Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пацяпленьня не адбылося: Пашыньян, як і раней, ігнаруе Савет кіраўнікоў урадаў СНД, што праходзіць у Менску


На адным з ранейшых пасяджэньняў Савету кіраўнікоў урадаў краін СНД. Ілюстрацыйнае фота
На адным з ранейшых пасяджэньняў Савету кіраўнікоў урадаў краін СНД. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Армэніі Нікол Пашыньян ня будзе ўдзельнічаць у пасяджэньні Савету кіраўнікоў урадаў краін СНД, якое 29 верасьня праходзіць у Менску.

Як паведамляюць армянскія СМІ, ад Армэніі ў гэтым зборы будзе дыстанцыйна ўдзельнічаць віцэ-прэм’ер армянскага ўраду Мгер Грыгар’ян.

Яго прэсавая служба паведаміла, што Грыгар’ян будзе ўдзельнічаць у пасяджэньні ў рэжыме відэаканфэрэнцыі.

25 верасьня Аляксандар Лукашэнка і Нікол Пашыньян сустрэліся ў Маскве на Глябальным атамным форуме. Тады праўладны Telegram-канал «Пул первого» апублікаваў фатаздымак, на якім перад пачаткам форуму Лукашэнка паціснуў руку Ніколу Пашыньяну. Прэм’ер-міністар Армэніі з чэрвеня 2024 году ня толькі не кантактаваў з Лукашэнкам, але і заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Такім чынам ён адрэагаваў на заявы Менску аб падтрымцы Азэрбайджану ў карабаскім канфлікце.

На гэтым форуме Лукашэнка наўпрост зьвярнуўся да Пашыньяна з прапановай пабудаваць АЭС у Армэніі.

«Так, Нікол Ваваевіч, калі патрэбна, зьвяртайцеся. Калі прэзыдэнт [Расеі] ухваліць, мы гатовыя пачаць», — сказаў Лукашэнка.

13 чэрвеня 2024 году армянскі прэм’ер-міністар Нікол Пашыньян заявіў, што ні ён, ні які-небудзь іншы афіцыйны прадстаўнік краіны не паедзе ў Беларусь, пакуль ва ўладзе ў Менску знаходзіцца Лукашэнка. Пашыньян сказаў гэта пасьля заяваў Лукашэнкі пра карабаскі канфлікт на сустрэчы з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым у сярэдзіне траўня.

Тады ж, у чэрвені 2024 году, Армэнія адклікала зь Беларусі свайго амбасадара Разьміка Хумаряна для кансультацыяў. У адказ Менск адклікаў з Армэніі свайго амбасадара Аляксандра Канюка (з інфармацыі МЗС вынікае, што Канюк вярнуўся ў Ерэван у канцы лета).

Нікол Пашыньян раней ня раз крытыкаваў АДКБ, у тым ліку Расею і Беларусь, за брак дапамогі падчас канфлікту Армэніі і Азэрбайджану ў Нагорным Карабаху. У верасьні 2023 году ў выніку абвастрэньня канфлікт завяршыўся скасаваньнем самаабвешчанай Нагорна-Карабаскай Рэспублікі, якую ў тым ліку ваенным чынам падтрымліваў Ерэван, і пераходам рэгіёну пад кантроль Азэрбайджану. Армэнія афіцыйна замарозіла, а фактычна спыніла ўдзел у АДКБ. Умовай зьмены стаўленьня да АДКБ Пашыньян назваў сыход зь яе Беларусі, а таксама прабачэньні Лукашэнкі армянскаму народу за словы падтрымкі Баку падчас вайны 2020 году.

Адначасова Ерэван заявіў пра гатоўнасьць збліжацца з Эўразьвязам. 4 красавіка прэзыдэнт Армэніі Ваагн Хачатур’ян падпісаў закон «Аб пачатку працэсу ўступленьня Рэспублікі Армэніі ў Эўрапейскі Зьвяз».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG