У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што ў «справе Гаюна» затрымалі і зьмясьцілі пад варту сама меней 78 чалавек.
«У Беларусі працягваюцца затрыманьні ў межах крымінальнай справы за перадачу інфармацыі „Беларускаму Гаюну“. Людзям інкрымінуюць артыкул 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці). Большасьць затрыманых — мужчыны», — адзначаецца ў паведамленьні «Вясны».
Паводле праваабаронцаў, агульная лічба затрыманых значна большая.
«Палітычны перасьлед 78 чалавек, пра які мы пішам, быў цалкам вэрыфікаваны і пацьверджаны», — падкрэсьлілі ў праваабарончым цэнтры «Вясна».
Тэлеграм-ініцыятыва займалася зьбіраньнем зьвестак пра перамяшчэньне расейскіх войскаў. Зьвесткі дапамагалі ўкраіснкаму боку арыентавацца ў становішчы і ацэньваць пагрозы.
Пра тое, што сілавікі маюць доступ да базы кантактаў маніторынгавага праекту «Беларускі Гаюн», стала вядома на пачатку лютага. Кіраўнік праекту Антон Матолька публічна прызнаў факт узлому і праз два дні пасьля гэтага заявіў аб спыненьні працы «Гаюна». З таго часу праект, які стаў важнай крыніцай інфармацыі для беларускіх, украінскіх і міжнародных мэдыя, больш не публікуе зьвестак аб дзеяньнях расейскіх і беларускіх вайскоўцаў.
Праваабаронцы прагназуюць, што колькасьць фігурантаў «справы Гаюна» можа дасягнуць 1000 чалавек.
Форум