Рэпрэсіі пашыраюцца і за межы Беларусі
У слуханьнях прыняла ўдзел дэлегацыя Каардынацыйнай Рады Беларусі, прадстаўнік якой Павал Латушка заявіў, што рэпрэсіі ў Беларусі не спыняюцца і нават пашыраюцца за мяжу, супраць тых, хто выехаў з краіны:
«З пачатку года рэжым Лукашэнкі распачаў як мінімум 970 крымінальных спраў супраць беларусаў, якія пражываюць пераважна ў Польшчы і Літве. Па-другое, тыя, хто вызвалены, насамрэч не зьяўляюцца свабоднымі. Іх вызваленьне абумоўлена прымусовым высылкай з Беларусі».
Латушка назваў сытуацыю з палітычнымі зьняволенымі ў Беларусі трагедыяй, якая працягвае разгортвацца на нашых вачах, нягледзячы на нядаўнія спробы рэжыму Лукашэнкі замаскіраваць рэпрэсіі пад рэформы і мір.
«На сёньняшні дзень агульная колькасьць палітычных зьняволеных складае 1201 чалавек. Пасьля так званага вызваленьня спадара Ціханоўскага колькасьць палітычных зьняволеных фактычна павялічылася на 18 чалавек. Проста кажучы: на кожных 9 вызваленых прыпадае 10 новых чалавек, кінутых за краты. Гэта канвэер рэпрэсій. Зьменаў у палітыцы няма».
Выпадак Міколы Статкевіча Латушка назваў паказальным, які сьведчыць аб тым, што перасьледаваныя асобы ня маюць сапраўднага выбару: яны маюць альбо пакінуць сваю краіну пад прымусам, альбо вярнуцца ў турму. Павал Латушка таксама нагадаў, што Літва ініцыявала расьсьледаваньне злачынстваў рэжыму Лукашэнкі па прынцыпе экстэрырарыяльнасьці ды заклікаў іншыя краіны далучацца да літоўскай ініцыятывы:
«Менавіта ў гэты дзень, роўна год таму, урад Літвы зьвярнуўся ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суду з просьбай расьсьледаваць злачынствы супраць чалавечнасьці, учыненыя рэжымам Лукашэнкі. Зараз Офіс пракурора праводзіць папярэдні разгляд гэтай сытуацыі. Сёньня, як ніколі раней, падтрымка гэтага працэсу мае вырашальнае значэньне. Усе ахвяры маюць права на правасудзьдзе. Аднаўленьне іх правоў — гэта ня толькі юрыдычная неабходнасьць, але і наш агульны маральны абавязак».
Клімат страху ў Беларусі
Дакладчык ПАРЭ па сытуацыі ў Беларусі Рышард Пэтру згадаў, што пасьля некаторых вызваленьняў арышты ў краіне працягваюцца, уціск СМІ і няўрадавых арганізацый не спыняецца, як і іншыя парушэньні норм правоў чалавека, у краіне пануе клімат страху і цэнзуры:
«Мы вітаем любы крок, які аблягчае сытуацыю палітвязьняў, мы застаёмся салідарнымі зь іх сем’ямі і і мы працягваем дамагацца пераменаў дзеля вольнай Беларусі».
З асноўным дакладам на пасяджэньні выступіла былая беларуская палітзьняволеная Натальля Дуліна, колішняя выкладчыца італьянскай мовы менскага Лінгвістычнага ўнівэрсытэту.
Яна заявіла, што сама была двойчы пакараная: першы раз зьняволеньнем, другі раз вывазам са сваёй краіны, што рэпрэсіі ў краіне не спыніліся, пануе атмасфэра страху, людзі баяцца гаварыць. Дуліна заклікала да працягу палітыкі ціску і санкцый супраць уладаў Расеі і Беларусі:
«Я хачу данесьці да ПАРЭ тое, што пытаньне вызваленьня палітвязьняў вельмі важнае, але глябальна яно нічога не мяняе. Канечне, яно мяняе многа для саміх зьняволеных. Для нас іх жыцьцё і здароўе вельмі важныя. Я сама праз гэта прайшла і тое, што я кажу, можа падацца суб’ектыўным, але я маю на гэта права, бо гэта ня проста мае абстрактныя веды, — сказала Свабодзе Натальля Дуліна.— Праблема ў тым, што гэта бяздонная бочка. Дна няма і гэта ўсё зноў выліваецца і зноў напаўняецца. Выпускаючы пакрыху людзей пад ціскам, Лукашэнка „закрывае“ у турмах столькі ж, а можа і болей. Гэты канвэер зусім не спыняецца.
Міжнародная супольнасьць павінна разумець, што тут пытаньня глябальнае, што Пуціна трэба спыняць, што вайну трэба спыняць. І пакуль няма знакаў гэтага. Украіна з апошніх сіл будзе працягваць адстойваць сябе. І тут тое ж самае, бо Лукашэнка выконвае волю Пуціна. Трэба ж стварыць такія ўмовы, каб яны самі захацелі на нейкія крокі, патрэбныя санкцыі, тое, што ўлады сапраўды ня любяць».
Дакладчыца ПАРЭ заявіла пра ўнікальнасьць сытуацыі ў Беларусі
Дакладчыца ПАРЭ па праблеме палітвязьняў Асадэ Руян Густафсан са Швэцыі ў сваім выступе як асабліва абуральны факт назвала выпадак зь Міколам Статкевічам, якога спрабавалі вывезьці зь Беларусі, а калі ён адмовіўся пакідаць краіну, то проста зьнік зь мяжы і дакладнай інфармацыі аб ім няма дагэтуль.
У інтэрвію Свабодзе Асадэ Руян Густафсан прызнала, што палітычныя зьняволеныя ёсьць і ў іншых дзяржавах, ня толькі ў Беларусі, але і ў Расеі, Азербайджане, Грузіі... Але пры гэтым яна прызнала, што спэцыфіка Беларусі ў тым, што яна не зьяўляецца сябрам Рады Эўропы, а гэта значыць, што беларусы ня маюць доступу да Эўрапейскага суда па правах чалавека.
«Беларусь, вядома, зьяўляецца краінай, дзе ўжо шмат гадоў вельмі складаная сытуацыя. Гэта была вельмі закрытая краіна на працягу многіх гадоў, яна не была часткай міжнароднай супольнасьці, напрыклад, Рады Эўропы».
Асадэ Руян Густафсан прызнала, што ўлады Беларусі актыўна і ў вялікім маштабе выкарыстоўваюць рэжым інкамунікада для ізаляцыі палітычных зьняволеных і высылкі вызваленых зьняволеных за мяжу.
«Гэта ўнікальна, хаця таксама ў Расеі былі выпадкі, калі некаторыя палітычныя зьняволеныя былі вывезеныя з краіны. Яны не хацелі пакідаць краіну, але іх змусілі зьехаць. У Турэччыне ёсьць прыклады рэжыму інкамунікада палітвязьняў, напрыклад Абдулы Аджалана. Але Беларусь, безумоўна, вылучаецца колькасьцю, маштабам гэтых абмежаваньняў, калі нават блізкія ня ведаюць, ці жывы іх сваяк. У Расеі былі выпадкі, калі палітычныя зьняволеныя з апазыцыі зьнікалі на некалькі тыдняў, калі іх перавозілі паміж турмамі, але, безумоўна, Беларусь зьяўляецца самым сур’ёзным прыкладам і вылучаецца ў многіх адносінах, у тым ліку колькасна».
Пра дапамогу Чырвонага крыжа і санкцыі
Гаворачы пра Мікалая Статкевіча яна падкрэсьліла, што ў такіх выпадках заўсёды важна інфармаваць зьнешні сьвет пра сытуацыю, якая адбываецца, і пра палітычныя абставіны. На жаль, Чырвоны Крыж часта ў такіх выпадках ня можа дапамагчы, ён мае вельмі спэцыфічны мандат, які звычайна зьвязаны з канфліктамі, прызнала Асадэ Руян Густафсан:
«Праблема ў тым, што бяз згоды краіны, якая кіруе сыстэмай, гэта немагчыма. Таму такая арганізацыя, як Рада Эўропы, ня можа ўмяшацца і папрасіць Чырвоны Крыж зрабіць што-небудзь для таго, каб спыніць інкамунікада і сьмерці палітвязьняў за кратамі, што адбываецца ў Беларусі. Тым не меней Рада Эўропы будзе працягваць сачыць за сытуацыяй з палітвязьнямі ў Беларусі і дамагацца іх вызваленьня. Гэта частка маёй працы — пастаяннае адсочваньне сытуацыі ў розных краінах, і Беларусь, вядома, дзе асабліва цяжкая сытуацыя, зьяўляецца адной з дзяржаў, за якімі я сачу і якія згадваю. І падчас справаздач, якія павінна прадставіць у рамках майго мандата, я, вядома, буду згадваць Беларусь. Але, вядома, я лічу, што таксама важна працягваць ціск на міжнародную супольнасьць, а таксама на ўрады на чальцоў гэтай арганізацыі. Што тычыцца Беларусі, я лічу, што санкцыі — адзін з важных інструмэнтаў, і нам трэба захаваць санкцыі і не паддавацца з-за гэтай палітычнай гульні, якая зараз адбываецца».
Кантакты зь беларускімі ўладамі ў дакладчыцы ПАРЭ па праблеме палітвязьняў па-ранейшаму немагчымыя.
Форум