Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні пачалі ўпарадкоўваць найстарэйшыя могілкі Беларусі


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Прыборкай дарожак і пляцовак тройчы на тыдзень займаюцца супрацоўнікі «Спэцаўтагаспадаркі».

Могілкі, мяркуючы па відэа тэлеканалу «Гродно Плюс», зноў моцна зарасьлі.

Валянтэры прыбіраюць парасьнік, які замінае аглядаць помнікі. Так стане зручней праводзіць экскурсіі, расказаў дзяржаўнаму выданьню начальнік Горадзенскай гарадзкой і раённай інспэкцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Андрэй Пісанко.

Як часта будуць праводзіць такія прыборкі, не ўдакладняецца, піша hrodna.life.

Нэкропаляў на вуліцы Антонава два — Фарныя каталіцкія і больш позьнія, праваслаўныя могілкі. Каталіцкія былі закладзены ў 1792 годзе. Гэта найстарэйшы камунальны нэкропаль Беларусі. Абодва ня маюць афіцыйнага ахоўнага статусу. Абароненыя толькі асобныя надмагільныя помнікі.

Пры гэтым агулам на могілках на Антонава каля 8000 пахаваньняў, прыкладна тысяча — асабліва каштоўныя.

Многія пахаваньні канца ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзяў застаюцца без нагляду, бо ў жывых ужо няма сваякоў тых, хто тут пахаваны. Па сутнасьці, гэтыя магілы цяпер нікому не належаць.

Старыя могілкі ў Горадні маюць патрэбу ня толькі ў сыстэматычнай прыборцы, але і ў рэстаўрацыі, і захаваньні. Пра гэта некалькі гадоў казалі грамадзкія актывісты.

Яшчэ ў 2018 годзе мянчук Андрэй Бурдзенкаў пачаў праводзіць на тэрыторыі каталіцкага пахаваньня прыборкі помнікаў і алічбоўваць магілы. На гэта ён траціў свае грошы. Правёў некалькі валянтэрскіх талокаў, але людзей на іх прыходзіла мала. У нейкі момант яны спыніліся.

Экскурсаводы, якія шмат гадоў водзяць групы па могілках, адзначалі трывожную тэндэнцыю: з пахаваньняў зьнікаюць чыгунныя помнікі. Прычым часта гэта адбываецца паэтапна — спачатку крыж, потым калёна, затым тумба. У зямлі застаецца толькі аснова. Імаверна, помнікі разьбіраюць і здаюць на мэтал.

Летась увесну на каталіцкіх могілках упала адно з найстарэйшых надмагільляў, пастаўленае ў 1802 годзе, але старасьвецкую калёну падымаць не было каму.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG