Як заўважыла выданьне «Позірк», адпаведную інфармацыю абнародавалі на расейскім рэгіянальным партале online47.ru.
Дамоўленасьць дасягнулі ў часе візыту ў Беларусь дырэктаркі Ўсяволскага мультыцэнтру сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Дразьдзенка. Яна наведала санаторна-курортныя і рэабілітацыйны ўстановы Менскай вобласьці і азнаёмілася зь іх магчымасьцямі ў «лекаваньні, аднаўленьні і аздараўленьні ўдзельнікаў „спэцапэрацыі“ зь Ленінградзкай вобласьці, а таксама іх сямей».
Апроч таго, яна на перамовах з кіраўніцтвам выканкаму Магілёўскай вобласьці абмеркавала «пэрспэктывы мэтавага накіраваньня і прыёму жыхароў Ленінградзкай вобласьці, якія патрабуюць мэдычнай і аднаўленчай дапамогі, у тым ліку байцоў СВА і іх сваякоў».
Дамоўленасьці дазволяць штогод накіроўваць у беларускія санаторыі ня менш за 800 чалавек зь ліку расейскіх вайскоўцаў, якія ваявалі супраць Украіны, і іх сваякоў. Гэтую ініцыятыву падтрымаў віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў.
Раней аб’яднаньне BelPol паведамляла, што ў Сочы, у санаторыі «Беларусь» кіраўніцтва справамі Аляксандра Лукашэнкі, ужо даўно і рэгулярна абслугоўваюць расейскіх вайскоўцаў, якія ваююць супраць Украіны.
- Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
- Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
- У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
- За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.
Форум