Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:03 16.4.2020

Дзяржкантроль: маскі прадаюць у 89,2% аптэк. Пошук у аптэках: ёсьць у 7,6%

Камітэт дзяржаўнага кантролю Беларусі 15 красавіка заявіў, што ў аптэках Беларусі «значна палепшылася» сытуацыя з «таварамі падвышанага попыту»: мэдычнымі маскамі і антысэптыкамі.

Паводле Дзяржкантролю, у канцы сакавіка і пачатку красавіка праверкі ў 283 аптэках паказалі, што аптэчная сетка мела праблемы з забесьпячэньнем мэдычнымі маскамі і антысэптычнымі сродкамі: маскі нібыта былі толькі ў 17% правераных аптэк, антысэптыкі ў 38,5%.

Цяпер Дзяржкантроль сьцьвярджае, што сытуацыя палепшылася. Маніторынг Дзяржкатролю 13 красавіка, праведзены ў 1081 аптэцы, паказаў, што мэдычныя або санітарна-гігіенічныя маскі ёсьць у 964 аптэках (89,2%), антысэптыкі на сьпіртавой аснове — у 893 (82,6%).

Па стане на раніцу 16 красавіка 103.by знаходзіць тавар «мэдычная маска» («санітарна-гігіенічных» сярод тавараў няма) у 284 аптэках Беларусі з 3740 наяўных у базе. Гэта 7,6%, у тузін разоў менш за выяўленае Дзяржкантролем. У Менску 103.by знаходзіць маскі ў 51 аптэках з 860, гэта 5,9%.

Але сытуацыя з маскамі сапраўды палепшылася, што відаць і ў пошуку Tabletka.by — сэрвіс знаходзіць ужо не дзясяткі, а сотні аптэк з маскамі ў продажы.

Яшчэ 8 красавіка 103.by паказаў, што мэдычныя маскі прадаваліся ў 6% аптэк па Беларусі і 0,6% у Менску, а Tabletka.by знайшоў розныя віды масак толькі ў некалькіх дзясятках аптэк.

11:05 16.4.2020

Па-ранейшаму толькі адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў ходзіць на сэсію ў масцы. ФАТАФАКТ

На чарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў​ прысутнічаюць 104 дэпутаты са 110.

Паседжаньне 16 красавіка пачалося з прыняцьця заявы з нагоды 75-годзьдзя перамогі ў Другой сусьветнай вайне. Яе дэпутатам прадставіла былая міністарка інфармацыі Лілія Ананіч.

Як перадае карэспандэнт Свабоды з Авальнай залі, са 104 прысутных на паседжаньні дэпутатаў толькі адзін карыстаецца мэдычнай маскай. Гэта Тэнгіз Думбадзэ, які ў такім выглядзе быў і на папярэднім паседжаньні 9 красавіка.

Разам з тым у будынку Палаты прадстаўнікоў прынятыя захады бясьпекі. У холе і памяшканьнях можна апрацаваць рукі антысэптыкам, журналістам мераюць тэмпэратуру. Супрацоўнікі апарату выкарыстоўваюць маскі, у Авальную залю па-ранейшаму могуць трапіць толькі фота- і відэакарэспандэнты.

11:07 16.4.2020

Крамы, кнігарні, музэі. У Нямеччыне істотна паслабляюць карантын

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель анансавала паступовае паслабленьне карантынных захадаў, уведзеных для стрыманьня каранавірусу.

Пачынаючы з наступнага тыдня, як сказала Мэркель, могуць аднавіць працу крамы плошчай да 800 квадратных мэтраў. Незалежна ад памеру, могуць адкрыцца аўтасалёны, кнігарні, велакрамы, дазваляецца праца музэяў, бібліятэк і архіваў, заапаркаў і батанічных садоў.

Але большасьць абмежаваньняў на сацыяльныя кантакты захаваюцца сама меней да 3 траўня. Мэркель таксама рэкамэндавала насіць ахоўныя маскі ў грамадзкіх месцах. Канцлерка падкрэсьліла, што дзякуючы жорсткім мерам удалося дамагчыся далікатнага прамежкавага посьпеху і цяпер неабходна яго захаваць.

З 4 траўня ў Нямеччыне могуць аднавіць працу школы, цырульні, але буйныя грамадзкія падзеі, рэлігійныя службы будуць немагчымыя да канца жніўня. Бары, кафэ, рэстараны, кіназалы і музычныя пляцоўкі таксама пакуль застануцца закрытымі.

У Нямеччыне на сёньняшні дзень зарэгістравана прыкладна 127 тысяч выпадкаў заражэньня каранавірусам і больш за 3200 сьмерцяў ад COVID-19.

12:02 16.4.2020

На 6 лікёра-гарэлачных заводах Беларусі цяпер выпускаюць антысэптыкі

Лікёра-гарэлачныя заводы ў кожнай з шасьці абласьцей наладзілі выпуск дэзынфэкцыйных сродкаў. Разьлітыя ў бутэлькі антысэптыкі адпраўляюць у РУП «Белфармацыя».

Інфармацыю пра гэта Свабодзе пацьвердзілі на саміх заводах.

Антысэптыкі цяпер выпускаюць у наступных гарадах і вёсках: Багушэўск (Сеньненскі раён Віцебскай вобласьці), Бродніца (Іванаўскі раён Берасьцейскай вобласьці), Клімавічы (Магілёўская вобласьць), Любань (Менская вобласьць), Гомель і Горадня. Усе гэтыя прадпрыемствы ўваходзяць у холдынг «Менск Крышталь Груп».

Да нядаўняга часу вытворчасьць антысэптыкаў была толькі на Горадзенскім лікёра-гарэлачным заводзе. Для астатніх пяці прадпрыемстваў гэта новая прадукцыя. За кароткі тэрмін заводы распрацавалі рэцэптуру, прайшлі сэртыфікацыю і атрымалі ліцэнзію на выпуск антысэптыкаў.

Для ўсіх заводаў выпуск дэзынфэкцыйныя сродкаў пакуль застаецца дадатковай вытворчасьцю. Але з ростам попыту тут гатовыя павялічваць іх выпуск.

12:03 16.4.2020

Міністар фінансаў расказаў, ці хопіць у краіне грошай на барацьбу з каранавірусам

Пытаньне пра гэта Максіму Ермаловічу задала 16 красавіка дэпутатка ад Горадні Ірына Луганская. Міністар фінансаў, адказваючы на пытаньне Луганскай, заявіў, што на гэты момант грошай у краіне на забесьпячэньне працы мэдыкаў дастаткова.

«У выпадку неабходнасьці будуць праведзеныя ўдакладненьні ў дзяржаўны бюджэт», — сказаў Ермаловіч.

Задаць пытаньне, якое непасрэдна не датычыла парадку дня, дэпутатцы Луганскай дазволіў Уладзімер Андрэйчанка.

«Часы ў нас ваенныя, таму можам адысьці ад рэглямэнту», — сказаў ён.

Таксама ў міністра фінансаў Ермаловіча дэпутат Гайдукевіч запытаўся пра захады, накіраваныя на дапамогу бізнэсу ў сувязі са складанай эканамічнай сытуацыі. Па словах міністра, у гэты момант такія захады прапрацоўваюцца. У першую чаргу, паводле міністра, дапамогу атрымае сфэра турызму і іншыя, хто пацярпеў ад пандэміі найбольш.

12:42 16.4.2020

Адной карцінкай: колькасьць памерлых ад COVID-19 на 100 тыс чалавек

У абсалютных лічбах па колькасьці сьмерцяў ад COVID-19 ЗША апярэджваюць усе краіны, але ў пераліку на колькасьць насельніцтва краіны Заходняй Эўропы страцілі больш людзей.

13:03 16.4.2020

Тысячы аўтамабілістаў пратэставалі ў ЗША супраць забароны выхаду з дому

Дэманстранты ў штаце Мічыган вывелі тысячы аўтамабіляў да будынка Капітолія ў сталіцы штату, горадзе Лансінгу, пратэстуючы супраць указа губэрнатара Грэтхэн Уітмэр, які абавязвае жыхароў заставацца дома для процідзеяньня пандэміі каранавіруса, піша Голас Амэрыкі.

«Страціш свабоду аднойчы – страціш яе назаўжды», – абвяшчаў лёзунг на камэрцыйным фургоне.

«Бясьпека без свабоды – гэта турма», – абвяшчаў іншы, усталяваны на газоне перад Капітоліем.

Сама Грэтхэн Уітмэр заявіла ў сераду, што яна паважае права на пратэст, але лічыць, што многія дэманстранты падвяргаюць сябе і іншых рызыцы заражэньня COVID-19.

13:38 16.4.2020

Які наказ пра каранавірус атрымалі дэпутаты ад кіраўніка Палаты прадстаўнікоў

«Вам ня трэба ўмешвацца ў працу мясцовых органаў» і «людзі павіны бачыць, што сытуацыя знаходзіцца на кантролі ў кіраўніка краіны, ураду» — з такім наказам зьвярнуўся да дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў яе кіраўнік Уладзімер Андрэйчанка 16 красавіка падчас другой сэсіі. Цалкам чытайце тут.

13:40 16.4.2020

40 памерлі. У Беларусі прызналі 4204 выпадкі COVID-19, плюс 476 за дзень

Міністэрства аховы здароўя апублікавала 16 красавіка ў сваім Telegram-канале афіцыйную статыстыку распаўсюду новага каранавірусу ў Беларусі.

Паводле міністэрства, на раніцу 16 красавіка:

  • 4204 выпадкі каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя агулам (міністэрства называе гэта колькасьцю «людзей з наяўнасьцю каранавіруснай інфэкцыі», уключае ў яе выпісаных і памерлых);
  • колькі хворых шпіталізавалі, колькі адправілі дамоў хворымі і колькі выпісалі здаровымі, перасталі паведамляць, але з ранейшых зьвестак можна зрабіць выснову, што на самаізаляцыю адправілі нейкую колькасьць інфікаваных, да 634 чалавек на 14 красавіка;
  • 65 пацыентаў «маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх» (міністэрства не называе колькасьці пацыентаў у цяжкім і крытычным стане);
  • 40 памерлі, міністэрства сьцьвярджае, што памерлыя мелі «шэраг хранічных захворваньняў з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй»;
  • з гэтага і з ранейшых зьвестак вынікае, што ў Беларусі зафіксавалі 476 новых выпадкаў і 4 сьмерці за дзень;
  • у краіне ад пачатку эпідэміі праведзена 81 246 тэстаў у 24 лябараторыях, у тым ліку прыватных;
  • у ліку інфікаваных 116 дзяцей, зь іх ніводнага ў цяжкім стане або на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.

Цалкам чытайце тут.

13:42 16.4.2020

Інфікаваныя 116 дзяцей. Мінздароўя расказвае пра распаўсюд COVID-19 у Беларусі. УЖЫВУЮ

Сьцісла:

  • 116 дзяцей хворыя
  • Экспрэс-тэсты закупілі, але ў продажы іх пакуль ня будзе
  • Санаторыі ў Беларусі працягваюць працу, ніводзін не закрыты на карантын

Дапаўняецца, цалкам чытайце тут.

13:44 16.4.2020

Другі месяц на карантыне. Ва Ўкраіне лічаць, што пазьбеглі гішпанскага сцэнару

Першыя карантынныя абмежаваньні ва Ўкраіне ўвялі 12 сакавіка, калі зьявілася інфармацыя аб інфікаваньні каранавірусам траіх грамадзян. Цягам наступнага тыдня ў краіне прыпынілі міжнародныя і ўнутраныя транспартныя зносіны, закрылі межы. Празь месяц ва Ўкраіне лябараторна пацьвердзілі ўжо 4161 выпадак захворваньня на COVID-19, у тым ліку 116 — сьмяротных.

Што адбываецца ў краіне цяпер, ці плянуюць працягваць карантын, як рэагуюць на яго ўкраінцы, ці хапае сродкаў засьцярогі — пра гэта і іншае чытайце па спасылцы>>

14:24 16.4.2020

Беларусь перагнала Ўкраіну ў колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусу

Беларусь выйшла на другое месца сярод постсавецкіх краінаў у колькасьці выяўленых пацыентаў, у каго пацьверджаны каранавірус COVID-19. Больш выпадкаў зарэгістравана толькі ў Расеі.

Паводле Міністэрства аховы здароўя на 16 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 4204 пацыенты з каранавірусам. Ва Ўкраіне — 4161, у Расеі — 27 938. Ва ўсіх іншых краінах — менш за 2000 выпадкаў. Такім чынам, у Беларусі колькасьць выяўленых пацыентаў з каранавірусам складае 442 чалавекі на мільён. Ва Ўкраіне — 99 выпадкаў на мільён чалавек.

14:30 16.4.2020

Эфэктыўнасьць ня большая за 10%. Генпракуратура загадала спыніць вытворчасьць масак бяз фільтраў

Генэральная пракуратура Беларусі накіравала старшыні канцэрну «Беллегпрам» і міністру аховы здароўя загад аб скасаваньні парушэньняў заканадаўства пры рэгістрацыі і вытворчасьці мэдыцынскіх масак, у якім патрабуе:

  • забясьпечыць рэгістрацыю і вытворчасьць масак з абавязковым ужываньнем фільтраў, якія забясьпечваюць бактэрыялягічны бар’ер,
  • спыніць выпуск масак без фільтравальнага кампанэнту — як для ўстановаў аховы здароўя, так і для продажу ў аптэках,
  • распрацаваць новы тэхнічны нарматыўна-прававы акт, які рэглямэнтуе якасныя характарыстыкі вырабаў мэдыцынскага прызначэньня.

Паводле Генпракуратуры, цяпер канцэрн «Беллегпрам» вырабляе маскі паводле СТБ (Нацыянальны стандарт Беларусі), распрацаванага 19 гадоў таму, які сярод патрабаваньняў да санітарна-гігіенічных вырабаў зьмяшчае толькі патрабаваньні да матэрыялу маскі і дызайну, але ў ім няма крытэраў эфэктыўнасьці маскі, а таксама іх клясыфікацыі. Маскі, якія вырабляе «Беллегпрам», неэфэктыўныя, адзначаюць у Генпракуратуры: на думку спэцыялістаў-эпідэміёлягаў, узровень іх эфэктыўнасьці не перавышае 10%.

14:31 16.4.2020

У сувязі з пандэміяй гарачую ваду ў гарадах Беларусі адключаць ня будуць

Адключаць гарачую ваду ў траўні ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй ня будуць, заявіў падчас сумеснага брыфінгу Міністэрства аховы здароўя Беларусі 16 красавіка першы намесьнік міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Генадзь Трубіла.

Паводле Генадзя Трубілы, міністэрства «будзе рэкамэндаваць, каб ваду пачалі адключаць не з 11 траўня, а перанесьлі травеньскія адключэньні на больш позьні тэрмін – напрыклад на верасень, перад запускам ацяпленьня».

14:32 16.4.2020

Лукашэнка лічыць, што каранавірус стане добрым урокам для тых, хто паліць, і наркаманаў

Аляксандар Лукашэнка перакананы, што занепакоенасьць у грамадзтве з нагоды распаўсюду каранавірусу будзе добрым урокам для тых, хто мае шкодныя звычкі.

«Для наркаманаў і курцоў гэта добры ўрок. Мы гэта бачым па цяжкіх захворваньнях на пнэўманію, асабліва абцяжараную каранавірусам. Гэта добры ўрок — падумаць аб тым, як арганізоўваць сваё жыцьцё пасьля так званай пандэміі», — заявіў Лукашэнка. Цалкам чытайце тут.

15:15 16.4.2020

На ўезьдзе ў Пінск зьявяцца пасты кантролю​

Для кантролю за перавозкай кіроўцаў і ​пасажыраў на ўезьдзе ў Пінск будуць дзяжурыць экіпажы ДАІ з мэдычнымі супрацоўнікамі. Яны будуць глядзець, ці няма ў людзей сымптомаў каранавірусу, а таксама сачыць за тым, каб кантакты 1-га і 2-га узроўняў не парушалі правілаў самаізаляцыі, піша Пінскі гарвыканкам.​

Для чаго гэта зрабілі: для папярэджаньня распаўсюду караавіруса прах кантактаваньне зь людзьмі зь іншых рэгіёнаў.

Чыноўнікі раяць пінчукам без крайняй неабходнасьці:

  • не наведваць месцы масавага знаходжаньня людзей;
  • не выяжджаць за межы Пінску, асабліва ў Лунінецкі раён.
15:26 16.4.2020

У лідзкай кампаніі пацьвердзілі выпадак захворваньня каранавірусам

У горадзе Ліда Горадзенскай вобласьці пацьвердзілі выпадак захворваньня каранавірусам. Інфармацыя пра імавернае заражэньне каранавірусам у лідзкай арганізацыі першапачаткова зьявілася ў акаўнце lida.nash.gorod у Instagram.

У прыёмнай прадпрыемства «Ліпласт-СПб», якое займаецца вытворчасьцю вырабаў з плястыку, пацьвердзілі адзін выпадак каранавірусу.

Супрацоўніца паведаміла, што чалавек, які захварэў, адчувае сябе досыць добра, прадпрыемства апрацавала санэпідэмстанцыя.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

16:16 16.4.2020

Вядучыя інфэкцыяністы кансультуюць мэдыкаў, якія працуюць з хворымі на COVID-19, праз адмысловы сайт

З інцыятывы вядучых інфэкцыяністаў краіны створаны сайт Covid19center.by, на якім супрацоўнікі Менскай гарадзкой клінічнай лякарні, катэдраў БДМУ і БелМАПА абяцаюць кансультаваць мэдыкаў з усёй Беларусі, якія непасрэдна лечаць пацыентаў з COVID-19.

Кожны лекар краіны можа зь любой прылады апэратыўна зьвязацца з адмыслоўцамі і атрымаць кваліфікаваную параду, як дзейнічаць у няпростай сытуацыі. Падрабязьней чытайце тут.

16:18 16.4.2020

«Палохалі, што дзіця можа заразіцца і займець пнэўманію». Гісторыі жанчын, якія нарадзілі ў часы каранавірусу

Шмат цяжарных хварэюць на пнэўманію, бранхіт, ВРВІ. Дактары стараюцца, але, акрамя лячэньня, ім даводзіцца яшчэ і супакойваць парадзіх, якія адмаўляюцца лячыцца ці рабіць рэнтген. Самаізалявацца не атрымліваецца — прыбіральня ў бясплатных палатах знаходзіцца ў канцы калідора.

Свабода сабрала некалькі гісторый жанчын, якія нядаўна нарадзілі. Чытайце па спасылцы >>

16:19 16.4.2020

«Гэта паветра зь мікробамі». 4-гадовы хлопчык тлумачыць, што такое каранавірус і як ад яго засьцерагчыся

У 4-гадовага Давіда Трафімовіча ў садку выявілі каранавірус. Хлопчыка адправілі дахаты, а на наступны дзень да яго прыехалі дактары і ўзялі мазок на аналіз. У інтэрвію Свабодзе Давід патлумачыў, чаму, на яго думку, ён ня ходзіць у садок, што такое каранавірус і як ад яго засьцерагчыся.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG