Суседзі Беларусі працягнулі забарону на ўезд замежнікаў
Краіны-суседзі Беларусі працягнулі карантынныя захады ў сувязі з каранавірусам, у тым ліку, працягнулі тэрмін, калі нельга прыяжджаць іншаземцам (выключэньне — кіроўцы грузавога транспарту, дыпляматы і некаторыя іншыя катэгорыі грамадзян), паведамляе БелаПАН.
Паводле інфармацыі, разьмешчанай на сайтах адпаведных дзяржаўных органаў гэтых краін:
у Літву іншаземцы ня змогуць заехаць да 27 красавіка,
у Польшчу — да 3 траўня,
у Латвію — да 12 траўня.
Раней дзейнічала забарона: у Літве — з 16 да 30 сакавіка з працягам да 13 красавіка, у Польшчы — з 15 сакавіка па 24 сакавіка з працягам да 13 красавіка, у Латвіі — з 16 сакавіка да 14 красавіка.
Украінская мяжа зачыненая з 17 сакавіка да 24 красавіка (першапачаткова — да 3 красавіка). Расея ўвяла такую меру на пэрыяд з 18 сакавіка да 30 красавіка.
У сувязі з карантынам дыпляматычныя прадстаўніцтвы Польшчы, Літвы (а таксама візавыя цэнтры гэтых краін) і Латвіі спынілі прыём дакумэнтаў на візы: літоўскае — да 27 красавіка, польскае — да 30 красавіка, латвійскае — да 12 траўня. Візавыя цэнтры Літвы ў Менску і Горадні прымаюць дакумэнты ў кіроўцаў, якія займаюцца грузаперавозкамі.
Беларусь свае межы не зачыняла. Аднак тыя, хто прыяжджае ў краіну абавязаныя два тыдні знаходзіцца на самаізаляцыі.
Праваслаўная царква заклікала хворых вернікаў не хадзіць у храм і ўхваліла прафіляктычную самаізаляцыю
Беларуская праваслаўная царква раіць хворым людзям не хадзіць у храмы і ўхваляе паводзіны тых, хто перайшоў у самаізаляцыю для прафіляктыкі. Сынод БПЦ зьвярнуўся да вернікаў у сувязі з каранавірусам.
У звароце гаворыцца, што колькасьць беларусаў, хворых на каранавірус, перавысіла 1000 людзей, ёсьць памерлыя.
Сынод БПЦ заклікаў сьвятароў і вернікаў строга прытрымлівацца санітарных нормаў, рэкамэндаваных Міністэрствам аховы здароўя Беларусі. Людзям з сымптомамі сэзонных вірусных захворваньняў (падвышаная тэмпэратура цела, насмарк, боль у горле, цяжкасьці з дыханьнем) царква раіць устрымацца ад удзелу ў грамадзкіх набажэнствах, зьвярнуцца да лекараў і строга прытрымлівацца іх указаньняў.
«Сьвецкім, якія дзеля клопату пра здароўе блізкіх пераходзяць на рэжым самаізаляцыі і ў сувязі з гэтым прыпыняюць свой удзел у грамадзкіх набажэнствах на час эпідэміі, такія паводзіны не залічваюцца за грэх», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.
БПЦ нагадала, што ладзяцца онлайн-трансьляцыі набажэнстваў. Кожны можа прыняць удзел у малітве праз інтэрнэт. У звароце адзначана, што цэрквы ня будуць зачыняцца.
Кіраўніцтва БПЦ настойліва рэкамэндуе сьвятарам асьвячаць вербы на Вербніцу і сьвяточныя стравы перад Вялікаднем выключна на тэрыторыі на адкрытым паветры каля царквы.
Вернікаў просяць маліцца, каб спынілася пашырэньне каранавірусу. У цэрквах штодня ў пэўныя гадзіны будуць званіць званы, як заклік да гэтай малітвы. Да таго ж, царква ўхваліла ўсе формы дапамогі лекарам у гэты час.
«Кожны з нас у сытуацыі, якая склалася, закліканы зноўку ўсьвядоміць каштоўнасьць і крохкасьць чалавечага жыцьця. Надышоў час зьяднацца... Зараз вельмі важна, каб кожны пастараўся крыху менш думаць пра сябе і крыху больш клапаціцца пра блізкіх», — гаворыцца ў звароце Сыноду БПЦ.
Мінабароны пакуль не зьбіраецца ні адмяняць, ні пераносіць парад 9 траўня
Варыянты адмены або пераносу ваеннага параду ў гонар Дня Перамогі 9 траўня пакуль не разглядаюцца. Пра гэта Tut.by паведаміў намесьнік міністра абароны Беларусі Сяргей Патапенка.
«Падрыхтоўка да параду ідзе ў плянавым парадку. Пакуль абстаноўка ў нас нармальная, праводзіцца комплекс проціэпідэмічных і лячэбна-прафіляктычных мерапрыемстваў, што забясьпечвае падтрыманьне здароўя ваеннаслужачых на належным узроўні. Пакуль у нас ніякіх праблем з падрыхтоўкай да параду няма», — паведаміў Патапенка ў адказ на пытаньне, ці абмяркоўваюцца варыянты пераносу, адмены або правядзеньня без гледачоў ваеннага параду 9 траўня.
Намесьнік міністра адзначыў, што далей будуць «глядзець па разьвіцьці абстаноўкі».
Міністэрства абароны таксама не плянуе пераносіць або адмяняць вясновы прызыў.
«Не, пакуль нічога не разглядаем, у плянавым парадку плянуем прызываць. Я думаю, будзем глядзець па разьвіцьці сытуацыі. Гэта ў плянавым парадку ідзе», — заявіў генэрал-маёр.
Патапенка паведаміў, што сярод вайскоўцаў ня выяўлена ніводнага выпадку заражэньня на каранавірус.
Аляксандар Лукашэнка раней заяўляў, што ніякія заплянаваныя да сьвяткаваньня Дня Перамогі мерапрыемствы не адмяняюцца, а яго Адміністрацыя шукае рашэньне, пры якім прэзыдэнт зможа ўзяць удзел у сьвяткаваньнях і ў беларускай сталіцы, і ў Маскве.
На каранавірус у Беларусі захварэлі 2226 чалавек, 23 чалавекі памерлі
Ад каранавірусу ў Беларусі выздаравелі 172 чалавека. Міністэрства аховы здароўя Беларусі абнавіла статыстыку па хворых на каранавірус.
Міністэрства аховы здароўя Беларусі паведаміла пра сытуацыю з каранавірусам у Беларусі на 11 красавіка. Інфармацыя апублікаваная ў тэлеграм-канале міністэрства. Каранавірус выявілі ў 2226 чалавека, 23 чалавекі памерлі, 172 — выздаравелі. За суткі плюс 245 новых выпадкаў.
Колькасьць выяўленых выпадкаў COVID-19 у суткі. Адным графікам
За апошнія суткі ў Беларусі выявілі каранавірус у 245 чалавек. Як зьмяняўся графік новых выпадкаў за суткі з пачатку пандэміі.
Першы выпадак захворваньня на каранавірус у Беларусі зафіксавалі 28 лютага. Глядзім, як зьмяняўся графік новых выпадкаў захворваньня.
У Пінску памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч. У яго ўзялі тэст на каранавірус
Раніцай 11 красавіка ў рэанімацыі Пінскай раённай лякарні памёр журналіст «Медиа-Полесье» Васіль Мацкевіч.
У 4.32 раніцы Васіль Мацкевіч напісаў у рэдакцыйны чат, што ён знаходзіцца ў лякарні, паведамляе «Медиа-Полесье».
Аб тым, што ён кепска сабе адчувае журналіст паведаміў яшчэ 9 красавіка.
Факт сьмерці раніцай пацьвердзілі рэдактару сайта Сьвятлане Гарда, на пытаньне аб прычынах сьмерці ў лякарні спаслаліся на таямніцу здароўя.
Дагэтуль пра сьмерць Васіля Мацкевіча паведамілі ягонай сястры.
Таксама рэдактару «Медиа-Полесье» паведамілі ў Пінскім цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі, што будуць праводзіць дэзынфэкцыю офісу рэдакцыі.
У Васіля Мацкевіча ўзялі тэст на каранавірус. Па словах ягонай жонкі Ірыны, гэта адбылося 7-8 красавіка. Сына Васіля – Адама, які кантактаваў з бацькам тры дні таму таксама паклалі ў лякарню. Васілю Мацкевічу было 46 гадоў, ён працаваў на сайце «Медиа-Полесье» з моманту ягонага адкрыцьця.
Хто лічыцца кантактамі 1 і 2 узроўню. Міністэрства аховы здароўя вызначылася з крытэрамі
Міністэрства аховы здароўя Беларусі абвясьціла крытэрыі, паводле якіх людзей будуць лічыць кантактам 1 або 2 узроўню з людзьмі, хворымі на каранавірус. Пастанаўленьне апублікаванае на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Да кантактаў першага ўзроўню адносяцца людзі, якія цесна кантактавалі з чалавекам, хворым на каранавірус, цягам апошніх 14 дзён ад даты апошняга кантакту да даты, калі той атрымаў станоўчы дыягназ COVID-19:
- якія жылі зь ім у адной кватэры, аднакватэрным жылым доме, пакоі (блёку) у інтэрнаце, санаторна-курортнай і аздараўляльнай арганізацыі, установе закрытага тыпу, нумары гатэлю;
- якія вучацца ў адной клясе або групе, пэдагогі ва ўстанове адукацыі;
- калегі, якія працуюць у адным памяшканьні;
- пацыенты, якія знаходзяцца ў адной палаце ў лякарні;
- работнікі арганізацый аховы здароўя, якія аказвалі дапамогу пацыенту і даглядалі за ім без выкарыстаньня камплекту біялягічнай абароны;
- пасажыры, якія знаходзіліся з пацыентам у адным купэ (купэйны, спальны вагон або СВ) і адным адкрытым пасажырскім адсеку (пляцкартны вагон) у цягніку або якія займалі месца ў межах двух шэрагаў крэслаў па суседзтве ад крэсла, дзе знаходзіўся чалавек з COVID-19 у салёне паветраных судоў, мэханічных або іншых транспартных сродкаў.
Да кантактаў другога ўзроўню адносяцца іншыя людзі, якія, магчыма, кантактавалі з чалавекам, хворым на каранавірус, цягам апошніх 14 дзён ад даты апошняга кантакту да даты, калі той атрымаў станоўчы дыягназ COVID-19:
- па месцы жыхарства, часовага прабываньня;
- вучобы, працы, аказаньня мэдычнай дапамогі і інш.;
- работнікі арганізацый аховы здароўя, якія аказвалі мэдычную дапамогу пацыенту і даглядалі за ім з выкарыстаньнем камплекту біялягічнай абароны.
Да таго ж, Міністэрства аховы здароўя ўсталявала парадак, паводле якога шэрагу людзей будуць выдаваць патрабаваньні, як сябе паводзіць і самаізалявацца. Хворым на каранавірус і іхнім кантактам 1 і 2 узроўню гэтыя патрабаваньні будуць афармляць лекары; людзям, што прыбылі з краін, дзе ўжо ёсьць COVID-19, – памежнікі.
Патрабаваньне аб самаізаляцыі афармляюць у двух экзэмплярах. Адзін асобнік цягам содняў перадаюць чалавеку, якому належыць самаізаляцыя, другі – далучаюць да мэдычнай дакумэнтацыі ў паліклініцы.
Google і Apple створаць тэхналёгію, каб адсочваць кантакты людзей з каранавірусам
Гэта не паўплывае на бясьпеку карыстальнікаў і не парушыць іхняга права на недатыкальнасьць асабістага жыцьця, запэўніваюць кампаніі. Праца па запуску новай тэхналёгіі можа заняць некалькі месяцаў, паведамляе РБК.
Google і Apple аб’яднаюцца, каб стварыць тэхналёгію, якая дапаможа выявіць, з кім кантактавалі людзі з каранавірусам. Заявы пра гэта зьявіліся на сайтах абедзьвюх кампаній.
Новая тэхналёгія дапаможа ўладам краінаў стрымаць пашырэньне каранавірусу і дапаможа выявіць кантакты хворага чалавека. Ейны запуск пройдзе ў два этапы.
На першым этапе створаць праграмны інтэрфэйс, які забясьпечыць узаемадзеяньне паміж прыладамі, якія працуюць на Android і iOS. Гэта дазволіць карыстальнікам усталёўваць афіцыйныя прыкладаньні сыстэм аховы здароўя. Гэтую працу кампаніі плянуюць скончыць у траўні.
На другім этапе кампаніі будуць працаваць над адмысловай плятформай на аснове Bluetooth, якая будзе адсочваць кантакты тых, хто захварэў.
«Заява аб прыватнасьці, празрыстасьць і добрая воля маюць першараднае значэньне ў межах гэтай ініцыятывы», — гаворыцца ў паведамленьні кампаній. На рэалізацыю гэтага этапу плянуецца выдаткаваць некалькі месяцаў.
Вынікі візыту Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя ў Беларусь. УЖЫВУЮ
Экспэрты Эўрапэйскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя даюць брыфінг па выніках працы місіі СААЗ, якая праходзіла ў Беларусі з 8 да 11 красавіка.
Кіраўнік Міністэрства аховы здароўя: У Беларусі пацьверджаны 301 выпадак заражэньня мэдыкаў каранавірусам COVID-19
На сёньняшні дзень у Беларусі лябараторна пацьверджаны 301 выпадак заражэньня медыцынскіх работнікаў, паведаміў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.
Паводле яго слоў, больш за ўсё заражаных работнікаў сыстэмы аховы здароўя ў Мінскай і Віцебскай абласьцях.
Большасьць інфіцыраваных знаходзяцца ў здавальняючым стане. Па дадзеных на раніцу 11 красавіка ніхто іх іх не знаходзіцца на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх.
Асноўныя тэзысы прэсавай карфэрэнцыі САЗ і Мінздароўя
- Прадстаўнік САЗ О’Конар: Што да ўвядзеньня карантыну, мы рэкамэндуем дадатковыя меры па фізычнаму дыстанцыяваньню. Гэта не камэнданцкі час. Трэба спыніць грамадзкія мерапрыемствы.
- Уладзімер Каранік: У нас праводзіцца пастаянна аналіз і прагназаваньне сытуацыі.
- 3,5 тысячы адзінак апаратаў для падтрымкі працы лёгкіх ёсьць у краіне.
- На сёньня задзейнічана 111 апаратаў ШВЛ, але гэта і пацыенты з каранавірусам, і з пнэўманіямі.
Супрацьэпідэміялягічныя мерапрыемствы якія праводзяцца ў Беларусі, зьніжаюць хуткасьць распаўсюджваньня каранавірусу па краіне, заявіў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.
Адной з дзейсных мер кіраўнік Міністэрства аховы здароўя лічыць самаізаляцыю. Аднак, паводле яго слоў, не ўсе грамадзяне гатовыя выконваць яе ўмовы. «Падчас праверкі, мы выявілі, што да 15% людзей самаізаляцыю не выконваюць. Мы не маглі знайсьці іх дома на працягу сутак, — адзначыў ён. — Таму мы ўвялі меры адказнасьці».
САЗ пра парад у Менску: мы рэкамэндуем спыніць масавыя мерапрыемствы і масавыя зборы людзей
Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе спыніць масавыя мерапрыемствы ў Беларусі, сказаў прадстаўнік СААЗ О’Конар, адказваючы на пытаньне пра тое, як арганізацыя ставіцца да правядзеньне ў Менску вайсковага параду.
"Як ужо казалася раней, мы ўваходзім у новую фазу эпідэміі, успышкі і барацьбы зь ёй, — сказаў О’Конар. — Паўтаруся, што нашыя рэкамэндацыі па выніках гэтай місіі [ ] накіраваныя на спыненьне масавых мерапрыемстваў і масавых збораў людзей. Гэта тое, пра што цяпер у першую чаргу варта задумацца. Паколькі мы ўступаем у даволі цяжкія часы з новай дынамікай росту выпадкаў, таму трэба пільна падыходзіць да таго, якім чынам мы можам забясьпечыць, што сыстэма аховы здароўя ня будзе перагружаная і якім чынам мы зможам запаволіць распаўсюд (COVID-19 — РС).
Каранік: Тэставаньне на COVID-19 на платнай аснове можа быць зроблена пры наяўнасьці магчымасьцяў
Калі ў беларускай сыстэмы аховы здароўя зьявяцца рэзэрвовыя магутнасьці, у краіне можа быць укаранёна тэставаньне на платнай аснове для ўсіх жадаючых, паведаміў міністар аховы здароўя Уладзімір Каранік на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.
Кіраўнік місіі САЗ: Беларусі трэба прыкласьці больш намаганьняў для распаўсюджваньня дадзеных аб сытуацыі з каранавірусам
Беларусі трэба прыкладаць больш намаганьняў для распаўсюджваньня дадзеных аб сытуацыі з каранавірусам, паведаміў кіраўнік місіі эўрапейскага рэгіянальнага бюро САЗ Патрык О’Конар на брыфінгу ў Менску 11 красавіка.
Паводле яго слоў, гэта трэба для таго, каб у выпадку неабходнасьці ўвядзеньня нейкіх новых мер насельніцтва разумела, дзеля чаго гэта робіцца. «Дадзеныя павінны быць адкрытыя і зразумелыя, паведамленыя простай мовай», — адзначыў ён.
Каля 1000 чалавек ляжаць з пнэўманіяй у Віцебску. Летась было 600
Штогод у канцы эпідэмічнага сэзону мэдыкі назіраюць павелічэньне колькасьці пнэўманій. Аднак сёлета ў Менску, Віцебску і Віцебскай вобласьці пнэўманій болей чым звычайна. Гэта зьвязаны ў тым ліку і з каранавіруснай пнэўманіяй.
Пра гэта паведаміў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік падчас прадстаўленьня справаздачы Сусьветнай арганізацыі здароўя па сытуацыі з COVID-19 у Беларусі.
«Па Віцебску каля тысячы пнэўманій на сёньня, — сказаў міністар. — За летась пікавае значэньне па Віцебску было ў раёне 600». Па яго словах, рост пнэўманій зьвязаны таксама і зь цёплай зімой, бо праз гэта эпідэмічны ўздым пасунуўся на больш позьні пэрыяд.
6 каранавірусаў на адну сям’ю, бацька памёр. Паразмаўлялі з хлопцам, які адкрыта распавядае пра сваю хваробу
Яшчэ нядаўна Дзьмітры Касьцючэнка жыў звычайным жыцьцём: хадзіў у краму, на вуліцу і трэніроўкі. Але раптам усё зьмянілася. Цяпер хлопец ляжыць у шпіталі з каранавіруснай інфэкцыяй і вядзе Тэлеграм-канал пра сваю хваробу. Яго дзяўчына Ганна і яе маці чакаюць вынікаў аналізу, а бацька каханай памёр праз каранавірус 3 красавіка.
Мельянцоў: Перад пагрозай голаду беларус пойдзе не на плошчу, а пасадзіць утрая больш бульбы
Палітоляг, каардынатар рады ў міжнародных дачыненьнях ініцыятывы «Менскі дыялёг» Дзяніс Мельянцоў пра антрапалягічны сэнс пандэміі.
- Карантынныя меры на буйных прадпрыемствах Беларусі прывядуць да каляпсу эканомікі
- Гуманнасьць — яна звычайна для мірнага сытага часу. У складаныя часы дамінуе лёгіка выжываньня
- У выпадку, калі эпідэмія набудзе катастрафічныя маштабы, менавіта прэзыдэнт у вачах беларусаў будзе несьці пэрсанальную адказнасьць за сьмерці людзей
- І Захад, і Расея, і Кітай выйдуць з эпідэміі настолькі аслабленымі, што ім будзе не да вайны
- Узрасьце расчараваньне інтэграцыяй і глябалізацыяй
Чэскі экспэрт перасьцерагае ад хуткага вяртаньня да «нармальнага жыцьця»
Чэскі біёляг і паразытоляг Яраслаў Флегр перасьцерагае чэскіх палітыкаў, што хуткае вяртаньне да «нармальнага жыцьця» пасьля таго, як колькасьць заражэньняў каранавірусам пачне паніжацца, можа каштаваць шмат чалавечых жыцьцяў, якія можна ўратаваць, захоўваючы цяперашнія абмежаваньні грамадзкага жыцьця і карантынныя правілы.
«Мы павінны быць надзвычай асьцярожнымі, што тычыцца таго, як хутка ўпусьціць вірус у нашу папуляцыю», — сказаў Флегр інтэрнэт-рэсурсу Aktualne.cz.
ЗША увядуць візавыя санкцыі супраць краін, якія зацягваюць эвакуацыю
ЗША змогуць уводзіць візавыя санкцыі супраць краінаў, якія не вывозяць сваіх грамадзян ці зацягваюць працэс эвакуацыі падчас пандэміі каранавірусу.
Адпаведны дакумэнт падпісаў прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Абмежаваньні будуць адмяняцца, калі краіны адновяць вываз сваіх грамадзян, гаворыцца ў мэмарандуме.