Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі праваабаронца Буткевіч параўнаў беларускія турмы і расейскі палон, у якім ён пабываў


Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопуляс і ўкраінскі журналіст і праваабаронца Максім Буткевіч
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Тэодарас Русопуляс і ўкраінскі журналіст і праваабаронца Максім Буткевіч

Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы 29 верасьня ў Страсбургу ўручыла прэмію ў галіне правоў чалавека імя Вацлава Гаўла. Ляўрэатам 2025 году стаў украінскі журналіст і праваабаронца, былы вайсковец і ваеннапалонны Максім Буткевіч, якога ў 2024 годзе вызвалілі з палону паводле абмену.

Да поўнамаштабнай вайны Максім Буткевіч як абаронца правоў чалавека шмат дапамагаў беларускім уцекачам ва Ўкраіне. У інтэрвію Свабодзе ён расказаў, як можна параўнаць стан беларускіх палітвязьняў і ўкраінскіх палонных у Расеі і на акупаваных яе тэрыторыях і ці ён надалей будзе апекавацца лёсам уцекачоў-беларусаў.

У кароткі сьпіс прэміі імя Вацлава Гаўла за правы чалавека 2025 году камісія на чале з прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы (ПАРЭ) Тэодарасам Русопулясам унесла адразу трох журналістаў з постсавецкіх краін:

Мзія Амаглабелі з Грузіі, якая выкрывала злоўжываньня сілавікоў падчас разгону масавых пратэстаў, яе арыштавалі і паводле палітычна матываваных абвінавачваньня ў гвалце над паліцэйскім засудзілі ў у 2025 годзе. ПАРЭ назвала яе «сымбалем свабоды прэсы і стойкасьці перад абліччам рэпрэсій з боку ўрада».

Максім Буткевіч з Украіны, праваабаронца і сузаснавальнік Цэнтра правоў чалавека «Зьмена» і «Грамадзкага радыё», які нягледзячы на свой пажыцьцёвы пацыфізм, добраахвотна пайшоў ва Ўзброеныя сілы Ўкраіны на пачатку расейскага ўварваньня ў 2022 годзе і стаў камандзірам узвода. Захоплены і асуджаны расейцамі на 13 гадоў, ён вытрымаў больш за два гады жорсткага зьняволеньня, перш чым быў вызвалены ў выніку абмену палоннымі ў кастрычніку 2024 году.

Ульві Гасанлі з Азэрбайджану, журналіст і дырэктар незалежнага СМІ Abzas Media, які 2011 году сутыкаецца зь перасьледам з боку ўраду, у тым ліку з адвольнымі затрыманьнямі, катаваньнямі і палітычна матываванымі абвінавачваньнямі. У чэрвені 2025 году Гасанлі быў асуджаны на дзевяць гадоў пазбаўленьня волі і ў цяперашні час утрымліваецца ў цяжкіх умовах у турме, дзе ён вытрымаў галадоўкі і адзіночную камэру.

Абвяшчаючы выбар камісіі, прэзыдэнт ПАРЭ аддаў даніну павагі ўсім праваабаронцам, якія, часам коштам свайго здароўя і жыцьця, цьвёрда стаяць на абароне і прасоўваньні асноўных свабодаў і правоў чалавека.

Тэодарас Русопуляс сам калісьці працаваў журналістам, ён прызнаў у выступе падчас цырымоніі, што апошнія гады сталі найгоршымі для журналістаў у апошні час, калі па ўсім сьвеце была забіта, паранена і затрымана рэкордная колькасьць журналістаў.

«У сьвеце, дзе інфармацыя мае жыцьцёва важнае значэньне і часта аспрэчваецца, іх нястомная праца па абароне асноўных правоў і выкрыцьці праўды зь вялікай асабістай рызыкай, выкрыцьці злоўжываньняў і прыцягненьне ўлады да адказнасьці служыць магутным прыкладам для ўсіх нас. Вацлаў Гавэл глыбока верыў у сілу слова і важнасьць журналістыкі, сьцьвярджаючы, што словы могуць зьмяніць гісторыю, а праўдзівае выказваньне можа разбурыць рэпрэсіўныя рэжымы», — заявіў прэзыдэнт ПАРЭ.

Агучваючы імя ляўрэата сёлетняй прэміі імя Гаўла Максіма Буткевіча, прэзыдэнт ПАРЭ назваў яго «магутным сымбалем мужнасьці і стойкасьці ў абароне справядлівасьці і свабоды».

Максім Буткевіч
Максім Буткевіч

Максім Буткевіч падчас цырымоніі найперш згадаў, што яшчэ год таму ён быў у расейскім палоне:

«Для мяне вялікі гонар быць тут сёньня. І што я стаю тут, — гэта таксама абяцаньне таго, што ўсе, хто зараз знаходзіцца ў расейскім палоне, а таксама ў турмах аўтарытарных рэжымаў, будуць вызваленыя. Калі ласка, не забывайце пра ўкраінскіх ваеннапалонных. Не забывайце пра ўкраінскіх мірных жыхароў, незаконна затрыманых Расеяй, пра ўкраінскіх дзяцей, незаконна выкрадзеных Расеяй. Не забывайце пра ўсіх тых, хто змагаецца за свабоду і годнасьць і падвяргаецца рэпрэсіям і пазбаўленьню волі ў Эўропе ці ў іншых месцах».

У інтэрвію Радыё Свабода Максім Буткевіч сказаў, што пасьля палону надалей адчувае сябе праваабаронцам. Але ня толькі:

«Гэта пакліканьне, тое, што ў маім сэрцы, — абарона правоў чалавека. Але цяпер частка маёй ідэнтычнасьці — быць датычным да сіл Абароны Ўкраіны. І я журналіст, бо я вярнуўся да свайго Грамадзкага радыё, дзе я зноў вяду сваю праграму прысьвечаную правам чалавека. Гэтыя тры ідэнтычнасьці ўва мне застаюцца».

Буткевіч прызнаў, што вяртаецца да пытаньняў абароны правоў чалавека, якіх ва Ўкраіне цяпер шмат.

«Але тэма эміграцыі беларусаў, людзей якія пакінулі свае дамы, застаецца са мною, таму што я ёй шмат часу і свайго жыцьця прысьвяціў і яна застаецца для мяне вельмі важнай. Гэта адносіцца грамадзян розных краін і беларусаў у тым ліку. Я не магу забыць і пра Беларусь і пра тых беларусаў, якія былі вымушаныя пакінуць сваю краіну, зь некаторымі я застаюся ў кантакце.

Тое, праз што праходзіць Беларусь, — гэта безумоўна трагедыя. І я вельмі спадзяюся, што Беларусь будзе свабоднай і тыя, хто захоча, вернуцца. Але гэта магчыма толькі тады, калі Ўкраіна будзе вольнай і зможа адстойваць сваю свабоду і незалежнасьць. Для мяне барацьба за Ўкраіну, за яе свабоду, — гэта барацьба і за Беларусь таксама. І гэта для мяне важна цяпер».


Максім Буткевіч
Максім Буткевіч

Максім Буткевіч параўнаў, як украінцы выходзілі з расейскага палону з тым, як выходзілі з турмаў зьнясіленыя беларускія палітвязьні, часам яны нават зьнешне выглядалі падобна:

«У розных месцах утрыманьня ўкраінскіх палонных умовы адрозьніваюцца. Яны нідзе ня добрыя наагул, але недзе большы ўзровень фізычнага гвалту, недзе меншы... Наколькі я ведаю, у Беларусі ў няволі, там, дзе знаходзяцца палітычныя вязьні, там рэжым усюды жорсткі і надзвычай абмежаваная камунікацыя са зьнешнім сьветам, таму даведацца, як яно адбываецца там, складана. Але з таго, што я ведаю, гэта можна параўнаць зь некаторымі вельмі жорсткімі ўмовамі ўтрыманьня ўкраінскіх палонных у Расеі. Магчыма, зь меншай колькасьцю свавольства, а больш закручаным рэжымам».

Гаворачы пра магчымае заканчэньне вайны Буткевіч зазначыў:

«Пакуль ня будзе рэальных тэхнічных гарантый бясьпекі Ўкраіны, вайна ня скончыцца. Нават калі Расея падпіша замірэньне, то калі ня будзе дадатковых мэханізмаў яго забесьпячэньня, гэты дакумэнт ня будзе нічога варты. Расея даказала, што не выконвае ніякія ўмовы. І перамірʼе, ці мір яна выкарыстае як паўзу ў падрыхтоўцы да вайны. Патрэбныя рэальныя гарантыі, ня Менскія дамовы, не Будапэшцкі мэмарандум, а рэальныя палітычныя і вайсковыя саюзы, якія дапамогуць Украіне мець бясьпеку і мірнае разьвіцьцё па суседзтве з Расею. Цяпер расейскае кіраўніцтва ня хоча адмаўляцца да сваіх пачатковых абсурдных імпэрыялістычных вымогаў, і пакуль гэта так, канца вайны мы ня пабачым».

Стаўленьне да Беларусі цяпер у параўнаньні з 2022 годам у яго не памянялася, кажа Буткевіч:

«Яно не памянялася. Беларусь зьяўляецца краінай акупаванай Расеяй. У 2021 годзе ў Беларусь увайшлі расейскія войскі для вучэньняў і ня выйшлі адтуль ніколі. У міжнародным праве гэта мае назву акупацыя. Гэта трагедыя, празь якую цяпер праходзіць Беларусь».

Першым ляўрэатам прэміі імя Вацлава Гаўла быў беларускі праваабаронца Алесь Бяляцкі, яму прызналі яе ў 2013 годзе, калі ён быў першы раз зьняволены паводле палітычных матываў, а ў 2021 годзе гэтую прэмію прызначылі Марыі Калесьнікавай.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG