Як пандэмія COVID-19 адаб’ецца на глябальных пастаўках прадуктаў харчаваньня? Вось што мы ведаем
Каранавірус ужо пусьціў сусьветную эканоміку пад адхон, і дзясяткі мільёнаў людзей не працуюць, а заводы ад Уханю па Баварыю і Мічыган прыпыняюць працу. Што гэта значыць для ежы, якую мы ямо?
Што адбываецца, калі людзі, якія зьбіраюць садавіну і гародніну, хварэюць альбо ідуць на карантын? Што адбываецца, калі людзі, якія пакуюць бульбу і цыбулю ў скрынкі і грузяць іх у грузавікі, ня могуць працаваць? Што адбываецца, калі пшаніцу нельга перамалоць і адправіць у пякарні? Ці можам мы сутыкнуцца з усясьветным недахопам прадуктаў харчаваньня ў бліжэйшыя месяцы? Чытайце па спасылцы >>
У Беларусі запусьцілі анлайн-сэрвіс маніторынгу сымптомаў і верагоднасьці заражэньня COVID-19
У Беларусі зьявіўся анлайн-сэрвіс для штодзённага маніторынгу сымптомаў і вызначэньня верагоднасьці заражэньня каранавірусам COVID-19. Сыстэму распрацавала кампанія Grin IT, рэзыдэнт беларускага Парку высокіх тэхналёгій.
Сэрвіс SENS MD бясплатны, на ім можна прайсьці апытаньне-дыягностыку, адказаўшы на пытаньні пра хранічныя захворваньні і наяўнасьць розных сымптомаў, па выніках якога вам паведамляюць, у якой групе рызыкі вы знаходзіцеся, і даюць парады, што рабіць далей. Таксама сайт дазваляе карыстальніку ў далейшым штодня фіксаваць свае сымптомы, адсочваць іх дынаміку і атрымліваць рэкамэндацыі. Падрабязьней тут.
Паказваем у 3D: што адбываецца, калі вы кашлянеце ў памяшканьні
Каранавірус не перашкода. Рэспубліканскі суботнік пройдзе 25 красавіка
Рэспубліканскі суботнік пройдзе 25 красавіка. Такое рашэньне прынята пастановай Савета Міністраў ад 16 красавіка 2020 году № 233. Адзначаецца, што суботнік «на добраахвотнай аснове» могуць правесьці на працоўных месцах або добраўпарадкаваць гісторыка-культурныя каштоўнасьці, тэрыторыі населеных пунктаў, падрыхтаваць дзіцячыя аздараўленчыя і спартыўна-аздараўленчыя лягеры да летняга сэзону.
Пуцін перанёс парад 9 траўня
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра перанос параду ў гонар 75-годзьдзя перамогі. Ён падкрэсьліў, што парад і ўсе астатнія мерапрыемствы, якія павінны былі прайсьці 9 траўня, будуць праведзены ў 2020 годзе. Плянаванай даты Пуцін не назваў. Напярэдадні перанесьці парад на іншую дату папрасілі вэтэранскія арганізацыі.
«Многія выкладчыкі ў постсавецкіх краінах не гатовыя выкладаць дыстанцыйна» — кіраўніца лінгвістычнай школы ў Бостане
Ураджэнка Менску, кіраўніца International School of Advanced Learning у амэрыканскім Бостане Марына Львова расказвае, як праз пандэмію цалкам перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне ў штаце Масачусетс, дзе знаходзяцца найлепшыя навучальныя ўстановы ЗША, такія як Гарвард, Масачусэцкі тэхналягічны інстытут ды іншыя навучальныя ўстановы рознага ўзроўню.
Шпіталізаваны першы хворы на каранавірус ваеннаслужачы з часткі МУС
Каранавірус выяўлены ў ваеннаслужачага вайсковай часткі № 3310 — гэта брыгада ўнутраных войскаў МУС, якая дысьлякуецца ў населеным пункце Аколіца пад Менскам.
Паводле крыніцы, зь якой меў гутарку карэспандэнт Свабоды, некалькі дзён таму ваеннаслужачы здаў тэст на каранавірус, які аказаўся станоўчым. Зь серады, 15 красавіка, уся рота, дзе служыў вайсковец, на карантыне. «Ва ўсіх узялі аналізы і зачынілі ў вайсковай частцы. Сваякі, якія кантактавалі з вайскоўцамі, на самаізаляцыі», — паведаміў сваяк аднаго з ваеннаслужачых. Гэты факт Свабодзе пацьвердзіла і прэсавы сакратар Міністэрства ўнутраных спраў Вольга Чамаданава. Цалкам чытайце тут>>
Fox News назваў супрацоўніка вірусалягічнай лябараторыі Ўхані нулявым пацыентам COVID-19
Чалавек, які першы заразіўся каранавіруснай інфэкцыяй, працаваў у вірусалягічнай лябараторыі кітайскага гораду Ўхань, адкуль пачалося распаўсюджваньне хваробы па ўсім сьвеце. Пра гэта паведамляе канал Fox News са спасылкай на некалькі крыніцаў, знаёмых з рашэньнямі ўладаў Кітая на раньніх этапах эпідэміі. Ва Ўхані разьмешчаны адзін з найбуйнейшых вірусалягічных цэнтраў краіны, сэртыфікаваны для працы з самымі небясьпечнымі вірусамі. Падрабязьней тут
«Калі тэмпэратура, будзем вяртаць назад». У Пінску на Вялікдзень вырашылі закрыць горад
На ўездах у горад будуць стаяць патрулі з праваахоўнікаў і мэдыкаў, якія правераць усіх прыежджых. Прыежджых з падвышанай тэмпэратурай у Пінск ня пусьцяць. А гараджан папрасілі на сьвяты не выяжджаць зь Пінску, «асабліва ў Лунінецкі раён».
«Калі нейкі транспарт будзе ісьці пасажырскі з нумарамі іншага рэгіёну, то прэтэнзій ня будзе. Калі раптам нехта ўсё ж вырашыў прыехаць, — кажа кіраўніца аддзелу ідэалягічнай працы Пінскага райвыканкаму Валянціна Кулак. — Але калі тэмпэратура будзе ў чалавека (павышаная. — РС), альбо, магчыма, ён у сьпісе кантактаў 1 ці 2 узроўню, то такія людзі, натуральна, будуць вяртацца назад».
Паводле чыноўніцы, мэдыкі на пастах будуць мець сьпісы кантактаў 1 і 2 узроўняў, а таксама спэцыяльныя інструкцыі па праверцы патэнцыйных носьбітаў каранавірусу. Кантроль плянуецца праводзіць на ўзор таго, які дзейнічае цяпер на дзяржаўных межах Беларусі. Цалкам чытайце па спасылцы>>
«Каранавірус — расьпіяраны шарык з рожкамі». Хімік з Акадэміі навук пра паніку, карантын і беларускую навуку
У інтэрвію Свабодзе навуковы супрацоўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі адказвае тым, хто вінаваціць мэдыкаў у нібыта спробах схаваць праўду пра каранавірус, і тлумачыць, чаму думкі пра жорсткі карантын трэба зьбіваць, як небясьпечную тэмпэратуру.
Сьцісла:
- Пазамінулая зіма па сьмерцях відавочна выбіваецца ў апошнім дзесяцігодзьдзі. Але рэакцыя ўрадаў і простых грамадзянаў была зусім іншай
- Фармулёўка прычыны сьмерці залежыць у большай ступені ад шпітальных адміністрацыяў (якія ў рознай ступені залежаць ад чынавенства ў розных дзяржавах), чым ад саміх дактароў
- Парады, якія, магчыма, вельмі карысныя ў іншых краінах, мала што мяняюць тут
- Думка пра татальны карантын ва ўмовах сучаснай Беларусі мяне палохае
- Чалавек можа быць значна небясьпечнейшым за хваробу
Цалкам чытайце па спасылцы.
Бязь мітынгаў і канцэртаў. У Берасьці зьмянілі праграму сьвяткаваньня Дня Перамогі
Берасьцейскі гарвыканкам у сувязі з эпідэміяй каранавірусу скарэктаваў плян мерапрыемстваў да Дня Перамогі 9 траўня, паведаміў 16 красавіка на брыфінгу старшыня выканкаму Аляксандар Рагачук.
«Я думаю, мы нікому забараняць у крэпасьць прыходзіць ня будзем, гэта абсалютна не патрыятычна і не па-чалавечы. Але арганізоўваць калёну, нейкія масавыя мерапрыемствы, мітынгі таксама, зь вялікай доляй верагоднасьці, ня будзем», — сказаў Аляксандар Рагачук.
Паводле яго, раней у Берасьця былі «грандыёзныя пляны па правядзеньні сьвята» 75-годзьдзя Перамогі, але ад іх давялося адмовіцца ў сувязі з каранавірусам.
Парад замест лекаў
Беларускія вэтэраны ня маюць адзінства ў стаўленьні да мэтазгоднасьці параду на Дзень перамогі. Кіраўнікі Беларускай арганізацыі вэтэранаў выказаліся за правядзеньне ў Менску параду на 9-е мая. Але — ці рэпрэзэнтуе арганізацыя пазыцыю ўсіх вэтэранаў вайны? Чытаць далей
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў пра перанос параду ў гонар 75-годзьдзя перамогі
Прэзыдэнт Расеі падкрэсьліў, што парад і ўсе астатнія мерапрыемствы, якія павінны былі прайсьці 9 траўня, будуць праведзены ў 2020 годзе. Плянаванай даты Пуцін не назваў. Напярэдадні перанесьці парад на іншую дату папрасілі вэтэранскія арганізацыі.
Лукашэнка падпісаў указ пра матэрыяльнае стымуляваньне мэдыкаў
Аляксандар Лукашэнка 16 красавіка падпісаў указ «Аб матэрыяльным стымуляваньні супрацоўнікаў аховы здароўя», піша БелТА.
Дакумэнт прадугледжвае прызначэньне дадатковай штомесячнай надбаўкі за працу ва ўмовах, зьвязаных з інфэкцыйнымі захворваньнямі. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра супрацоўнікаў установаў аховы здароўя, якія аказваюць мэдычную дапамогу пацыентам з інфэкцыямі, а таксама тым, хто працуе ва ўмовах, зьвязаных з інфэкцыямі.
Дакумэнт распрацаваў Савет Міністраў Беларусі.
У Японіі абвешчаная надзвычайная сытуацыя. Кожнаму выплацяць каля 1000 даляраў
У спэцыяльным тэлезвароце прэм’ер-міністар Сіндзо Абэ абвясьціў, што рэжым будзе дзейнічаць як мінімум да 7 траўня. Рашэньне ён патлумачыў тым, што выпадкі заражэньня каранавірусом былі выяўленыя за межамі прэфэктураў, у якіх надзвычайная сытуацыя была ўведзена раней. Па словах прэмʼера, для спыненьня росту колькасьці заражэньняў Японія павінна дамагчыся 80-адсоткавага скарачэньня сацыяльных кантактаў. На час рэжыму надзвычайнай сытуацыі ўрад будзе выплачваць кожнаму грамадзяніну краіны каля тысячы далараў у месяц. Больш падрабяза тут
«Раней, чым думаюць пэсымісты». Спэцыяліст па вакцынах пра COVID-19
Расейская служба Свабоды пагутарыла з Канстанцінам Чумаковым. Гэта намесьнік дырэктара ў навуцы аддзелу вакцынаў Food and Drug Administration (FDA, Упраўленьне санітарнага нагляду за якасьцю харчовых прадуктаў і мэдыкамэнтаў), прафэсар Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона і Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША). Канстанцін Чумакоў удзельнічае ў дасьледаваньні бясьпекі і эфэктыўнасьці вакцынаў, якія атрымліваюць ухваленьне на допуск на рынак у ЗША.
Клінічныя выпрабаваньні неўзабаве пачнуцца ў Нью-Ёрку і ў Балтыморы на базе Інстытуту вірусалёгіі чалавека пры мэдычнай школе Мэрылэнду. Больш падрабязна тут
Навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 16 красавіка
- На вечар 16 красавіка ў сьвеце зафіксавалі звыш 2 мільёнаў 165 тысяч выпадкаў COVID-19: 668 тысяч у ЗША, 182 тысячы у Гішпаніі, 168 тысяч у Італіі, амаль 165 тысяч у Францыі, 135 тысяч у Нямеччыне, 103 тысячы ў Вялікай Брытаніі, 82 тысячы ў Кітаі, 77 тысяч у Іране, 74 тысячы ў Турэччыне.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 16 красавіка, пацьверджаныя 42043 выпадкаў COVID-19, памерлі 40 чалавек, за суткі выяўленыя 476 новых выпадкаў. Сярод хворых на COVID-19 — 116 дзяцей.
- Пуцін перанёс парад праз пандэмію каранавірусу.
- Урад Беларусі зьвярнуўся да Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця па дапамогу 1 млрд даляраў на падтрымку прадпрыемстваў ва ўмовах эканамічнага крызісу на фоне пандэміі.
- На ўезьдзе ў Пінск будуць дзяжурыць мэдыкі і ДАІ. Яны будуць глядзець, ці няма ў людзей сымптомаў каранавірусу, а таксама сачыць за тым, каб кантакты 1 і 2-га ўзроўняў не парушалі правілаў самаізаляцыі.
- Лікёра-гарэлачныя заводы ў кожнай з шасьці абласьцей наладзілі выпуск дэзынфэкцыйных сродкаў.
- Прафэсар Унівэрсытэту Джорджа Вашынгтона і Мэрылэндзкага ўнівэрсытэту (ЗША) Канстанцін Чумакоў лічыць, што вакцына будзе выпрацаваная ня хутка, алке «раней, чым мяркуюць аптымісты».
- Украінскія эпідэміёлягі сьцьвярджаюць, што, калі б ўлады спазьніліся з рашэньнем аб увядзеньні агульнанацыянальнага карантыну, сытуацыя магла б разьвівацца паводле «гішпанскага» сцэнару.
- Міжнародны зьвяз канькабежцаў скасаваў шэраг спаборніцтваў 2020 году праз пандэмію каранавірусу — чэмпіянат сьвету ў шорт-трэку, чэмпіянат сьвету ў фігурным катаньні і чэмпіянат сьвету ў сынхронным катаньні.
- Чалавек, які першы заразіўся каранавіруснай інфэкцыяй, працаваў у вірусалягічнай лябараторыі кітайскага гораду Ўхань, адкуль пачалося распаўсюджваньне хваробы па ўсім сьвеце, паведамляе канал Fox News са спасылкай на некалькі крыніцаў, знаёмых з рашэньнямі ўладаў Кітая на раньніх этапах эпідэміі.
- У Берасьці зьмянілі праграму сьвяткаваньня Дня Перамогі. Арганізоўваць калёну, нейкія масавыя мерапрыемствы, мітынгі таксама, зь вялікай доляй верагоднасьці, ня будзем», — сказаў старшыня выканкаму Аляксандар Рагачук.
Лічбы на раніцу 17 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі звыш 2,18 мільёна выпадкаў COVID-19: 678 тысяч у ЗША, 185 тысяч у Гішпаніі, 169 тысяч у Італіі, 165 тысяч у Францыі, звыш 137,5 тысячы ў Нямеччыне, 103 тысячы ў Вялікай Брытаніі, звыш 83 тысяч у Кітаі, 78 тысяч у Іране, 74 тысячы ў Турэччыне.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 146 847 чалавек. Зь іх 34 641 у ЗША, 22 170 у Італіі, 19 315 у Гішпаніі, 17 920 у Францыі, 13 729 у Вялікай Брытаніі, 4869 у Іране, 4857 у Бэльгіі, 4632 у Кітаі.
- Выпісалі 547 775 пацыентаў, якія ачунялі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,43 млн, зь іх каля 57 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 16 красавіка, пацьверджаныя 4204 выпадкі COVID-19, памерлі 40 чалавек, за суткі выяўлена 476 новых выпадкаў. Колькі шпіталізаваных, колькі выпраўленых на лячэньне дамоў і колькі выпісалі здаровымі, паведамляць перасталі. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
Беларусы Канады сабралі $7000 для беларускіх шпіталяў
Усе сабраныя Згуртаваньнем Беларусаў Канады сродкі пойдуць на падтрымку ініцыятыўнай групы ByCovid19, якая арганізавала тэрміновы збор для дапамогі мэдыкаў у Беларусі.
Збор сродкаў пачаўся тыдзень таму. Як паведаміла старшыня Згуртаваньня Беларусаў Канады Алена Лявончанка, сродкі ўжо ў дарозе ў Беларусь.
«Ужо зроблены банкаўскі перавод актывістам Bycovid19, на гэтыя грошы будуць закупленыя бескантактныя тэрмомэтры і пульсаксымэтры для беларускіх шпіталяў. Кампанія працягваецца — разам мы пераможам!», — напісала яна на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.
Дарэчы, Алена Лявончанка, навуковец, якая ў 2008-2011 гадах яна займалася дасьледаваньнямі структурнай біялёгіі каранавірусаў ва Ўнівэрсытэце Таронта (UofT).
У ЭЗ ствараюць чарговы фонд процідзеяньня наступствам каранакрызісу. Ужо ёсьць $25 млрд
Група Эўрапейскага інвэстыцыйнага банка стварае Эўрапейскі гарантыйны фонд процідзеяньня COVID-19 на 25 мільярдаў даляраў – такое рашэньне прыняла Рада дырэктараў банка 16 красавіка.
Чакаецца, што фонд будзе служыць «ахоўным шчытом» для эўрапейскіх кампаній, якім пагражае недахоп ліквіднасьці і створыць шэраг паслуг, якія будуць адказваць патрабаваньням рынку і выклікам, якія стварае крызіс.
«Фонд дасьць Групе ЭІБ пашырыць сваю падтрымку эўрапейскіх кампаній на дадатковыя 200 мільярдаў эўра – з фокусам на сярэдні і малы бізнэс. Гарантыйны фонд прадугледжвае ўнёскі ад усіх 27 дзяржаў-чальцоў ЭЗ і таксама будзе адкрыты для ўзносаў ад трэціх бакоў, напрыклад, бюджэту ЭЗ», – гаворыцца ў заяве банка.