З 1 кастрычніка 2025 году найраней купляць квіткі на міжнародныя цягнікі ў зносінах Беларусь – Расея – Беларусь можна не за 60, а за 90 дзён да адпраўленьня.
Для індывідуальных пасажыраў купэйных вагонаў і вагонаў СВ усіх цягнікоў (прычапных вагонаў) цану праезду разьлічвае сыстэма дынамічнага кіраваньня тарыфамі і стымуляваньня попыту (ДКТСП), адзначае Беларуская чыгунка.
Сыстэма ДКТСП прадугледжвае зьмену тарыфу залежна ад запаўненьня цягніка (адсотку яго загрузкі) і ад тэрміну продажу праязных дакумэнтаў (колькасьці дзён да адпраўленьня). Чым больш запоўнены вагон, тым большая цана праезду. Каэфіцыент запоўненасьці пералічваецца онлайн пры кожным новым афармленьні ці вяртаньні праязных дакумэнтаў.
Сыстэма дазволіць пасажырам пры своечасовым плянаваньні паездкі купляць квіткі са зьніжкай да 25%. Пры гэтым на арганізаваныя групы пасажыраў дынамічнае ўтварэньне тарыфаў не распаўсюджваецца.
Купіць квіткі можна ў адзіным разьдзеле „Паслугі пасажырам“, у мабільнай аплікацыі „БЧ. Мой цягнік“, а таксама ў чыгуначных касах.
Форум