Паводле яго, атакі былі накіраваны на інфраструктуру, зьвязаную з выбарамі.
«Учора і сёньня інфраструктура, зьвязаная з выбарчым працэсам, сутыкнулася зь некалькімі спробамі кібэратак. Гэта, у прыватнасьці, тычыцца вэб-сайта CEC.md [сайт ЦВК Малдовы], а таксама шэрагу выбарчых участкаў за мяжой. Мы выявілі і нэўтралізавалі ўсе атакі ў рэжыме рэальнага часу, не наносячы шкоды выбарчаму працэсу», — сказаў Рэчан.
Чыноўнік заявіў, што ўрад быў вымушаны зацьвердзіць новыя меры па абароне сыстэм. У прыватнасьці, каля 4000 вэб-сайтаў часова не працавалі праз блякаваньне host.md.
«Атакі адбываюцца адначасова, іх мэта — перагрузіць сетку STISC, якая абслугоўвае ЦВК і іншыя выбарчыя сыстэмы», — падкрэсьліў прэмʼер-міністар.
У Малдове 28 верасьня праходзяць парлямэнцкія выбары, вынік якіх шмат у чым вызначыць далейшы напрамак разьвіцьця краіны.
Напярэдадні выбараў прэзыдэнтка краіны Мая Санду зьвярнулася да грамадзян з заклікам падтрымаць праэўрапейскія сілы, падкрэсьліўшы, што Расея ўкладвае значныя сродкі, каб прывесьці да ўлады сваіх прыхільнікаў. Паводле яе, Масква траціць «сотні мільёнаў даляраў», спрабуючы купіць галасы малдаўскіх выбарнікаў. Санду таксама заявіла, што ў выпадку перамогі прарасейскіх сіл Малдова рызыкуе быць адарванай ад Эўропы і можа стаць пляцдармам для расейскіх ваенных апэрацый у Адэскай вобласьці Ўкраіны.
Расея, у сваю чаргу, заяўляе, што ня ўмешваецца ва ўнутраныя справы іншых дзяржаваў.
Форум