Беларусь у ПАРЭ ў 1996–2000 гадах прадстаўляла дэлегацыя не прызнаванага Лукашэнкам Вярхоўнага Савету 13 скліканьня ў статусе адмыслова запрошанага госьця. Пачынаючы з 2023 году беларускія дэмакратычныя сілы былі прадстаўленыя дэлегацыяй палітычных партыяў. Цяпер у штоквартальных сэсіях бярэ ўдзел прадстаўніцтва беларускай Каардынацыйнай рады, яно фактычна зьяўляецца адзіным прадстаўніком Беларусі ў найстарэйшай эўрапейскай інстытуцыі.
З 2025 году дэлегацыя КР працуе ў палітычных групах і камітэтах Асамблеі, іншых статутных органах Рады Эўропы, выступае перад нацыянальнымі дэлегацыямі 46 краін-сяброў, падымаючы беларускія тэмы. Сярод іх легалізацыя беларусаў замежжа, дапамога палітвязьням, падтрымка незалежных мэдыя і грамадзкага сэктару, узмацненьне ціску на афіцыйны Менск. Рада Эўропы актывізавала працу зь беларускімі тэмамі, распрацавала праекты для праваабаронцаў, мэдыя, грамадзкага сэктару.
У складзе беларускай дэлегацыі ў Страсбургу працуюць шэсьць чалавек. Узначальвае яе Аляксандра Мамаева. Яна расказала Свабодзе, якія інтарэсы ў Радзе Эўропы мае Беларусь як краіна і як супольнасьць раскіданых па сьвеце яе грамадзян.
«Рада Эўропы — гэта найбуйнейшая інстытуцыя ў Эўропе ў пытаньнях правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права. Мы можам далучацца, выкарыстоўваць увесь яе досьвед у гэтых сфэрах. Мы ў істоце замяняем лукашэнкаўскую дэлегацыю, якой тут ня хочуць больш бачыць, яе пазбавілі статусу спэцыяльнага госьця. Пасьля таго як прайшлі выбары ў Каардынацыйную раду, Парлямэнцкая асамблея прыняла рашэньне запрасіць дэлегацыю Рады як протапарлямэнту ў выгнаньні.
Што гэта нам дае? Гэта дае доступ да Асамблеі і працяг супрацы. Гэта досьвед, які маюць дэмакратычныя сілы, але якога няма ў лукашэнкаўскага рэжыму. Мы разумеем, як працуе гэтая інстытуцыя, можам даносіць свой парадак дня, дадаваць у рэзалюцыі важныя для нас пункты. Напрыклад, у тэксты дакумэнтаў аб адказнасьці Расеі за вайну ва Ўкраіне быў упісаны таксама рэжым Лукашэнкі — за вываз дзяцей. І зараз, калі будзе трыбунал, будзе адказваць і рэжым Лукашэнкі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскі праваабаронца Буткевіч параўнаў беларускія турмы і расейскі палон, у якім ён пабываўПаводле Мамаевай, беларуская дэлегацыя можа таксама ініцыяваць рэзалюцыі аб Беларусі.
«Я разумею, што гэта ня вельмі практычна, але ў палітычным пляне гэта важна для нашых партнэраў. Дзякуючы гэтым рэзалюцыям расьце ціск на рэжым, падтрымка грамадзянскіх структураў і мэдыя. Мы можам трымаць Беларусь на парадку дня. У студзені прынялі рэзалюцыю аб непрызнаньні выбараў Лукашэнкі. Калі ідзецца пра мігрантаў, мы гаворым аб праблемах беларусаў-уцекачоў. Калі гучыць тэма транснацыянальных рэпрэсіяў, мы даем інфармацыю пра рэпрэсіі, усе злачынствы рэжыму супраць беларусаў унутры краіны і за яе межамі, у тым ліку пазбаўленьне права на пашпарт і іншыя важныя дакумэнты».
Дэлегацыя КР мае тут доступ да прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх 46 дзяржаваў — сяброў Рады Эўропы.
Дзякучы такім сустрэчам і перамовам паступова знаходзяцца адказы на беларускія пытаньні.
Аляксандра Мамаева прывяла прыклад «Люксэмбурскіх рашэньняў» — комплексу прапановаў Рады Эўропы нацыянальным парлямэнтам і ўрадам у справе дапамогі беларускім уцекачам.
«„Люксэмбурскія рашэньні“ — гэта прыклад пасьлядоўнай супрацы з ПАРЭ. Усё пачыналася ў 2023 годзе з дакладу дэпутата ад Люксэмбургу Поля Галя аб праблемах беларусаў у выгнаньні. Была прынятая рэзалюцыя ПАРЭ. А 6–7 чэрвеня 2024 году ў Люксэмбургу прайшла практычная канфэрэнцыя, дзе і выпрацавалі канкрэтныя рэкамэндацыі для парлямэнтаў, якія ўвайшлі ў „Люксэмбурскія рашэньні“. Далей пачынаецца праца дзеля ажыцьцяўленьня гэтых парадаў. З гэтай брашурай я прыходжу на ўсе сустрэчы з нацыянальнымі дэлегацыямі ПАРЭ.
Цяпер мы працуем, каб стварыць у інтэрнэце плятформу з інфармацыяй аб праблемах, зь якімі сутыкаюцца беларусы ў кожнай краіне: у Нямеччыне, Аўстрыі, Літве, як заканадаўства рэгулюе іхны статус, хто можа дапамагчы разьвязваць праблемы, што пэўная краіна зрабіла дзеля гэтага. Ці былі гэтыя спробы пасьпяховымі — як, напрыклад, рашэньне прызнаваць пратэрмінаваныя пашпарты беларусаў. Калі выдаваць пашпарты іншаземца, не патрабаваць апастыляў, а замест даведак, якія можна атрымаць толькі ў Беларусі, дастаткова напісаць заяву. Мы зьбіраем ува ўсіх краінах такую інфармацыю і апублікуем яе на гэтай плятформе. Гэта мы будзем рабіць разам з урадамі, дыяспарамі, а, у першую чаргу, з Народнымі амбасадамі.
Гэта можа быць практычным падсумаваньнем таго, як можна сыстэмна вырашаць праблемы беларусаў».
Былая палітзьняволеная Ксенія Луцкіна далучылася да дэлегацыі Каардынацыйнай рады як сакратарка. У свой час яе засудзілі менавіта за тое, што ў 2020-м яна дзейнічала ў першым складзе Каардынацыйнай рады. Ксенія кажа:
«Так нейкім чынам атрымалася, што пакуль я сядзела, я перастала быць сяброўкай Каардынацыйнай рады, бо адбыліся новыя выбары. І мне было прыемна, калі мне прапанавалі далучыцца. Я сказала, што буду займацца пытаньнямі палітзьняволеных. Гэта ўсё ж такі мая кампэтэнцыя».
Луцкіна імкнецца ўнесьці ў працу ПАРЭ тэму беларускіх палітзьняволеных як прыярытэтную.
«Для мяне, безумоўна, гэта прыярытэт, бо гэта правы чалавека, гэта ня толькі людзі за кратамі — у нас вялікі пласт нябачных рэпрэсіяў, масавыя звальненьні і гэтак далей. Але, безумоўна, нам найбольш баліць за тых, хто за кратамі. І вельмі важна дакладна інфармаваць, што адбываецца, спакойна, бязь ляманту размаўляць з эўрапейскімі палітыкамі. Я ў чэрвені выступала тут першы раз. Мы цяпер рыхтуем яшчэ адзін даклад аб палітзьняволеных жанчынах. Нам ня трэба нічога выдумляць, у нас і так вельмі страшная рэчаіснасьць, нам трэба толькі называць факты».
На гэтай сэсіі ПАРЭ прэзэнтуюць даклад аб беларускіх палітвязьнях, у тым ліку аб цяперашняй гвалтоўнай экспатрыяцыі людзей, якіх вызвалілі, аб праблемах з дакумэнтамі, візамі. Ёсьць неабходнасьць у падтрыманьні Міжнароднага гуманітарнага фонду, зь якога палітвязьні маюць першую дапамогу. Дэлегацыя КР выступае таксама ў падтрымку міжнароднай плятформы, якая дакумэнтуе рэпрэсіі і катаваньні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дэлегацыя Каардынацыйнай рады ўпершыню бярэ ўдзел у сэсіі Парлямэнцкай асамблеі Рады ЭўропыШто такое ПАРЭ і Рада Эўропы
• Парлямэнцкая асамблея Рады Эўропы (ПАРЭ) — адзін з двух галоўных статутных органаў Рады Эўропы, кансультацыйны орган з прадстаўнікоў парлямэнтаў усіх дзяржаваў-сяброў.
• ПАРЭ — найстарэйшы ў Эўропе орган міжпарлямэнцкай супрацы, заснаваны 5 траўня 1949 году. Асамблея прымае рэзалюцыі і рэкамэндацыі на падставе дакладаў, якія рыхтуюць дэпутаты.
• Місія Рады Эўропы — адстойваць правы чалавека і падзел галінаў уладаў, скасаваць сьмяротнае пакараньне на ўсім кантынэнце.
• Беларусь у 1993 годзе падала заяўку на далучэньне да Рады Эўропы. Вярхоўны Савет Беларусі ў 1992 годзе атрымаў статус спэцыяльна запрошанага ў ПАРЭ, але пасьля канстытуцыйнага рэфэрэндуму 1996 году гэты статус не перайшоў да Палаты прадстаўнікоў.
• Расея пасьля поўнамаштабнага нападу на Ўкраіну ў 2022 годзе сама выйшла з Рады Эўропы.
• Беларусь так і не ратыфікавала Канвэнцыю аб абароне правоў чалавека і асноўных свабодаў Рады Эўропы, аднак фармальна дагэтуль лічыцца кандыдатам на ўступленьне, а Рада Эўропы робіць захады для наладжваньня супрацы зь Беларусьсю.