Пасьля канцэрту Каржа з ​​Польшчы дэпартавалі дваіх беларусаў, яшчэ двое выехалі самастойна

Ілюстрацыйны здымак

З 63 затрыманых пасьля варшаўскага канцэрту рэпэра Макса Каржа замежнікаў з Польшчы былі дэпартаваныя двое беларусаў, яшчэ двое выехалі самастойна, паведамляе агенцтва РАР.

Усяго было дэпартавана 14 чалавек, 12 зь іх — грамадзяне Украіны, піша Позірк.

Пагранічная служба пачала таксама працэдуру вяртаньня на радзіму трох іншаземцаў (двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Беларусі), 33 іншаземцы (32 грамадзяніны Украіны і 1 грамадзянін Беларусі) дабаўлены ў сьпіс непажаданых на тэрыторыі Польшчы іншаземцаў і ў Шэнгенскую інфармацыйную сыстэму (SIS) для далейшай адмовы ва ўезьдзе.

Таксама з Польшчы будзе дэпартаваны 40-гадовы беларус, які быў затрыманы ў горадзе Паб’яніцы (Лодзінскае ваяводзтва) за бяспраўную язду і нелегальнае знаходжаньне ў краіне. Аб гэтым паведаміла напярэдадні мясцовая паліцыя.

Раней паведамлялася, што на канцэрце Каржа на Нацыянальным стадыёне ў польскай сталіцы 9 жніўня было затрымана больш за 100 чалавек «за шматлікія правапарушэньні і злачынствы, уключаючы захоўваньне наркотыкаў, парушэньне асабістай недатыкальнасьці супрацоўнікаў службы бясьпекі, захоўваньне і пранос піратэхнікі, а таксама незаконнае пранікненьне на тэрыторыю». Паліцыя аштрафавала 50 чалавек на агульную суму каля 11.500 злотых (больш за 3 тыс. даляраў).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Звальненьні ў беларускай ІT-кампаніі сьпісалі на штучны інтэлект