Як беларусы ставяцца да Злучаных Штатаў Амэрыкі? Калі судзіць па адносінах дзяржаваў, урадаў, то дрэнна. Узаемная дыпляматычная прысутнасьць зьведзеная да мінімуму, палітычныя адносіны замарожаныя, беларускія ўлады характарызуюць ролю Амэрыкі ў сьвеце і ва ўзаемаадносінах з РБ вельмі няласкава, амэрыканскія ўлады, калі ім здараецца памянуць Беларусь, характарызуюць беларускія парадкі даволі строга.
Збольшага нэгатыўнае стаўленьне ўжо ня толькі ўладаў, але і народу да ЗША пацьвярджаюць і сацыялягічныя апытаньні. У апытаньнях НІСЭПД на працягу апошніх 10 гадоў найбольшая колькасьць рэспандэнтаў лічыла, што ЗША варожа ставяцца да Беларусі. Ня стала выключэньнем і чэрвеньскае 2016 году апытаньне: для 52% Амэрыка — вораг, і толькі для 4% — сябар.
Аднак, ня выключана, што адказваючы на гэтае пытаньне, людзі на самай справе мелі на ўвазе адносіны ўладаў дзьвюх краінаў. А яны і праўда ня надта цёплыя.
У чэрвеньскім апытаньні НІСЭПД быў таксама зададзены цэлы набор пытаньняў, якія характарызуюць стаўленьне да розных аспэктаў ролі і ўплыву ЗША ў сьвеце. Такі набор пытаньняў амэрыканскае сацыялягічнае агенцтва Pew некалькі апошніх гадоў рэгулярна задае ў ходзе сваіх дасьледаваньняў па ўсім сьвеце.
Табліца 1. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Беларусь. Як Вы ставіцеся: (НІСЭПД, Беларусь, 06’16)
Вельмі станоўча | Хутчэй станоўча | Хутчэй адмоўна | Цалкам адмоўна | Індэкс* | |
Да ЗША ў цэлым | 15 | 41 | 27 | 8 | 0.21 |
Да амэрыканцаў | 15 | 44 | 23 | 5 | 0.31 |
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Беларусі | 9 | 26 | 34 | 14 | -0.13 |
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю | 8.2 | 28.3 | 31.0 | 12.0 | -0.07 |
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу | 19 | 33 | 17 | 7 | 0.28 |
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня | 25 | 39 | 18 | 8 | 0.38 |
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі | 25 | 46 | 13 | 5 | 0.53 |
*Індэкс — рознасьць доляў пазытыўных і нэгатыўных ацэнак адпаведных праяваў амэрыканскага ўплыву
Суцэльны антыамэрыканізм беларусаў з табліцы 1 ніяк не вынікае, прыкметна больш за палову апытаных станоўча ставяцца і да краіны, і да народу. Яшчэ больш высокія ацэнкі — амэрыканскай масавай культуры і навукі і тэхнікі.
Недарэчнасьць сьцьвярджэньня аб глыбокім беларускім антыамэрыканізьме пацьвярджаецца і параўнаньнем дадзеных па Беларусі з адпаведнымі дадзенымі згаданага агенцтва Pew па іншых краінах сьвету.
У наступнай табліцы прыведзеныя індэксы адносінаў да ЗША насельніцтва эўрапейскіх краінаў НАТО.
Табліца 2. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Вашу краіну. Як Вы ставіцеся: (Pew, 2012 год, індэксы ацэнак)
Італія | Польшча | Францыя | Вялікабрытанія | Гішпанія | Чэхія | Нямеччына | Грэцыя | |
Да ЗША ў цэлым | 0.52 | 0.45 | 0.39 | 0.28 | 0.25 | 0.18 | 0.07 | -0.27 |
Да амэрыканцаў | 0.473 | 0.53 | 0.47 | 0.54 | 0.33 | 0.26 | 0.34 | -0.09 |
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Вашай краіне | -0.07 | -0.17 | -0.45 | -0.33 | -0.46 | -0.45 | -0.49 | -0.42 |
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю | 0.33 | 0.07 | -0.12 | 0.04 | 0.02 | 0.09 | 0.00 | -0.35 |
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу | 0.09 | 0.05 | -0.28 | 0.00 | -0.07 | 0.12 | -0.40 | -0.32 |
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня | 0.55 | 0.44 | 0.42 | 0.34 | 0.60 | 0.34 | 0.34 | 0.26 |
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі | 0.71 | 0.47 | 0.50 | 0.57 | 0.55 | 0.13 | 0.19 | 0.47 |
Відавочна, што стаўленьне вельмі разнастайнае — ад амэрыканскіх «фанаў» -італьянцаў да даволі моцна антыамэрыканскі настроеных грэкаў. Беларусы ў сэнсе ацэнак краіны і народу — дзесьці на ўзроўні гішпанцаў.
Цікава параўнаць стаўленьне да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у краіне апытаньня. У беларусаў яно ў цэлым нэгатыўнае. А ў каго сярод вайсковых і палітычных саюзьнікаў ЗША яно пазытыўнае? Лепш, чым у Беларусі, яно толькі ў Італіі, ва ўсіх астатніх краінах, сярод якіх і быццам бы вельмі праамэрыканская суседка — Польшча — яно горшае, а дзе-нідзе і значна горшае.
У сэнсе сымпатыяў да амэрыканскага бізнэс-стылю беларусы дык наогул эўрапейскія лідэры. Магчыма, прычына ў тым, што ня надта часта даводзілася сутыкацца з ім.
Што да ацэнак «Галівуду» і тэхнічнага прагрэсу ЗША, беларусы — на ўзроўні НАТАўскай сярэдзінкі і ў лідэрах.
Нагадаем, гаворка ідзе аб краінах — саюзьніках ЗША, зьвязаных з заакіянскай краінай мноствам эканамічных і культурных сувязяў. У Беларусі з ЗША — ледзь не «халодная вайна», адносіны мінімальныя, афіцыйныя СМІ, свае і расійскія, распавядаюць аб зламыснасьці і агрэсіўнасьці Амэрыкі. А сымпатыі — у прынцыпе на ўзроўні амэрыканскіх саюзьнікаў.
Дарэчы, пра Расею. Наступная табліца паказвае, як ставяцца да ЗША ў іншых рэгіёнах сьвету, за межамі ЭЗ.
Табліца 3. Апішыце сваё стаўленьне да Злучаных Штатаў Амэрыкі і іх уплыву на сьвет і Вашу краіну. Як Вы ставіцеся: (Pew, 2012-2013 гады, індэксы ацэнак)
Нігерыя* | ПАР* | Мэксіка* | Расея | Кітай | Турэччына | Эгіпет | |
Да ЗША ў цэлым | 0.56 | 0.52 | 0.37 | 0.18 | -0.06 | -0.57 | -0.60 |
Да амэрыканцаў | 0.55 | 0.40 | 0.25 | 0.40 | -0.13 | -0.56 | -0.31 |
Да распаўсюду амэрыканскіх ідэяў у Вашай краіне | 0.29 | 0.31 | -0.10 | -0.48 | 0.08 | -0.67 | -0.71 |
Да амэрыканскіх уяўленьняў пра дэмакратыю | 0.60 | 0.45 | 0.04 | -0.26 | 0.19 | -0.58 | -0.12 |
Да амэрыканскага досьведу вядзеньня бізнэсу | 0.59 | 0.50 | 0.13 | -0.07 | 0.10 | -0.60 | 0.10 |
Да амэрыканскіх музыкі, кіно і тэлебачаньня | 0.35 | 0.56 | 0.28 | 0.07 | 0.00 | -0.26 | -0.24 |
Да амэрыканскіх навукі і тэхнікі | 0.80 | 0.62 | 0.37 | -0.15 | 0.57 | 0.00 | 0.48 |
*Дадзеныя апытаньня Pew за 2013 год
Вельмі цікавыя шырокія і ўсебаковыя сымпатыі да ЗША ў Афрыцы. Пры гэтым апошнія слупкі табліцы 2 паказваюць, што людзі, якія гавораць аб антыамэрыканізьме, напрыклад, беларусаў, проста не ўяўляюць сабе, што такое глыбінны, нутраны антыамэрыканізм. У 2012 годзе адмоўна ставіліся да ЗША пераважная большасьць туркаў і эгіпцянаў. Прычым, гэты нэгатыў у іх выяўляўся амаль ва ўсім — ад уплыву амэрыканскіх ідэяў на сваю краіну да Галівуду.
І гэта ў краінах, якія зьяўляюцца саюзьнікамі ЗША, дзе няма масіраванай антыамэрыканскай афіцыйнай прапаганды, а ўлада дэманструе прыязнасьць да амэрыканскага партнэра.
А ў Беларусі прапаганда ёсьць, а нянавісьці, параўнальнай з турэцкай або эгіпэцкай, няма і блізка.
Ну, і пра Расею. Па дадзеных Pew у 2012 годзе асаблівым антыамэрыканізмам расейцы не вызначаліся. Балянс сымпатый і антыпатый да ЗША і да амэрыканцаў быў пазытыўным, да народу — дык і вельмі пазытыўным.
У 2014 годзе Pew у сваім міжнародным маніторынгу не задавала пытаньні з гэтага блёку, дадзеныя апытаньняў 2015-2016 гадоў пакуль недаступныя. Але ёсьць падставы меркаваць, што стаўленьне да ЗША ў РФ рэзка пагоршылася.
Уяўленьне пра тое, наколькі рэзка, даюць зьвесткі апытаньняў расейскага Левада-цэнтру (http://www.levada.ru/2016/06/02/13400/). У траўні 2016 году дрэнна ставіліся да ЗША 70% расейцаў, добра — 19% (індэкс −0.51), пікам нэгатыўнага стаўленьня быў студзень 2015 году, калі адмоўна да ЗША ставіліся ў РФ 81%, станоўча — 12% (індэкс −0.69). Гэты апошні паказчык — мабыць што і сусьветны рэкорд, сёлетні травеньскі — ужо не, вынікі цалкам супастаўныя з эгіпэцкімі і турэцкімі 2012 году з апытаньняў Pew.
Дык у расейскай дзяржавы цяпер востры канфлікт з ЗША. У Эгіпта і Турэччыны ніякіх асаблівых канфліктаў з Амэрыкай ў 2012 годзе не было.
Таксама варта адзначыць, што цяперашні ўзровень антыамэрыканізму быў у Расеі далёка не заўсёды. Напрыклад, па дадзеных таго ж Левада-цэнтру ў ліпені 2005 году пазытыўна ставіліся да ЗША 66% расейцаў, нэгатыўна — 26% (індэкс 0.4).
Падводзячы вынікі, варта сказаць, што, за нешматлікімі выключэньнямі, у сьвеце Амэрыку ва ўсіх яе праявах ня так каб моцна любяць. Адна з прычынаў, відаць, у тым, што адны называюць амэрыканскім лідэрствам, а іншыя — гегемоніяй і дыктатам. Роля Амэрыкі вельмі вялікая ў любым кутку Зямлі, а гэта выклікае супярэчлівыя пачуцьці.
Пачуцьці, якія маюць да ЗША беларусы, далёка ня самыя адмоўныя. І ашалелая расейская прапаганда апошніх гадоў нянавісьць да Амэрыкі беларусам прышчапіць ня здолела.
Пры зьмене палітычных адносінаў паміж Вашынгтонам і Менскам, пры спыненьні антыамэрыканскай прапаганды ў Беларусі стаўленьне насельніцтва да ЗША можа прыкметна палепшыцца. Хоць можна меркаваць, што не кардынальна. Партнэра за акіянам ня вельмі любяць і некаторыя вельмі блізкія яго саюзьнікі.
Да таго ж беларусы ня вельмі схільныя да рэзкіх зьменаў, у сваіх ацэнках у тым ліку. Так што ў ацэнках ЗША яны наўрад ці стануць італьянцамі, палякамі або нігерыйцамі, але і на ўзровень туркаў, эгіпцянаў або сёньняшніх расейцаў яны таксама наўрад ці ўпадуць.
Так што, магчыма, Амэрыка для іх і ў будучыні будзе такой жа, як цяпер — ня вельмі любімай, але паважанай.
Перадрук з парталу TUT.BY