Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:57 8.4.2020

Ужо больш за 1000. Мінздароўя Беларусі прызнала 205 новых выпадкаў каранавірусу, ніводнай новай сьмерці

Міністэрства аховы здароўя Беларусі 8 красавіка апублікавала ў Telegram статыстыку выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі ў краіне. Раней Мінздароўя тлумачыла, што атрымлівае зьвесткі двойчы на дзень, у 8 раніцы і 18 вечара.

Паводле Мінздароўя, на раніцу 8 красавіка выявілі:

  • 976 пацыентаў з каранавірусам на лячэньні;
  • зь іх 33 маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
  • у «большай часткі» пацыентаў хвароба праходзіць «у лёгкай або сярэдняй форме», а колькасьць пацыентаў у цяжкім стане не паведамляецца;
  • 77 выпісаныя здаровымі;
  • памерлі 13 інфікаваных каранавірусам — новых сьмерцяў за дзень ня выявілі;
  • разам гэта дае 1066 прызнаных выпадкаў — плюс 205 выпадкаў за дзень;
  • для пацыентаў з каранавірусам прадугледзелі больш за 7000 месцаў у лякарнях;
  • ад пачатку эпідэміі правялі каля 46 тысяч тэстаў на каранавірус, цяпер іх робяць у 13 лябараторыях;
  • «у барацьбе з COVID-19» задзейнічана 25 тысячаў мэдыкаў.

Днём раней, паводле Мінздароўя, у Беларусі быў 861 выпадак COVID-19

11:58 8.4.2020

Футбол падчас пандэміі: акрамя рэгулярнага першынства Беларусі, яшчэ і паўфіналы Кубка

У наступныя выходныя пройдуць матчы чацьвёртага туру футбольнага Чэмпіянату Беларусі. Акрамя таго, 8 красавіка будуць згуляныя два паўфінальныя матчы Кубку Беларусі. Мазырская «Славія» прыме барысаўскі БАТЭ, а берасьцейскае «Дынама» згуляе з салігорскім «Шахцёрам».

Арганізаваныя заўзятары гэтых клюбаў ужо абвесьцілі, што ўстрымаюцца ад наведваньня фанацкіх сэктараў у сувязі з пагрозай заражэньня.

Тым часам 16 красавіка стартуе футбольны чэмпіянат Беларусі сярод жаночых камандаў. Празь дзень пасьля гэтага пачнецца сэзон у першай і другой мужчынскіх лігах.

12:00 8.4.2020

Каранавірус дабраўся да БелАЭС? 15 грамадзянаў Расеі шпіталізавалі ў Астраўцы

У Астраўцы выявілі 15 чалавек з дыягназам каранавірус. Вядома, што гэта грамадзяне Расеі.

Галоўны дзяржаўны санітарны доктар Горадзенскай вобласьці Мікалай Кендыш паведаміў БелаПАН, што 15 расейцаў шпіталізавалі са станоўчым вынікам тэсту на каранавірус.

«Клініка і тэмпэратура адсутнічае», — удакладніў Кендыш пра стан шпіталізаваных. Кантакты заражаных цяпер высьвятляюць, іх дакладная колькасьць невядомая.

Начальнік аддзелу інфармацыі і грамадзкіх сувязяў БелАЭС Эдуард Сьвірыд адказаў Свабодзе, што яму пра выпадкі захворваньня каранавірусам на АЭС невядома.

«Будаўнікі і ўсе службы АЭС працуюць ў звычаным рэжыме», — сказаў Эдуард Сьвірыд.

12:00 8.4.2020

Каранавірус у Наваполацку: галоўны доктар «Нафтану» ізаляваны, старшыня гарвыканкаму на карантыне

У галоўнага доктара заводзкай паліклінікі НПЗ «Нафтан» Сяргея Чубрыка знайшлі каранавірус. Такі вынік даў папярэдні тэст, паведамляе «Вестник Нафтана».

Сяргей Чубрык ізаляваны. Афіцыйна паведамляецца, што, «дзякуючы распрацаваным захадам, удалося імгненна выявіць кантакты першага ўзроўню, якія неадкладна самаізаляваліся»:

«Работнікі, якія залічваюцца да кантактаў першага ўзроўню, прайшлі тэст на каранавірус, ён даў адмоўны вынік».

Акрамя таго, с​таршыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў паведаміў у сваім інстаграме, што знаходзіцца на карантыне, бо зьяўляецца кантактам першага ўзроўню чалавека з каранавірусам.

Дзьмітры Дзямідаў
Дзьмітры Дзямідаў

У цяпер закрытым акаўнце ён піша, што знаходзіўся з інфікаваным у адным памяшканьні.

«Мною здадзены тэст, які паказаў адмоўны вынік. Цяпер я знаходжуся ў самаізаляцыі, працягваю працаваць дыстанцыйна. Выконваю рэкамэндацыі лекараў і прабуду пад наглядам неабходны час», — напісаў старшыня.

Таксама ён тлумачыць, што сытуацыя ў Наваполацку «знаходзіцца пад кантролем». Ён заклікаў жыхароў гораду «быць самадысцыплінаванымі, строга прытрымлівацца рэкамэндацый лекараў: па магчымасьці не бываць у шматлюдных месцах, выконваць санітарныя патрабаваньні».

12:01 8.4.2020

Як менскі «Хакерспэйс» робіць ахоўныя шчыткі, маскі і камбінэзоны для мэдыкаў

Сваімі сіламі каманда «Хакерспэйсу» стварае за дзень да 300 абаронных сродкаў: шчыткі, маскі, камбінэзоны. Гэта неабыякавыя айцішнікі, які вырашылі дапамагаць мэдыкам падчас пандэміі. Свабода паглядзела, як уладкаваная вытворчасьць у іхняй «штаб-кватэры».

Цяпер да ініцыятывы можа далучыцца кожны ўладальнік 3D-прынтэра: усе зыходнікі для друку ёсьць у адкрытым доступе.

Мэдыкі і шпіталі, якім патрэбныя сродкі засьцярогі, могуць пакінуць заяўку тут.

Валянтэры могуць далучыцца да праекту тут.

12:50 8.4.2020

25% ці 0,6%? Дзяржкантроль знайшоў маскі ў чвэрці аптэк Менску, мы праверылі

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі праводзіў 6 красавіка маніторынг наяўнасьці ў аптэках Менску сродкаў індывідуальнай абароны, антысэптыкаў і парацэтамолу — леку для зьбіваньня высокай тэмпэратуры. Пошук у інтэрнэт-сэрвісах паказаў горшую карціну.

Як выявіў Дзяржкантроль пасьля абыходу 130 аптэк (у Менску іх агулам каля тысячы), на 6 красавіка:

  • у 33 аптэках (25%) былі мэдыцынскія маскі або рэсьпіратары;
  • у 25 аптэках (27%) былі антысэптыкі;
  • у 15 аптэках (11%) быў парацэтамол.

Мы праверылі. У Беларусі ёсьць шэраг сэрвісаў, якія паказваюць наяўнасьць тавараў у аптэках практычна ў рэальным часе.

Так, сэрвіс 103.by мае зьвесткі з 3744 аптэк па краіне, 857 па Менску. Ён знаходзіць мэдыцынскія маскі па цане ад 22 капеек у 228 аптэках краіны (6% ад усіх у сэрвісе, цана ад 22 капеек) і 5 у Менску (менш за 0,6%, цана ад 1,3 рубля).

Аналягічны сэрвіс Tabletka.by ведае пра 3804 аптэкі ў Беларусі, 896 у Менску. Ён знаходзіць толькі ў 33 аптэках краіны — «аднаразовыя ахоўныя маскі для твару», у 32 — «мэдыцынскія маскі», у 8 аптэках — «аднаразовыя ватна-марлевыя маскі».

На момант публікацыі 103.by паказаў наяўнасьць парацэтамолу беларускай вытворчасьці па 10 таблетак 200 мг толькі ў 8 аптэках Менску (цана — 52–53 капейкі), па 20х200 — у адной (за 1 рубель), па 20х500 — у 14 (1,54–1,55 рубля). Украінскі парацэтамол у сыропе і сьвечках ёсьць у больш як сотні аптэк сталіцы.

13:20 8.4.2020

Карантын — найлепшы час для набыцьця новых навыкаў?

Больш як 70 % віетнамцаў і індыйцаў зьбіраюцца выкарыстаць час пандэміі каранавірусу для таго, каб авалодаць новымі навыкамі і прафэсійным майстэрствам. Сярод немцаў такіх 22 %. А вы?

14:25 8.4.2020

Міністэрства аховы здароўя Чэхіі: найгоршае прадухілілі, можам вяртацца да нармальнага жыцьця

Некантраляваны распаўсюд COVID-19 у Чэхіі спынены, і ўлады могуць пачынаць падрыхтоўку да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця. Пра гэта ў сераду, 8 красавіка, заявіў міністар аховы здароўя Адам Войцех.

Паводле аналізу міністэрства, да канца красавіка колькасьць пацыентаў з каранавірусам у краіне дасягне 10600 чалавек. Пры гэтым два тыдні таму міністэрства

прагназавала лік у 14000 чалавек. Гэта азначае, што прынятыя меры далі эфэкт.

«Навіны пазытыўныя. Чэская Рэспубліка прадухіліла горшы сцэнар, які адбыўся, напрыклад, у Італіі, Гішпаніі ці ЗША. Нам удалося спыніць некантраляваны распаўсюд захворваньня і абараніць сваю сыстэму аховы здароўя ад перагрузкі. Цяпер мы можам рыхтавацца да паступовага вяртаньня да нармальнага жыцьця», — сказаў Войцех.

Паводле яго слоў, распрацоўка адпаведнага пляну ўжо пачалася. На думку міністра, хуткага вяртаньня да ранейшага жыцьця ня будзе. Насіць маскі і і захоўваць сацыяльную дыстанцыю ў два мэтры, давядзецца яшчэ некалькі тыдняў або і месяц.

«Мы не павінны дапусьціць, каб усё, чаго мы дамагліся за гэты час, адправілася ў сьметнік. Ня можам дапусьціць прыходу другой хвалі эпідэміі», — дадаў Войцех.

14:25 8.4.2020

У райцэнтры на Гомельшчыне шпіталізавалі лекараў з каранавірусам

У райцэнтры Акцябрскім (Гомельская вобласьць) каранавірус выявілі ў мясцовых лекараў. Яны хворыя на пнэўманію са станоўчым тэстам на COVID-19. Сама меней двух мэдыкаў паклалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь. Адміністрацыю Акцябрскага раённага шпіталя цяпер правяраюць як кантактаў першага ўзроўню. У прыёмнай раённага шпіталя адказваюць, што галоўны лекар на бальнічным, як і ягоны намесьнік.

Таксама каранавірус выявілі ў Сьветлагорскім раёне. Цалкам чытайце тут >>

14:28 8.4.2020

Каранавірус: пракуратура Беларусі бярэ пад кантроль санітарную абстаноўку, МУС — махляроў

Органы пракуратуры вырашылі ўзяць на кантроль сытуацыю з дапамогай насельніцтву, забясьпечанасьцю мэдпрэпаратамі і абсталяваньнем. А ў МУС ізноў папярэджваюць, што пад выглядам мэдыкаў і прадстаўнікоў камунальных службаў могуць актывізавацца махляры, якія перасьледуюць зусім іншыя мэты. Цалкам чытайце тут >>

14:32 8.4.2020

81% работнікаў ва ўсім сьвеце цярпіць ад крызісу, выкліканага пандэміяй COVID-19

Цяпер больш за чатыры зь пяці чалавек (81%) глябальнай рабочай сілы (3,3 мільярда работнікаў) цярпяць ад поўнага або частковага закрыцьця працоўных месцаў, гаворыцца ў новым дакладзе Міжнароднай арганізацыі працы (МАП).

Пандэмічны крызіс, як чакае МАП, прывядзе да скарачэньня на 6,7% працоўнага часу ў другой палове 2020 году, што эквівалентнае 195 мільёнам штатных работнікаў. Значныя скарачэньні чакаюцца ў арабскіх краінах (на 8,1%, або пяць мільёнаў штатных работнікаў), Эўропе (7,8% або 12 мільёнаў работнікаў), Азіі і рэгіёне Ціхага акіяну (7,2%, 125 мільёнаў работнікаў). Усе высновы дакладу тут>>

14:39 8.4.2020

Каля 10 чалавек у самаізаляцыі пасьля кантакту з галоўным доктарам «Нафтану», у якога каранавірус

Пакуль афіцыйныя крыніцы пацьвярджаюць толькі адзін выпадак каранавірусу ў Наваполацку — захварэў галоўны лекар заводзкай паліклінікі «Нафтану» Сяргей Чубрык. Колькасьць ізаляваных, якія мелі кантакты з галоўным лекарам паліклінікі, не паведамляецца.

Вядома, што, акрамя кантактаў па працы, Чубрык браў удзел у «прамой лініі» аб сацыяльна-эканамічным разьвіцьці гораду. Пасьля гэтай «прамой лініі» самаізаляваўся старшыня Наваполацкага гарвыканкаму Дзьмітры Дзямідаў як кантакт першага ўзроўню. Паводле першага намесьніка старшыні гарвыканкаму, на той «прамой лініі» было ня больш за 10 чалавек, і ўсе яны таксама на самаізаляцыі. Падрабязнасьці тут >>

14:40 8.4.2020

На Віцебшчыне для патэнцыйна хворых на каранавірус узводзяць палявы шпіталь

У Віцебскай вобласьці, каля Лепеля, вайскоўцы ўзводзяць палявы шпіталь для хворых на каранавірус на выпадак, калі эпідэмія выйдзе з-пад кантролю, паведамляе «Аршанскі рэгіянальны партал». Палявы шпіталь будзе ў вайсковых намётах, але з усімі неабходнымі камунікацыямі.

5 красавіка са шпіталя інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, разьмешчанага ў Юрцаве Аршанскага раёну, выпісалі апошняга плянавага пацыента. Цяпер установу рыхтуюць для пацыентаў з каранавірусам на выпадак, калі іх стане зашмат. Сюды пры патрэбе будуць дастаўляць пацыентаў зь Віцебску і іншых гарадоў.

14:48 8.4.2020

Міністэрства здароўя не забараняе велікодных службаў. Усе заявы Караніка пра каранавірус

Удзельнікі ўчорашняй нарады з Аляксандрам Лукашэнкам, у тым ліку міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік, зладзілі 8 красавіка брыфінг у Нацыянальным прэс-цэнтры. Асноўнае:

  • У 15 будаўнікоў з Расеі, якія знаходзіліся на 14-дзённым карантыне перад пачаткам працы на БелАЭС, выявілі каранавірус. Яны не пачыналі працаваць, чакалі ў ізаляцыі.
  • У Беларусі больш за 600 чалавек, якія мусілі быць у самаізаляцыі пасьля прыезду з-за мяжы, не знайшлі дома. Караць іх пакуль ня могуць, але ўжо «прапрацоўваецца пытаньне» пра адміністрацыйную адказнасьць за парушэньне самаізаляцыі.
  • Агулам па краіне «невялікае перавышэньне» выпадкаў пнэўманіяў, але за тры месяцы бягучага году ад пнэўманіі памерлі толькі 254 чалавекі, калі за першы квартал мінулага — 277.
  • Мінздароўя не паведамляе пра выпадкі COVID-19 з разьбіўкай па раёнах краіны, бо «гэта выклікае нездаровы інтарэс».
  • Пра імунітэт ад COVID-19 у тых, хто ўжо перахварэў: адносна магчымасьці паўторнага заражэньня «дыскусіі ёсьць», пасьля слабых формаў хваробы тэарэтычна можа быць і паўторнае заражэньне. Але «імунітэт выпрацоўваецца, гэты факт ужо пацьверджаны, цяпер дыскусія ідзе толькі наконт яго трываласьці і тэрміну разьвіцьця».
  • Таксама пад пытаньнем магчымая мутацыя вірусу — цалкам магчыма, што калі-небудзь зьявіцца штам, які імунная сыстэма прапусьціць, нягледзячы на імунітэт да SARS-CoV-2.
  • У бліжэйшы час у Беларусі плянуюць паспрабаваць выкарыстоўваць супраць найбольш цяжкіх формаў каранавірусу ўзбагачаную антыцеламі плязму. Пакуль ў сьвеце ня вынайдзеныя адназначна дзейныя лекі супраць менавіта гэтага вірусу.
  • Пра дэфіцыт масак і антысэптыкаў: у Беларусі лёгкая прамысловасьць перабудоўваецца, мае выйсьці на вытворчасьць мільёну масак на дзень, на наступным тыдні — два мільёны на дзень, у бліжэйшы час праблему вырашаць. Пачалі дадатковы выпуск антысэптычных сродкаў.

Падрабязна тут >>

14:53 8.4.2020

Беларускім дальнабойнікам дазволілі праехаць аўгана-ўзбэцкую мяжу

Амбасада Беларусі ва Ўзбэкістане паведаміла БелТА, што беларускім кіроўцам-дальнабойнікам дазволілі праехаць пад канвоем па тэрыторыі краіны, каб вярнуцца на радзіму. Машыны, якія захрасьлі на мяжы з боку Аўганістану, ужо ўехалі ва Ўзбэкістан. Агулам едзе шэсьць беларускіх кіроўцаў, машыны якіх зарэгістраваныя ў Беларусі, Літве і Расеі (раней Tut.by пісаў, што дальнабойнікаў зь Беларусі там было дзевяць).

Праблема тычылася ня нейкай канкрэтнай кампаніі або грузу: дальнабойнікі расказвалі, што ва Ўзбэкістан не пускаюць і машыны зь іншых краінаў, і калі адны стаяць месяц, іншыя чакаюць аж з Новага году.

15:11 8.4.2020

Рэктар баранавіцкага ВНУ адмаўляе выяўленьне каранавірусу ва ўнівэрсытэце

Паводле крыніцы з Баранавіч, на COVID-19 нібыта захварэла выкладчыца Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, а таксама яе муж і сын, і з гэтай прычыны частку студэнтаў ВНУ перавялі на дыстанцыйнае навучаньне.

«У нас выкладчык не захварэў, гэтага няма. Унівэрсытэт працуе ў стабільным рэжыме, але частку студэнтаў сапраўды перавялі на дыстанцыйную форму навучаньня», — адказаў карэспандэнту Свабоды пазваніў рэктар БарДУ Васіль Качурка. Цалкам чытайце тут>>

15:12 8.4.2020

«Стамілася баяцца». Хто робіць добрыя справы падчас пандэміі

Многія беларусы становяцца валянтэрамі падчас пандэміі і любымі магчымымі спосабамі спрабуюць дапамагчы дактарам і ўразьлівым групам. Хтосьці шые маскі і ахоўныя касьцюмы, хтосьці дапамагае грашыма, іншыя зьвязваюць тых, хто хоча дапамагчы, з тымі, каму гэта неабходна. Пра новыя добрыя ініцыятывы беларусаў чытайце тут>>

15:14 8.4.2020

Музычная паўза. Дырэктар радыё «Сталіца» пра тое, як разгрузіў сваіх супрацоўнікаў на час пандэміі

Раней у родзічаў аднаго з супрацоўнікаў «Сталіцы» быў пацьверджаны станоўчы тэст на каранавірус, але сам ён не заразіўся. Гэта таксама стала падставай, каб адкарэктаваць графік. Дырэктар менскай радыёстанцыі «Сталіца» Алег Міхалевіч расказаў Свабодзе, што супрацоўнікоў рэдакцыі перавялі ў фармат найменшай загружанасьці. Як гэта зрабілі, чытайце тут>>

15:16 8.4.2020

«Дырэктарам школ падключыцца да ZООМ праблема!» Ці рэальна ў школах Беларусі ўвесьці дыстанцыйнае навучаньне?

Вакацыі ў Беларусі працягнулі да 13 красавіка. Карантын у краіне афіцыйна ня ўведзены. Але і настаўнікі, і чыноўнікі разумеюць, што вялікую колькасьць дзяцей бацькі проста ня пусьцяць у школу. Мінадукацыі дагэтуль ня вызначылася, як дзеці будуць вучыцца далей. Свабода выслухала розныя, шмат у чым процілеглыя меркаваньні аб тым, што рабіць у гэтай сытуацыі: чыноўніцы, стваральніка праекту «Інфаўрок», дырэктара цэнтру «Фабрыка ведаў». Чытайце па спасылцы >>

15:41 8.4.2020

Яшчэ ў адным дзіцячым садку ў Менску пацьвердзілі каранавірус. Правераць усіх дзяцей

У настаўніцы зь дзіцячага садка № 434 у Менску пацьвердзілі каранавірус. Усіх дзяцей адправілі дахаты, ім зробяць мазкі. Пра гэта Свабодзе паведамілі бацькі, чыё дзіця ходзіць у гэты садок.

COVID-19 пацьвердзілі не ў выхавацелькі групы, а ў настаўніцы, якая штодня займалася зь дзецьмі ўсіх груп. «Нам сказалі, што хутчэй за ўсё заўтра дахаты прыедуць лекары і возьмуць мазкі на каранавірус. Бо нашыя дзеці цяпер — кантакты першага ўзроўню», — сказаў бацька аднаго зь дзяцей. Падрабязнасьці тут >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG