25 траўня 2017 года ў Нацыянальным гістарычным музэі Беларусі адкрылася выстава «Рабінская дынастыя Мэдалье», прысьвечаная гісторыі сямʼі Шмэра-Лэйба Мэдалье (1872–1938), духоўнага лідэра габрэяў Віцебску, галоўнага рабіна Масквы і Савецкага Саюзу.
Выстава «Рабінская дынастыя Мэдалье» стане пачаткам працы па ўвекавечаньні памяці ўсіх сьвятароў, якія загінулі ў пэрыяд Вялікага тэрору, сказаў куратар выставы Ільля Васільеў.
Гісторыя сямʼі Мэдалье ілюструе лёс некалькіх пакаленьняў артадаксальных габрэяў, якія імкнуліся захаваць вернасьць традыцыям, габрэйству і рэлігіі ў ХХ стагодзьдзі.
Шмэр-Лэйб Мэдалье нарадзіўся ў сямʼі хасідаў у літоўскім мястэчку Вегерай. Вучыўся ў знакамітай літоўскай ешыве «Слабодка» ў Коўне. Некаторы час быў рабінам у Карэлічах, 18 гадоў — з 1905 па 1933 — у Віцебску.
У 1933 годзе ён заняў пасаду галоўнага рабіна Масквы, а дэ-факта галоўнага рабіна СССР. Апошняя пасада дазволіла яму неафіцыйна лічыцца кіраўніком усяго рэлігійнага габрэйства краіны. Яна ж стала для яго і фатальнай.
У канцы 1937 году галоўнага савецкага рабіна арыштавалі. 26 красавіка 1938 году суд абвінаваціў яго ў сувязях зь любавіцкім рэбэ — Ёсэфам Іцхакам Шнэерсонам, зь нямецкімі агентамі, а таксама ў зводжаньні моладзі, і прысудзіў да сьмяротнага пакараньня. Яго расстралялі. Рабін Мэдалье пахаваны ў агульнай магіле на палігоне «Камунарка». Рэабілітаваны пасьмяротна праз 20 гадоў.
Старэйшы сын Шмэра-Лэйба, Майсей (Машэ) Мэдалье, быў рабінам у Туле і Растове-на-Доне. У 1935 годзе быў арыштаваны і расстраляны. Яшчэ адзін сын, Аўраам (Аўром), таксама атрымаў рэлігійную адукацыю. Быў рэпрэсаваны ў 1950-х гадах. Лічыўся неафіцыйным рабінам Ленінграду.
На выставе прадстаўленыя мэмарыяльныя рэчы і арыгінальныя фотадакумэнтальныя матэрыялы з прыватных збораў сваякоў і нашчадкаў сямʼі Мэдалье, архіўныя дакумэнты, прадметы рэлігійнага культу і побыту габрэяў першай паловы ХХ стагодзьдзя.
Праект «Рабінская дынастыя» экспанаваўся ў Габрэйскім музэі і цэнтры талерантнасьці ў Маскве (2015), Музэі гісторыі рэлігіі ў Львове (2016), у Музэі гісторыі рэлігіі ў Санкт-Пецярбургу (2016).
Выстава — сумесны праект Нацыянальнага гістарычнага музэю, Нацыянальнага архіву Беларусі, Дзяржаўнага архіву Віцебскай вобласьці і мэмарыяльнага праекту «Дынастыя Мэдалье», куратар якога — Ільля Васільеў (Ізраіль).