Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У брытанскім Манчэстэры невядомы напаў на сынагогу. Два чалавекі загінулі


На месцы трагедыі ў Манчэстэры
На месцы трагедыі ў Манчэстэры

Атака, якую, падобна, кваліфікуюць як тэрарыстычны акт, адбылася на Ём Кіпур — юдэйскае сьвята Суднага дня.

Трагедыя адбылася ў манчэстэрскім раёне Крампсал, прыкладна за тры мілі на поўнач ад цэнтру гораду, паведамляе Sky News. Прыкладна, а 9:30 мясцовага часу невядомы заехаў у натоўп людзей каля сынагогі, а затым напаў на іх з нажом. Спачатку паведамлялася пра чатырох параненых, пазьней стала вядома, што двое чалавек загінулі.

Паліцыя неўзабаве прыбыла на месца здарэньня і застрэліла нападніка.

Улады Манчэстэру паведамілі, што мясцовым жыхарам ужо не пагражае небясьпека.

Прэм’ер-міністар Вялікай Брытаніі Кір Стармэр, які цяпер знаходзіцца на сустрэчы краінаў NATO ў Капэнгагене, засудзіў напад на сынагогу. Ён склаў афіцыйныя спачуваньні сваякам і блізкім тых, хто пацярпеў пры нападзе на сынагогу.

Адзін з загінулых пры атацы — ахоўнік, які спрабаваў перадухіліць страшныя наступствы і быў зарэзаны.

Таксама брытанскія журналісты паведамілі пра прыбыцьцё на месца здарэньня сапэраў. Магчыма, каля сынагогі знайшлі выбуховае прыстасаваньне.

Ём Кіпур (Судны дзень) — дзень посту, пакаяньня і адпушчэньня грахоў у юдаізьме. У гэты час юдэі 25 гадзін не прымаюць ежы, моляцца і просяць Усявышняга пра адпушчэньне грахоў. Нярэдка атакі тэрарыстаў прыходзяцца якраз на гэтае сьвята. Напрыклад, у 2019-м годзе адбыўся напад на сынагогу ў нямецкім Гальле. Нямецкі грамадзянін, ня здолеўшы трапіць унутры сынагогі, дзе забарыкадавалі дзьверы, абстраляў суседняе турэцкае бістро.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG