Міністэрства аховы здароўя, працы і дабрабыту Японіі прызнала напоі зь вялікай колькасьцю сьпірту сродкамі для дэзынфэкцыі ад новага каранавірусу.
Пра гэта ў панядзелак паведаміла Японская грамадзкая тэлевізія.
«Гэтая спэцыяльная рэкамэндацыя ў першую чаргу адносіцца да мэдустановаў, якія сутыкнуліся зь недахопам стандартных сродкаў дэзынфэкцыі. У хатніх умовах мы, як і раней, раім старанна мыць рукі», — заявіў прадстаўнік ведамства.
Адзначаецца, што рэкамэндацыя Міністэрства аховы здароўя тычыцца напояў з наяўнасьцю ад 70% да 83% алькаголю.
У Японіі колькасьць інфікаваных новым каранавірусам дасягнула 8100. 150 чалавек памерлі.