаць, пакуль людзі зьедуць, а яны зьяжджалі доўга, месяцы тры.

І толькі 24 верасьня я атрымала ключы ад той кватэры. Яна пакуль пустая, яе трэба давесьці да ладу, пафарбаваць, завезьці мэблю, тэхніку», — апавядае Юлія Юхно.

Падрыхтоўка шэлтара да адкрыцьця
Падрыхтоўка шэлтара да адкрыцьця

Шэлтэру патрэбна фінансавая падтрымка

Такім чынам, ад ідэі да рэалізацыі праекту прайшло каля 10 месяцаў. Дапамагаюць валянтэры: ёсьць беларус з аўтамабілем, які ваяваў ва Ўкраіне і зараз падаў заяву на ўцякацтва ў Італіі, ён дапамагае і з абсталяваньнем прытулку, і рамонтам офісу. Ёсьць беларуска, зь якой некалі Юлія Юхно сядзела на Акрэсьціна, яна дызайнэрка.

«У нас арганізацыя называецца „Талака“, мы ўсё робім талакой. У нас ідзе рамонт, мы шукаем мэблю і тэхніку ў шэлтэр і офіс. Бо адначасова разам з шэлтэрам у Флярэнцыі адкрываецца офіс — Цэнтар дэмакратычнай супольнасьці. Як прадстаўніца Народнай амабасады я працую і з парлямэнтам, і зь міністэрствамі ў пытаньнях легалізацыі беларусаў. Спрабую стварыць структураваную арганізацыю, якая займалася б і праблемамі абароны інтарэсаў беларусаў, і давала магчымасьць апавядаць пра Беларусь, праводзіць імпрэзы», — тлумачыць Юлія.

Юлія Юхно
Юлія Юхно

Беларуска вельмі ўдзячная партнэрам і памочнікам: прафсаюзам CISL, ISCOS Toscana, Abitare Toscana, адміністрацыі Флярэнцыі, рэгіёну Таскана. Аднак гэтага недастаткова, патрэбна фінансавая падтрымка. Калі яна будзе, ужо празь месяц у сацыяльнае жытло ў Флярэнцыі змогуць засяліцца беларусы.

Падтрымаць прытулак для беларусаў у Флярэнцыі можна ахвяраваньнем, зьвязаўшыся з яго арганізатарамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG