Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вярнулі, як быдла». Вызваленых з палону адпраўляюць назад на вайну


Іван Грабеньнікаў, гвалтам вернуты з палону назад на фронт
Іван Грабеньнікаў, гвалтам вернуты з палону назад на фронт

Малодшы сяржант расейскага войска Іван Грабеньнікаў вярнуўся ў Расею з палону ў траўні 2025 году пасьля аднаго з найбуйнейшых абменаў палоннымі па формуле «1000 на 1000». У жніўні ён запісаў відэа, у якім расказаў, як яго з пакалечанай рукой і катэгорыяй «Д» (не прыдатны, поўнае вызваленьне ад вайсковай службы), насуперак ягонай волі, вярнулі на фронт.

Тэкст: праект «Окно»

Родныя Грабеньнікава скардзяцца, што дадому яго не адпусьцілі нават на дзень. А вызваленыя з палону яго таварышы па службе расказваюць, што іх усіх вяртаюць на фронт. Большасьць зь іх цяжка параненыя, пасьля вяртаньня з палону ўсе пісалі рапарты на адмову ад кантракту.

Российские военнослужащие после очередного обмена пленными
Расейскія вайскоўцы пасьля чарговага абмену палоннымі

«Іх у кайданах вязуць»

37-гадовы Іван Грабеньнікаў прабыў у палоне 10 месяцаў — зь ліпеня 2024 году. На вайну супраць Украіны газазваршчык з Алтайскага краю завэрбаваўся з калёніі ў красавіку 2024 году.

Іван Грабеньнікаў
Іван Грабеньнікаў

— У яго дачцэ 4 гады, ён дзеля яе хацеў выбрацца [з калёніі], думаў, паўгоду паваюе, як вагнэраўцы, і гатова — на свабодзе з роднымі, — кажа сваячка Івана Натальля (імя зьменена на яе просьбу). — У выніку яго тры месяцы там [на фронце] трымалі, потым яшчэ ў палоне 10 месяцаў. А цяпер, калі, нарэшце, абмянялі — нават дадому не давезьлі, вярнулі, як быдла, назад. Хоць ніхто зь іх ня хоча ваяваць. Там ня тое, каб не пытаюцца, многія ўцякаць гатовыя, іх у кайданах [наручніках] вязуць.

Раней некалькі вайскоўцаў сапраўды запісвалі відэа, як на штурм іх перавозяць у наручніках, прышпіленых да сядзеньняў.

Па словах самога Івана, не закаваныя былі толькі гэткія ж цяжка параненыя, як ён, — зь пераламанымі рукамі і калекі на мыліцах.

«Не праводзяць ВВК (вайскова-лекарскай камісіі), ніякай мэдкамісіі, у целе куля, рука пераламаная. Дадому не адпускаюць», — кажа Грабеньнікаў на камэру, калі яго ў складзе 35-й асобнай гвардзейскай мотастралковай брыгадзе (в/ч 41659) вязуць разам зь іншымі палоннымі пасьля абмену ў Данецк. Да гэтага Грабеньнікаў запісваў відэа, як яго за адмову вяртацца на фронт пасадзілі ў камэру ў ягонай вайсковай частцы.

Паводле мэдычных дакумэнтаў Грабеньнікава, 30 чэрвеня 2025 году лекар-нэўроляг правёў агляд і паставіў дыягназ, пазначыўшы катэгорыю прыдатнасьці да вайсковай службы — «Д» (цалкам не прыдатны). Нэўроляг даў накіраваньне Грабеньнікаву ў Бранку (горад у Луганскай вобласьці Ўкраіны) для «лячэньня, праходжаньня вайскова-лекарскай камісіі і афіцыйнага вызначэньня катэгорыі прыдатнасьці». Аднак усе прызначэньні лекара камандаваньне праігнаравала — Грабеньнікава і іншых параненых, вернутых пасьля палону, гвалтам адправілі на фронт.

Здымкі зламанай рукі Івана Грабеньнікава
Здымкі зламанай рукі Івана Грабеньнікава

— Нам здавалася, што па вяртаньні з палону нас хаця б лячыць будуць. Куды там — нам нахабна памянялі катэгорыі на фальшывыя, мне, напрыклад, маю «Д» замянілі на «Б» (прыдатны да службы зь нязначнымі абмежаваньнямі), хоць у мяне правая рука як была ў некалькіх месцах перабітая — так і вісіць. У мяне дагэтуль куля ў целе — нават не апэравалі, — кажа Іван. — І нас такіх вельмі шмат — на мыліцах, у гіпсе. Ім проста п…й, вязуць на Данецкі кірунак калек.

Паводле Грабеньнікава, у вайсковым білеце яму зьмянілі ня толькі катэгорыю прыдатнасьці, але і званьне: замест малодшага сяржанта ўпісалі — радавы.

Сваякі Грабеньнікава кажуць, што пісалі ў Міністэрства абароны і вайсковую пракуратуру. Адказу не атрымалі. Наадварот, пасьля іхных заяваў Грабеньнікава экстрана адправілі ў Данецк, адмовіўшы ў належнай працэдуры ВЛК.

— Мінабароны — чорная дзірка, адтуль наогул не адказваюць, — кажа Натальля. — З пракуратуры прыйшла адпіска, што нібыта «ўсё паводле закону» з Іванам чыняць. А як паводле закону можна параненага пасьля палону бяз рэабілітацыі і нават лячэньня, бяз згоды(!) назад кідаць на першую лінію?! Што ён там наваюе бяз правай рукі?! Ён ні аўтамат трымаць ня можа, ні машыну весьці, нават параненага таварыша па службе выцягнуць ня зможа. Я проста не разумею, навошта ім цэлая рота (а з Іванам вязуць такіх жа параненых) інвалідаў на фронце? Для галачкі? Каму яны гэтую галачку паказаць павінны? Іх жа там наступным жа абстрэлам усіх дабʼюць — каму патрэбная іхная сьмерць?!

Іван кажа, што ваяваць не жадае — хоча ўбачыць дачку, вярнуцца да працы газазварнікам. Аднак рапарты пра адмову ад удзелу ў баявых дзеяньнях, напісаныя ім і яго таварышамі па службе пасьля вяртаньня з палону, ніхто не разглядае.

— Ніякага пацьверджаньня, што іх наогул перадалі наверх, у нас няма, — кажа Валер з той жа в/ч №41659. — Наадварот, замест камісіяў ці дэмабілізацыі нас згрузілі ўсіх у аўтобусы — хто лёгка паранены, прышпілілі наручнікамі, інвалідаў — так закінулі, і павезьлі на Данецкі кірунак. Не, у тыле не пакінуць, павязуць да першай лініі. Здохнем там, вядома. Усім на ўсіх п…й.

«Мабілізацыя, палон, рэабілітацыя, загінуў»

У жніўні 2025 году ва Ўлан-Удэ пахавалі старшага прапаршчыка Дзьмітрыя Пятрова.

— Ён родам зь вёскі Бічура, але вырас у вёсцы Буй, там мы і школу скончылі, — кажа яго аднаклясьнік Сяргей (імя зьменена дзеля ягонай бясьпекі). — У войска таксама разам нас забіралі, толькі ён у Маскве служыў, а я ў нас, у Бураціі. Я пасьля тэрміновай службы адразу зваліў [з войска], а ён даслужыўся да прапаршчыка. Але потым звольніўся, у 2003 годзе. Я амаль адразу пераехаў ва Ўлан-Удэ, а Дзіма яшчэ жыў зь сямʼёй у Буі і толькі ў 2022 годзе перабраўся сюды. Мабілізавалі яго ў тым жа верасьні. Паколькі ён быў на кантракце ў мінулым, хай і нядоўга, ён не зьдзівіўся. Наконт хацеў — не хацеў. Ну, у яго быў выбар, ці што? Самі як думаеце? У яго дачка і сын маленькія. Думаў, што адмовіцца ня мае права.

У верасьні 2022 году Пятрова мабілізавалі ў 37-ю мотастралковую брыгаду, у лютым 2023 году ён трапіў у палон, а ўжо ў красавіку 2023 году быў вызвалены.

Дзьмітры Пятроў загінуў пасьля вяртаньня з палону назад на фронт
Дзьмітры Пятроў загінуў пасьля вяртаньня з палону назад на фронт

— Ён прыходзіў у адпачынак. Але я ня памятаю, каб яго наогул выпускалі пасьля абмену адразу. Ён быў на рэабілітацыі некалькі тыдняў, потым у Кяхце, дзе частка. Але потым яго адправілі зноў на фронт. Не пытаючыся, вядома. У чэрвені яго ўзнагародзілі нават, а ў ліпені [2025 году] загінуў. Вось кажуць, што калі перажыў палон, нібыта шчасьліўчык — куля ня возьме. Х…я гэта ўсё, — кажа Сяргей.

Паводле суразмоўцы, у Пятрова засталася вялікая сямʼя — сталы бацька, брат, жонка, сын і дачка.

— Нібыта жонка, Вольга, яго прасіла не хадзіць [на вайну]. Там і раны даваліся ў знакі, і ў цэлым стан быў ня вельмі, але ў студзені, калі яго зноў забралі, ужо не пыталіся, хочаш — ня хочаш, моцна паранены ці не. Ужо быў на вайне — пойдзеш яшчэ, ваяваць больш няма каму, — кажа сябар загінулага.

Праваабаронцы адзначаюць, што, нягледзячы на тое, што 117-ы артыкул Жэнэўскай канвэнцыі забараняе пакідаць ваеннапалонных на вайсковай службе па вяртаньні з палону, расейскія ўлады яго не выконваюць.

— Дэ-факта ўсе кантракты зь Мінабароны РФ цяпер бестэрміновыя. І ў расейскім заканадаўстве ёсьць шчыліна, паводле якой, паколькі цяпер актыўныя ваенныя дзеяньні, а не перамірʼе — дык і палонныя застаюцца ў статусе вайскоўцаў. Гэта значыць, пакуль доўжыцца вайна — палон не падстава для звальненьня з войска, — кажа праваабаронца Аляксей (поўнае імя суразмоўцы не пазначана дзеля ягонай бясьпекі). — Калі палонны паранены, то ў тэорыі ён можа патрабаваць вайскова-лекарскай камісіі. Але на практыцы арганізаваць яе складана, калі ты не на «гражданке».

Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG