Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

17:45 7.4.2020

327 замест 3273. На футбол у Беларусі ходзіць у дзесяць разоў менш заўзятараў, чым летась

Беларускі футбольны чэмпіянат у вышэйшай лізе застаўся адзіным у Эўропе на дадзены момант і адным з трох у сьвеце. Акрамя Беларусі, афіцыйныя матчы па футболе цяпер праводзяцца толькі ў Бурундзі і ў Нікарагуа. Гэты факт ужо выклікаў рост цікавасьці ў сьвеце да беларускага футболу. У той жа час, нягледзячы на нежаданьне ўладаў уводзіць карантын і спыняць гульні, самі беларусы на футбол хадзіць амаль перасталі. Колькі беларускіх заўзятараў цяпер ходзяць на матчы, чытайце тут >>

17:47 7.4.2020

«Садок працуе, а чаму не?» У менскім садку выхавацелька захварэла на каранавірус

Выхавацелька дзіцячага садка № 455 у Менску захварэла на каранавірус, — гэта пацьвердзілі Свабодзе ў раённым аддзеле адукацыі. У садку з карэспандэнтам Свабоды адмовіліся размаўляць, у аддзеле дашкольнага выхаваньня патлумачылі, чаму садок працуе і далей:

«Так, працуе, а чаму не? Хіба такі выпадак адзіны па краіне? Але ж нічога не перакрыта, усё працуе, і садок працуе. Праведзены ўсе неабходныя мерапрыемствы», — сказала Свабодзе супрацоўніца аддзелу дашкольнага выхаваньня Маскоўскай раённай управы адукацыі. Цалкам чытайце па спасылцы>>

17:49 7.4.2020

Ці перастануць Беларусі даваць крэдыты ў эпоху пандэміі і да чаго гэта прывядзе? Разьбіраемся з экспэртамі

Усясьветная эканоміка цярпіць крызіс з прычыны пандэміі, а дзяржавы трацяць рэзэрвы на падтрыманьне сваёй эканомікі. Штогод Беларусь бярэ крэдыты ў іншых краін. 1,6 мільярда даляраў — столькі Беларусь пазычыла ў іншых краін у 2019 годзе. Але ці зможа пазычыць у 2020-м, калі краіны самі трацяць грошы на змаганьне з пандэміяй? І ці вытрымае беларуская эканоміка без замежнай падтрымкі? Разьбіраемся з экспэратамі >>

18:16 7.4.2020

У БДТУ гардэробшчыца захварэла на каранавірус, у шпіталь забралі цесьляра

У Беларускім дзяржаўным тэхналягічным унівэрсытэце пацьвердзілі, што на каранавірус захварэла супрацоўніца тэхнічнай службы, якая працуе гардэробшчыцай. Пасьля ў лякарню забралі цесьляра, правяралі дворнікаў, якія зь ёй кантактавалі, але мне невядома, ці яны захварэлі, распавёў Свабодзе прарэктар БДТУ Андрэй Гараноўскі. Паводле яго, гардэробшчыца працавала ў месцы, дзе быў мінімум кантактаў зь іншымі людзьмі. Цалкам чытайце тут >>

18:36 7.4.2020

У Іране больш за 600 чалавек загінулі ад алькаголю. Яны верылі, што ён лечыць ад каранавірусу

Колькасьць загінулых у выніку спажываньня таксычнага забруджанага алькаголю ў Іране ўжо перавышае 600 чалавек. Прычынай масавага атручваньня зьяўляецца чутка пра тое, што алькаголь абараняе ад каранавіруснай інфэкцыі, паведамляе агенцтва Mizan Online​.

Яшчэ 3 тысячы пацыентаў шпіталізаваны ў сувязі з атручваньнем. Людзі, затрыманыя ў выніку незаконнай вытворчасьці алькаголю, былі арыштаваныя.

Продаж і спажываньне алькагольных напояў тэарэтычна недаступна для мусульман у Іране. Па законе людзі, якія вырабляюць, купляюць або прадаюць алькагольныя напоі, могуць быць прысуджаныя да турэмнага зьняволеньня або лупцоўкі.

19:41 7.4.2020

Дзяржкантроль: Маскі — у 33 аптэках са 130, да 13 красавіка павінны быць ва ўсіх

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі правёў маніторынг наяўнасьці масак, антысэптыкаў і некаторых лекаў (парацэтамол) у беларускіх аптэках. Усяго праверылі 130 аптэк па ўсёй рэспубліцы.

  • Мэдыцынскія маскі (рэсьпіратары) былі толькі ў 33 аптэках (25%),
  • антысэптыкі на сьпіртавой аснове — у 35 (27%),
  • парацэтамол — у 15 (11%).

Старшыня КДК загадаў пракантраляваць, каб да 13 красавіка аптэкі, крамы, бальніцы і паліклінікі Беларусі забясьпечылі маскамі, дэзынфэкцыйнымі сродкамі і іншымі сродкамі індывідуальнай засьцярогі.

Таксама ведамства прааналізавала, наколькі завышаныя цэны на некаторыя тавары ў беларускіх крамах (падрабязьней тут), і прыгразіла мерамі ажно да завядзеньня крымінальных спраў пры далейшым павышэнньі цэн.

20:01 7.4.2020

«Гэта сацыяльная пазыцыя». Як бізнэс-супольнасьць Віцебску дапамагае мэдыкам у барацьбе з каранавірусам

Прадпрымальнікі абласнога цэнтру аб’ядналіся, каб супольнымі намаганьнямі падтрымаць мэдыкаў і пацыентаў. Ініцыятыву падтрымалі некалькі дзясяткаў прадстаўнікоў бізнэсу.

  • У мэсэнджары WhatsApp стварылі агульны для мэдыкаў і прадпрымальнікаў чат «Мы разам», які дазваляе апэратыўна абменьвацца інфармацыяй.
  • На базе мясцовага дабрачыннага фонду, які раней стварылі для падтрымкі слабых груп насельніцтва, з канца сакавіка адкрыты спэцыяльны рахунак, сродкі зь яго пойдуць на патрэбы мэдыкаў.Цяпер на ім ужо больш за 53 тысячы рублёў.
  • Шэраг буйных прадпрыемстваў перадалі лекарам сродкі індывідуальнай засьцярогі — бахілы, маскі, халаты, шапачкі, камплекты спэцыяльнай мэдыцынскай вопраткі.
  • Энтузіясты 3D-прынтынгу сумесна з канструктарскім бюро «Дысплэй» распрацавалі засьцерагальныя шчыткі для мэдыкаў, іх ужо накіроўваюць у бальніцы Віцебску.
  • Некалькі прадпрыемстваў, у тым ліку рэстаран «Витебский трактир» і холдынг «Аптэка груп» наладзілі харчаваньне ў некалькіх мэдычных установах гораду.

Падрабязна пра ўсе ініцыятывы чытайце тут>>

20:04 7.4.2020

«Гэта для аховы здароўя жанчын». Тры жаночыя кансультацыі Віцебску перавялі ў будынак каля інфэкцыйнага шпіталя

Цяжарныя жанчыны турбуюцца, што на прыём да лекараў цяпер трэба хадзіць у тое ж месца, дзе знаходзяцца шпіталі з інфікаванымі COVID-19. Адміністрацыя сьцьвярджае, што гэта, наадварот, зроблена для бясьпекі пацыентак.

Што адбываецца цяпер у віцебскіх жаночых кансультацыях, чытайце тут>>

21:32 7.4.2020

Асацыяцыі сэкс-працаўніц папрасілі ў Макрона фінансавай падтрымкі на пэрыяд карантыну

Асацыяцыі па абароне правоў работніц і работнікаў сфэры сэксуальных паслуг зьвярнуліся да прэзыдэнта Францыі з просьбай аб дапамозе.

З прычыны эпідэміі каранавіруса і карантыну, які працягваецца амаль месяц, многія цалкам пазбавіліся даходаў. Як паведамляе Францускае радыё, ліст на імя Эманюэля Макрон было адпраўлена 7 красавіка.

Неабходна стварыць надзвычайны фонд для кампэнсацыі даходаў на час карантыну, гаворыцца ў заяве Фэдэрацыі «Чырвоны Парасон», якая аб’ядноўвае асацыяцыі па абароне правоў і здароўя работнікаў сфэры інтым-паслуг. Пры гэтым доступ да дапамогі не павінен быць абумоўлены наяўнасьцю ў заяўніка легальнага статусу знаходжаньня на тэрыторыі Францыі, падкрэсьліваюць аўтары ініцыятывы.

21:33 7.4.2020

Нямецкая авіякампанія зачыняе папулярны лоўкостэр

Lufthansa абвясьціла ў аўторак, 7 красавіка, што спыняе дзейнасьць сваёй даччынай кампаніі Germanwings і выводзіць з эксплёатацыі больш за 40 самалётаў.

Такія меры зьмяшчаюцца ў апублікаваным рэструктурызацыйным пакеце, накіраваным на пераадоленьне эканамічных наступстваў эпідэміі каранавіруса. Рашэньне прынята на пасяджэньні кіраўніцтва кампаніі ў аўторак.

Выканаўчая рада Deutsche Lufthansa AG лічыць, што адмена глябальных абмежаваньняў на авіяпералёты зойме месяцы, а аднаўленьне сусьветнага попыту — гады. У сувязі з гэтым Lufthansa пачынае скарачэньне авіяпарку, якое закране ўсе даччыныя кампаніі — Eurowings, Austrian Airlines, Brussels Airlines, SWISS International Airlines і іншыя.

22:48 7.4.2020

«Цяжка дыхаць» — заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч у шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і каранавірусам

Заслужаная артыстка Беларусі, былая вакалістка гуртоў «Чараўніцы» і «Верасы», 67-гадовая сьпявачка і кампазытарка Надзея Мікуліч захварэла на каранавірус. Цяпер яна знаходзіцца ў 6-м шпіталі Менску.

Аналіз на каранавірус узялі таксама ў яе мужа Барыса Белага, у мінулым адміністратара гурту «Верасы». Надзея Мікуліч распавяла Свабодзе па тэлефоне пра тое, што зь ёй адбылося.

— Лячылі антыбіётыкамі на ўсялякі выпадак, але тэмпэратура не зьніжалася. Я папрасіла, каб мне зрабілі здымак. Рэнтген паказаў, што ў мяне падазрэньне на левабаковую пнэўманію. На наступны дзень зрабілі кампутарную тамаграфію, якая паказала двухбаковую пнэўманіяю, У суботу мяне паклалі ў 2-гі шпіталь Менску. А перад гэтым зрабілі аналіз на каранавірус. У панядзелак мне пазванілі з санэпідэмстанцыі і сказалі, што ў мяне меркаваны каранавірус, і тады мяне перавялі ў 6-ты шпіталь Цяпер у мяне пнэўманія двухбаковая і каранавірус. Лячуся.

Надзея Мікуліч кажа, што адчувае сябе больш-менш нармальна.

Чытаць падрабязна >>

22:53 7.4.2020

Хворых на каранавірус у сьвеце 1,4 мільёна. Лукашэнка зноў выступіў супраць карантыну. Вынікі 7 красавіка

Мы сабралі для вас галоўныя навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 7 красавіка.

  • На вечар 7 красавіка ў сьвеце зафіксавалі больш за 1,411 мільёна выпадкаў COVID-19, памерлі 81 048 чалавек.
  • Дыскатэкі закрыць, маскі надзець, дыстанцыйная праца «па магчымасьці». Новыя антывірусныя захады ў Беларусі
  • «Цяжка дыхаць» — заслужаная артыстка Беларусі Надзея Мікуліч у шпіталі з двухбаковай пнэўманіяй і каранавірусам
  • У Джонсана няма пнэўманіі, ён не падключаны да ШВЛ — прэсавы сакратар
  • «Гэта сацыяльная пазыцыя». Як бізнэс-супольнасьць Віцебску дапамагае мэдыкам у барацьбе з каранавірусам
  • У Іране больш за 600 чалавек загінулі ад алькаголю. Яны верылі, што ён лечыць ад каранавірусу
  • У БДТУ гардэробшчыца захварэла на каранавірус, у шпіталь забралі цесьляра
  • У Акцябрскім і Жлобінскім раёнах на Гомельшчыне выявілі COVID-19. Абласны шпіталь на карантыне
  • «Чаму вы нічога ня кажаце?» Касьцёл патрабуе ад Мінздароўя адказаць, як арганізаваць бясьпеку вернікаў падчас каранавірусу
  • «One world». Lady Gaga, Пол Макартні, Білі Айліш дадуць онлайн-канцэрт для лекараў
  • Колькі ў Беларусі памерла ад пнэўманіяў за тры месяцы? Лукашэнка: 254. Мінздароўя: 128
  • САЗ заклікае не паслабляць захадаў супраць каранавірусу заўчасна
  • Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэту
  • «Няма перад ім такога страху, як раней» — пасьля сьмерці маці з каранавірусам беларус патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці
  • Яшчэ больш футболу. У дадатак да найвышэйшай лігі ў Беларусі стартуюць першынствы ў першым і другім дывізыёнах
  • «Менш за паўсотні апаратаў на 200 тысяч насельніцтва». Нэўроляг адкрыта гаворыць аб праблемах і посьпехах беларускай мэдыцыны
  • 160 інфікаваных за дзень — «катастрофы няма». Усе цытаты з «каранавіруснай» нарады Лукашэнкі.
  • Дырэктар вясковай школы кажа, што прывезла каранавірус з санаторыя «Пралеска». Адзін чалавек ужо памёр пасьля адпачынку там
  • «На пяты дзень у мяне прапаў нюх». Беларуска пра тое, як можна перахварэць на COVID-19 і нават не заўважыць
  • Вялікдзень — дома. Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да вернікаў
  • «А жэрці што будзем?» — Лукашэнка зноў выказаўся супраць карантыну
  • Кітай паведаміў, што ўпершыню са студзеня ніхто не памёр ад COVID-19 за суткі
  • Каранавірус пацьвердзілі ў супрацоўніцы менскага Палаца моладзі. Карантыну ня ўводзілі
  • «БПС-Сбербанк» пацьвердзіў сьмерць супрацоўніка галоўнага офісу, у якога быў каранавірус. Яшчэ 11 чалавек у шпіталі
  • За карантын у Беларусі сабралі 150 000 подпісаў, пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўя
  • Тэсты на каранавірус у Беларусі робяць 13 лябараторый
08:11 8.4.2020

Лічбы на раніцу 8 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі 1,432 мільёна выпадкаў COVID-19: 400,5 тысячы ў ЗША, 142 тысячы ў Гішпаніі, больш за 135 тысяч у Італіі, больш за 109 тысяч у Францыі, больш за 107 тысяч у Нямеччыне, звыш 82 тысяч у Кітаі, больш за 62 тысячы ў Іране, больш за 55 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 34 тысячы ў Турэччыне, больш за 22 тысячы ў Швайцарыі і Бэльгіі.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 82 096 чалавек. Зь іх 17 127 у Італіі, 14 045 у Гішпаніі, 12 857 у ЗША, 10 328 у Францыі, 6 159 у Вялікай Брытаніі, 3 872 у Іране, 3 337 у Кітаі.
  • Выпісалі 302 тысячы пацыентаў, якіх паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1 млн, зь іх звыш 47,9 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на раніцу 7 красавіка, пацьверджаны 861 выпадак COVID-19, памерлі 13 чалавек, выпісаныя здаровымі 54 пацыенты. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
08:57 8.4.2020

«Выходны месяц» у Расеі: заробкі скарацілі, 30% кампаніяў адправілі працаўнікоў у неаплочаны адпачынак

Расейскі «Цэнтар стратэгічных распрацовак» — некамэрцыйная арганізацыя, у кіраўніцтва якой уваходзілі ў розны час уплывовыя банкіры і чыноўнікі — з 31 сакавіка па 2 красавіка апытала каля тысячы расейскіх кампаніяў пра лёс працаўнікоў падчас «вакацыяў». Вынікі апублікавала РБК.

У Расеі фармальна не абвяшчалі татальны карантын у сувязі з пандэміяй каранавірусу, але спачатку абвясьцілі тыдзень выходных, пасьля цэлы непрацоўны месяц. Да канца краасавіка расейцы маюць адпачываць з захаваньнем заробку.

Яшчэ падчас «выходнага тыдня» ў Расеі апыталі кампаніі пра лёс працаўнікоў. Дасьледчыкі сьцьвярджаюць, што:

  • 49% апытаных прадпрыемстваў перавялі працаўнікоў на няпоўны працоўны дзень са скарачэньнем заробку;
  • амаль 30% прымусова выслалі працаўнікоў у адпачынак за свой кошт;
  • звыш 20% скарацілі заробкі, але не скарацілі працоўны час;
  • каля 20% перавялі працаўнікоў на дыстанцыйную працу з паніжэньнем заробку;
  • звальняць працаўнікоў пачалі каля 16%.
08:58 8.4.2020

Трамп прыгразіў скараціць фінансаваньне Сусьветнай арганізацыі здароўя

Паўтарыўшы скаргі, зь якімі ён выступіў днём раней у Twitter, прэзыдэнт ЗША заявіў, што WHO «шмат у чым ня мела рацыі». Трамп асудзіў WHO за тое, што яна выступала супраць абмежаваньняў на паездкі з Кітаю і Эўропы.

«Яны шмат у чым ня мелі рацыі, — сказаў Дональд Трамп падчас штодзённага брыфінгу рабочай групы ў праблемах каранавірусу Белага дома. — Падобна на тое, яны моцна зацыкліліся на Кітаі».

«Мы маем намер прыпыніць выплату грошай, якія мы накіроўваем у WHO», — дадаў ён.

Трамп, аднак, асадзіў назад, калі журналісты сталі задаваць удакладняльныя пытаньні з нагоды яго заявы. Ён сказаў, што «мае намер вывучыць пытаньне» аб скарачэньні фінансаваньня WHO, і адкінуў сваю папярэднюю заяву.

ЗША зьяўляюцца найбуйнейшым донарам міжнароднай арганізацыі.

08:59 8.4.2020

Эўрапейская камісія абмяркоўвае плян зьняцьця абмежаваньняў у сувязі з COVID-19

Кіраўнікі краінаў Эўразьвязу 8 красавіка абмяркоўваюць у рэжыме тэлеканфэрэнцыі плян паступовага зьняцьця абмежаваньняў, зьвязаных з COVID-19, якія прыпынілі эканамічную актыўнасьць ва ўсім зьвязе.

Краіны Эўразьвязу знаходзяцца на розных этапах пандэміі, і некаторыя нацыянальныя ўрады ўжо імкнуцца паступова спыніць жорсткія абмежаваньні, каб зьмякчыць нэгатыўны ўплыў на эканоміку.

Некаторыя краіны-чальцы Эўразьвязу, у тым ліку Аўстрыя, Данія і Славенія, заявілі, што, пачынаючы з наступнага тыдня, яны будуць паступова аднаўляць сваё звычайнае жыцьцё, і адначасова настойваюць на тым, каб людзі трымалі дыстанцыю і старанна мылі рукі.

Аднак іншыя сталіцы Эўразьвязу занепакоеныя тым, што адмена нават часткі абмежаваньняў можа падарваць узгодненую рэакцыю на пандэмію, калі ў ЭЗ больш за 51 000 ахвяраў, большасьць зь якіх загінулі ў Італіі, Гішпаніі і Францыі.

10:10 8.4.2020

Самы трагічны дзень ад пачатку пандэміі ў ЗША: памерлі амаль 2000 чалавек

У Злучаных Штатах Амэрыкі за апошнія 24 гадзіны было зарэгістравана 1939 сьмерцяў ад COVID-19. Гэта самы трагічны дзень у ЗША з пачатку эпідэміі.

Асабліва кепская сытуацыя ў штаце Нью-Ёрк. Там амаль 5,5 тысячы чалавек загінулі ад каранавірусу.

«Мы гаворым пра лічбы, але гэта сотні людзей. За статыстыкай хаваюцца нечыя маці, бацька, сястра, брат. Гэта прычына вялікага болю і суму для жыхароў Нью-Ёрку», — заявіў на прэсавай канфэрэнцыі губэрнатар Эндру Куома.

Паводле афіцыйных зьвестак, па стане на вечар аўторка каля за 400 000 амэрыканцаў заразіліся COVID-19, зь іх больш 12 000 чалавек памерлі.

10:39 8.4.2020

Францыя ўводзіць адмысловы сэртыфікат для ўезду на сваю тэрыторыю

Пачынаючы з 8 красавіка ўсе асобы, якія ўяжджаюць на тэрыторыю Францыі, павінны будуць мець спэцыяльны сэртыфікат, які тлумачыць матывы перамяшчэньня. Адпаведнае распараджэньне апублікавана на сайце францускага МУС, паведамляе fri.fr.

Улады ўводзяць тры розныя выгляды сэртыфікатаў: для ўезду на тэрыторыю Францыі з-за мяжы, для ўезду на заморскія тэрыторыі Францыі з-за мяжы, а таксама для перасоўваньня з францускай мэтраполіі ў заморскія тэрыторыі краіны.

«Калі вы прыяжджаеце з-за мяжы на заморскія тэрыторыі, на ўезьдзе вас чакае санітарны кантроль. У рамках гэтага кантролю вас могуць зьмясьціць на карантын у спэцыяльную ўстанову або па месцы жыхарства», — удакладнілі ў твітэры ведамства.

Рашэньне аб абавязковых сэртыфікатах для ўезду на тэрыторыю Францыі было прынята ў рамках дзеючага ў краіне новага закона аб надзвычайным санітарным становішчы. Гэты рэжым у краіне ўвялі 24 сакавіка тэрмінам на два месяцы.

11:11 8.4.2020

Дзясяткі тысяч чалавек пакінулі Ўхань пасьля адкрыцьця гораду

У Кітаі ў ноч на 8 красавіка паводле мясцовага часу адкрылі выезд з гораду Ўхань, першай крыніцы эпідэміі каранавірусу COVID-19. Паводле агенцтва AP, амаль 65 тысяч чалавек пакінулі горад у першыя гадзіны пасьля яго адкрыцьця, скарыстаўшыся галоўным чынам цягнікамі і самалётамі.

Тым часам мясцовыя органы аховы здароўя заклікалі жыхароў пакідаць горад ці рэгіён толькі ў выпадку неабходнасьці, бо не выключаецца паўторная хваля эпідэміі.

11-мільённы Ўхань, цэнтар правінцыі Хубэй, знаходзіўся ў поўнай ізаляцыі 76 дзён. Напярэдадні зьняцьця ізаляцыі, 7 красавіка, у горадзе не было зафіксавана ніводнага выпадку заражэньня.

11:55 8.4.2020

Міністар здароўя Беларусі патлумачыў выпадкі заражэньня мэдыкаў каранавірусам

Мэдыкі, якія заразіліся COVID-19, не працавалі ў аддзяленьнях для лячэньня пацыентаў з каранавірусам. Пра гэта ў эфіры тэлеканалу СТБ расказаў міністар здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік.

«Існуюць выпадкі, калі па мэдыцынскую дапамогу пацыент зьвяртаецца ў звычайную паліклініку. Хоць мы ўвесь час просім: калі ў вас прыкметы рэсьпіраторнай інфэкцыі, ня трэба нікуды хадзіць, выклікайце лекара да сябе. Але ўсё роўна часам прыходзяць на прыём».

Менавіта пасьля такіх візытаў, па словах чыноўніка, і захварэлі лекары. Былі таксама выпадкі, калі чалавек з каранавірусам трапляў у агульныя аддзяленьні, дзе мэдпэрсанал абаронены горш.

Раней пра тое, што ў Віцебску заразіліся больш за 10 мэдыкаў, паведаміў падчас нарады Аляксандар Лукашэнка. Пры гэтым ён чарговым разам выказаўся супраць увядзеньня карантыну.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG