Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:25 10.4.2020

У бацькі рэжысэра Курэйчыка каранавірус. Ён адпачываў у санаторыі для міліцыянтаў

«Гэтай сытуацыі магло б ня быць. Калі б быў нармальны карантын у краіне, санаторыі павінны былі б быць закрытыя», — кажа рэжысэр Андрэй Курэйчык.

Уладзімер Курэйчык, бацька беларускага рэжысэра Андрэя Курэйчыка, захварэў на каранавірус. 8 красавіка яго шпіталізавалі як кантакт першага ўзроўню. Сёньня стала вядома пра станоўчы вынік тэста.

«Яго перавялі ў чацьвёрты шпіталь. Калі гэты тэст прыйшоў, яго вельмі хутка сабралі і з аднаго шпіталя перавезьлі ў іншы. Яго суседа перавялі ў іншую палату. Стан у бацькі такі ж – не палепшыўся і не пагоршыўся. Тэмпэратура. На жаль, у яго, як і ў большасьці людзей за 60, ня вельмі моцнае здароўе, ёсьць хранічныя захворваньні», – кажа Андрэй Курэйчык.

15:26 10.4.2020

У БНТУ зноў увялі дыстанцыйнае навучаньне

Машынабудаўнічы і маркетынгавы факультэты БНТУ перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне. Гэта зрабілі пасьля таго як у адной са студэнтак выявілі каранавірус.

Ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце № 6 увялі карантын. Ад 9 красавіка студэнтаў выпускаюць з інтэрнату на 20 хвілін у бліжэйшую краму.

15:27 10.4.2020

Як каранавірус прымусіў пралайфэраў клапаціцца пра эканоміку больш, чым пра жыцьцё. Піша Наста Захарэвіч

Колькі гадоў пралайфэрскія арганізацыі ўпэўнівалі нас, што любое жыцьцё — гэта абсалютная каштоўнасьць! Але пандэмія чарговы раз паказала, што пад «любым жыцьцём» там маюцца на ўвазе эмбрыёны. Цяпер айчынны пралайф хвалюецца за эканоміку больш, чым за жыцьці людзей.

Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які ня так даўно праславіўся зборам подпісаў «супраць ЛГБТ-прапаганды», амаль не выказваецца на тэму каранавірусу. На сайце арганізацыі ёсьць толькі адзін тэматычны тэкст, але і яго дастаткова, каб зразумець пазыцыю руху.

Багаслоў Уладзіслаў Валаховіч у гэтым тэксьце абвінавачвае Сусьветную арганізацыю здароўя ў накручваньні панікі, абураецца, што «малюнкі трунаў з Італіі страшнейшыя за малюнкі парэштак дзіцяці, якія змываюць ва ўнітаз пасьля міфэпрыстону», саркастычна заяўляе, што хай бы САЗ абвяшчала карантын праз распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі і вэнэрычных захворваньняў, і радуецца, што ў Беларусі няма царкоўнага карантыну, бо онлайн-богаслужэньні «яшчэ больш расчалавечваюць людзей».

15:29 10.4.2020

Беларусь разьлічвае на мільярд даляраў крэдытаў на пераадоленьне пандэміі

Гэта вынікае зь ліста міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, які быў накіраваны ў Рэспубліканскую канфэдэрацыю прадпрымальніцтва.

Міністар у лісьце адзначае, што ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі беларускі ўрад праводзіць працу «па прыцягненьні максымальнага аб’ёму зьнешняга фінансаваньня ў краіну».

Па лініі аховы здароўя рыхтуюць праекты ўказаў аб прыцягненьні пазыкі ў 90 мільёнаў эўра ад Сусьветнага банку для куплі неадкладных мэдыцынскіх тавараў, прэпаратаў, абсталяваньня. Аналягічную працу вядуць з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам (плянуюць пазычыць каля 50 мільёнаў эўра), гаворыцца ў лісьце.

15:41 10.4.2020

Чэмпіянат Беларусі па плаваньні адклалі ў сувязі з каранавірусам

Чэмпіянат Беларусі па плаваньні перанесены на нявызначаны тэрмін, паведамілі БелТА ў прэс-службе Беларускай фэдэрацыі плаваньня. Раней спаборніцтвы плянавалі правесьці 21-25 красавіка ў Берасьці пры зачыненых трыбунах.

16:03 10.4.2020

Яшчэ ў двух менскіх садках выявілі каранавірус

У менскім дзіцячым садку № 119 на каранавірус захварэла дзіця, у садку № 105 — супрацоўнік. Гэтую інфармацыю пацьвердзілі ў саміх садках, піша Tut.by.

Садок № 119 працягвае працаваць, там правялі ўсе неабходныя супрацьэпідэмічныя мерапрыемствы. У садку ізалявалі групу, куды хадзіў хворы хлопчык.

У садку №105 каранавірус пацьвердзілі ў аднаго з супрацоўнікаў, які апошні раз быў на працы 1 красавіка, распавёў чытач Tut.by. Зараз мужчына знаходзіцца ў шпіталі. На самаізаляцыі знаходзяцца тры супрацоўнікі, зь якімі кантактаваў мужчына. Іншыя супрацоўнікі адчуваюць сябе добра і працуюць. Садок апрацавалі, дзеці працягваюць хадзіць у групы.

16:11 10.4.2020

У Беларусі зноў працягнулі школьныя вакацыі​

У Беларусі другі раз працягнулі школьныя вакацыі — да 18 красавіка. Пра гэта піша БелТА са спасылкай на Адміністрацыю прэзыдэнта Беларусі.

Раней вясновыя вакацыі ўжо працягвалі на 6 дзён з 6 па 11 красавіка ўключна.

Навучальны год працягваць не плянуюць, адзначыла прэс-сакратар Міністэрства адукацыі Людміла Высоцкая.

Міністэрства адукацыі скарэктуе навучальныя праграмы і каляндарна-тэматычнае плянаваньне па кожнаму навучальнаму прадмету за кошт падтрымліваючых і стымулюючых заняткаў.

Прапанову Мінадукацыі і Мінздароўя працягнуць школьныя вакацыі падтрымаў Аляксандар Лукашэнка, адзначылі ў прэс-службе Адміністрацыі прэзыдэнта.

16:25 10.4.2020

Першы выпадак каранавірусу выявілі ў Мастах

Першы выпадак каранавірусу адзначаны ў горадзе Масты Горадзенскай вобласьці. Інфармацыю пра пацыента з каранавірусам пацьвердзіў галоўны лекар Мастоўскага цэнтральнага раённага шпіталя Аляксандар Козіч.

На самым буйным прадпрыемстве раёну «Мостовдрев» паведамілі, што ў іх няма супрацоўнікаў з каранавірусам. Намесьніца генэральнага дырэктара ААТ «Мостовдрев» Вольга Говарава сказала, што завод у красавіку працуе ў ранейшым рэжыме. Толькі адзін з супрацоўнікаў, які вярнуўся з-за мяжы, самаізаляваўся на 14 дзён і таму ўзяў водпуск за свой кошт.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

16:45 10.4.2020

Намесьніца міністра здароўя пра сытуацыю ў Докшыцах: «Я пра лічбы гаварыць ня буду»​

Адказваючы на пытаньне Свабоды 10 красавіка пра сытуацыю ў Докшыцах, намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан адмовілася называць лічбы хворых з каранавірусам.

«Я пра лічбы гаварыць ня буду. Ёсьць хворыя ў Докшыцкім раёне, як і ў многіх іншых раёнах. Там яе ня больш, чым у некаторых іншых», — сказала яна.

«Ці значыць гэта, што там звычайная сытуацыя?», задалі мы ўдакладняючае пытаньне.

«Чаму яны незвычайная? Толькі таму, што там захварэлі людзі, якія працуюць у пэўным месцы? Мы з вамі хочам паказаць, што ў нейкім раёне надзвычайная сытуацыя. Надзвычайная сытуацыя ва ўсім сьвеце. Мы шпіталізавалі людзей, знайшлі кантакты першага ўзроўню. Шпіталізаваным мы даем лекі. Мэдработнікі, якія зь імі працуюць, апранутыя ў ахоўныя сродкі. Чаму гэта надзвычайная сытуацыя? Гэта прагназаваная і чаканая намі сытуацыя. Мы не павінны на нейкіх прыкладах казаць: „Ах, там такое здарылася“. Сыстэма спрацавала, мы іх знайшлі. А 1, 2 ці 3 — мы гатовыя да розных сцэнароў разьвіцьця падзеяў», — сказала Алена Богдан.

Паводле афіцыйных дадзеных, на 7 красавіка ў 7-тысячных Докшыцах зафіксавалі 85 выпадкаў пнэўманіі і адзінкавыя выпадкі каранавірусу. Колькі менавіта хворых на каранавірус у горадзе жыхарам ня кажуць мясцовыя ўлады і мэдыкі.

17:21 10.4.2020

Усім здаць па 100 масак. Пэдагогі спасылаюцца на загад Мінадукацыі, Мінадукацыі адмаўляе

Навіну пра неабходнасьць сабраць па 100 мэдычных масак з установы бацькі, настаўнікі і выхавацелі абмяркоўваюць у чатах і Telegram-каналах. 9 красавіка такую інфармацыю паведамілі адразу некалькі крыніц.

«Магчыма, гэта некага і ня зьдзівіць, але мяне зьдзівіла — сяджу ўвесь дзень шыю маскі, — расказвае супрацоўніца адной зь менскіх школ у сваім Telegram-канале. — Бо сёньня зь Мінадукацыі прыйшла пастанова, каб усе школы і дзіцячыя садкі здавалі мэдычныя маскі. Па сто штук. І цяпер усе настаўнікі шыюць маскі. Усе ў стане лёгкага шоку. Ня ўсе ўмеюць шыць». Цалкам чытаць тут>>

17:57 10.4.2020

«Ніхто нас ня будзе лячыць». Расейская журналістка задакумэнтавала сваю хваробу і сьмерць ад каранавірусу

Расейская журналістка Анастасія Пятрова памерла ў шпіталі ў расейскім горадзе Перм 31 сакавіка. Пнэўманія стала афіцыйнай прычынай сьмерці, але пазьней афіцыйныя асобы прызналі, што 36-гадовая маці дваіх мела станоўчы тэст на каранавірус.

У запісах да сяброў і паведамленьнях у сацыяльных сетках Пятрова пакінула кранальны дзёньнік сваёй хваробы і лячэньня, пішуць журналісты Радыё Свабода Юрый Курапцьеў і Робэрт Коўлсан.​

Цалкам матэрыял тут.

18:41 10.4.2020

Рэктар БДУ рэкамэндаваў студэнтам не выяжджаць за межы Менску

Рэктар Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта Андрэй Кароль у сваім відэазвароце заклікаў студэнтаў не выяжджаць за межы Менску:

«Я зьвяртаюся да кожнага з амаль 40000 сям’і БДУ з асабістай просьбай напярэдадні выходных і будучых сьвятаў максымальна скараціць перасоўваньне, забясьпечыць сацыяльнае дыстанцыяваньне і не выяжджаць за межы Менску. Гэта досыць простае дзеяньне істотна павысіць узровень бясьпекі для вас, вашых родных і блізкіх», — сказаў Андрэй Кароль.

18:52 10.4.2020

Веснавы прызыў у войска праз каранавірус пераносіць не плянуюць

Тэрміны веснавога прызыву ў войска пакуль пераносіць не плянуецца, заявіла 10 красавіка намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан на прэс-канфэрэнцыі пра сытуацыю з пандэміяй каранавірусу.

«Прызыўная кампанія працягваецца. У нас ёсьць сумеснае рашэньне Міністэрства аховы здароўя і Мінабароны па правядзеньні прызыву. Калі неабходна будзе даабсьледаваньне прызыўнікоў, то ў нас засталіся бальніцы, дзе гэта можна зрабіць», — сказала Алена Богдан.

19:19 10.4.2020

Яшчэ адзін інтэрнат у Менску закрылі на карантын: у студэнта каранавірус

Інтэрнат № 4 БДУІР, які ўваходзіць у комплекс Студэнцкай вёскі, закрыты на самаізаляцыю: у аднаго з навучэнцаў трэцяга курсу выявілі каранавірус, піша Onliner.by.

Тэст зрабілі некалькі дзён таму ў студэнцкай паліклініцы пасьля таго, як хлопец адчуў сябе блага. Цяпер яго шпіталізавалі. Апошнія 3 тыдні студэнт не хадзіў на заняткі, вучыўся дыстанцыйна — зь некаторых часоў у БДУІР такая магчымасьць прадугледжаная для ўсіх, і бальнічны не абавязковы. Разам з хлопцам у пакоі жылі яшчэ двое студэнтаў.

Інтэрнат зь сёньняшняга дня сыходзіць на двухтыднёвую самаізаляцыю. Студэнты змогуць пакідаць корпус толькі для таго, каб выйсьці ў краму на 20 хвілін, пацьвердзілі ў рэктараце БДУІР.

19:21 10.4.2020

Алексіевіч ахвяруе грошы на дапамогу адзінокім інвалідам і бадзяжным жывёлам падчас пандэміі

Ляўрэатка Нобэлеўскай прэміі ў галіне літаратуры Сьвятланы Алексіевіч лічыць, што дапамога цяпер патрэбная самым уразьлівым. Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у Беларусі каля 830 тысяч пажылых людзей, зь іх 92 тысячы — адзінокія старыя і інваліды, а зь іх каля паўтары тысячы — інваліды, якія не выходзяць з дому (ім дапамагае мэдычна-сацыяльная служба Беларускага Чырвонага Крыжа).

Менавіта гэтым людзям Сьвятлана Алексіевіч вырашыла пералічыць праз Чырвоны Крыж 1000 эўра і заклікае іншых людзей на яе прыклад дапамагчы старым і безабаронным у часе пандэміі. Такую самую дапамогу, 1000 эўра, пісьменьніца хоча ахвяраваць дзеля падтрымкі бяздомных жывёлаў, якія таксама церпяць у часе пандэміі.

19:34 10.4.2020

«Дзяржава робіць злачынства. Гэта самы вялікі выклік з часоў Чарнобылю», — Алексіевіч пра пандэмію каранавірусу

У інтэрвію Свабодзе Сьвятлана Алексіевіч ня толькі патлумачыла, чаму яна аддае перавагу канкрэтнай дапамозе канкрэтным людзям, але і дала жорсткія ацэнкі дзеяньням улады, якая «будзе ратаваць толькі сябе», акрэсьліла маральныя дылемы, якія стаяць цяпер перад лекарамі, а таксама расказала пра зьмены яе жыцьця ў часе пандэміі і пра новы фармат кантактаў са сваёй аўдыторыяй.

Сьцісла

  • Побач з пандэміяй усе танкі і самалёты — дзіцячыя цацкі. Каб выратаваць чалавека, нам патрэбная моцная сыстэма аховы здароўя, патрэбны доктар, які бачыць, што мы паважаем ягоную працу і ягоную рызыку.
  • Пандэмія — самы вялікі выклік з часоў Чарнобылю. Мы ўступаем у эпоху пандэміі.
  • Трэба дапамагчы тым, каму найцяжэй, — бедным людзям, інвалідам, якія закрытыя і без карантыну ў чатырох сьценах. І жывёлам, за якіх мы таксама адказныя.
  • Цынічныя выказваньні нашага лідэра, што ад хваробы ўратуюць трактар, скварка і чарка, — гэта вялікая непавага да чалавека і вялікае неразуменьне таго, што адбываецца.
  • Дзяржава робіць злачынства. Яна кідае дактароў і мэдычны пэрсанал, як калісьці на перадавую кідалі маладых навукоўцаў з голымі рукамі на танкі.
19:54 10.4.2020

Згуртаваньне беларусаў сьвету заклікала ахвяраваць грошы беларускім мэдыкам

Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» заклікала беларускую дыяспару ахвяраваць на дапамогу беларускім мэдыкам праз сайт www.bycovid19.com.

Паводле публікацыі, актывісты, якія распачалі дабрачынны збор любой дапамогі, сьцьвярджаюць, што маюць магчымасьць пераправіць сабраныя матэрыялы ў Беларусь, нягледзячы нават на закрытыя межы.

20:31 10.4.2020

Колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў сьвеце – 100 тысяч, колькасьць захврованьняў – больш за 1,6 мільёна

Агенцтва Reuters, спасылаючыся на свае падлікі, паведаміла, што 10 красавіка колькасьць сьмерцяў ад новага каранавірусу ў сьвеце дасягнула 100 тысяч, а колькасьць выпадкаў захворваньня на COVID-19 перавысіла 1,6 мільёна.

Першая афіцыйна зафіксаваная сьмерць наступіла ў кітайскім горадзе Ўхань 9 студзеня., Каб зафіксаваць першыя 50 тысяч сьмерцяў, спатрэбілася 83 дні. За восем наступных дзён лічба ахвяраў каранавірусу ўзрасла да 100 тысяч.

Гэтыя лічбы, паводле агенцтва, дазваляюць выказаць здагадку, што сьмяротнасьць COVID-19 складае 6,25%, але многія экспэрты лічаць, што фактычны паказьнік сьмяротнасьці ніжэйшы. Гэта тлумачыцца тым, што многія выпадкі лёгкай і бессымптомнай інфэкцыі не ўключаюцца ў гэтую статыстыку.

21:26 10.4.2020

У Маскве ўводзяць спэцпропускі для перамяшчэньня па горадзе

У Маскве з наступнага тыдня ўводзяцца спэцыяльныя пропускі для перамяшчэньня па горадзе. З адпаведным зваротам выступіў мэр расейскай сталіцы Сяргей Сабянін.

Прапускны рэжым у Маскве будзе ўводзіцца ў тры этапы. На першым этапе ён будзе дзейнічаць для паездак на працу, на другім — для паездак у іншых мэтах, на трэцім — для перамяшчэньня ўнутры раёну. Таксама з 13 па 19 красавіка ў сталіцы спыняюцца будаўнічыя работы. Выключэньне зроблена для будаўніцтва мэдыцынскіх аб’ектаў і мэтро.

21:27 10.4.2020

Амаль 500 інфікаваных за суткі ў Беларусі, больш за 100 тысяч сьмерцяў праз COVID-19 у сьвеце. Вынікі 10 красавіка

  • Афіцыйныя дадзеныя: У Беларусі 19 памерлых, прызнаны 1981 выпадак каранавірусу, плюс 495 за суткі.
  • Колькасьць сьмерцяў ад каранавірусу ў сьвеце — больш за 100 тысяч, колькасьць захворваньняў — больш за 1,6 мільёна.
  • Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч заявіла, што ахвяруе грошы на дапамогу адзінокім інвалідам і бадзяжным жывёлам падчас пандэміі.
  • У Беларусі другі раз працягнулі школьныя вакацыі — да 18 красавіка. Раней вясновыя вакацыі ўжо працягвалі на 6 дзён, з 6 па 11 красавіка ўключна.
  • Экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя падчас наведваньня Віцебску заявілі, што з распаўсюдам каранавірусу давядзецца змагацца год-паўтара.
  • Веснавы прызыў у войска праз каранавірус пераносіць не плянуюць, заявіла намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан.
  • Ні каталікі, ні праваслаўныя ня будуць пераносіць набажэнстваў Вялікадня і Вербніцы, нягледзячы на сытуацыю з каранавірусам. Аднак Каталіцкая царква заклікае вернікаў сачыць за імшой онлайн, Праваслаўная царква будзе асьвячаць вербы, яйкі і булкі толькі на вуліцы.
  • Уладзімер Курэйчык, бацька беларускага рэжысэра Андрэя Курэйчыка, захварэў на каранавірус. Ён адпачываў у санаторыі для міліцыянтаў
  • У Брытаніі ад каранавірусу памёр кампазытар і паэт зь Менску Дзьмітры Сьмірноў. Яму быў 71 год.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG