«Партыя дзеяньня і салідарнасьці» (PAS), якую прадстаўляе і прэзыдэнтка Малдовы Мая Санду, пасьля падліку 99,65% галасоў здабывае ўпэўненую перамогу на выбарах, нягледзячы на скаардынаваную дэзынфармацыйную кампанію з боку Крамля. У партыі 50,06% галасоў. Прагназуецца, што PAS атрымае 55 з 101 месца ў парлямэнце.
Праціўнікам празаходняй партыі быў «Blocul Patriotic» (Патрыятычны блёк) — аб’яднаньне прарасейскіх партый на чале з былым прэзыдэнтам Малдовы Ігарам Дадонам. Ён набраў 24,25% галасоў. Гэтая лічба роўная 26 дэпутацкім мандатам.
На трэцяй пазыцыі блёк «Alternativa», які набірае 7,98% і блізкі да атрыманьня 8 партфэляў. Партыі «Partidul Nostru» («Наша партыя») і «Democrația Acasă» («Дэмакратыя дома») набралі 6,21% і 5,63% адпаведна, гэта дазволіць ім быць прадстаўленымі 6 месцамі ў парлямэнце.
У дзень выбараў улады Малдовы паведамлялі пра кібэратаку на сайт Цэтральнай выбарчай камісіі і іншыя правакацыі, якія, падобна, ішлі на загад з Масквы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выбары ў Малдове: прэм’ер-міністар паведамляе пра кібэратакі на ЦВК і збой вэб-сайтаў