Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

21:29 11.4.2020

Тлумачым, як працуюць апараты штучнай вэнтыляцыі лёгкіх і чаму яны цяпер найбольш запатрабаваныя

21:37 11.4.2020

САЗ раіць спыніць масавыя імпрэзы ў Беларусі; больш за 2 тысячы сьмерцяў праз каранавірус за суткі ў ЗША. Вынікі 11 красавіка

Мы сабралі для вас навіны зь Беларусі і сьвету, датычныя каранавірусу, за 10 красавіка.

  • ЗША сталі першай краінай у сьвеце, дзе за суткі ад каранавірусу памерлі больш за 2 тысячы чалавек.
  • Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп падпісаў дакумэнт, паводле якога змогуць уводзіць візавыя санкцыі супраць краінаў, якія не вывозяць сваіх грамадзян ці зацягваюць працэс эвакуацыі падчас пандэміі каранавірусу.
  • Сусьветная арганізацыя здароўя рэкамэндуе спыніць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі і адмовіцца ад масавых збораў людзей, сказаў прадстаўнік САЗ Патрык О’Конар на брыфінгу ў Менску. Прадстаўнікі САЗ таксама выказалі дапушчэньне, што змаганьне з каранавірусам можа працягнуцца яшчэ 12–18 месяцаў.
  • У Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня медыцынскіх работнікаў, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік на брыфінгу ў Менску. Ён дадаў, што штучная вэнтыляцыя лёгкіх у Беларусі цяпер праводзіцца 111 пацыентам з пнэўманіяй.
  • У рэанімацыі Пінскай раённай лякарні памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч. У яго раней бралі тэст на каранавірус.
  • На каранавірус у Беларусі захварэлі 2226 чалавек, 23 чалавекі памерлі, паводле афіцыйнай інфармацыі Міністэрства здароўя.
  • Краіны-суседзі Беларусі працягнулі карантынныя захады ў сувязі з каранавірусам, у тым ліку, падоўжылі тэрмін, калі нельга прыяжджаць іншаземцам.
  • Беларуская праваслаўная царква раіць хворым людзям не хадзіць у храмы і ўхваляе паводзіны тых, хто перайшоў у самаізаляцыю для прафіляктыкі.

08:55 12.4.2020

Лічбы на раніцу 12 красавіка

  • У сьвеце зафіксавалі каля 1,78 мільёна выпадкаў COVID-19: 533 тысячы ў ЗША, 163 тысячы ў Гішпаніі, 152 тысячы ў Італіі, 130 тысяч у Францыі, 125 тысяч ў Нямеччыне, 83 тысячы ў Кітаі, каля 79 тысяч у Вялікай Брытаніі, 70 тысяч у Іране, 52 тысячы ў Турэччыне.
  • Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 108 838 чалавек. Зь іх 20 580 у ЗША, 19 468 у Італіі, 16 606 у Гішпаніі, 13 832 у Францыі, 9875 у Вялікай Брытаніі, 4357 у Іране, 3343 у Кітаі.
  • Выпісалі 404,5 тысячы пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,27 млн, зь іх 50,5 тысячы ў цяжкім стане.
  • У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 11 красавіка, пацьверджаны 2226 выпадкаў COVID-19, памерлі 23 чалавекі, выпісаныя здаровымі 172 пацыенты, за суткі выяўленыя 245 новых выпадкаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ. Мінздароўя не залічвае ў памерлых ад COVID-19 тых, у каго вірус «элімінавалі», а яны ўсё роўна памерлі.
09:30 12.4.2020

Пляны на пуск БелАЭС: першы энэргаблёк у ліпені, першая энэргія ў верасьні-кастрычніку

Фізычны пуск першага энэргаблёку Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы арыентуюць на ліпень 2020 году, а «энэргетычны пуск», калі з АЭС пачне паступаць электрычнасьць, чакаюць у верасьні-кастрычніку 2020 году.

Пра гэта ў эфіры дзяржаўнага тэлеканалу АНТ расказаў міністар энэргетыкі Віктар Каранкевіч. Даты ён называў ня як дакладныя, а як прыблізныя. Ён адзначыў, што графік могуць яшчэ скарэктаваць, і на новыя ўмовы будуць «глядзець і апэратыўна рэагаваць».

09:33 12.4.2020

«Цемра эпідэміі ахапіла зямлю». Мітрапаліт Кандрусевіч згадаў пра каранавірус у велікодным пасланьні

Да вернікаў з адмысловым пасланьнем зьвярнуўся старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. У звароце ён адзначыў, што Вялікдзень — гэта сьвята веры і надзеі на вечнае жыцьцё. А таксама згадаў пра пандэмію каранавірусу.​

«Гэтая ісьціна. Пра яе мы, хрысьціяне, павінны заўсёды памятаць і ёю жыць. Яе актуальнасьць падкрэсьлівае таксама і выкліканая пандэміяй каранавірусу сытуацыя, у якой уваскрашэньне Хрыстова зьяўляецца промнем надзеі, нават насуперак надзеі. Як Ісус выйшаў з цёмнай магілы жывым, так і мы верым, што дзякуючы Богу, намаганьням лекараў і тых, хто нясе адказнасьць за грамадзкі парадак, якім мы бязьмерна ўдзячныя за іх ахвярнае служэньне, гэтак жа зможам пасьпяхова выйсьці з цемры эпідэміі, якая ахапіла зямлю, у сьвет жыцьця».

Чытаць далей >>

10:10 12.4.2020

ЗША выйшлі на першае месца ў сьмерцях ад COVID-10. Ва ўсіх штатах рэжым «буйнога бедзтва»

У Злучаных Штатах колькасьць памерлых ад COVID-19 перавысіла 20 тысяч 11 красавіка — ЗША абагналі ў гэтым паказьніку Італію і выйшлі на першае месца ў сьвеце. Пры тым колькасьць інфікаваных і памерлых у ЗША пастаянна расьце, але колькасьць штодзённых новых выпадкаў стабілізавалася на ўзроўні 30–34 тысячаў, колькасьць штодзённых сьмерцяў ад каранавірусу — на ўзроўні каля 2 тысячаў.

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп 11 красавіка зацьвердзіў дэклярацыю «буйнога бедзтва» для штату Ваёмінг — як адзначае CNBC, упершыню ў гісторыі ЗША ўсе штаты атрымалі такія дэклярацыі. Яны дазваляюць уладам штатаў атрымаць сродкі фэдэральнага ўраду на барацьбу з інфэкцыяй.

Таксама Трамп зацьвердзіў фінансаваньне цэлага комплексу захадаў для дапамогі Італіі, якая цяпер на трэцім месцы ў колькасьці інфікаваных і на другім паводле памерлых. Як піша «Голас Амэрыкі», падтрымка будзе аказаная ў тым ліку міжнародным і грамадзкім арганізацыям, многія з якіх ужо аказваюць дапамогу італьянцам, а вайскоўцы з ЗША дапамогуць італьянцам разгортваць палявыя шпіталі. Дзяржаўны сакратар Майк Пампэо адзначыў, што комплекс захадаў ня толькі дапаможа італьянскаму народу і аднаўленьню італьянскай эканомікі, але і падтрымае сусьветныя гандлёвыя і лягістычныя ланцугі.

11:00 12.4.2020

Каралева Брытаніі ўпершыню выступіла з пасланьнем на Вялікдзень: «Каранавірус нас не пераможа»

У звароце да нацыі 11 красавіка каралева Вялікай Брытаніі Елізавета ІІ зьвярнула ўвагу на сытуацыю з пандэміяй каранавірусу.

Каралева адзначыла, што для многіх Вялікдзень сёлета будзе не такім, як звычайна, але гэтая сьвята патрэбнае «як ніколі». Яна падкрэсьліла, што, «знаходзячыся на бясьпечнай дыстанцыі адзін ад аднаго, мы трымаем у бясьпецы іншых». Каранавірус, казала яна, не дазволіць адзначыць Вялікдзень разам, але няздольны адмяніць само сьвята.

Елізавета ІІ згадала традыцыю запальваць сьвечы на рэлігійныя сьвяты як знак перамогі сьвятла над цемрай. Традыцыя, казала яна, зразумелая любой культуры і апэлюе да людзей любой веры і бязь веры, яднае людзей.

«Хай жывое полымя надзеі на Вялікдзень будзе пастаянным правадніком у нашую будучыню», — сказала каралева брытанцам.

93-гадовая каралева запісвала аўдыёпасланьне ў адзіноце, з гукаінжынэрам у суседнім пакоі. Тыдзень таму яна зьвярталася да брытанцаў з тэлевізійным пасланьнем у сувязі з каранавірусам.

11:44 12.4.2020

Ужо 26 памерлых. У Беларусі прызналі 2578 выпадкаў COVID-19, плюс 352 выпадкі за дзень

Паводле міністэрства, на раніцу 12 красавіка ў Беларусі:

  • 2578 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі зарэгістраваныя з пачатку эпідэміі;
  • 50 зь іх маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
  • 203 зь іх выздаравелі;
  • 26 зь іх памерлі
  • 352 новыя выпадкі зарэгістраваныя за дзень;
  • «у большай часткі пацыентаў хвароба працякае ў лёгкай або сярэдняй форме»;
  • ад пачатку эпідэміі зрабілі звыш 64 тысячаў тэстаў на каранавірусную інфэкцыю.

Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 2226 выпадкаў каранавірусу, 172 ачунялых і 23 памерлых. 11 красавіка місія Сусьветнай арганізацыі здароўя на брыфінгу расказала пра вынікі вывучэньня сытуацыі ў Беларусі, заклікала да дадатковых захадаў дыстанцыянаваньня і да скасаваньня масавых мерапрыемстваў, а таксама да «падрыхтоўкі да найгоршых сцэнароў».

11:59 12.4.2020

«Пахавалі ў закрытай труне». У Шуміліна першая сьмерць ад СOVID-19

Сын захварэлага Юрыя Магера Аляксандар паведаміў Свабодзе, што яго бацька памёр 10 красавіка. Пахаваньне адбылося 11 красавіка, хавалі Юрыя ў закрытай труне.

«Як бацька мог заразіцца, я ня ведаю, — расказвае сын памерлага. — Ён меў хворыя ныркі. І яго зь мясцовага шпіталя вазілі ў Віцебск на дыяліз, на мэдыцынскім аўтамабілі. Разам зь ім вазілі аналізы (хворых на каранавірус. — РС) ў Віцебск. Бацька асабліва нікуды не выходзіў з дому, ён меў інваліднасьць».

Аляксандар расказвае, што з бацькам бачыўся апошні раз 14 сакавіка. Яшчэ ў канцы сакавіка Юры Магер адчуваў сябе нармальна.

«Бацька нечым на дачы займаўся, працаваў, а ўвечары высокая тэмпэратура і яго адразу забралі, зрабілі аналіз, — працягвае Аляксандар. — Аналіз у маці таксама станоўчы, яна цяпер у шпіталі ў Шуміліна. Яе адразу ў Обаль вазілі, потым у Гарадок. У выніку назад у Шуміліна вярнулі. Мяне тады не было тут, я зьяжджаў у Расею. Калі бацька быў у шпіталі, мы размаўлялі па вайбэры. Ён такі чалавек, які заўсёды гаворыць, што ўсё нармальна, што ўсё добра».

Юрыю Магеру было 60 гадоў. Намесьніца старшыні Шумілінскага райвыканкама Ірына Шалахава, якая ўваходзіць у мясцовы штаб барацьбы з распаўсюдам эпідэміі, камэнтаваць першы выпадак сьмерці ў Шумілінскім раёне адмовілася.

12:42 12.4.2020

«Не хачу, каб яны заразіліся». Дзеці беларускіх мэдыкаў заклікалі заставацца дома

Youtube-канал Ірыны Ражко тыдзень таму публікаваў зварот беларускіх мэдыкаў, у якім яны прасілі падтрымкі: максымальна абмежаваць кантакты насіць маскі, пераканаць пажылых заставацца дома. Цяпер на канале зьявіўся зварот дзяцей мэдыкаў, якія просяць выконваць рэкамэндацыі, каб іхныя бацькі не заразіліся.

12:47 12.4.2020

Узбэкістан перадаў Беларусі груз дапамогі супраць каранавірусу

Ноччу 12 красавіка самалёт з Ташкенту даставіў у Менск груз з мэдычнымі маскамі, рэсьпіратарамі і камбэзамі, паведамляе дзяржаўны тэлеканал АНТ. Дапамогу выправілі на даручэньне кіраўніка Ўзбэкістану Шаўката Мірзіёева. Аб’ёмы дапамогі не ўдакладняюцца.

Ва Ўзбэкістане на момант публікацыі афіцыйна зарэгістравалі 796 выпадкаў новага каранавірусу і 4 сьмерці хворых на COVID-19. Цяпер там прызнана ў 11 разоў менш выпадкаў на душу насельніцтва, чым у Беларусі.

13:17 12.4.2020

У Вільні закрылі занадта папулярны парк сакуры

У Літве на 12 красавіка вядома пра 1053 выпадкі новага каранавірусу, ад COVID-19 памерлі 23 чалавекі. У краіне абвясьцілі карантын да 27 красавіка, але некаторыя яго парушаюць: зьбіраюцца больш як па два ў грамадзкіх месцах.

Адным з самых папулярных аказаўся парк сакуры, што на паўночным захадзе ад гістарычнага цэнтру Вільні. Намесьнік дырэктара адміністрацыі Вільні Адомас Бужынскас паведаміў 11 красавіка, што парк давядзецца закрыць.

Паводле яго, плыні людзей і транспарту ў Вільні штодзен адсочваюць і аналізуюць, у тым ліку з выкарыстаньнем бесьпілётнікаў Гэта дазволіла пазьбегнуць закрыцьця паркаў, бо людзі там выконвалі рэкамэндацыі аб дыстанцыянаваньні «і толькі ў выключных выпадках не рэагавалі на гукавыя папярэджаньні дронаў».

Ды парк сакураў кантраляваць не ўдавалася — ён надта вялікі, а «імкненьне рабіць сэлфі большае за нашыя высілкі», і «ні дроны, ні дзяжурныя афіцэры на месцы ня выцягнуць людзей адтуль».

13:18 12.4.2020

Сярод суседзяў Беларусі ў Літве цяпер найбольшы распаўсюд каранавірусу на душу насельніцтва

Статыстыка на 12 красавіка такая:

  • Літва — 1053 выпадкі COVID-19, каля 387 выпадкаў на мільён жыхароў, памерлі 23 чалавекі;
  • Латвія — 651 выпадак, каля 345 на мільён, памерлі 5;
  • Беларусь — 2578 выпадкаў, каля 274 выпадкаў на мільён, памерлі 26;
  • Польшча — 6356 выпадкаў, каля 168 на мільён, памерлі 208;
  • Расея — 15 770 выпадкаў (і рэкордныя 2186 новых выпадкаў за адзін дзень), каля 108 на мільён, памерлі 130;
  • Украіна — 2777 выпадкаў, каля 63 выпадкаў на мільён, памерлі 83.

Украіна застаецца на апошнім месцы ў Эўропе паводле выяўленых выпадкаў COVID-19 на душу насельніцтва, але там дзейнічаюць карантынныя захады, да 24 красавіка скасаваныя заняткі ва ўстановах адукацыі і масавыя мерапрыемствы. Як і ў Літве, выходзіць на вуліцу там не забараняюць.

14:59 12.4.2020

3,5 млн масквічоў не сядзелі ў «самаізаляцыі». Зараз будзе «прапускны рэжым»

Ад 15 красавіка ў Маскве ўводзяць «прапускны рэжым» — у расейскай сталіцы прыпыняюць працу некрытычных прадпрыемстваў і арганізацыяў, выдаюць адмысловыя пропускі для перасоўваньня па горадзе. Да таго, сьцьвярджаюць улады, шмат людзей не прытрымлівалася «хатняга рэжыму ізаляцыі».

Фармальна ў Маскве раней не абвяшчалі татальны карантын у сувязі з пандэміяй каранавірусу, але «рэжым хатняй ізаляцыі» быў абавязковым, а парушальнікаў штрафавалі.

Ды, як сьцьвярджае маскоўскі апэратыўны штаб барацьбы з каранавірусам, на 10 красавіка 3,5 млн чалавек выходзілі з дому на больш як 6 гадзінаў, і толькі 4,4 млн знаходзіліся дома. Паводле штабу, гэтыя 3,5 млн нясуць пагрозу заражэньня 6–9 млн сваіх сяброў і родных.

Зьвесткі сабралі праз аналітыку геалякацыі ад сотавых апэратараў. Колькі людзей агулам прааналізавалі, не ўдакладняецца. Але насельніцтва Масквы — каля 12,7 млн чалавек (паводле падлікаў «Росстат»), што значыць, што працяглы час не былі дома каля 27,6% масквічоў.

16:10 12.4.2020

Борыса Джонсана выпісалі са шпіталя пасьля лячэньня ад COVID-19

Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Борыс Джонсан выпісаны са шпіталя пасьля лячэньня ад каранавіруса COVID-19.

Пра гэта выданьню SkyNews заявіў прадстаўнік прэм’ера. Ён удакладніў, што Джонсан па патрабаваньні лекараў пакуль не вернецца да працы.

Борыс Джонсан лёг у шпіталь Сэнт-Томас у мінулую нядзелю ўвечары пасьля таго, як яго стан пагоршыўся. На наступны дзень яго перавялі ў рэанімацыю.

18:32 12.4.2020

«Практычна мы ня можам прадаваць віно». У Грузіі праз каранавірус запаволілася вінавытворчасьць

У Грузіі з прычыны пандэміі пачалі менш вырабляць віна. Адны прадпрыемствы скарачаюць вытворчасьць, іншыя — зусім спыняюцца. Рэпартаж Зьвіяда Мчэдлішвілі («Настоящее время»).

Георгі, уладальнік невялікай сямейнай вінаробні, за год вырабляе ад чатырох да пяці тысяч бутэлек віна некалькіх гатункаў. 70% прадукцыі экспартуецца ў Нямеччыну, Нідэрлянды, Чэхію і ЗША.

«Нядаўна да гэтага сьпісу дадалася Польшча. Але віно, якое было адпраўлена туды на экспарт, давялося фактычна з паўдарогі вяртаць назад. Гэта значыць, усё было гатова, дакумэнты былі ў парадку, але віно давялося вярнуць з прычыны цяперашняга крызісу ў сьвеце», — кажа Георгі Гвардзэлашвілі.

Паводле яго, большасьць грузінскіх малых вінаробняў прадаюць сваю прадукцыю пераважна за мяжу. А з пачаткам пашырэньня каранавірусу па сьвеце экспарт практычна спыніўся: большасьць пакупнікоў вырашылі перачакаць крызіс.

19:28 12.4.2020

Вялікабрытанію можа чакаць самы змрочны ў Эўропе сцэнар эпідэміі

Экспэрты аднаго з найбуйнейшых дабрачынных фондаў сьвету лічаць, што менавіта Вялікабрытанія можа больш сур’ёзна, чым іншыя эўрапейскія краіны, пацярпець ад

каранавірусу. Ад COVID-19 там ужо памерла амаль 10 тысяч чалавек.

Вялікабрытанія можа стаць эўрапейскай краінай, якая найбольш сур’ёзна пацярпіць ад пандэміі каранавірусу. Так лічаць экспэрты аднаго з найбуйнейшых у сьвеце дабрачынных фондаў Wellcome Trust, які фінансуе мэдычна-біялягічныя дасьледаваньні. Пра гэта дырэктар фонду Джэрэмі Фарара заявіў у нядзелю, 12 красавіка, у інтэрвію мэдыякампаніі Бі-Бі-Сі.

Чытаць падрабязна >>

20:07 12.4.2020

Колькасьць ахвяраў каранавірусу ў Італіі за суткі стала самай нізкай ад 19 сакавіка

Колькасьць памерлых пацыентаў з каранавірусам за суткі ў Італіі склала 431 і стала самай нізкай ад 19 сакавіка. Такія дадзеныя, як паведамляе агенцтва Reuters, падаў у нядзелю Дэпартамэнт цывільнай абароны краіны.

Агульная колькасьць ахвяраў пандэміі ў Італіі дасягнула 19 899. Лік заражаных склаў 156 363 — на 4 092 больш, чым на дзень раней.

Адзначаецца, што цяпер 3 343 пацыенты з каранавірусам застаюцца ў аддзяленьнях інтэнсіўнай тэрапіі. Колькасьць вылечаных за суткі павялічылася да 34 211.

22:39 12.4.2020

САЗ парэкамэндуе краінам беларускі падыход да лячэньня каранавірусу, — Каранік

Сусьветная арганізацыя аховы здароўя будзе рэкамэндаваць сумежным з Беларусьсю краінам беларускі пратакол лячэньня пацыентаў з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімір Каранік у эфіры тэлеканала АНТ, паведамляе БелТА.

«Калі мы абмеркавалі пратакол дыягностыкі і лячэньня пацыентаў з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, яны сказалі, што ён не мае патрэбу ў нейкай карэкцыі. Акрамя таго, яны будуць яго рэкамэндаваць шматлікім сумежным краінам для ўкараненьня тых падыходаў, якія прымяняюцца ў нас па лячэньні гэтых пацыентаў», — сказаў Уладзімір Каранік.

Місія САЗ працавала ў Беларусі з 8 па 11 красавіка і прыбыла ў краіну на запрашэньне Аляксандра Лукашэнкі. Ацэньваліся сытуацыя, захады і падыходы да аказаньня мэдыцынскай дапамогі ў краіне.

22:40 12.4.2020

Каранавірус і алькаголь: як ня сьпіцца падчас карантыну

У Расеі ў апошні тыдзень сакавіка продажы віскі, гарэлкі і піва вырасьлі на 47%, 31% і 25% адпаведна — паводле дадзеных маркетынгавай кампаніі Nielsen, на якую спасылаецца Reuters. У ЗША прыкладна за той самы пэрыяд продажы алькагольнай

прадукцыі падскочылі на 55% у параўнаньні з тым самым пэрыядам летась.

Тая самая тэндэнцыя, паводле дадзеных Nielsen, адзначаная ў Брытаніі і ў Францыі.

Як мяркуюць экспэрты, павышаны попыт на алькаголь выкліканы карантынам, стрэсам, асьцярогамі, што ў крамах скончыцца выпіўка, а таксама памылковым уяўленьнем, што сьпіртное можа дапамагчы не заразіцца каранавіруснай інфэкцыяй. Пандэмія COVID-19, акрамя панічнага скупляньня прадметаў першай неабходнасьці, выклікала яшчэ адну нездаровую тэндэнцыю: амаль ва ўсіх краінах сьвету, дзе няма сухога закону, вырасьлі продажы алькаголю.

Чытаць падрабязна >>

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG