Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прадстаўніца Міжнароднага гуманітарнага фонду пра сыход Стрыжака з BySol: «Мы будзем рады заяўцы на паўторнае далучэньне»


Партрэты загінулых у зьняволеньні беларускіх палітвязьняў на другім Кангрэсе ў справе палітычных зьняволеных Беларусі, які праходзіў у Варшаве, 26 верасьня 2025
Партрэты загінулых у зьняволеньні беларускіх палітвязьняў на другім Кангрэсе ў справе палітычных зьняволеных Беларусі, які праходзіў у Варшаве, 26 верасьня 2025

Міжнародны гуманітарны фонд, які фінансуе падтрымку беларускіх палітвязьняў, гатовы вярнуцца да працы з фондам BуSol пасьля сёньняшняй заявы ейнага заснавальніка Андрэя Стрыжака пра намер сысьці з арганізацыі ў выніку сэкс-скандалу.

29 верасьня ранейшы кіраўнік фонду BуSol Андрэй Стрыжак напісаў, што пакідае арганізацыю. Пасьля скандалу з рассылкай Стрыжаком непрыстойных фота, BySol 24 верасьня абвясьціў, што той застаецца ў фондзе на шасьцімесячны выпрабавальны тэрмін у якасьці кансультанта, але адхілены ад усіх кіроўных, прадстаўнічых і ўстаноўчых функцыяў. Пасьля гэтага рашэньня тры чалавекі пакінулі каманду BySol, а 26 верасьня стала вядома, што BySol аднагалосна выключылі з складу Міжнароднага гуманітарнага фонду.

На пытаньні Радыё Свабода адказала Бэрыт Ліндэман, генэральная сакратарка Нарвэскага Хэльсынскага камітэту, які зьяўляецца «апэратарам» Міжнароднага гуманітарнага фонду (МГФ) дапамогі ахвярам рэпрэсій у Беларусі. МГФ выдзяляе грошы арганізацыям, якія наўпрост дапамагаюць рэпрэсаваным беларусам.

— Вы раней тлумачылі, што менавіта ўдзел Стрыжака ў арганізацыі стаў прычынай выключэньня BуSol зь Міжнароднага гуманітарнага фонду. Ці магчыма, што цяпер BуSol вернецца ў МГФ, і што для гэтага трэба зрабіць?

— Па-першае, я хачу сказаць, што BуSol робіць выдатную працу для падтрымкі палітычных зьняволеных. У іх працуюць выдатныя актывісты і валянтэры. І вы правільна кажаце, што праблемай для нас у Фондзе быў Стрыжак і тое, што ён зрабіў, а ня тое, што зрабіў BуSol.

Такім чынам, без Стрыжака, я думаю, мы будзем рады заяўцы на паўторнае далучэньне да Фонду.

А потым мае быць прынята рашэньне ў кіраўнічым органе Фонду. Такім чынам, вось у гэтым палягае рашэньне.

— Як шмат часу гэта возьме? І ці трэба BуSol рабіць яшчэ нейкія структурныя зьмены, акрамя сыходу Стрыжака?

Я думаю, мы пабачым, чым усё гэта скончыцца. Думаю, што людзі ў BуSol усё яшчэ працуюць над тым, каб усё наладзілася. І я сумняваюся, што яны пададуць паўторную заяўку, перш чым прымуць усе неабходныя рашэньні.

Акрамя гэтага, мы ня вельмі ўмешваемся ў тое, якая структура ў розных арганізацый.

І я думаю, што мы можам быць даволі эфэктыўнымі. Патрэбы палітычных зьняволеных вялікія. І сапраўды, трэба быць гатовымі ўжо зараз.

Мы ня трацім шмат часу на працэс прыняцьця рашэньняў дзеля нейкіх фармальнасьцяў. Нам проста трэба пераканацца, што BуSol зрабіў неабходныя крокі. І ў такім выпадку мы б віталі вяртаньне BуSol з тымі магчымасьцямі, якія яны маюць для падтрымкі палітычных зьняволеных у Беларусі.

— Калі казаць пра магчымасьці — ці бачыце вы сапраўдныя альтэрнатывы BуSol сярод арганізацый, якія займаюцца дапамогай ахвярам палітычных рэпрэсій у Беларусі?

— Ведаеце, BуSol з дапамогай Міжнароднага гуманітарнага фонду займаўся грашовымі выплатамі гатоўкай. Ня ўся дзейнасьць BуSol пакрывалася МГФ, у BуSol таксама шмат прыватных ахвяраваньняў.

Калі казаць толькі пра выплаты гатоўкай, дык павінна быць магчымасьць гэта рабіць. Мы ўжо абвясьцілі ў мінулую пятніцу, што мы гатовыя задаволіць гэтыя патрэбы. Але пры гэтым трэба разумець, што такія патрэбы агромністыя.

І важна, каб як мага большая колькасьць арганізацый разам выконвала гэтую адказную, каардынавала дзеяньні і выконвала розныя задачы па розных напрамкаў. Адным з такіх напрамкаў зьяўляецца той, якім займаецца BуSol.

— Наколькі я разумею, Міжнародны гуманітарны фонд непасрэдна не займаецца грашовымі выплатамі — толькі праз партнэраў. Таму ці можна ўдакладніць, ці ёсьць цяпер эфэктыўная альтэрнатыва BуSol? Напрыклад, тэарэтычна, калі цягам некалькіх тыдняў з турмаў вызваляць сотні палітвязьняў, а BуSol у гэты час не працуе з МГФ, ці зможа МГФ дапамагаць людзям празь іншыя арганізацыі-партнэры?

— Так, вядома ж, будзе такая магчымасьць, у залежнасьці ад таго, колькі чалавек вызваляць адначасова. Зразумела, што калі гаворка ідзе пра сотні людзей адначасова, гэта больш складана, чым калі ёсьць меншыя групы.

Але ўжо ёсьць арганізацыі-сябры фонду, якія заявілі, што гатовыя ўзяць на сябе гэтую задачу. Такім чынам, гэта павінна быць магчыма. Мы запрасілі зьвярнуцца да нас ня толькі BуSol, але і іншыя арганізацыі, якія гатовыя зрабіць свой унёсак і падаць заяўку на фінансаваньне праз Фонд.

Яны могуць быць запрошанымі ўдзельнікамі, і тады ім ня трэба будзе ўдзельнічаць у працэсе прыняцьця рашэньняў. Проста падайце заяўку на фінансаваньне непасрэдна ў Фонд.

Так, уся дзейнасьць МГФ ажыцьцяўляецца празь беларускія арганізацыі. Гэта фонд для беларускіх арганізацый і беларускіх атрымальнікаў дапамогі. Такім чынам, адказнасьць ляжыць на беларусах.

— Летась з МГФ сышоў фонд ByHelp пасьля таго, як праверка з боку Нарвэскага Хэльсынскага камітэту выявіла ў ByHelp праблемы зь бясьпекай і справаздачнасьцю. Кіраўнік ByHelp Аляксей Лявончык днямі напісаўна сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што паводле публічных справаздачаў МГФ можна зрабіць выснову — арганізацыі, якія засталіся ў МГФ, ня даюць рады разьмяркоўваць сродкі пацярпелым ад рэпрэсій беларусам. Вы згодныя з такой высновай?

— Я не пагаджуся.

І прычына, па якой ByHelp больш не працуе з нашым фондам, заключаецца ў тым, што яны ня мелі адміністрацыйных магчымасьцяў для апрацоўкі атрыманых грошай. І яны не маглі прад’явіць неабходную дакумэнтацыю. Вось чаму яны сышлі.

Гэта таксама важная частка магчымасьцяў, якімі маюць валодаць тыя, хто атрымлівае грошы з фонду і разьмяркоўвае іх.

— Але ягоныя разважаньні, бадай, можна падсумаваць так: ByHelp, магчыма, ня быў эфэктыўным у справаздачнасьці, але быў эфэктыўнымі ў разьмеркаваньні грошай. І ён кажа, што з таго часу, як ByHelp сышоў, грошай было разьмеркавана ня так шмат. Ці правільная гэтая крытыка?

— Яна правільная, але ўсё крыху больш складана. ByHelp разьмяркоўваў шмат грошай да канца году, таму што гэта было патрабаваньне аднаго канкрэтнага донара, каб шмат грошай было разьмеркавана ў вельмі кароткія тэрміны.

Такім чынам, гэты канкрэтны від разьмеркаваньня не працягваўся ў новым годзе, таму што цяпер у нас значна больш раўнамернае разьмеркаваньне сродкаў. З гэтым яно і зьвязана.

Але гэта праўда, што ByHelp сапраўды разьмяркоўваў грашовую дапамогу і падтрымліваў мэдычную дапамогу вызваленым палітвязьням. Аднак цяпер мы знаходзім ByHelp. Таму я думаю, што гэта ня будзе праблемай.

— Я хацеў бы вярнуцца да ранейшага пытаньня — наколькі МГФ і беларускія арганізацыі, якія зь ім супрацоўнічаюць, гатовыя да гіпатэтычных добрых навінаў з адначасовым вызваленьнем сотняў палітвязьняў?

— Думаю, што гатовыя настолькі, наколькі гэта магчыма. Я маю на ўвазе, што ствараюцца шэлтэры, цяпер падпісваюцца пагадненьні на новыя шэлтэры і жытло. Мы маем ясныя пляны хто што павінен рабіць, каб пакрыць першапачатковыя патрэбы.

Гаворка пра першапачатковыя патрэбы, не пра агульныя патрэбы. А потым паўстануць патрэбы ў доўгатэрміновай мэдычнай дапамозе, у іншых відах падтрымкі.

Гэта будзе ўжо другая фаза падтрымкі для палітычных вязьняў. Але для першапачатковых патрэбаў ужо гатовыя пляны на маштабныя вызваленьні.

***

Міжнародны гуманітарны фонд падтрымкі рэпрэсаваных у Беларусі заснавалі ў 2023 годзе. У яго ўвайшлі арганізацыі і ініцыятывы, якія дапамагаюць беларускім палітзьняволеным.

Фінансавую падтрымку фонду вылучылі Нарвэгія, Швэцыя, Данія, Ісляндыя, Латвія, Эстонія, Люксэмбург і Гішпанія.

Сродкі з фонду ідуць на праграмы рэабілітацыі, лячэньня і рэлякацыі для былых палітвязьняў і іх сем’яў.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG