Праваабаронцы паведамілі, што ў папраўчай калёніі № 9 у Горках Магілёўскай вобласьці, дзе трымаюць Алеся Бяляцкага, не прымаюць сэзонных перадачаў.
«Ідзецца пра дадатковыя „вітамінныя перадачы“ з садавіной і гароднінай вагою 10 кг, якія прымаюць разам з рэжымнай перадачай у восеньска-зімовы пэрыяд асабіста ад сваякоў (перасылаць поштай забаронена ). Права асуджаных атрымліваць такія перадачы запісана ў п. 113 Правілаў унутранага распарадку папраўчых установаў», — інфармуе праваабарончы цэнтар «Вясна» з спасылкай на @MAYDAYMog.
Дакумэнт прадугледжвае, што атрымліваць дадаткова гародніну і садавіну асуджаныя могуць з 1 верасьня па 31 сакавіка. У большасьці папраўчых установаў такія перадачы дазволілі з 1 верасьня. Але, як стала вядома, у калёніі № 9 у Горках, дзе свае тэрміны адбываюць прынамсі сямёра палітвязьняў, адміністрацыя пакуль адказала катэгарычнай адмовай.
Што вядома пра Горацкую калёнію
У Горках дзейнічае калёнія № 9. Яе пабудавалі ў 1957 годзе на базе цагельні за горадам. Доўгі час у цагельні працавалі асуджаныя. У сярэдзіне 1970-х цэхі перапрафілявалі пад апрацоўку мэталу. Таксама ў калёніі ёсьць цэхі дрэваапрацоўкі, швальны і хлебабулачны.
У калёніі 13 карпусоў, разьлічаных на 1500 сядзельцаў. Зона цалкам запоўненая. Часьцей за ўсё адбываць пакараньне сюды накіроўваюць раней суджаных.
Раней у гэтай калёніі адбывалі кару палітвязьні Мікалай Дзядок, Зьміцер Дашкевіч, Васіль Парфянкоў, Міхаіл Жамчужны. Парфянкоў загінуў ва Ўкраіне.
Цяпер там адбывае пакараньне ляўрэат Нобэлеўскай прэміі міру, кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі, асуджаны на 10 гадоў зьняволеньня.
Горацкая калёнія мае рэпутацыю адной з самых жорсткіх зонаў Беларусі.
Форум