Мэдыкі ў Буда-Кашалёве заразіліся каранавірусам
Мэдыкі ў раённым цэнтры Буда-Кашалёве (Гомельская вобласьць) заразіліся каранавірусам. Вядома прынамсі пра два выпадкі COVID-19 — у мэдсястры і санітаркі раённага шпіталю. Пра гэта Свабодзе паведамілі інфармаваныя крыніцы. Паводле раённай газэты «Авангард», у пяці жыхароў раёну пацьверджаны каранавірус, усе яны шпіталізаваныя ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь. Падрабязнасьці тут >>
Ужо 29 памерлі. У Беларусі прызналі 2919 выпадкаў COVID-19, за дзень плюс 341
Міністэрства аховы здароўя апублікавала 13 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.
Паводле міністэрства, на раніцу 13 красавіка:
- 2919 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістравана агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцы»і, уключае ў гэта выпісаных і памерлых);
- 203 «выздаравелі і выпісаныя» пасьля лекаваньня,
- 29 памерлі;
- з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксаваны 341 выпадак за дзень;
- такім чынам, 2687 пацыентаў застаюцца на лекаваньні з каранавіруснай інфэкцыяй (у сьвеце гэта завецца «актыўнымі выпадкамі»);
- зь іх 55 «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьць пацыентаў у цяжкім і крытычным стане, толькі піша, што «ў большасьці хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме», а ўсе памерлыя былі «з шэрагам хранічных захворваньняў»);
- у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена звыш 68 тысячаў тэстаў, у правядзеньні якіх задзейнічалі 17 лябараторыяў.
Лукашэнка: «Ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памірае»
Аляксандар Лукашэнка 13 красавіка прыняў з дакладам міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка, старшыню Савету Рэспублікі Натальлю Качанаву і старшыню сваёй адміністрацыі Ігара Сергеенку. На нарадзе Лукашэнка стаў разважаць, што нібыта ад каранавірусу ніхто не памірае, а проста каранавірус дае «атмасфэру, у якой разьвіваюцца хранічныя хваробы».
«Хай нават не перажываюць, ніхто ад каранавірусу ў нашай краіне не памрэ, — перадае БелТА заяву Лукашэнкі. — Я публічна пра гэта заяўляю». Цалкам тут>>
Докшыцы: адна сястра з каранавірусам, другая з пнэўманіяй, муж памёр у шпіталі. Дзе заразіліся, невядома
Каранавірус выйшаў за межы Докшыц, дзе раённы шпіталь аддалі пад хворых на пнэўманію. Свабода зьезьдзіла ў вёску Гліннае Докшыцкага раёну Віцебскай вобласьці, дзе ў супрацоўніцы школы пацьвердзілі каранавірус.
Як расказаў Свабодзе муж хворай Пётра Д, перад тым, як жонцы стала блага, яны езьдзілі ў госьці да яе сястры ў Докшыцы. «Яны ўжо хварэлі тады. Швагер яе скруціўшыся ляжаў з тэмпэратурай», — расказаў Пётра Д. Неўзабаве пасьля таго візыту жонцы стала кепска, яе ванітавала. Сужэнцы выклікалі «хуткую», у шпіталі Лідзіі Д. зрабілі тэст на COVID-19, які даў станоўчы вынік.
Тым часам швагру Лідзіі ў Докшыцах стала горш і яго шпіталізавалі разам з жонкай. Абаім паставілі двухбаковую пнэўманію. 9 красавіка пасьля некалькіх дзён швагер памёр. Цалкам чытайце па спасылцы >>
Памёр працаўнік заводу ў Жыткавічах, дзе ў сакавіку знайшлі каранавірус, а потым зьняпраўдзілі гэта
У ноч на 12 красавіка ў гомельскім шпіталі памёр 63-гадовы жыхар Жыткавічаў Мікалай Цярэня. Ён працаваў на маторабудаўнічым заводзе. У супрацоўніцы завода ў сакавіку знайшлі каранавірус, але пазьней міністэрства аховы здароўя зьняпраўдзіла гэта.
«Тату было блага 6 красавіка, падымалася тэмпэратура, ён выклікаў лекара на дом. Яго забралі спачатку ў раённы шпіталь, была двухбаковая пнэўманія. У пятніцу яго забралі ў Гомель. У суботу патэлефанавалі адтуль, што ён памёр. Сказалі, што адмовіліся працаваць ныркі і сэрца», — патлумачыў Свабодзе сын Мікалая, Віталь Цярэня.
Ягоная маці цяпер ляжыць у Жыткавіцкім раённым шпіталі, як і пляменьніца. «Сказалі, што ў іх адмоўныя тэсты на каранавірус», — зазначыў Віталь. Цалкам чытайце тут >>
Лукашэнка сказаў, што пойдзе ў царкву на Вялікдзень: дарогу да храму нікому не закрываем
У Беларусі не забаранялі і ня будуць нікому забараняць наведваць храмы ў велікодныя сьвяты, заявіў 13 красавіка Аляксандар Лукашэнка, піша БелТА. Пры гэтым кіраўнік Беларусі дадаў, што трэба прымаць меры засьцярогі з улікам эпідэмічнай сытуацыі
Што сказаў Лукашэнка?
- У Беларусі ўжо прайшоў каталіцкі Вялікдзень, людзі прыходзілі ў храмы і зьбіраліся каля іх. «Гэта справа кожнага чалавека. Але мы не забаранялі ніводнаму чалавек. Калі вы хочаце схадзіць, калі ласка, ідзіце. Але людзі засьцерагліся. Гэта іх права».
- «Мы дарогу да храму нікому не закрываем. Мы гэта давялі да кіраўніцтва ўсіх цэркваў, канфэсій, у тым ліку і праваслаўнай царквы. Хто хоча, той памоліцца, сходзіць у храм. Я буду ў царкве. Гэта мая традыцыя. Я зрэдку бываю, але на Раство і Вялікдзень я заўжды ў царкве».
- Лукашэнка зьвярнуўся да сьвятароў, каб не трымалі людзей доўга ў царкве. «Сьвечку паставіў, выйшаў і пайшоў. Усе пропаведзі лепш каля храма».
- Неабходна прадугледзіць адмысловыя месцы для традыцыйнага асьвятленьня яйкаў і кулічоў, каб сталы былі не ў памяшканьнях, а на адчыненым паветры. «Сталы трэба паставіць там, дзе павышэй, вятрыска і іншае. Каб гэта было не ў памяшканьнях.Трэба паберагчыся там, дзе можна. І сьвятары гэта павінны разумець, асабліва ў гарадах».
Беларускія мастакі арганізуюць інтэрнэт-аўкцыён у падтрымку хворых з каранавірусам і іх лекараў
Любы ахвотны можа дапамагчы тым, хто знаходзіцца на перадавой у барацьбе з COVID-19, і стаць уладальнікам аднаго з больш як 100 унікальных лотаў, бязвыплатна прапанаваных вядомымі мастакамі.
У аўкцыёне «Дзякуй!» бяруць удзел звыш 100 сучасных беларускіх мастакоў. Сярод лотаў — жывапіс, акварэль, графіка, скульптура, фатаграфія, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Аўкцыён стартуе а 10-й гадзіне 15 красавіка і працягнецца 7 дзён, да раніцы 22 красавіка. За сродкі ад аўкцыёну набудуць або вырабяць маскі, акуляры, рэсьпіратары, халаты, плашчы, пульсаксымэтры, канцэнтратары кіслароду, а таксама арганізуюць паўнавартаснае харчаваньне для работнікаў мэдустановаў і станцый хуткай дапамогі. Падрабязьней тут>>
Лукашэнка: «У нас няма ніякай самаізаляцыі», пацыентаў ня варта ізаляваць «аж на 14 дзён»
Аляксандар Лукашэнка на нарадзе зь міністрам аховы здароўя і шэрагам іншых чыноўнікаў заявіў, што ніякай самаізаляцыі ў сувязі з пандэміяй каранавірусу ў Беларусі няма. Таксама ён заклікаў не ізаляваць людзей дома на 14 дзён.
«Апошнім часам мы кажам: самаізаляцыя, самаізаляцыя... Адкрыта скажам, у нас няма ніякай самаізаляцыі, — казаў Лукашэнка. — Гэта фактычна амбуляторнае лекаваньне. Мы ж на гэтую самаізаляцыю накіроўваем людзей рашэньнем лекара». Падрабязьней тут >>
Беларускія музыкі з прычыны пандэміі захрасьлі ў Індыі і ў роспачы запісалі «Разьвітаньне з Радзімай»
Аляксандра Бузун з каляжанкай Палінай паляцелі ў Індыю ў сьнежні. Яны музыкі-фрылансэркі і меліся там выступаць. Дадому вярнуцца меркавалі якраз у красавіку. Іх пляны памяняла пандэмія каранавірусу.
Аляксандра Бузун расказала Свабодзе, што адбываецца ў індыйскім Гоа і колькі там захрасла беларусаў. Чытайце па спасылцы >>
«Каранавірус» у 46 разоў больш папулярны, чым «Лукашэнка». Што беларусы шукаюць у Google пра каранавірус
Запыт «каранавірус» у пошукавіку google ад Беларусі цяпер звышпапулярны — мае адзнаку больш за 90 балаў па папулярнасьці. Найбольш пра каранавірус беларусы пыталіся 3 красавіка, калі ў Беларусі быў 351 выпадак заражэньня і 4 сьмерці. Найчасьцей інфармацыю пра каранавірус і пнэўманію шукаюць жыхары Віцебскай вобласьці.
Разам са словам «каранавірус» беларусы шукаюць у Google такія словы, як:
- Беларусы
- Італія
- Сымптом
- Статыстыка
- Кітай
ТОП запытаў пра каранавірус ад Беларусі выглядае наступным чынам:
- Беларусь каранавірус
- Каранавірус навіны
- Каранавірус у Беларусі
- Coronavirus
- Каранавірус Менск
Раўкоў: Сярод удзельнікаў параду, які рыхтуецца, ніводнага хворага на каранавірус няма
У сілавых структурах прынялі комплекс мераў для мінімізацыі рызыкі віруснага захворваньня. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Савету бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў, піша БелТА.
Што сказаў Раўкоў?
- «Узброеныя сілы рыхтуюцца да параду. Мы людзі вайсковыя, парад ніхто не адмяняў. На сёньня сярод удзельнікаў параду, які рыхтуецца, ніводнага хворага на каранавірус няма. Спадзяюся, што падрыхтоўка пройдзе бяз збояў, прымаюцца ўсе неабходныя меры перасьцярогі».
- Рашэньне, ці праводзіць парад палітычнае. Яно будзе прынята ў залежнасьці ад абстаноўкі, якая будзе складвацца бліжэй да параду.
- «Сілавыя структуры выконваюць задачы паводле свайго прызначэньня. Яны, натуральна, не жывуць па-за народам. Натуральна, ёсьць хворыя. Але гэта мізэрная колькасьць».
- «З улікам выкананьня тых задач, якія ўскладзены на сілавікоў (асабліва міліцыя, мытня, памежнікі), яны адчуваюць асаблівую небясьпеку пры выкананьні сваіх задач». Але комплекс мераў, які прынялі для бясьпекі ваенаслужачых дазволіў мінімізаваць захворваньні сярод асабістага складу.
У Драгічынскім раёне на пахаваньні была жанчына з каранавірусам. Ізалявалі праваслаўнага бацюшку
Настаяцеля праваслаўнай царквы ў Брашавічах Драгічынскага раёну айца Віктара ізалявалі ў Безьдзежскую ўчастковую бальніцу. Ён расказаў карэспандэнту Свабоды, што 5 красавіка хаваў старую жанчыну. Яна памерла ў Менску, і дачка прывезла яе пахаваць на вясковых могілках. Пазьней у дачкі выявілі COVID-19.
«Пасьля таго як яна зьехала з Драгічына ў Менск, патэлефанавалі і сказалі, што мы знаходзіліся ў кантакце і што трэба здаць мазок і ізалявацца на ўсялякі выпадак», — сказаў сьвятар. Пакуль ён ня ведае, які ў яго вынік тэсту на каранавірус. Яго і яшчэ трох сваякоў памерлай, якія былі на хаўтурах, узялі ў лякарню раніцай 12 красавіка. Цалкам чытайце па спасылцы >>
«Звычайная плянавая закупка». Чаму мэдычныя ўстановы пачалі набываць мяхі для трупаў?
Карыстальнікі інтэрнэту зьвярнулі ўвагу, што на сайце дзяржаўных закупак пэрыядычна пачаў зьяўляцца лот «гермэтычны плястыкавы пакет для ўпакоўкі трупаў». 13 красавіка на сайце дзяржаўных закупак можна знайсьці 4 падобныя запыты, усе яны зьявіліся ў сакавіку-красавіку гэтага году. Пакеты для трупаў былі патрэбныя:
- вайсковаму шпіталю ў Менску (17 сакавіка);
- абласному клінічнаму шпіталю ў Віцебску (4 красавіка);
- унівэрсытэцкай клініцы ў Горадні (10 красавіка);
- шпіталю ў Лёзьне Віцебскай вобласьці (10 красавіка).
Розныя ўстановы меліся закупіць ад 10 да 50 штук (агулам 160).
Намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай унівэрсытэцкай клінікі Алег Зянькоў у адказ на пытаньне, ці плянавая гэта закупка, ці зьвязаная з каранавірусам, адказаў, што камэнтароў яны не даюць, але дадаў, што гэта «звычайная плянавая закупка».
БДУ дазволіў дыстанцыйнае выкладаньне да канца траўня
Ад 14 красавіка да 31 траўня выкладчыкам дазволілі працаваць дыстанцыйна. Заняткі будуць праходзіць на адукацыйным партале БДУ.
У супрацоўніцы эпідэміялягічнай службы ў Докшыцах пацьвердзілі каранавірус
У адной з супрацоўніц Докшыцкага раённага цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі пацьвердзілі каранавірус. Цяпер яна ў раённым шпіталі. Інфармацыю пра гэта Свабодзе паведамілі мясцовыя жыхары, а потым пацьвердзілі і сваякі жанчыны. У пятніцу ў яе ўзялі тэст на каранавірус, а цяпер прыйшоў станоўчы вынік.
Як цяпер працуе раённы цэнтар гігіены, невядома. Тэлефон галоўнага лекара не адказвае, а ў прыёмнай, калі пачулі пытаньне, кінулі трубку.
«Ваеннаслужачыя бяз масак, лекары — хто як». Прызыўнік расказаў, як працуе мэдычная камісія ў Гомлі
Праваабаронца з арганізацыі «Прававая дапамога насельніцтву» Алег Воўчак накіраваў ліст да міністра аховы здароўя Ўладзімера Караніка з заклікам падтрымаць абвяшчэньне ў краіне карантыну. Ён спаслаецца на зьвесткі ад прызыўнікоў, якія расказалі, як праходзілі мэдычную камісію перад прызывам у войска.
«Мне толькі што пазванілі прызыўнікі з Гомля, дзе праходзяць мэдычны агляд для прызыву, і паведамілі, што дактары былі бяз масак, прызыўнікоў трымаюць у адным памяшканьні. Прызыўнікі і мэдыкі апасаюцца за сваё здароўе. Хоць са спазьненьнем, трэба рабіць захады агульнага карантыну па краіне. Калі прызыўнікі зараз захварэюць і прынясуць хваробу ў войска — змагацца зь ёй будзе нашмат складаней, чым мы можам уявіць», — кажа Алег Воўчак. Цалкам чытайце тут >>
Мэдыкі застаюцца дзень і ноч у шпіталі, перасяляюцца ў гатэлі, на лецішчы
11 красавіка на брыфінгу па выніках працы місіі САЗ у Беларусі міністар Уладзімер Каранік паведаміў, што ў краіне інфікаваны 301 мэдычны работнік.
Свабода высьвятляла, як мэдыкі, што працуюць з інфікаванымі на каранавірус, засьцерагаюць сваіх блізкіх. Камусьці дапамагаюць мясцовыя ўлады, адводзячы нумары ў гатэлях ці санаторыях, хтосьці застаецца жыць на працы, камусьці стараюцца дапамагчы валянтэры. Чытайце па спасылцы >>
У дзіцячым садку ў Снове дзяцей і супрацоўнікаў адправілі ў самаізаляцыю
Пра гэта карэспандэнту Свабоды паведамілі ў Нясьвіскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі. «Частка супрацоўнікаў і дзяцей знаходзяцца пад назіраньнем. Нікога нікуды не забіралі, проста самаізаляцыя, каб меней людзей хварэла. Сад закрылі, бо бацькі ўжо тыдні тры дзяцей асабліва не пускалі, і на мінулым тыдні было толькі недзе 24 чалавекі».
На пытаньне, ці насамрэч выявілі каранавірус у адной з супрацоўніц садка, у цэнтры сказалі, што ня могуць даваць такія тлумачэньні. Маўляў, уся статыстыка ёсьць на сайце Міністэрства аховы здароўя.
Мытнікі выявілі 150 фактаў невыкананьня патрабаваньняў кіроўцамі грузавікоў
Мытныя органы Беларусі выявілі 150 фактаў невыкананьня кіроўцамі-экспэдытарамі патрабаваньняў па:
- тэрмінах выезду грузавікоў за межы Беларусі;
- месцах прыпынку для адпачынку і запраўкі.
Машыны, якіх тычацца парушэньні, праходзілі праз тэрыторыю Беларусі транзытам. У 90% выпадкаў заканадаўства парушалі кіроўцы — грамадзяне Беларусі, якія працуюць у тым ліку на замежных перавозчыкаў.
Парушэньне адміністрацыйнага артыкула 23.4 прадугледжвае штраф да 1350 рублёў ці адміністрацыйны арышт.
Локдаўн у Францыі працягнулі да 11 траўня
Прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон абвясьціў у тэлезвароце, што цяперашнія абмежаваньні на перасоўваньні французаў працягнуцца прынамсі да 11 траўня. Паводле Макрона, локдаўн дае плён, але для захаваньня прагрэсу яго трэба працягваць.
Ён таксама заявіў, што канцэртныя пляцоўкі, тэатры і кавярні застануцца закрытымі да сярэдзіны ліпеня.
Макрон паведаміў, што за апошні дзень, упершыню за чатыры дні ў Францыі зноў вырасла колькасьць памерлых ад каранавірусу параўнальна з папярэднім днём – памерла 574 чалавек. Агулам у Францыі ад СOVID-19 памерлі 14,967 чалавек, захварэлі 136,779 чалавек.