Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

08:10 13.4.2020

Лічбы на раніцу 13 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 1,85 мільёна выпадкаў COVID-19: 560 тысяч у ЗША, 166 тысяч у Гішпаніі, 156 тысяч у Італіі, 132 тысячы ў Францыі, каля 128 тысяч у Нямеччыне, 83 тысячы ў Кітаі, 84 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 71,5 тысячы ў Іране, каля 57 тысяч у Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 114 253 чалавекі. Зь іх 22 115 у ЗША, 19 899 у Італіі, 17 209 у Гішпаніі, 14 393 у Францыі, 10 612 у Вялікай Брытаніі, 4474 у Іране, 3345 у Кітаі.
  • Выпісалі 423,7 тысячы пацыентаў, якія ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,3 млн, зь іх каля 50,9 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 12 красавіка, пацьверджана 2578 выпадкаў COVID-19, памерлі 26 чалавек, прызнаныя здаровымі 203 пацыенты, за суткі выявілі 352 новыя выпадкі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
09:28 13.4.2020

«Лішні кантроль» не патрэбен. Качанава запэўніла, што ўлада ня ўтойвае ад беларусаў маштабы каранавірусу

Як заявіла старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава, беларускай сыстэме аховы здароўя не патрэбен «лішні кантроль». Мэдыкі цудоўна ведаюць, што і як неабходна рабіць, адзначыла яна, дадаўшы, што ад грамадзян нічога ня ўтойваюць, а лічбы, якія даводзяцца, «абсалютна дакладныя і праўдзівыя».

У Беларусі цягам 8-11 красавіка працавала місія Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ). Як акцэнтавала Натальля Качанава, Аляксандар Лукашэнка запрасіў экспэртаў, каб адкінуць сумневы ў пэўнай часткі грамадзтва з нагоды эфэктыўнасьці захадаў супраць каранавірусу, якія прымаюцца ў краіне.

«Яны казалі пра тое, што мы сапраўды адкрытыя і ўсё, што сёння робіцца ў краіне, заслугоўвае ўсялякай павагі. Экспэрты адзначылі сумленную, адкрытую, прыстойную працу айчынных мэдыкаў і выказалі пажаданьне, каб пра яе больш расказвалі простым беларусам», — сказала Качанава па выніках перамоваў з прадстаўнікамі місіі.

09:30 13.4.2020

У Беларусі сабраліся адпускаць дамоў на самаізаляцыю хворых на COVID-19 у лёгкай форме

Намесніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан выступіла 12 сакавіка на дзяржаўным тэлеканале СТВ.

«Я думаю, што ў бліжэйшы час мы зробім нарматыўны дакумэнт Міністэрства аховы здароўя, які дазволіць грамадзянам зь бессымптомным цячэньнем ці лёгкім цячэньнем каранавіруснай інфэкцыі пры ўмове магчымасьці поўнай самаізаляцыі знаходзіцца дома», — расказала Алена Богдан.

Такім чынам яна адказала на пытаньне пра магчымасьць самаізаляцыі пацыентаў з каранавірусам, аднесеных да «кантактаў першага ўзроўню», але ў ейным адказе гаворка ідзе пра лекаваньне дома ў залежнасьці ад цяжкасьці хваробы, а ня шляху атрыманьня вірусу.

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка згадваў, што падчас рэйду не знайшлі дома каля 400 чалавек — маўляў, правілы «можам узмацніць так, што ў вачах пацямнее». Тады ён казаў, што там, дзе «спрабавалі людзей замкнуць, нічога не атрымалася».

Да таго ён, разважаўшы пра самаізаляцыю здаровых, казаў: «Замыкаецца ў гэтых тухлых кватэрах — гэта не мэтад. Мы забіваем людзей у гэтых кватэрах».

09:32 13.4.2020

Намесьніцы міністра параілі «дыхаць хрэнам». Гэта дапаможа?

Намесніца міністра аховы здароўя Беларусі Алена Богдан выступіла 12 сакавіка на дзяржаўным тэлеканале СТВ. У прысутнасьці Богдан СТВ паказала сюжэт пра рост цэнаў на імбір і лімоны на Камароўскім рынку. Вядоўца адзначыла, што ў намесьніцы міністра «даволі скептычная ўсьмешка была».

Богдан у адказ растлумачыла: «Яно ўсё добра, яно ўсё можа быць выкарыстанае, але ў дадатак да асноўнага лекаваньня захворваньня».

Намесьніца міністра адзначыла, што ў Беларусі ёсьць свае альтэрнатывы імбіру і лімону, як то журавіны або квашаная капуста, якія ўтрымліваюць шмат вітаміну С.

«Вельмі цікава, адзін з нашых спэцыялістаў прынёс мне слоічак хрэну і кажа: „Алена Леанідаўна, вы яго ня ежце. Вы ім дыхайце. І ён будзе абараняць вашыя лёгкія», — з усьмешкай расказала Богдан.

Ці дапаможа дыханьне хрэнам узмацніць імунітэт, яна не казала, але гэты спосаб згадала ў кантэксьце тых, якія могуць быць выкарыстаныя хіба «ў дадатак да асноўнага лекаваньня».

09:34 13.4.2020

Беларусы застаюцца заблякаванымі ў Віетнаме, Інданэзіі, Індыі і Тайляндзе

Каля двух дзясяткаў пазаплянавых рэйсаў давялося зрабіць самалётам «Белавія», каб вярнуць дадому беларускіх турыстаў. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміў намесьнік гендырэктара кампаніі Ігар Чаргінец.

Паводле Чаргінца, толькі з Эгіпту было вывезена 7,5 тысяч беларусаў і грамадзянаў іншых краінаў. Пры гэты дагэтуль застаюцца складанасьці зь вяртаньнем неарганізаваных турыстаў зь Віетнаму, Інданэзіі, Індыі, Тайлянду.

«Арганізацыя рэйсаў вельмі складаная, — адзначыў Чаргінец. — Трэба рабіць мінімум адну пасадку на дазапраўку, а ў выпадку з Балі — па дзьве па шляху ў той бок і назад. Гэта складана з тэхнічнага пункту гледжаньня для экіпажаў, цяжка для саміх пасажыраў, да таго ж каштуе вялікіх грошай».

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што з-за мяжы людзей вывозяць па мінімальнай цане квіткоў.

09:35 13.4.2020

Каранавірус будзе «перасьледаваць чалавецтва», пакуль ня вынайдуць вакцыну

Пандэмія SARS-CoV-2 будзе працягвацца да таго часу, пакуль навукоўцы не распрацуюць вакцыны супраць каранавіруснай хваробы, заявіў 12 красавіка спэцпрадстаўнік у праблемах COVID-19 пры Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) Дэвід Набара. Пра гэта ён заявіў у інтэрвію NBC News 12 красавіка.

Паводле Набара, характар каранавірусу адрозьніваецца ад характару сэзоннага грыпу.

«Мы ня ўпэўненыя, што гэта [COVID-19. — РC] будзе адбывацца хвалямі, як грып. Мы лічым, што гэты вірус будзе працягваць перасьледаваць чалавецтва яшчэ доўга, пакуль мы ўсе не атрымаем вакцыны, здатнай абараніць нас», — заявіў ён.

Як зазначыў прадстаўнік WHO, хоць колькасьць пацыентаў у Эўропе скарачаецца, хвароба распаўсюджваецца і ў іншыя часткі сьвету, таму ўсе краіны павінны мець належную інфраструктуру.

«Што да гэтага канкрэтнага вірусу, то ключавой зьяўляецца наяўнасьць у кожнай супольнасьці пэўнага ахоўнага бар'еру, які зможа фіксаваць пацыентаў, як толькі яны зьявяцца, ізаляваць іх і прадухіліць успышку. Неабходна, каб у кожнай краіне была такая магчымасьць», — дадаў Набара.

10:14 13.4.2020

У Японіі моцныя алькагольныя напоі афіцыйна прызналі сродкамі дэзынфэкцыі

Міністэрства аховы здароўя, працы і дабрабыту Японіі прызнала напоі з высокім утрыманьнем алькаголю сродкамі для дэзынфэкцыі з прычыны распаўсюду новага каранавірусу.

Пра гэта ў панядзелак паведаміла Японскае грамадзкае тэлебачаньне.

«Гэтая спэцыяльная рэкамэндацыя ў першую чаргу адносіцца да мэдустановаў, якія сутыкнуліся зь недахопам стандартных сродкаў дэзынфэкцыі. У хатніх умовах мы, як і раней, раім старанна мыць рукі», — заявіў прадстаўнік ведамства.

Адзначаецца, што рэкамэндацыя Міністэрства аховы здароўя тычыцца напояў з утрыманьнем алькаголю ад 70% да 83%.

У Японіі колькасьць інфікаваных новым каранавірусам дасягнула 8100. 150 чалавек памерлі.

10:58 13.4.2020

Ва Ўзбэкістане ўвялі буйныя штрафы за абразу пацыентаў з каранавірусам

Ва Ўзбэкістане ўвялі адказнасьць за абразу пацыентаў, якія перахварэлі на COVID-19 або знаходзяцца на карантыне, паведамляе ўзбэцкая служба Радыё Свабода са спасылкай на афіцыйны тэлеграм-канал апэратыўнага штабу пры кабінэце міністраў.

За замах на гонар і годнасьць пацыентаў, якія перахварэлі на каранавірусную інфэкцыю або знаходзяцца на карантыне, а таксама за пашырэньне зьвестак аб іхным асабістым жыцьці пагражае адміністрацыйны штраф памерам да 9 мільёнаў сумаў (930 даляраў).

За паўторнае парушэньне прадугледжаны штраф памерам 22,3 мільёна сумаў (2330 даляраў), або 300 гадзін абавязковых грамадзкіх работ, або да 2 гадоў папраўчых работ.

Чытаць падрабязна >>

11:24 13.4.2020

«Маці прасіла рэнтген лёгкіх, але ў паліклініцы адмовілі. Цяпер у яе пацьвердзілі каранавірус»

Як стала вядома Свабодзе, у сямейнай пары, якім у дзяржаўнай паліклініцы адмаўлялі рабіць рэнтген лёгкіх, выявілі двухбаковую пнэўманію. А ў жонкі пацьвердзілі каранавірус.

Пра гэты выпадак ужо пісала Свабода. 23 сакавіка ў 52-гадовага мужчыны ўзьнялася тэмпэратура і зьявілася слабасьць. Потым дадаўся кашаль, гарачка, зьнік нюх. Падобныя сымптомы сталі праяўляцца і ў ягонай жонкі. 30 сакавіка да іх на дом прыйшла лекарка, агледзела абаіх і сказала, што ім няма чаго непакоіцца.

Цяпер муж знаходзіцца ў тубэркулёзным дыспансэры з двухбаковай пнэўманіяй. А жонка — у 3-м шпіталі. У яе таксама двухбаковая пнэўманія, плюс станоўчы тэст на каранавірус.

І муж, і жонка змаглі трапіць у шпіталь толькі пасьля таго, як зрабілі кампутарную тамаграфію лёгкіх у платным мэдычным цэнтры. У паліклініцы № 27, куды яны зьвярталіся, лекары сказалі, што паказаньняў для рэнтгену не было. 4 красавіка жанчыне ў грубай форме адмовілі, маўляў, лёгкія ў парадку, гэта чуваць і без рэнтгену.

«Страшна, што іншыя людзі могуць паслухаць падобных лекараў», — расказаў Свабодзе іхны сын.

Чытаць далей >>

11:27 13.4.2020

«Індэкс самаізаляцыі». Расейскі «Яндэкс» падлічыў, наколькі беларусы менш ходзяць па вуліцах

Расейская кампанія «Яндэкс» штодзень абнаўляе дасьледаваньне аб самаізаляцыі людзей у Расеі і краінах СНД, у тым ліку Беларусі, і «мапу самаізаляцыі». Рэйтынг складзены на падставе зьвестак аб геалякацыі карыстальнікаў сэрвісаў «Яндэксу» і не ахоплівае ўсё насельніцтва.

Зь нядаўняга часу на мапе зьявіліся ня толькі Менск і абласныя цэнтры Беларусі, але і буйныя гарады кшталту Жодзіна (найменш «самаізаляваны» ў Беларусі на момант публікацыі), Рэчыцы і Салігорску (найбольш «самаізаляваныя»). Гарадам выстаўляюцца балы ад 0 (як у час пік у звычайны дзень) да 5 (на вуліцах нікога).

У Менску з пачатку сакавіка ў будныя дні было 0,7–0,8 «бала самаізаляцыі», па выходных — 2,5–3,0 бала. Ды паступова «самаізаляцыя» расьце, на мінулым тыдні дасягнула 1,7–1,9 бала ў будныя дні, 3,3–3,7 у выходныя.

Для параўнаньня, у Маскве, дзе абвясьцілі месяц выходных, увялі абавязковую самаізаляцыю і неўзабаве ўвядуць прапускны рэжым, на мінулым тыдні ў будні было 2,9–3,1 бала, у выходныя 3,5–3,7 бала. У Ерэване і Нур-Султане балы нават вышэйшыя.

У найбольш «самаізаляваных» беларускіх гарадоў на момант публікацыі 3,0 бала, у найменш ізаляваных — 2,2. У расейскім Навасібірску цяпер 1,9 бала, у Маскве — 3,3, а ў Благавешчанску, што на мяжы з Кітаем, 0,9 бала — як у Менску ў пачатку сакавіка.

11:28 13.4.2020

Першы выпадак каранавірусу пацьвердзілі ў Лідзе

Новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах на Горадзеншчыне. Паправіліся 3 пацыенты з каранавірусам у вобласьці.

Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш паведаміў, што новыя выпадкі COVID-19 зарэгістравалі ў Лідзе і Мастах Горадзенскай вобласьці. У Мастах гаворка ідзе пра студэнтку, якая, як мяркуецца, прывезла гэтую інфэкцыю зь Берасьцейскай вобласьці. У Лідзе захварэў мужчына сталага веку.

Кендыш удакладніў, што ў 15 супрацоўнікаў з Астраўца пакуль «няпэўная сытуацыя», празь 7 дзён пасьля шпіталізацыі ім будуць рабіць паўторны тэст на каранавірус.

Агулам у вобласьці паправіліся 3 чалавекі: жанчына, якая прыляцела зь Італіі; дальнабойнік, які прыехаў са Швэцыі, і прадпрымальнік зь Іўя.

11:47 13.4.2020

У Нямеччыне паправіліся больш за палову інфікаваных каранавірусам

У Нямеччыне акрыялі больш за палову інфікаваных новым каранавірусам. Але колькасьць пацыентаў, якія памерлі ад інфэкцыі, за суткі павялічылася на 126 і дасягнула 2799 чалавек.

Паводле дадзеных, апублікаваных у панядзелак, Інстытутам імя Робэрта Коха, у Нямеччыне зарэгістравана 123 016 інфікаваных — на 2537 больш, чым на дзень раней. Пры гэтым паправіліся 64 300 чалавек — на чатыры зь нечым тысячы больш, чым на дзень раней.

Па дадзеных інстытуту, колькасьць інфікаваных і колькасьць сьмерцяў у Нямеччыне зьніжаецца трэці дзень запар.

12:08 13.4.2020

Каранавірус: у Кітаі выявілі 72 інфікаваных сярод грамадзян, якія ляталі ў Расею

У Кітаі 12 красавіка больш як палова новых выпадкаў заражэньня каранавірусам прыпала на грамадзян, якія вярнуліся з Расеі.

51 выпадак зафіксаваны ў аэрапорце Шанхаю ў пасажыраў з маскоўскага рэйсу. Яшчэ 21 выпадак выяўлены ў адной з правінцыяў у кітайцаў, якія прыбылі з Масквы праз Уладзівасток. Усяго за апошні дзень у КНР выяўлена каля 100 выпадкаў COVID-19.

12:10 13.4.2020

«Эпідэмія каранавірусу можа ператварыць месцы пазбаўленьня волі ў брацкія магілы», — заява АГП

Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалай Казлоў заклікаў улады да «тэрміновай і максымальна шырокай амністыі» ў сувязі з пандэміяй каранавірусу. На яго думку, найперш варта замяніць пакараньне ў тых выпадках, калі няма пільнай патрэбы ў пазбаўленьні волі.

«З улікам аслабленага імунітэту асуджаных і адсутнасьці ў калёніях, турмах і СІЗА якаснай мэдычнай дапамогі месцы пазбаўленьня волі пагражаюць ператварыцца ў брацкія магілы. Любы выпадак захворваньня гарантавана прывядзе да поўнага заражэньня ўсіх», — гаворыцца ў заяве старшыні АГП.

Падпісаць пэтыцыю можна тут.

12:14 13.4.2020

Ніводнай сьмерці ад каранавірусу: чаму сьвет можа павучыцца ў Віетнама

Ніводнай зафіксаванай сьмерці і ўсяго сотні пацьверджаных выпадкаў каранавірусу — дзеяньні Віетнаму ва ўмовах пандэміі атрымалі высокую ацэнку з боку Сусветнай арганізацыі здароўя і могуць быць прыкладам для іншых краінаў, паведамляе нямецкае агенцтва dpa.

Нягледзячы на агульную мяжу з Кітаем, камбінацыя раньніх рашучых дзеяньняў, шырокага тэставаньня, энэргічнай карантынізацыі і сацыяльнай еднасьці дазволілі Віетнаму пакуль што пазьбегнуць разбуральных вынікаў пандэміі, якія назіраюцца ў Эўропе і ЗША.

Афіцыйная статыстыка сьведчыць, што цяпер больш за 75 000 чалавек знаходзяцца ў карантыне або ізаляцыі. У краіне дагэтуль праведзена больш за 121 000 тэстаў, зь якіх было пацьверджана толькі 260 выпадкаў захворваньня.

Чытаць падрабязна >>

12:22 13.4.2020

Лукашэнка: пацыенты ў лякарнях «перасталі змагацца за жыцьцё»

Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергяенку.

Ён падзякаваў лекарам, якія «начуюць і днююць у шпіталях, лекуюць людзей у гэты няпросты пэрыяд», а таксама зьвярнуўся да людзей у стацыянарах:

«У апошні час мне паступае інфармацыя, што вось гэты псыхоз, асабліва каранавірусны, давёў да таго, што людзі ўжо апусьцілі рукі, — казаў Лукашэнка. — І ў лякарнях перасталі змагацца за сваё жыцьцё. Міністар ведае, што такое, калі чалавек перастае змагацца за жыцьцё».

13:01 13.4.2020

Маскі, ахоўныя касьцюмы, антысэптыкі: У Беларусь прыляцеў самалёт з гуманітарнай дапамогай з Узбэкістану

Узбэкістан перадаў Беларусі ў якасьці гуманітарнай дапамогі аднаразовыя камбінэзоны, рэсьпіратары, ахоўныя акуляры, лятэксные пальчаткі і маскі — усяго 513 тысяч штук, а таксама 500 тысяч мэтраў марлі, 50 тысяч упаковак антысэптыкаў і 10 тысяч літраў мэдыцынскага сьпірту.

Самалёт прыляцеў у Нацыянальны аэрапорт Менск у ноч з 11 на 12 красавіка, дапамога «прызначаецца беларускаму народу ў якасьці жэсту добрай волі ад прэзыдэнта Узбэкістана», паведамляе Мінздароўя. У знак падзякі Беларусь перадала Ўзбэкістану два беларускія трактары МТЗ-82.

13:06 13.4.2020

Мэдсястра з цукровым дыябэтам адмаўляецца працаваць у інфэкцыйным кабінэце. Загадчык паліклінікі: «Гэта абавязак»

Хворая на цукровы дыябэт мэдсястра агульнай практыкі Баранавіцкай гарадзкой паліклінікі № 3 Натальля Каролік расказала карэспандэнту Свабоды, што яе прымушаюць працаваць у інфэкцыйным кабінэце, дзе ўхіляюцца працаваць нават інфэкцыяністы.

Са сваёй хваробай Натальля Каролік адносіцца да групы рызыкі ў выпадку заражэньня каранавірусам. Жанчына напісала заяву на імя загадчыка паліклінікі Мікалая Фядзько, каб яе не накіроўвалі працаваць у інфэкцыйны кабінэт, дзе прымаюць людзей, у якіх можа быць каранавірус, на што загадчык паліклінікі нагадаў ёй пра магчымасьць звальненьня. Гісторыю цалкам чытайце па спасылцы >>

13:07 13.4.2020

«Закрыты на карантын». Каранавірус знайшлі ў санаторыі «Пад’ельнікі» Узьдзенскага раёну

Пра тое, што ў санаторыі «Пад’ельнікі» выявілі 4 выпадкі інфікаваньня каранавірусам, Свабода даведалася з уласнай крыніцы. Паводле яе, каранавірус знайшлі ня толькі ў адпачывальнікаў, але і ў супрацоўнікаў санаторыю.

Гэтыя зьвесткі часткова пацьвердзіў галоўны доктар і дырэктар установы Андрэй Грудзіна. Падрабязнасьці тут>>

14:18 13.4.2020

Кіева-Пячэрскую лаўру зачынілі на карантын

У Кіеве праз каранавірус зачынілі на карантын Кіева-Пячэрскую лаўру. За апошнія суткі там зафіксавана 63 тры выпадкі заражэньня. Пра гэта паведамляе УНІАН са спасылкай на мэра Кіева Віталя Клічко.

Па словах палітыка, усяго ў манастыры заразіліся больш за 90 чалавек.

Раней прадстаўнікі ляўры, у якой праводзіць набажэнствы, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату, заклікалі прыходзіць у храмы і ігнараваць карантын.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG