Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

11:38 7.4.2020

Лукашэнка на нарадзе па нафце і каранавірусе: «Эканоміка — галоўнае»

Аляксандар Лукашэнка склікаў 7 красавіка нараду аб пастаўках нафты, пасьля якой заплянаваная нарада аб сытуацыі з каранавірусам.

Лукашэнка пачаў з эканамічных пытаньняў — заўважыў, што ва ўсім сьвеце «падзеі разьвіваюцца неадназначна».

«Таму мной запланаваны шэраг мерапрыемстваў у пытаньнях, якія цяпер патрабуюць рэагаваньня ў найбольшай ступені і перш за ўсё ўплываюць на нашую эканоміку, — казаў Лукашэнка. — Падкрэсьліваю: гэта галоўнае. Эканоміка, а значыць, жыцьцё людзей, ня толькі сёньня, але і ў пэрспэктыве, пытаньне нумар адзін. Усё павінна быць падпарадкаванае гэтаму пытаньню».

Як «задачу нумар адзін» ён вызначыў працу сельскай гаспадаркі, якую загадаў узяць на «жэстачайшы кантроль», бо «нафта нафтай, але яе на стол не падасі».

12:18 7.4.2020

«На пяты дзень у мяне прапаў нюх». Беларуска пра тое, як можна перахварэць COVID-19 і нават не заўважыць

«Я з тых людзей, якія ня лічаць, што гэты вірус такі ўжо страшны», — кажа пра сябе мянчанка Вольга. Яна ў інфэкцыйным шпіталі з каранавірусам. Але, як і пераважная большасьць захварэлых, мае невыразныя сымптомы і кажа, што не заўважыла б хваробы, калі б не станоўчы тэст.

З інфэкцыйнай лякарні Вольга вырашыла падзяліцца з Радыё Свабода ўласнай гісторыяй пра каранавірус. Чытайце па спасылцы >>

13:10 7.4.2020

Дырэктар вясковай школы кажа, што прывезла каранавірус з санаторыя «Пралеска». Адзін чалавек ужо памёр пасьля адпачынку там

Марына Сіўчык — дырэктарка сярэдняй школы ў вёсцы Вялікая Ўхалода Барысаўскага раёну. Цяпер яна знаходзіцца ў барысаўскім шпіталі з COVID-19. Жанчына кажа, што адчувае сябе лепш, чым у першыя дні, калі яе паклалі ў шпіталь і тэст пацьвердзіў наяўнасьць у яе каранавірусу.

Жанчына пакінула санаторый «Пралеска», калі яшчэ добра сябе адчувала. Прычынай ад’езду стала папярэджаньне адміністрацыі санаторыя, што там «карціна ўжо непрыгожая», пасьля чаго санаторый сталі пакідаць людзі. Празь дзень па вяртаньні дамоў адчула, што забалела горла, але спачатку не турбавалася. Цалкам чытайце тут >>

13:14 7.4.2020

Вялікдзень — дома. Мітрапаліт Кандрусевіч зьвярнуўся да вернікаў

Мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 7 красавіка заклікаў каталікоў адсьвяткаваць Вялікдзень дома.

Каталіцкі Вялікдзень сёлета прыпадае на 12 красавіка, праваслаўны — на 19 красавіка. Цалкам чытайце тут>>

13:55 7.4.2020

Плюс 160 інфікаваных каранавірусам за дзень. Лукашэнка: «Катастрофы няма»

Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка на нарадзе па сытуацыі з каранавіруснай інфэкцыяй у Беларусі назваў колькасьць хворых, але не згадаў колькасьць выпісаных і памерлых:

«У нас сёньня 794 чалавекі шпіталізаваныя, 31 на ШВЛ [апаратах штучнай вэнтыляцыі лёгкіх]. Катастрофы абсалютна няма, — казаў Лукашэнка. — Так, прырост у нас назіраецца. Дзякуй богу, што не лавінападобны. І гэта трэба ўтрымаць».

Мінздароўя Беларусі пакуль не публікавала статыстыку на 7 красавіка. На раніцу 6 красавіка было афіцыйна зафіксавана 700 выпадкаў каранавіруснай інфэкцыі, шпіталізаваныя былі 634 пацыенты. Калі Лукашэнка не памыліўся ў лічбах і не пацьвердзілі новых сьмерцяў, за дзень былі шпіталізаваныя яшчэ мінімум 160 пацыентаў, а агульная колькасьць выпадкаў ня меншая за 860.

13:58 7.4.2020

Кандуктарка ў Стоўпцах захварэла на каранавірус

У кандуктаркі аўтапарку № 17 у Стоўпцах знайшлі каранавірус, яна цяпер знаходзіцца ў лякарні ў Валожыне. Спачатку яна трапіла ў рэанімацыю, цяпер сябе адчувае лепш.

Паводле інфармацыі ад мясцовых жыхароў, жанчына працавала кандуктарам на трох маршрутах грамадзкага транспарту. Цяпер вызначаюцца кантакты 1-га і 2-га ўзроўняў Цалкам чытайце тут>>

13:59 7.4.2020

Дзе ў сьвеце карантын умацоўвае сям’ю? А дзе наадварот? Адной карцінкай

У Індыі і Віетнаме людзі найбольш схільныя лічыць, што пандэмія ўмацуе іх сямейныя і сяброўскія сувязі. А вось у Японіі і Паўднёвай Карэі ўсё зусім наадварот.

Апытаньне праводзіла міжнародная кампанія маркетынгавых дасьледаваньняў Ipsos.

14:01 7.4.2020

«Менш за паўсотні апаратаў на 200 тысяч насельніцтва». Нэўроляг адкрыта гаворыць аб праблемах і посьпехах беларускай мэдыцыны

Берасьцейшчына пакуль застаецца адным з найбольш бясьпечных рэгіёнаў краіны паводле колькасьці інфікаваных каранавірусам: тры станоўчыя тэсты пацьверджаныя ў Берасьці, Століне і Лунінцы. А ці гатовая вобласьць да сур’ёзных выклікаў?

Як зьберагчы здароўе ня толькі ва ўмовах распаўсюду пандэміі каранавірусу, а і на фоне пастаяннай інфармацыйнай атакі? Сваімі думкамі са Свабодай падзяліўся нэўроляг, лекар першай катэгорыі Аляксандар Лазарчык. Чытайце па спасылцы >>

14:04 7.4.2020

Яшчэ больш футболу. У дадатак да найвышэйшай лігі ў Беларусі стартуюць першынствы ў першым і другім дывізыёнах

  • 17 і 18 красавіка — стартуе першы тур чэмпіянату Беларусі ў першай лізе (расклад тут). Згодна з рэглямэнтам, двухкругавы турнір завершыцца 14 лістапада.
  • 18 красавіка на старт выйдуць 22 каманды другой лігі.
  • 16 красавіка стартуе чэмпіянат краіны сярод жаночых камандаў.

Беларусь — адзіная эўрапейская дзяржава, дзе ня спыненыя футбольнае, хакейнае, гандбольнае першынствы. Заўзятары шэрагу клюбаў ужо заявілі пра байкот матчаў у сувязі з пандэміяй каранавірусу.

15:31 7.4.2020

На беларуска-ўкраінскай мяжы цяпер толькі 5 пунктаў пропуску. Але і там пускаюць ня ўсіх

Ад 7 красавіка ў Ровенскай і Кіеўскай абласьцях цалкам закрылі мяжу зь Беларусьсю. У іншых рэгіёнах колькасьць пунктаў пропуску істотна скарацілі. Ад сёньня для аўтамабільнага руху між Беларусьсю і Ўкраінай працуюць толькі 5 пунктаў пропуску, якія маюць статус міжнародных. Астатнія 22 — мясцовыя, чыгуначныя, аўтамабільныя, рачныя і часовыя — на час карантыну спынілі сваю працу. Цалкам чытайце тут >>

15:35 7.4.2020

САЗ заклікае не паслабляць захадаў супраць каранавірусу заўчасна

Сусьветная арганізацыя здароўя (САЗ) ня мае агульных рэкамэндацый для краінаў і рэгіёнаў адносна зьмякчэньня захадаў супраць распаўсюду пандэміі каранавірусу, але заклікала не адмяняць іх занадта рана.

«Адна з самых важных рэчаў — не паслабляць захадаў занадта рана, каб [пандэмія] не вярнулася», — заявіў прэс-сакратар САЗ Крыстыян Ліндмаер 7 красавіка на онлайн-брыфінгу.

«Гэта падобна да таго, калі вы захварэеце і ўстанеце з ложка занадта рана — тады вы рызыкуеце, што хвароба вернецца з ускладненьнямі», — дадаў ён.

15:35 7.4.2020

«Няма перад ім такога страху, як раней» — пасьля сьмерці маці з каранавірусам беларус патрабуе прыцягнуць Лукашэнку да крымінальнай адказнасьці

8-гадовая жыхарка Полацку Лідзія Мацьвеева памерла 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным шпіталі. Пасьля сьмерці сям’я даведалася, што ў яе быў каранавірус. Сын упэўнены, што заразілася яна ў шпіталі:

«Мая мама памерла, а яе не ўключылі ў афіцыйную статыстыку, — кажа сын Людмілы. — Уявіце, яна ляжала ў шпіталі, дзе аніхто аніякіх захадаў засьцярогі не рабіў. Мой сын да яе езьдзіў, наведваў, іншыя бабулі езьдзілі да яе, наведвалі. Гэта катастрафічна!»

Аляксандар пазваніў у дзяжурную службу Полацкага РУУС і падаў заяву, у якой папрасіў «прыцягнуць да крымінальнай адказнасьці Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча, які, знаходзячыся на пасадзе прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, не зрабіў неабходных захадаў па абароне насельніцтва ад асабліва небясьпечнага каранавірусу». Гісторыя цалкам тут >>

17:07 7.4.2020

У Чэхіі здымаюць камэдыйны сэрыял пра пандэмію каранавірусу

Грамадзкае тэлебачаньне Чэхіі пачне здымкі 14 красавіка. Аўтары хочуць унесьці свой уклад у пераадоленьне сытуацыі вакол пандэміі каранавірусу, якую ўсім цяпер даводзіцца перажываць. Новы сэрыял пад назвай «Каханьне падчас кароны» раскажа пра жыцьцё ў Празе ва ўмовах пандэміі каранавірусу.

17:18 7.4.2020

У Беларусі пацьвердзілі 861 выпадак каранавірусу, памерлых за мінулы дзень няма

На 7 красавіка ў Беларусі зарэгістраваны 861 выпадак каранавірусу, новых сьмерцяў за мінулы дзень не зафіксавалі, паведаміла БелТА сьвежую статыстыку захворваньняў COVID-19 ад Мінздароўя Беларусі.

На 7 красавіка агулам па Беларусі:

  • 794 чалавекі шпіталізаваныя,
  • 54 пацыенты паправіліся і выпісаныя,
  • 13 чалавек памерлі.

За мінулыя суткі загістравалі 160 новых выпадкаў заражэньня, аднаго чалавека выпісалі, новых сьмерцяў няма. Усяго ад пачатку эпідэміі ў Беларусі пацьверджаны 861 выпадак каранавірусу.

Статыстыка па абласьцях на 7 красавіка выглядае наступным чынам:

  • Менск — 497 чалавек шпіталізаваныя, 25 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Менская вобласьць — 91 шпіталізаваны, 1 выпісаны, 3 памерлі.
  • Віцебская вобласьць — 143 шпіталізаваныя, 27 выпісаныя, 5 памерлі.
  • Берасьцейская вобласьць — 3 шпіталізаваныя, выпісаных і памерлых няма.
  • Гомельская вобласьць — 32 шпіталізаваныя, 1 выпісаны, 0 памерлых.
  • Горадзенская вобласьць — 10 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
  • Магілёўская вобласьць — 18 шпіталізаваных, выпісаных і памерлых няма.
17:25 7.4.2020

У Джонсана няма пнэўманіі, ён не падключаны да ШВЛ – прэсавы сакратар

У прэм'ер-міністра Вялікабрытаніі Борыса Джонсана, шпіталізаванага з каранавіруснай інфэкцыяй, не дыягнаставаная пнэўманія і ён не падключаны да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. Пра гэта днём у аўторак заявіў прэсавы сакратар Джонсана.

17:32 7.4.2020

Колькі ў Беларусі памерла ад пнэўманіяў за тры месяцы? Лукашэнка: 254. Мінздароўя: 128

Ад пнэўманіі, заявіў Лукашэнка 7 красавіка, за студзень-сакавік 2020 году памерлі 254 чалавекі, калі ад анкалягічных захворваньняў каля 5000, ад хваробаў сыстэмы кровазвароту — каля 18 500. Адносна мінулага году колькасьць летальных выпадкаў ад пнэўманіяў зьменшылася на 9%.

Мінздароўя нядаўна называла існтотна меншыя лічбы: летась за гэты пэрыяд было 20 250 пнэўманіяў, пралекаваных у стацыянарах, ад якіх памерлі 153 чалавекі, а сёлета — 18 032 пралекавалі, 128 памерлі. Гэта значыць, сьмерцяў было менш на 16%. Цалкам чытайце тут>>

17:34 7.4.2020

Ініцыятарку студэнцкай забастоўкі і акцыі за ўвядзеньне карантыну «Ха-ха я тут памру» адлічылі з унівэрсытэту

У сакавіку дзяўчына актыўна заклікала студэнтаў да самаізаляцыі, хоць афіцыйнага карантыну адміністрацыя ўнівэрсытэту ня ўводзіла. «Адлічылі за пропускі», — кажа Ліза Пракопчык і тлумачыць, што зь юрыдычнага боку адлічэньне законнае, але сама яна лічыць яго палітычна матываваным.

«На факультэце ёсьць людзі, у якіх па 150 гадзін пропускаў у месяцаў, і іх не адлічаюць. У мяне за сакавік было 60–65 гадзін пропускаў, і мяне адлічылі», — кажа яна. Чытаць цалкам тут>>

17:37 7.4.2020

«Чаму вы нічога ня кажаце?» Касьцёл патрабуе ад Мінздароўя адказаць, як арганізаваць бясьпеку вернікаў падчас каранавірусу

Каталіцкі касьцёл патрабуе ад Міністэрства аховы здароўя Беларусі адказаў на пытаньні пра арганізацыю бясьпекі вернікаў падчас пандэміі каранавірусу. «Я задаю пытаньне Міністэрству аховы здароўя: што мы павінны рабіць, чаму вы нічога ня кажаце? Я праз вас, праз мэдыя хачу спатканьня з кім-небудзь адказным, пачуць канкрэтныя адказы», — заявіў на прэс-канфэрэнцыі 7 красавіка старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі Тадэвуш Кандрусевіч. Цалкам чытайце тут >>

17:39 7.4.2020

Дыскатэкі закрыць, маскі надзець, дыстанцыйная праца «па магчымасьці». Новыя антывірусныя захады ў Беларусі

Афіцыйна ў красавіку не абвяшчалася пра новыя захады супраць распаўсюду COVID-19 у Беларусі. Але на прадпрыемствы пачалі прыходзіць лісты з распараджэньнямі Мінздароўя і Менгарвыканкаму. Сьпіс усіх захадаў, якія патрабуюць Мінздароўе і Менгарвыканкам, чытайце тут>>

17:43 7.4.2020

У Акцябрскім і Жлобінскім раёнах на Гомельшчыне выявілі COVID-19. Абласны шпіталь на карантыне

На тэрыторыі Акцябрскага раёну зарэгістравалі 2 выпадкі захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на РНК каранавірусу. Хворых шпіталізавалі ў Гомельскую абласную інфэкцыйную клінічную бальніцу, паведамляе БелаПАН.

На тэрыторыі Жлобінскага раёну выявілі 1 выпадак захворваньня на пнэўманію з папярэднім станоўчым тэстам на каранавірус у жанчыны, якая вярнулася з аздараўленьня. Яна знаходзілася пад мэдычным наглядам як кантактная асоба другога ўзроўню, яе шпіталізавалі.

Па ўсіх выпадках захворваньня вызначылі кантактных асобаў першага (іх шпіталізавалі) і другога ўзроўняў.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG