Украіну атакавалі больш як сто дронаў — адзін чалавек загінуў. Украінскі ж дрон ударыў па НПЗ за тысячу кілямэтраў ад фронту

У Запарожжы ўначы на 27 верасьня расейскі дрон зьнішчыў супэрмаркет

У ноч на 27 верасьня расейскія войскі атакавалі Ўкраіну 115 бесьпілётнікамі. Украінскія вайскоўцы паведамілі, што зьбілі 97 дронаў. Нанесена шкода крытычнай інфраструктуры, людзі засталіся безь сьвятла, спыняліся цягнікі.

Сумская вобласьць. Днём у суботу расейскі дрон пацэліў у лабавое шкло машыны, загінуў 59-гадовы мужчына. Яшчэ адзін чалавек паранены. Раней ад ракетнага ўдару пацярпелі 57-гадовая жанчына і 61-гадовы мужчына. Пашкоджаныя прыватныя дамы і грамадзянская інфраструктура.

Запарожжа. Амаль 9 тысяч дамоў засталіся безь сьвятла. Пашкоджаныя шматкватэрныя дамы і нежылыя памяшканьні.

Віньніцкая вобласьць. Дрон пацэліў у абʼект крытычнай інфраструктуры. Прыпыняўся рух цягнікоў. Пашкоджаны жылы дом. Пацярпелых няма.

Адэская вобласьць. Пашкоджаная чыгуначная інфраструктура. Спыняўся рух цягнікоў.

Днепрапятроўская вобласьць. У выніку ўдару дрона пацярпела 39-гадовая жанчына. Дроны пашкодзілі адміністрацыйны будынак, музэй, прадпрыемства і краму.

Херсон. Ад артылерыйскага абстрэлу ўсчаліся пажары ў камэрцыйных памяшканьнях, гаражах і прыватным доме. Ахвяр няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіяўлянін цудам выжыў пад абломкамі дома пасьля ракетнага ўдару Расеі

У Расеі ўкраінскі бесьпілётнік атакаваў нафтаперапампоўвальную станцыю ў Чувашыі. Паведамляецца, што станцыі нанесены «нязначны ўрон», тым ня менш яе праца прыпыненая. Пацярпелых няма.

Міністэрства абароны Расеі паведаміла пра 55 зьбітых украінскіх дронаў уначы і яшчэ 10 за першую палову дня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прадаваў амэрыканцам парады, як трэба размаўляць з Пуціным, — Чалы