Найбольш тыражныя дзяржаўныя прапагандысцкія газэты падаражэлі на 4–7% за паўгода і на 14–18% за апошні год пры агульным росьце спажывецкіх цэнаў на 5,4% (ад лістапада 2023 году да лістапада 2022-га), сьведчыць праведзенае «Позіркам» параўнаньне цэнаў у падпісных каталёгах.
Цана паўгадавога камплекту «СБ. Беларусь сегодня» (былая «Советская Белоруссия») павялічылася на 5,3% (са 102,60 да 108 рублёў), «Народнай газеты» – на 6,4% (з 78,36 да 83,40), «Рэспублікі» – на 4,8% (з 94,32 да 98,82), «Сельской газеты» – на 4% (з 94,86 да 98,70), «Знамени юности» – на 6,8% (з 45,60 да 48,72), «7 дней» – на 6,4% (з 47,58 да 50,64), «Звязды» – на 5,4% (з 98,64 да 103,98 рубля).
Цана падпіскі на расейскія выданьні (сярод грамадзка-палітычных на рынак дапушчаныя толькі ляяльныя рэжыму Лукашэнкі) зьмянілася па-рознаму.
На ўкраінскія выданьні падпіска не праводзіцца ўжо два гады, на іншыя замежныя СМІ падпіскі ў Беларусі няма шмат гадоў.
Змаганьне ўлады супраць недзяржаўных СМІ
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».