Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новыя правілы для «дармаедаў», паляваньне на рысь, цягнікі ў Гудагаі. Што зьменіцца для беларусаў у кастрычніку


Чыгуначная станцыя ў Гудагаі
Чыгуначная станцыя ў Гудагаі

Ад 1 кастрычніка ў Беларусі ўводзяцца больш жорсткія правілы па аплаце «камуналкі» для грамадзянаў, якіх улады лічаць «дармаедамі» і зьмены ў разьліках за жыльлёва-каманульныя паслугі. Цягам месяцу для падарожнікаў адкрыюцца новыя авіарэйсы ў Кітай, Віетнам і на Шры-Ланку, зьмены чакаюць і карыстальнікаў чыгункі. Таксама ўступаюць у дзеяньне правілы, якія тычацца паляўнічых і рабыловаў. Расказваем аб некаторых зьменах.

Новыя маршруты «Белавія»

Паводле «Белавія», 8 кастрычніка павінен вылецець першы самалёт зь Менску на кітайскі востраў Хайнань. Цану білетаў у адзін бок летам называлі ад 1325 рублёў, у абодва бакі — ад 2162. Гатовыя туры будуць каштаваць ад $2400. У кастрычніку вылет туды заплянаваны раз на тыдзень — па серадах, зь лістапада — двойчы на тыдзень, дадасца яшчэ й субота. Час палёту зь Менску складзе каля 10 гадзін.

На віетнамскі востраў Фукуок чартарныя рэйсы плянуюцца з 12 кастрычніка. Працягласьць тураў — 10-11 начэй. Цэны стартуюць ад $2800 на дваіх са сьняданкамі. За тур з пражываньнем у пяцізоркавым гатэлі трэба будзе заплаціць каля $3400.

На Шры-Ланку паляцець зь Менску наўпроставым рэйсам можна будзе з 28 кастрычніка. Рэйсы заплянаваныя на кожны аўторак, час у дарозе прыкладна 9,5 гадзін. Набыць квіткі можна ў турыстычных апэратараў, піша Onliner.

Камісія за папаўненьне рахунку фізычных асобаў

Некалькі беларускіх банкаў уводзяць камісію за папаўненьне рахунку фізычных асобаў. Гэта тычыцца кліентаў «Альфа Банк» і «Беларусбанк».

Як паведаміў сайт banki24.by, «Альфа Банк» з 1 кастрычніка пачне спаганяць камісію ў памеры 1% ад сумы залічэньня на бягучы (разьліковы) рахунак для паступленьняў:

  • у беларускіх рублях з банкаў-нерэзыдэнтаў (за выключэньнем пераводаў праз сыстэму BISS/СМП);
  • у расейскіх рублях з іншых банкаў Беларусі і банкаў-нерэзыдэнтаў.

«Беларусбанк» таксама ўвядзе камісію за залічэньне безгатоўкавых сродкаў на рахункі фізычных асоб.

З 1 кастрычніка залічэньне ў беларускіх рублях абыдзецца ў 2% ад сумы (максымум 700 рублёў), а ў замежнай валюце — у 2% ад сумы ў эквіваленце (такі ж максымум).

Банк ВТБ (Беларусь) з 1 кастрычніка ўводзіць новыя правілы спагнаньня камісіі за вядзеньне бягучых рахункаў фізычных асоб у беларускіх рублях і замежнай валюце, калі па іх няма апэрацый. Камісія будзе сьпісвацца, пачынаючы зь сёмага месяца адсутнасьці апэрацый па рахунку (акрамя налічэньня адсоткаў за рэшту па рахунку або сьпісаньня ўзнагарод / платаў). Калі на працягу паўгода кліент не зьдзяйсьняў апэрацый па рахунку, з наступнага месяца пачне спаганяцца камісійнае ўзнагароджаньне. Памер камісіі за вядзеньне рахунку зь нерухомай рэштай у беларускіх рублях складзе 5 рублёў за месяц.

Зьмены ў аплаце «камуналкі» і афармленьні льгот

Аплата за ацяпленьне, гарачую ваду і газ для людзей, якія трапілі ў сьпіс незанятых у эканоміцы, з 1 кастрычніка зьменіцца: калі «дармаед» валодае жыльлём, то на ўсе ягоныя кватэры і ўвесь аб’ём спажываных паслугаў цяпер будуць дзейнічаць поўныя тарыфы. Ранейшы парадак, пры якім для такіх грамадзян фактычна існавала ільготная частка плацяжоў, зьнікне.

Акрамя таго, з 1 кастрычніка зьявяцца новыя правілы што да афармленьня льготаў і пераразьліку камунальных паслугаў. Калі раней па афармленьне льготы ці пераразьлік трэба было зьвяртацца толькі самому ільготніку ці чалавеку, які часова зьяжджаў з кватэры, дык зараз гэта змогуць зрабіць уласьнік і наймальнік жыльля — той, хто фактычна аплачвае «камуналку». Пры гэтым пакет дакумэнтаў застанецца тым самым.

Яшчэ адна навацыя — з кастрычніка тэрмін пераразьліку будзе павялічаны да 30 дзён.

Зьмяняюцца і пэрыяды, за якія робяцца пераразьлікі. Калі выканаўца паслуг не падаў своечасова зьвестак, «дабраць» аплату са спажыўца можна максымум за тры месяцы, а вярнуць пераплату — ня больш за тры гады. Пры выяўленьні безуліковага спажываньня тэрмін пераразьліку скароцяць з трох да аднаго году.

Таксама ўдакладнены парадак налічэньня пяні: пашыраны пералік плацяжоў, па якіх яна не спаганяецца ў пэрыяд адкрытай спадчыннай справы. Сюды адносяцца паслугі ў кіраваньні агульнай маёмасьцю дому і выдаткі на электраэнэргію.

Зьменіцца і фармат паведамленьняў на аплату «камуналкі». Да кастрычніка іх можна было атрымліваць як у папяровым выглядзе, гэтак і ў электронным, але цяпер давядзецца выбраць нешта адно.

Спросьціцца і падзел асабовых рахункаў у кватэрах, якія знаходзяцца ў долевай уласнасьці. Раней для гэтага патрабавалася згода ўсіх паўналетніх чальцоў сям'і — зараз досыць будзе згоды толькі ўласьніка і таго, хто ўключаецца ў асабовы рахунак.

Ільготы на электраэнэргію на лецішчах

Калі ва ўладальніка летняга дому ўжо ёсьць ільгота на электрычнасьць у горадзе, тады з 1 кастрычніка такая ж ільгота будзе дзейнічаць і на час пражываньння на лецішчы — пры ўмове рэгістрацыі ў садаводчым таварыстве або дачным каапэратыве.

Зьмяненьне для карыстальнікаў АРІП

З 1 кастрычніка зьменяцца правілы вяртаньня грошай праз АРІП. Згодна з новымі правіламі, будуць два варыянты вяртаньня памылковага плацяжу. Першы — вярнуць грошы на той самы рахунак, зь якога зьдзяйсьнялі плацёж (спатрэбіцца нумар апэрацыі ў АРІП), другі — на іншы рахунак, калі платнік паведаміць яго рэквізыты.

Цяпер зварот грошаў магчымы на той рахунак, зь якога яны пайшлі. Зварот будзе адбывацца праз банк або пастаўшчыка паслуг, а не наўпрост праз сыстэму АРІП.

На станцыі Гудагай зноў будуць спыняцца цягнікі

З 25—26 кастрычніка, у залежнасьці ад цягнікоў, на станцыі Гудагай Астравецкага раёну зноў будзе адбывацца пасадка-высадка пасажыраў, напісала «Астравецкая праўда».

У Гудагаі міжнародныя цягнікі перасталі спыняцца з пачаткам пандэміі каранавірусу ў 2020 годзе, затым пасьля ўвядзеньня санкцый быў скасаваны цягнік на Вільню.

У канцы кастрычніка 2025 году міжнародныя цягнікі «Калінінград — Масква», «Калінінград — Санкт-Пецярбург», «Калінінград — Адлер», «Калінінград — Чалябінск» і цягнікі ў зваротным напрамку будуць зноў спыняцца ў Гудагаі.

«Тэхнабанк» прыпыніць выплаты па чэках Global Blue

Беларусам пакуль прапануюць альтэрнатыўныя спосабы атрыманьня Tax Free па чэках Global Blue: вяртаньнем на банкаўскую картку, гатоўкай у аэрапорце або выплатай пры наступнай паездцы ў адну з краін ЭЗ праз офісы кампаніі. На сайце «Тэхнабанку» паведамляюць, што зварот сродкаў даступны па чэках кампаній Innova Tax Free і Digital Tax Free.

Падаражэе харчаваньне ў школах і дзіцячых садках

З 1 кастрычніка ў Беларусі вырасьце кошт харчаваньня ў школах і дзіцячых садках. Савет міністраў зацьвердзіў павелічэньне нормаў выдаткаў на харчаваньне прыкладна на 5%.

Для бацькоў гэта азначае, што плата вырасьце на 3-6 рублёў у залежнасьці ад тыпу ўстановы адукацыі.

Адкрыецца сэзон паляваньня на рысь

Упершыню з 1981 году ў беларускіх лясах будзе дазволена паляваньне на рысь. Сэзон працягнецца ад 1 кастрычніка па 31 студзеня, але не на ўсёй тэрыторыі, а ў асобных рэгіёнах: у Віцебскай вобласьці (15 раёнаў), Гомельскай (14), Горадзенскай (2) і Менскай (8). Дазвол на паляваньне тлумачаць ростам папуляцыі рысі ў некаторых рэгіёнах краіны.

Забарона на лоўлю рыбы на зімавальных ямах

У Беларусі з 1 кастрычніка будзе ўведзена забарона на лоўлю ўсіх відаў рыб на зімавальных ямах. Пра гэта паведамілі ў Беларускім таварыстве паляўнічых і рыбаловаў.

У адпаведнасьці з правіламі аматарскага рыбалоўства і правіламі вядзеньня рыбалоўнай гаспадаркі, забараняецца аматарская і прамысловая лоўля ўсіх відаў рыб на зімавальных ямах з 1 кастрычніка па 15 красавіка.

«У ходзе эвалюцыі рыбы прыстасаваліся да жыцьця ва ўмовах значных ваганьняў тэмпэратуры вады. Пры нізкіх тэмпэратурах у большасьці рыб запавольваецца абмен рэчываў, зьніжаюцца або спыняюцца рухальная актыўнасьць і харчаваньне, запавольваецца рэакцыя на раздражняльнікі», — растлумачылі ў таварыстве паляўнічых і рыбаловаў.

Пералік зімавальных ямаў вызначаны Міністэрствам сельскай гаспадаркі і харчаваньня сумесна з Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG