«Мяркую, мы ўсе ведаем, хто такі Лукашэнка, і разумеем ягоную тактыку ў Беларусі. Дазвольце мне даць невялікую перадгісторыю. Прэзыдэнт Трамп працягнуў руку многім розным людзям, спрабуючы знайсьці хаця б якое разьвязаньне ў гэтай вайне [паміж Расеяй і Ўкраінай]. Мы хочам быць упэўненыя, што маем некалькі каналаў для ўзаемадзеяньня, а не адзін. А Лукашэнка цяпер шмат размаўляе з прэзыдэнтам Пуціным», — сказаў Кіт Келаг, адказваючы на пытаньне выданьня «Люстэрка» на Варшаўскім форуме ў пытаньнях бясьпекі.
Паводле Келага, галоўная мэта візытаў ягонага намесьніка Джона Коўла ў Менск — пошук рашэньняў што да вайны ва Ўкраіне.
«Мы завязалі дачыненьні, каб забясьпечыць наяўнасьць адкрытых каналаў сувязі. Гэта было патрэбна, каб усе нашыя пасланьні даходзілі да прэзыдэнта Пуціна. Вось чаму мы гэта зрабілі. Першапачаткова мы ехалі туды не для таго, каб вызваляць палітзьняволеных. [...] Галоўная мэта — знайсьці найлепшае магчымае вырашэньне вайны паміж Украінай і Расеяй», — дадаў Келаг.
Пры гэтым, піша выданьне, прадстаўнік Белага дому даў зразумець, што аэмрыканскі бок цалкам усьведамляе тактыку афіцыйнага Менску.
«У нас у Амэрыцы ёсьць прымаўка, сэнс якой у тым, што мы „ня ўчора нарадзіліся“. Мы разумеем, што Лукашэнка вызваліць аднаго, а потым, імаверна, схопіць яшчэ дваіх. [...] Мы не наіўныя. Мы цудоўна ведаем, што ён робіць. Ні на сэкунду не сумнявайцеся ў гэтым», — падкрэсьліў ён.
Тым ня менш, сказаў Келаг, вызваленьне людзей важнае.
«У яго больш за тысячу палітзьняволеных, і іхнае вызваленьне — гэта станоўчы пабочны эфэкт ад таго, што адбываецца. Мы гэта разумеем. [...] Калі мы выцягнем хаця б аднаго — гэта ўжо перамога. Так што, з майго пункту гледжаньня, Джон Коўл заслугоўвае поўнай пахвалы за сваю працу», — адзначыў Кіт Келаг.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа актывізавала кантакты з афіцыйным Менскам у 2025 годзе. Пасьля візытаў амэрыканскіх прадстаўнікоў у Менск 21 чэрвеня на свабоду выйшлі і былі вывезеныя зь Беларусі 14 палітзьняволеных, у тым ліку Сяргей Ціханоўскі. 11 верасьня, пасьля чарговага візыту Джона Коўла ў Менск, стала вядома аб вызваленьні яшчэ 52 зьняволеных, якіх дэпартавалі ў Літву. Сярод іх быў і вядомы палітык Мікола Статкевіч, які адмовіўся выяжджаць зь Беларусі.
Форум