Сьцісла
- Праэўрапейская Партыя дзеяньня і салідарнасьці (PAS) прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду атрымала пераканаўчую перамогу на парлямэнцкіх выбарах, нягледзячы на дэзынфармацыйныя кампаніі, інсьпіраваныя Крамлём.
- Гэтыя выбары разглядаліся як вызначальны выбар паміж Брусэлем і Масквой. ЭЗ адкрыта падтрымаў PAS празь фінансаваньне і санкцыі супраць прарасейскіх палітыкаў.
- Перамога PAS умацоўвае пэрспэктывы сяброўства Малдовы ў Эўразьвязе і можа паскорыць перамовы перад выбарамі у Эўрапарлямэнт 2029 году.
PAS, праэўрапейская партыя ў адной з найбяднейшых краінаў Эўропы, сутыкнулася з сур’ёзнай канкурэнцыяй свайго галоўнага апанэнта — Патрыятычнага выбарчага блёку, саюзу прарасейскіх партыяў на чале з былым прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам.
Вынік выглядае пераканаўчым: PAS, паводле прагнозаў, атрымлівае ня менш за 54 месцы з 101 у парлямэнце. Многія апытаньні прадказвалі роўную барацьбу, а Крэмль прыклаў значныя высілкі, каб схіліць сытуацыю на сваю карысьць.
Перадвыбарчая сытуацыя ў Малдове, заціснутай паміж Украінай і чальцом NATO і ЭЗ — Румыніяй, некалькі тыдняў трымала ў напружаньні Брусэль.
Перамога прарасейскіх сілаў паставіла б сур’ёзную перашкоду на ўсходнім флянгу — акурат у той момант, калі Масква пачуваецца дастаткова ўпэўнена, каб выпрабоўваць рашучасьць Захаду, працягваючы наступ у вайне супраць Украіны.
Цяпер жа, выглядае, Брусэль можа ўздыхнуць з палёгкай: Малдова застаецца па-за дасяжнасьцю Крамля — прынамсі пакуль што.
«Праэўрапейская перамога Малдовы — гэта навука для ўсёй Эўропы, як абараняцца ад расейскага ўмяшаньня», — заявіў дэпутат Эўрапарлямэнту і віцэ-прэзыдэнт Эўрапейскай народнай партыі Зыгфрыд Мурэшан.
«Малдова цьвёрда трымаецца праэўрапейскага шляху. Добрая навіна для народу Малдовы! Добрая навіна для Эўропы!»
Для прэзыдэнткі Маі Санду гэта палітычны хет-трык: перамога ў парлямэнцкіх выбарах адбылася менш чым праз год пасьля яе вяртаньня ў прэзыдэнцкі палац і пасьля рэфэрэндуму пра сяброўства ў ЭЗ, выйгранага зь мінімальнай перавагай.
Брусэль можа ўздыхнуць з палёгкай: Малдова застаецца па-за дасяжнасьцю Крамля — прынамсі пакуль што
Стаўкі сапраўды былі калясальнымі — вынік кампаніі ўспрымаўся як выбар паміж Брусэлем і Масквой. І ніводны з бакоў не хаваў, каго ён падтрымлівае.
У перадвыбарчы пэрыяд Расея заяўляла, што NATO рыхтуецца «акупаваць» Малдову, але не прыводзіла ніякіх доказаў, а таксама абвінавачвала ўрад у Кішынёве ў «антырасейскай гістэрыі».
Санду і іншыя вінавацілі Крэмль ва «ўліваньні сотняў мільёнаў эўра» ў краіну дзеля пашырэньня дэзынфармацыі.
Апошнімі тыднямі малдоўскія ўлады, рэагуючы на гэтыя абвінавачаньні, правялі паліцэйскія рэйды па ўсёй краіне з мэтай перадухіліць «рыхтаваньне масавых беспарадкаў і дэстабілізацыі, якія каардынаваліся з Расеі праз крымінальныя структуры».
Дзьве прарасейскія партыі — «Сэрца Малдовы» і «Вялікая Малдова» — не былі дапушчаныя да ўдзелу ў гэтых выбарах пасьля абвінавачаньня іх у подкупе выбарнікаў, незаконным фінансаваньні і адмываньні грошай. Канчатковае рашэньне наконт «Вялікай Малдовы» было прынята 28 верасьня, ужо празь некалькі гадзін пасьля пачатку галасаваньня.
Эўрапейскі Зьвяз, які звычайна захоўвае строгую нэўтральнасьць у пытаньнях выбараў у краінах-кандыдатах, гэтым разам амаль не хаваў сваёй падтрымкі PAS. Прэс-сакратар Эўракамісіі адзначыў, што Расея «глыбока ўмяшалася ў выбарчы працэс».
Але на гэтым усё ня скончылася.
Апошнім часам шматлікія эўрапейскія лідэры наведалі Кішынёў з абавязковымі фотасэсіямі з Санду. Былі ўведзеныя і пашыраныя за апошнія гады санкцыі супраць прарасейскіх палітыкаў. А ў пачатку 2025 году быў абвешчаны трохгадовы плян разьвіцьця на 1,9 мільярда эўра для фінансаваньня інфраструктурных і энэргетычных праектаў у Малдове.
За тры дні да выбараў Грэцыя дазволіла экстрадыцыю алігарха Ўлада Плахатнюка, і гэта, магчыма, быў апошні ўдар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Паліцыя Малдовы правяла сотні ператрусаў пасьля расьсьледаваньня ўмяшаньня Крамля ў парлямэнцкія выбарыЗ Грэцыі ў Кішынёў экстрадавалі скандальнага малдоўскага алігарха. Яго абвінавачваюць у адмываньні грошайВобраз галоўнага падазраванага ў шматгадовым расьсьледаваньні зьнікненьня прыкладна $1 мільярда з банкаў у 2014 годзе, якога ў кайданках дастаўляюць у Кішынёў, стаў натхняльным для Санду, якая пабудавала ўсю сваю кар’еру на барацьбе з карупцыяй.
Факт у тым, што ЭЗ проста ня мог дазволіць сабе прайграць гэтыя выбары.
Пасьля таго як «Грузінская мара» ўтрымала ўладу на парлямэнцкіх выбарах у Грузіі мінулай восеньню, Тбілісі дыстанцыяваўся ад перамоваў пра сяброўства ў Эўразьвязу, хоць краіна фармальна застаецца кандыдатам.
І пакуль вайне ва Ўкраіне не відаць выразнага канца, а ініцыятыва на полі бою належыць Расеі, Малдова застаецца адзінай краінай на ўсходнім флянгу, якая мае рэальны шанец стаць сябрам ЭЗ.
Гэтая мэта на бліжэйшае дзесяцігодзьдзе застаецца і пасьля выбараў.
Кішынёў і Брусэль гатовыя адкрыць перамовы аб усіх 33 разьдзелах умоваў пашырэньня ЭЗ. Гэты працэс можа пайсьці хутка, бо Эўразьвяз імкнецца прыняць прынамсі некалькі новых сяброў з Заходніх Балканаў і Ўсходу да наступных выбараў у Эўрапарлямэнт у 2029 годзе.
Малдова застаецца адзінай краінай на ўсходнім флянгу, якая мае рэальны шанец стаць сябрам ЭЗ
Пакуль жа нічога ня рухалася, бо Малдова і Ўкраіна зьвязаныя адным працэсам, а Вугоршчына блякуе шлях Кіева да ЭЗ пытаньнямі аб правах нацыянальных меншасьцяў.
Аднак цяпер цалкам магчыма, што Малдова пойдзе наперад без Украіны — імаверна, яшчэ сёлета.
Перамога PAS — гэта і перамога Ўкраіны.
Як важны транзытны вузел для краіны, разбуранай вайной, Кіеў ня мог дазволіць сабе яшчэ аднаго варожага суседа, гэтым разам на захадзе.
Цяпер жа цалкам магчыма, што Малдова стане лякаматывам, які пацягне Ўкраіну ў ЭЗ.
Менавіта гэта мелі на ўвазе службоўцы ЭЗ, калі абедзьвюм краінам тры гады таму было дадзена зялёнае сьвятло на далучэньне да блёку. Праэўрапейская перамога прынамсі гарантуе, што гэтая магчымасьць застаецца рэальнай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Партыя прэзыдэнткі Малдовы Маі Санду зь вялікай перавагай перамагла на выбарах у парлямэнт