Яшчэ два кінатэатры закрыліся праз каранавірус. З 6 красавіка «ў сувязі зь неспрыяльнай эпідэміялягічнай сытуацыяй» часова закрыліся яшчэ два кінатэатры ў Менску: «Арткінатэатры» на Сурганава, 67Б і Дзяржынскага, 104.
З 2 красавіка закрыліся менскія адназальныя кінатэатры «Кастрычнік», «Масква» і «Дом кіно».
У МУС расказалі, як сытуацыяй з каранавірусам карыстаюцца махляры
У Беларусі пачынаюць актывізавацца афэрысты, якія выкарыстоўваюць у сваіх схемах інфармацыю пра каранавірус, паведаміла МУС Беларусі. Ведамства апісала некалькі тыповых схемаў, якімі нярэдка карыстаюцца махляры, і параіла, як засьцерагчыся. Чытайце тут >>
Краіна на карантыне без карантыну. Чыноўнікі вядуць прыёмы дыстанцыйна, але настаўнікі ходзяць на працу
У Беларусі карантын афіцыйна не абвешчаны. Але асабістыя прыёмы высокімі чыноўнікамі адмененыя. Выклікаць сантэхніка ці электрыка з ЖЭС немагчыма, служба 115.bel не працуе. Шмат якія жыцьцёва важныя мэдычныя паслугі не аказваюцца. Школьныя вакацыі працягнулі на тыдзень, але настаўнікі ходзяць на працу. У той жа час у сталіцы па-ранейшаму рыхтуюцца да параду.
Сабралі прыклады, для каго нефармальны карантын уведзены, а для каго не. Чытайце па спасылцы >>
Як беларусы дапамагаюць мэдыкам і адзін аднаму падчас каранавірусу. Дадаліся новыя магчымасьці
Кватэры і бясплатная ежа для дактароў, пашыў мэдыцынскіх масак, дапамога старым і інфармацыйныя кампаніі — Свабода працягвае зьбіраць добрыя ініцыятывы, якія зьявіліся праз каранавірусны крызіс. Поўны сьпіс тут>>
«Нетэатральная маска». Швейны цэх Купалаўскага тэатру пачаў рабіць маскі для менскай лякарні
Купалаўскі тэатар ініцыяваў сацыяльны праект «Нетэатральная маска» для вырабу немэдычных засьцерагальных масак. У швейным цэху тэатру пашылі ўжо 500 масак і плянуюць зрабіць яшчэ больш. Маскі перададуць у 10-ю гарадзкую клінічную лякарню Менску. Яны не прызначаныя для мэдычнага пэрсаналу.
Купалаўскі заклікае ўсіх неабыякавых дапамагчы грашыма ў набыцьці матэрыялаў для масак, а іншыя тэатры Беларусі — далучыцца да праекту.
Лукашэнка як галоўная прычына расколу грамадзтва падчас пандэміі каранавірусу
У новым блогу аналітык Свабоды Валер Карбалевіч разважае пра тое, што
- Пандэмія ніяк не паспрыяла кансалідацыі беларускага грамадзтва перад абліччам небясьпекі, а толькі абвастрыла антаганізм паміж прыхільнікамі і праціўнікамі існага палітычнага рэжыму.
- Улады зыходзяць з канцэпцыі, што паніка — значна большая пагроза для краіны, чым каранавірус. Таму і змагаюцца з тымі, хто выказвае недавер да дзяржаўных інстытутаў.
- Посьпех барацьбы з каранавірусам моцна залежыць ад даверу грамадзтва да ўладаў. У Беларусі любому крызісу спадарожнічае якраз рост недаверу да існага рэжыму.
«Пакуль ніякай катастрофы няма». У работніка «Атлянта» пацьвердзілі каранавірус
У аднаго з работнікаў менскага заводу халадзільнікаў «Атлянт», які працуе майстрам, 5 красавіка выявілі каранавірус, ён быў ужо ў лякарні.
Яшчэ двое знаходзяцца на карантыне ў бальніцы як кантакты 1-га ўзроўню. Прадпрыемства працуе ў поўным аб’ёме. Цалкам чытайце тут >>
У Беларусі ўвялі дзяржаўнае рэгуляваньне цэнаў на туалетную паперу, маскі і антысэптыкі
Урад Беларусі пашырыў пералік сацыяльна значных тавараў, цэны на якія рэгулююцца Міністэрствам антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю (МАРГ). У сьпіс дадаткова ўнесьлі:
- дэзынфікуючыя (антыбактэрыяльныя, антысэптычныя) сродкі (у тым ліку гелі і спрэі),
- сродкі абароны органаў дыханьня (маскі),
- туалетную паперу,
- жаночыя гігіенічныя пракладкі і дзіцячыя падгузьнікі,
- мясныя і рыбныя кансэрвы,
- сухое малако,
- каву,
- пітную ваду ў бутэльках,
- цьвёрдае туалетнае і гаспадарчае мыла,
- запалкі.
Прэм’ера Брытаніі перавялі ў рэанімацыю
Хворага на COVID-19 прэм’ер-міністра Вялікай Брытаніі Борыса Джонсана перавялі ў рэанімацыю, паведамляе Бі-бі-сі. Ягоныя абавязкі будзе выконваць міністар замежных спраў Дамінік Рааб.
У ноч на 6 красавіка Джонсан быў шпіталізаваны для абсьледаваньня ў сувязі з каранавіруснай інфэкцыяй. У яго захоўвалася высокая тэмпэратура.
Раней паведамлялася, што Джонсан шпіталізаваны для плянавых тэстаў і мае застацца ў лякарні Сэнт-Томас у Лёндане толькі на адну ноч.
Лічбы на раніцу 7 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі больш за 1,47 мільёна выпадкаў COVID-19: больш за 367 тысяч у ЗША, звыш 136 тысяч у Гішпаніі, больш за 132 тысячы ў Італіі, больш за 103 тысячы ў Нямеччыне, больш за 98 тысяч у Францыі, звыш 82 тысяч у Кітаі, больш за 60 тысяч у Іране, амаль 52 тысячы ў Вялікай Брытаніі, больш за 30 тысяч у Турэччыне, больш за 21 тысячу ў Швайцарыі.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 74 768 чалавек. Зь іх 16 523 у Італіі, 13 341 у Гішпаніі, 10 941 у ЗША, 8 911 у Францыі, 5 373 у Вялікай Брытаніі, 3 739 у Іране, 3 335 у Кітаі.
- Выпісалі амаль 285 тысяч пацыентаў, якія паправіліся ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца 987 тысяч, зь іх больш за 47 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на раніцу 6 красавіка, выяўлена 700 выпадкаў COVID-19, памерлі 13 чалавек, выпісаныя здаровымі 53 пацыенты. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
Тэсты на каранавірус у Беларусі выконваюць 13 лябараторый
Колькасьць лябараторый, якія выконваюць тэсты на каранавірус, вырасла ад адной да 13. Пра гэта тэлеканалу «Беларусь 1» паведаміла намесьніца дырэктара РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі Аліна Дроніна.
«Толькі наша лябараторыя выконвае каля 700 тэстаў, — сказала яна. — На першым этапе дасьледаваньні праводзіла толькі лябараторыя РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, але цяпер такіх лябараторый ужо 13, магчымасьцяў у нас нашмат больш».
Паводле яе слоў, у краіне ёсьць запас для правядзеньня больш чым 20 тысяч дасьледаваньняў на каранавірусную інфэкцыю. Выкарыстоўваюцца тэсты як уласнай распрацоўкі, так і сыстэмы з Кітая і Расеі.
«Наша лябараторыя выкарыстоўвае тэст-сыстэмы ўласнай вытворчасьці — распрацоўкі спэцыялістаў, навукоўцаў РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі, — паведаміла адмыслоўка. — Наогул у Беларусі цяпер прымяняецца некалькі тэст-сыстэмаў, уключна з тымі, якія паступілі па лініі гуманітарнай дапамогі з Кітая і Расеі».
Паводле Аліны Дронінай, усе тэст-сыстэмы, якія выкарыстоўваюцца ў Беларусі, заснаваныя на мэтадзе «полімэразнай ланцуговай рэакцыі». Ён дазваляе выявіць фрагмэнт рыбануклеінавай кіслаты каранавірусу ў адабраным матэрыяле.
Адно дасьледаваньне займае прыкладна 6 гадзінаў. Але калі загрузка высокая, працэс можа расьцягнуцца на суткі ці нават болей, патлумачыла намесьніца дырэктара РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі.
Магілёўскі мэталюргічны завод на тыдзень спыніў вытворчасьць
Ад 6 красавіка працоўны калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу накіравалі ў тыднёвы водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі. Прадпрыемству ва ўмовах пандэміі бракуе сыравіны, паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі прадпрыемства. У панядзелак рабочыя ня выйшлі на працу.
Сыравіну завод атрымлівае з Украіны і Расеі, дзе ўвялі абмежавальныя захады з прычыны пандэмі каранавірусу: ва Ўкраіне — карантын, а ў Расеі да канца красавіка падоўжылі водпускі.
Работнікі заводу расказалі, што заводу бракуе сыравіны (мэталу для трубнага пракату). Ім давялі, што кіраўніцтва прадпрыемства, паводле заканадаўства, у форс-мажорных абставінах мае права плаціць мінімальны заробак.
«Майстар сказаў, што пакуль адпраўляюць у водпуск на ўвесь наступны тыдзень, — падзяліўся адзін з рабочых заводу. — Але пэўнасьці няма, ці выйдзем на працу, калі скончыцца водпуск, бо на заводзе і раней не было працы. На мінулым тыдні нас перакідалі з цэху ў цэх, каб хоць заняць нечым. Плацілі сярэдні заробак. Цяпер, відаць, грошы скончыліся і вырашылі адправіць на 2/3 тарыфнай стаўкі. За тыдзень прастою зараблю менш за 50 рублёў. Працуючы, меў бы больш за 150 рублёў».
Скласьці пагадненьне, расказаць пра парнаграфію. Гаджэт-этыкет для дзяцей і бацькоў у карантыне
Як данесьці да малога дзіцяці інфармацыю пра інтэрнэт-этыкет, як зрабіць расклад такім чынам, каб дзеці выкарыстоўвалі свае прылады ў той час, калі вы можаце максымальна сачыць за імі як пагаварыць зь дзецьмі пра прыватнасьць...
Пераклалі для вас парады ад The New York Times. Чытаць >>
Сэйм Польшчы ўсё ж ухваліў законапраект пра галасаваньне праз пошту на прэзыдэнцкіх выбарах
Позна ўвечары 6 красавіка польскія заканадаўцы пасьля паўторнага галасаваньня ўхвалілі прапанову партыі «Права і справядлівасьць» (PiS) аб правядзеньні прэзыдэнцкіх выбараў 10 траўня праз пошту.
PiS настойвае, што выбары павінны быць праведзеныя, нягледзячы на рост колькасьці сьмерцяў, выкліканых вірусам. Але крытыкі абвінавачваюць партыю ў тым, што яна ахвяруе грамадзкім здароўем, імкнучыся падтрымаць Анджэя Дуду, які заканчвае свой першы прэзыдэнцкі тэрмін.
Падчас паўторнага галасаваньня позна ўвечары 230 дэпутатаў прагаласавалі за, а 226 супраць.
Дабрачынныя арганізацыі заклікалі спыніць выплаты пазык бедных краінаў
Больш за 100 сусьветных і дабрачынных арганізацыяў заклікаюць прыпыніць выплаты запазычанасьцей, каб дапамагчы бедным краінам змагацца з каранавірусам.
Заява была накіраваная ўрадам «вялікай дваццаткі» (G20), Міжнароднаму валютнаму фонду і Сусьветнаму банку. У лісьце гаворыцца пра шэраг захадаў для спыненьня выплатаў пазыкаў у 2020 годзе і зьніжэньня цяжару запазычанасьці ў наступныя гады.
«Краіны, якія разьвіваюцца, зазналі беспрэцэдэнтны эканамічны шок і ў той жа час маюць неадкладнае надзвычайнае становішча ў галіне аховы здароўя», — сказала Сара-Джэйн Кліфтан, дырэктарка Jubilee Debt Campaign.
За карантын у Беларусі сабралі 150 000 подпісаў, пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўя
На сайце Change.org працягваецца збор подпісаў пад зваротам «#карантинвбеларусь». Пэтыцыю выслалі Сусьветнай арганізацыі здароўя (WHO) 6 красавіка. Цяпер пад зваротам больш за 150 тысяч подпісаў карыстальнікаў.
У пэтыцыі WHO адрасуюць «крык душы» аб увядзеньні карантыну. Там сьцьвярджаецца, што ў Беларусі многім ставяць дыягназ «пнэўманія», каб «не псаваць статыстыкі і не наводзіць панікі». Лекарам ужо не хапае абсталяваньня і апаратаў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, заяўляюць у звароце.
Паралельна з гэтым зборам подпісаў набірае галасы і аналягічная пэтыцыя на сайце Avaaz.org — там ужо звыш 48 тысяч подпісаў. Гэтую пэтыцыю яшчэ фармальна не высылалі. WHO не абавязаная адказваць на звароты з гэтых сайтаў і ня мае паўнамоцтваў, каб абвясьціць карантын у Беларусі.
Але ў другой пэтыцыі WHO заклікалі сярод іншага зьвярнуць увагу на выказваньні прадстаўніка WHO ў Беларусі Батыра Бердыклычава ў падтрымку дзеяньняў беларускіх уладаў — ягоныя словы лічаць «абсалютна незразумелымі».
БПС-Сбербанк пацьвердзіў сьмерць супрацоўніка галоўнага офісу, у якога быў каранавірус. Яшчэ 11 чалавек у шпіталі
Пра гэта гаворыцца ў заяве банку, апублікаванай 7 красавіка. Больш за 80% супрацоўнікаў перавялі на дыстанцыйную працу. У банку сьцьвярджаюць, што гэта не закранула ніводнага аддзяленьня банку, якое абслугоўвае фізычных і юрыдычных асоб.
Пра сьмерць аднаго з супрацоўнікаў галоўнага офісу «БПС-Сбербанк» паведаміла «Наша ніва». У публікацыі сьцьвярджаецца, што кіроўца аднаго з мэнэджараў банку Эдуард Ц. памёр 4 красавіка ў Менску, у яго знайшлі каранавірус.
Каранавірус пацьвердзілі ў супрацоўніцы менскага Палаца моладзі. Карантыну ня ўводзілі
Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказала дырэктарка палаца Ганна Аверына.
«Яна ў лякарні, адучвае сябе нарамальна, прайшло ўжо больш за два тыдні. Тыя, хто мусіў быць ізаляваны, тыя ізаляваныя», — сьцьвярджае Аверына.
Аднак палац не закрывалі на карантын, гурткі працягвалі працаваць. Паводле дырэктаркі, цяпер дзеці амаль што не наведваюць гурткі.
«У мяне пэўныя ўстаноўкі, якія я выконваю, — расказала дырэктарка. — Жанчына не была ў прамым кантакце зь дзецьмі. Да гэтага яна была на бальнічным. Усе захады бясьпекі, каб мае дзеці і супрацоўнікі былі здаровыя, прынялі, санстанцыя ўсё апрацавала. У мяне ўсё пацьвярджаецца фатаздымкамі. У нас дадатковая адукацыя і няма абавязалаўкі вадзіць дзяцей, гэта вырашаюць бацькі. Усё працуе ў штатным рэжыме».
Кітай паведаміў, што ўпершыню са студзеня ніхто не памёр ад COVID-19 за суткі
У Кітаі ўпершыню са студзеня за суткі не было зарэгістравана ніводнай сьмерці ад каранавіруснай інфэкцыі. Нацыянальная камісія аховы здароўя паведаміла аб 32 новых выпадках захворваньня па ўсёй краіне. Паводле чыноўнікаў, было таксама зарэгістравана 30 новых бессымптомных выпадкаў інфэкцыі.
У правінцыі Хубэй, якая стала агмянём COVID-19, за мінулы дзень не было выяўлена ні аднаго новага выпадку заражэньня каранавірусам новага тыпу. Раней там аслабілі жорсткія карантынныя захады, а з 8 красавіка пачнуць здымаць абмежаваньні ў адміністрацыйным цэнтры правінцыі — горадзе Ухань, адкуль пачалася эпідэмія.
Экспэрты Сусьветнай арганізацыі здароўя ацэняць эфэктыўнасьць барацьбы з каранавірусам у Беларусі
Місія Сусьветнай арганізацыі здароўя (САЗ) прыбывае 7 красавіка ў Беларусь, паведамілі ў прадстаўніцтве арганізацыі ў Менску.
У складзе дэлегацыі тры экспэрты, якія прыедуць з розных краін цягам дня. На працягу тыдня яны прааналізуюць эфэктыўнасьць захадаў, якія прымаюцца ў Беларусі на барацьбу з каранавірусам. Таксама яны маюць намер вывучыць клінічныя пратаколы і падыходы да аказаньня мэдыцынскай дапамогі.
Запрасіць міжнародных экспэртаў даручыў Аляксандар Лукашэнка. 1 красавіка старшыня Савету Рэспублікі Натальля Качанава правяла перамовы з дырэктарам Эўрапейскага рэгіянальнага бюро Сусьветнай арганізацыі здароўя Гансам Клюге.