«Мне складана нейкім чынам рэагаваць на тое што кажа Лукашэнка. Ён жыве ў сваім сьвеце. Ён пабудаваў яго і ізаляваў сябе. Ён жыве тры дзесяцігодзьдзі ў гэтым доме, які пабудаваў. Але гэты дом памерам з усю краіну. Але, я хачу, каб ён памятаў, што ягоная краіна незалежная. Ён у сваім сьвеце, але Пуцін часам наведваецца і яны балбочуць, два старыя дзяды. Цяжка камэнтаваць», — сказаў Уладзімір Зяленскі ў часе Міжнароднай канфэрэнцыі па бясьпецы, якая праходзіць у Варшаве (Польшча).
26 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Ўкраіна мае выгадныя прапановы па спыненьні вайны і перасьцярог Уладзіміра Зяленскага ад пагроз ударыць па Крамлі.
«Гаварыць, заяўляць можна ўсё. А калі Крэмль ударыць па Банкавай, што там застанецца? Таму Ўладзіміру Аляксандравічу трэба супакоіцца. Ёсьць на стале добрыя прапановы. Мы з прэзыдэнтам Пуціным абмяркоўвалі. Я ня буду пра іх гаварыць. Прэзыдэнт сам скажа. Добрыя прапановы. Прапановы па Ўкраіне, якія на Алясцы, у тым ліку, пачуў Дональд Трамп, адвёз у Вашынгтон, каб падумаць і абмеркаваць. Вельмі добрыя прапановы. Калі ўкраінцы ня пойдуць на гэтыя прапановы, гэта будзе тое, што ў пачатку СВА. Гэта будзе яшчэ горш. Яны страцяць Украіну», — сказаў Лукашэнка.
Аляксандар Лукашэнка падтрымаў агрэсію Расеі супраць Украіны і дазволіў з 24 лютага 2022 году скарыстаць тэрыторыю, вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч цывільных украінцаў.
Форум