У Нарвэгіі пацьвердзілі, што празь невядомы бесьпілётнік павярнулі назад пасажырскі самалёт

Пасажыры ў капэнгагенскім аэрапорце 23 верасьня 2025 году. Неапазнаныя дроны на гэтым тыдні заўважаныя над Даніяй і Нарвэгіяй

Дроны, заўважаныя апошнімі днямі ў Даніі й Нарвэгіі, надалей прыносяць вялікія нязручнасьці мясцовым аэрапортам і авіякампаніям.

Прэс-сакратар кампаніі Norwegian паведаміў нарвэскаму выданьню NRK, што празь неапазнаны бесьпілётнік вымушаны быў вярнуцца ў аэрапорт самалёт рэйсам з Осла ў Бардыфос. Самалёт вярнуўся ў 20:47 мясцовага часу. Але ўжо а 21:15 зь лётнішча вылецеў іншы борт.

Аэрапорт Бардыфос у акрузе Трумс праз гэтую небясьпеку закрывалі. У Бардыфосе знаходзіцца найбуйнейшы ў Паўночнай Нарвэгіі вайсковы лягер.

Раней у нядзелю бесьпілётнікі заўважылі прыкладна за 800 кілямэтраў на поўдзень, каля аэрапорту Брэнёйсун у акрузе Нурлян. Адзін самалёт накіравалі ў іншы аэрапорт, паведаміла прадстаўніца кампаніі Avinor.

Праз прысутнасьць невядомых бесьпілётнікаў закрывалі і аэрапорт Брэнёйсун. Раніцай 29 верасьня нарвэская паліцыя пацьвердзіла, што бачыла над аэрапортам два дроны.

Паліцыя мае фатаграфіі, на якіх нібыта бачныя бесьпілётнікі, але яны зробленыя здалёк і нізкай якасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Аэрапорты Капэнгагену і Осла на некалькі гадзін спынялі палёты праз дроны

Кіраўнік пошукавых апэрацыяў сьцьвярджае, што атрымаў шмат паведамленьняў ад жыхароў гораду Будэ пра заўважаныя бесьпілётнікі, але яны выявіліся непраўдзівымі. Цяпер паліцыя павялічыла радыюс забароны на палёты дронаў вакол аэрапортаў з 5 да 10 км.

На мінулым тыдні з прычыны пралёту дронаў часова закрывалі шэраг аэрапортаў у Даніі, у тым ліку ў Капэнгагене, а таксама ў нарвэскай сталіцы Осла.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Уначы над вайсковымі базамі Даніі лёталі неапазнаныя дроны