Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу: дыплямату Ватыкану не дазволілі наведаць сьвятароў у калёніі, асудзілі фатографа зь Менску

абноўлена

Менскі гарадзкі суд, у якім разглядалі справу Алега Слабухі. Ілюстрацыйнае фота
Менскі гарадзкі суд, у якім разглядалі справу Алега Слабухі. Ілюстрацыйнае фота

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі аб вынясеньні абвінаваўчага выраку 38-гадоваму Алегу Слабуху.

Згодна з інфармацыяй «Вясны», Алег Слабуха больш за 10 гадоў займаецца відэаграфіяй, паводле адукацыі інжынэр, любіць падарожжы і актыўны адпачынак.

У 2015 годзе ён адкрыў ІП і працаваў на сябе. Алег спэцыялізуецца на вясельнай і сямейнай фатаграфіі, але бярэцца і за пэрсанальныя здымкі і сюжэтныя відэа, паведаміла «Наша Ніва».

Алега Слабуху асудзілі ў 2025 годзе ў Менскім гарадзкім судзе паводле трох артыкулаў — «распальваньне варожасьці» (ч. 1 артыкулу 130 КК), «абраза Лукашэнкі» (ч. 1 артыкулу 368 КК) і «заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды Беларусі» (ч. 3 артыкулу 361 КК).

Алегу пагражала да 12 гадоў калёніі, але сутнасьць абвінавачаньня і прысуд невядомыя — вядома толькі, што ён у калёніі. А нядаўна яго ўключылі ў сьпісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».

Дыплямату Ватыкану не дазволілі наведаць зьняволеных сьвятароў, якіх трымаюць у калёніі ў Бабруйску

Апостальскі нунцый у Беларусі Іньяцыё Чэфалья і біскуп Віцебскі Алег Буткевіч спрабавалі наведаць зьняволенага ў калёніі сьвятара айца Анджэя Юхневіча, які да выраку служыў у Віцебскай дыяцэзіі.

Як паведаміла выданьне Katolik.life, нунцый мерыўся сустрэцца і з другім асуджаным беларускім сьвятаром ксяндзом Генрыхам Акалатовічам, які знаходзіцца ў той жа калёніі, што і айцец Анджэй.

Як даведаліся вернікі, дыплямат Ватыкану архібіскуп Чэфалья і біскуп Алег Буткевіч прыяжджалі ў калёнію ў Бабруйск, але там ім адмовілі ў спатканьні зь зьняволенымі сьвятарамі. Прычыны адмовы вернікі ня ведаюць. Невядома таксама, ці была папярэдняя дамоўленасьць, што сустрэчу дазволяць.

Ксяндза Анджэя Юхневіча затрымалі 8 траўня 2024 году і асудзілі на 13 гадоў пазбаўленьня волі ў красавіку 2025 году.

Пробашча касьцёлу ў Валожыне Генрыха Акалатовіча затрымалі ў лістападзе 2023 году і ў канцы 2024 году асудзілі на 11 гадоў пазбаўленьня волі нібыта за «здраду дзяржаве». Абодва сьвятары сваёй віны не прызналі.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG