Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан
Шпіталь для лячэньня пацыентаў з каранавірусам, уладкаваны ў школьнай спартовай залі ў Бішкеку, Кіргізстан

Пандэмія каранавірусу ў Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі

абноўлена

Карысныя парады

15:29 10.4.2020

Беларусь разьлічвае на мільярд даляраў крэдытаў на пераадоленьне пандэміі

Гэта вынікае зь ліста міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова, які быў накіраваны ў Рэспубліканскую канфэдэрацыю прадпрымальніцтва.

Міністар у лісьце адзначае, што ў сёньняшняй эканамічнай сытуацыі беларускі ўрад праводзіць працу «па прыцягненьні максымальнага аб’ёму зьнешняга фінансаваньня ў краіну».

Па лініі аховы здароўя рыхтуюць праекты ўказаў аб прыцягненьні пазыкі ў 90 мільёнаў эўра ад Сусьветнага банку для куплі неадкладных мэдыцынскіх тавараў, прэпаратаў, абсталяваньня. Аналягічную працу вядуць з Эўрапейскім інвэстыцыйным банкам (плянуюць пазычыць каля 50 мільёнаў эўра), гаворыцца ў лісьце.

15:27 10.4.2020

Як каранавірус прымусіў пралайфэраў клапаціцца пра эканоміку больш, чым пра жыцьцё. Піша Наста Захарэвіч

Колькі гадоў пралайфэрскія арганізацыі ўпэўнівалі нас, што любое жыцьцё — гэта абсалютная каштоўнасьць! Але пандэмія чарговы раз паказала, што пад «любым жыцьцём» там маюцца на ўвазе эмбрыёны. Цяпер айчынны пралайф хвалюецца за эканоміку больш, чым за жыцьці людзей.

Дабрачынны фонд «Адкрытыя сэрцы», які ня так даўно праславіўся зборам подпісаў «супраць ЛГБТ-прапаганды», амаль не выказваецца на тэму каранавірусу. На сайце арганізацыі ёсьць толькі адзін тэматычны тэкст, але і яго дастаткова, каб зразумець пазыцыю руху.

Багаслоў Уладзіслаў Валаховіч у гэтым тэксьце абвінавачвае Сусьветную арганізацыю здароўя ў накручваньні панікі, абураецца, што «малюнкі трунаў з Італіі страшнейшыя за малюнкі парэштак дзіцяці, якія змываюць ва ўнітаз пасьля міфэпрыстону», саркастычна заяўляе, што хай бы САЗ абвяшчала карантын праз распаўсюд ВІЧ-інфэкцыі і вэнэрычных захворваньняў, і радуецца, што ў Беларусі няма царкоўнага карантыну, бо онлайн-богаслужэньні «яшчэ больш расчалавечваюць людзей».

15:26 10.4.2020

У БНТУ зноў увялі дыстанцыйнае навучаньне

Машынабудаўнічы і маркетынгавы факультэты БНТУ перайшлі на дыстанцыйнае навучаньне. Гэта зрабілі пасьля таго як у адной са студэнтак выявілі каранавірус.

Ва ўнівэрсытэцкім інтэрнаце № 6 увялі карантын. Ад 9 красавіка студэнтаў выпускаюць з інтэрнату на 20 хвілін у бліжэйшую краму.

15:25 10.4.2020

У бацькі рэжысэра Курэйчыка каранавірус. Ён адпачываў у санаторыі для міліцыянтаў

«Гэтай сытуацыі магло б ня быць. Калі б быў нармальны карантын у краіне, санаторыі павінны былі б быць закрытыя», — кажа рэжысэр Андрэй Курэйчык.

Уладзімер Курэйчык, бацька беларускага рэжысэра Андрэя Курэйчыка, захварэў на каранавірус. 8 красавіка яго шпіталізавалі як кантакт першага ўзроўню. Сёньня стала вядома пра станоўчы вынік тэста.

«Яго перавялі ў чацьвёрты шпіталь. Калі гэты тэст прыйшоў, яго вельмі хутка сабралі і з аднаго шпіталя перавезьлі ў іншы. Яго суседа перавялі ў іншую палату. Стан у бацькі такі ж – не палепшыўся і не пагоршыўся. Тэмпэратура. На жаль, у яго, як і ў большасьці людзей за 60, ня вельмі моцнае здароўе, ёсьць хранічныя захворваньні», – кажа Андрэй Курэйчык.

15:24 10.4.2020

Экспэрты WHO ў Віцебску: з распаўсюдам каранавірусу давядзецца змагацца год-паўтара

10 красавіка прадстаўнікі Сусьветнай арганізацыі здароўя ( World Health Organization, WHO) азнаёміліся з захадамі на пераадоленьне каранавіруснай інфэкцыі на Віцебшчыне.

У складзе дэлегацыі супрацоўнікі Эўрапейскага бюро САЗ у Капэнгагене, штаб-кватэры арганізацыі ў Жэнэве і яе прадстаўніцтва ў Беларусі. Яны сярод іншага сустрэліся з кіраўніком аблвыканкаму Мікалаем Шарсьнёвым і наведалі мэдычныя ўстановы.

Задача місіі ня ў тым, каб нешта кантраляваць, а перш за ўсё каб ацаніць працу мэдыкаў, зразумець, якую сыстэму захадаў рэалізуе краіна ва ўмовах пандэміі і які досьвед можа быць цікавы іншым краінам. У гэтыя дні аналягічныя місіі працуюць у Італіі і Гішпаніі.

15:22 10.4.2020

Беларусы супраць каранавірусу. Яшчэ больш ежы для мэдыкаў і праца для звольненых праз пандэмію

Валянтэры з ByCovid19 ствараюць сваю сетку па ўсёй краіне. Па гэтай спасылцы можна паглядзець тэлеграм-чат у сваім горадзе і далучыцца да праекту.

Дастаўка ежы PastaDeli пачала гатаваць абеды для мэдыкаў менскай гарадзкой станцыі хуткай дапамогі. Сваіх рэсурсаў установе хапае, каб гатаваць 30 порцый.

«Е-дастаўка» заве на працу людзей, якіх звольнілі зь месцаў грамадзкага харчаваньня праз пандэмію каранавірусу.

Збор сродкаў для мэдыкаў ідзе ў Лунінцы і Паставах.

Чытаць далей >>

15:21 10.4.2020

Вялікдзень і Вербніца: што зьменіцца ў цэрквах і касьцёлах Беларусі ў сувязі з пандэміяй

Ні каталікі, ні праваслаўныя ня будуць пераносіць набажэнстваў Вялікадня і Вербніцы, нягледзячы на сытуацыю з каранавірусам.

Аднак вонкавыя абставіны ўсё ж прымусілі зьмяніць звыклы фармат: Каталіцкая царква заклікае вернікаў сачыць за імшой онлайн, Праваслаўная царква будзе асьвячаць вербы, яйкі і булкі толькі на вуліцы.

Чытаць далей >>

15:19 10.4.2020

Хворых у цяжкім стане МНС можа даставіць у любы пункт краіны

«У нас ёсьць мэдыцынская служба, тэхніка, мэдабсталяваньне і сродкі аховы. Калі будзе такая неабходнасьць, то Міністэрства аховы здароўя да нас зьвернецца. Ці патрэбны яму нашы магчымасьці, гэта пытаньне да іх», — сказаў карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар МНС Беларусі Віталь Навіцкі.​

15:18 10.4.2020

Чаму ў Беларусі ня ўводзяць карантын. Разважае Валер Карбалевіч

Сьцісла:

  • Прычыны адмовы ад увядзеньня карантыну ня толькі эканамічныя.
  • У Лукашэнкі існуе вера ў эфэктыўнасьць і перавагу беларускай сацыяльнай мадэлі. І, грунтуючыся на гэтых, як лічыў Лукашэнка, перавагах, Беларусь можа спыніць пандэмію без карантыну.
  • Таксама існуе кансьпіралягічная вэрсія, што пандэмія — гэта змова ўсясьветнай закулісы, каб захапіць эканоміку невялікіх краін.
  • Стратэгія ўладаў, накіраваная на лякалізацыю агменяў заражэньня, правалілася. І цяпер трэба было б радыкальна мяняць стратэгію барацьбы з COVID-19.
  • Пэўная карэкцыя ў пазыцыі дзяржаўных органаў адбываецца. Але для Лукашэнкі псыхалягічна цяжка прызнаць свае памылкі і зьмяніць пазыцыю.

Чытаць цалкам >>

15:17 10.4.2020

Дзяцей сярод інфікаваных менш за 1%, тэстаў зрабілі амаль 50 тысяч. Што расказалі і не расказалі на прэс-канфэрэнцыі Мінздароўя

Намесьніца міністра аховы здароўя Алена Богдан расказала, што пра памерлых паведамляе толькі тады, калі атрымлівае даведку пра сьмерць і патолягаанатамічнае заключэньне, бо «зьявілася некалькі пацыентаў», у якіх дыягнаставалі каранавірус, але цягам лячэньня вірус «элімінавалі», а пацыенты ўсё адно памерлі.

«Кантакты 1-га ўзроўню» цяпер шпіталізуюць толькі на 7 дзён, і цягам бягучага тыдня ў выпісаных «кантактаў» не было выяўлена ніводнага выпадку каранавіруснай інфэкцыі. «Кантактам» дазволілі быць дома ў самаізаляцыі пад назіраньнем участковай службы пры ўмове тэстаў на 1-ы, 7-ы, 12-ы і 13-ы дзень выпіскі. У такой самаізаляцыі будуць даваць ліст непрацаздольнасьці.

Тэст-сыстэмаў цяпер у запасе 65 880, за апошнія суткі тэстаў на COVID-19 зрабілі 3992 у 13 лябараторыях. Агулам тэстаў з пачатку эпідэміі зрабілі 49 843. Тэсты з Кітаю толькі пачынаюць выкарыстоўваць, у Беларусі вырабляюць пакуль каля 1000 тэст-сыстэмаў на дзень.

Богдан адмовілася адказаць на пытаньне пра колькасьць пацыентаў у цяжкім і асабліва цяжкім стане, спаслаўшыся на «прынцыпы біяэтыкі».

На пытаньне, чаму з сайту БелТА прыбралі статыстыку па рэгіёнах (Міністэрства аховы здароўя само не дае такой статыстыкі), яна таксама не змагла даць адказу.

Яна пацьвердзіла, што ёсьць і інфікаваныя, і памерлыя мэдыкі, але адмовілася назваць іх колькасьць.

Богдан у тым ліку адмовілася раскрываць дэталі пра сытуацыю ў Докшыцкім раёне, спаслаўшыся на тое, што «надзвычайная сытуацыя ня ў нейкім асобным раёне, а ва ўсім сьвеце».

Чытаць і глядзець цалкам >>

14:13 10.4.2020

Беларускі графік па-ранейшаму незвычайна выглядае ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі з блізкім насельніцтвам

13:02 10.4.2020

Мінздароўя пра пашырэньне каранавірусу. УЖЫВУЮ

12:51 10.4.2020

«Патрывайце, пакуль не да вас». Як у часы эпідэміі жывуць людзі з хранічнымі хваробамі

У Беларусі некалькі сотняў тысяч людзей з хранічнымі захворваньнямі: звыш 350 тысяч з цукровым дыябэтам; больш за 70 тысяч з бранхіяльнай астмай, шмат людзей з хранічнымі бранхітамі, абструкцыйнай хваробай лёгкіх, дзясяткі тысяч пакутуюць на рэўматоідны артрыт, гіпэртанію, сардэчна-сасудзістыя ды іншыя захворваньні. У сувязі з новым каранавірусам яны знаходзяцца ў групе рызыкі, бо хвароба для іх асабліва небясьпечная.

Пра тое, як зьмянілася іх жыцьцё ў сувязі з пандэміяй, у матэрыяле Свабоды. Чытайце па спасылцы>>

12:48 10.4.2020

10 масак у адны рукі — як улады зьбіваюць каранавірусны ажыятаж. Сьпіс абмежаваньняў

Міністэрства здароўя Беларусі разаслала аптэкам ліст за подпісам намесьніцы міністра Алены Богдан, якім з 10 красавіка па 1 ліпеня абвешчаныя абмежаваньні па продажу некаторых лекаў і сродкаў абароны ад інфэкцый.

Цяпер у аптэках пакупнікам у адны рукі можна набыць ня больш за:

  • 40 таблетак парацэтамолу,
  • 40 таблетак арпэтолу,
  • 20 капсул прэпарата флустоп,
  • 2 дэзынфэктары для рук аб’ёмам да 100 мл,
  • дызынфэктар аб’ёмам менш за 1 літар — 1 штуку,
  • 10 масак,
  • 5 пар пальчатак.
12:46 10.4.2020

Беларусы падчас пандэміі сталі менш езьдзіць грамадзкім транспартам, хадзіць у кіно і рэстарацыі, — Google

Сэрвіс Google Maps працягнуў публікаваць дэталёвы аналіз паводзінаў карыстальнікаў падчас пандэміі каранавірусу. Новая справаздача (PDF) ёсьць і пра Беларусь. Паводле Google, па стане на 5 красавіка беларусы, калі параўноўваць са «звычайнымі паводзінамі», сталі:

  • на 30% менш хадзіць у рэстарацыі, кавярні, забаўляльныя цэнтры, музэі, кінатэатры і бібліятэкі;
  • на 4% менш хадзіць у крамы, на кірмашы і ў аптэкі;
  • на 19% больш хадзіць у паркі і сквэры;
  • на 25% менш карыстацца грамадзкім транспартам;
  • на 9% менш знаходзіцца на працоўных месцах;
  • на 3% больш знаходзіцца дома (цалкам чытайце тут).
12:45 10.4.2020

Закрытая труна і не цалаваць цела: ва Ўкраіне вызначылі правілы пахаваньня памерлых ад каранавірусу

Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны апублікавала рэкамэндацыі, як хаваць хворых з COVID-19:

  • праводзіць крэмацыю целаў памерлых ад каранавірусу ва ўкраінскім Міністэрстве аховы здароўя не патрабуюць;
  • але пры гэтым пахаваньне ці крэмацыя мусяць праходзіць у шчыльна зачыненай труне;
  • сваякам і прысутным на пахаваньні забаронена цалаваць цела памерлага;
  • на рытуальным абрадзе могуць прысутнічаць ня больш за 10 чалавек;
  • пры гэтым прысутныя павінны захоўваць бясьпечную дыстанцыю ў 1,5 мэтра;
  • цела перад пахаваньнем павінны апрацаваць дэзынфэкцыйным растворам і зьмясьціць у гермэтычны пакет-мех (цалкам чытаце тут).
12:43 10.4.2020

Калі больш рашуча рэагаваць на пандэмію, эканоміка адновіцца хутчэй, — дасьледаваньне «гішпанкі» ў ЗША

Дасьледаваньне пандэміі грыпу 1918 году паказвае, што тыя гарады ЗША, якія агрэсіўней баранілі здароўе людзей, спраўней адбудоўвалі эканоміку. Дасьледаваньне яшчэ не прайшло рэцэнзаваньня, аднак на сайце Масачусэцкага інстытуту тэхналёгій (MIT) публікуюцца яго галоўныя высновы. Далей чытайце па спасылцы>>

12:39 10.4.2020

Ужо 19 памерлых. У Беларусі прызналі 1981 выпадак каранавірусу, плюс 495 за дзень

Міністэрства аховы здароўя ў сваім Telegram-канале апублікавала статыстыку выпадкаў COVID-19 у Беларусі на 10 красавіка.

  • 1793 пацыентаў з каранавірусам шпіталізаваныя;
  • зь іх 72 маюць патрэбу ў штучнай вэнтыляцыі лёгкіх;
  • 169 выздаравелі;
  • памерлі 19 інфікаваных каранавірусам;
  • разам гэта дае 1981 прызнаных выпадкаў — плюс 495 выпадкаў за дзень.

Мінздароўя адзначае, што павелічэньне колькасьці хворых «паступовае і кантраляванае», а «большасьць выпадкаў гэта кантакты 1 і 2 узроўняў». Раней міністэрства сьцьвярджала, што паміралі «ў асноўным» пацыенты «з мноствам хранічных захворваньняў», цяпер — што ўсе 19 памерлых з выяўленай каранавіруснай інфэкцыяй мелі таксама хранічныя захворваньні.

Днём раней Мінздароўя паведамляла пра 1486 выпадкаў: 1331 шпіталізаваных, 16 памерлых, 139 выпісаных здаровымі, 420 новых выпадкаў за дзень.

11:50 10.4.2020

У радзільні 3-й менскай лякарні знаходзяцца чатыры цяжарныя з COVID-19

У радзільні 3-й гарадзкой клінічнай лякарні Менску знаходзяцца на лячэньні чатыры цяжарныя з пацьверджанай каранавіруснай інфэкцыяй, паведаміла Мінздароўя ў афіцыйным Тэлеграм-канале.

Паводле Мінздароўя, іх стан стабільны. Адна з жанчын паступіла з тэмпэратурай, кашлем і дыхавіцай. Цяпер зь ёй усё добра, стан яе здароўя боязі не выклікае.

Акрамя жанчын з пацьверджаным дыягназам COVID-19, у радзільным аддзяленьні знаходзяцца і некалькі цяжарных, якія зьяўляюцца кантактамі першага ўзроўню.

11:17 10.4.2020

«У сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй». Міністэрства абароны пракамэнтавала чуткі пра «вайсковыя шпіталі для хворых на каранавірус»

«Гаворкі пра стварэньне палявых шпіталяў няма, — расказала Свабодзе афіцыйная прадстаўніца Мінабароны Натальля Гаўрусік. — Гэта абсталяваныя вайсковымі спэцыялістамі раёны ізаляцыі. Ва ўзброеных сілах ёсьць свая санітарна-эпідэміялягічная служба. Яшчэ на мінулым тыдні вайсковыя мэдыкі правялі трэніроўкі ўладкаваньня такіх ізалятараў.

Дзесьці яны паўтаралі працэс уладкаваньня такога ізалятара ў казармах, недзе ён быў зроблены ў намётах на палігоне. Мы адпрацоўвалі гэта ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй у краіне. На выпадак яе пагаршэньня было вырашана яшчэ раз усё адпрацаваць. Такія ізалятары нельга назваць палявымі шпіталямі».

Па словах прадстаўніцы Мінабароны, гаворка пра тое, каб у такія ізалятары зьмяшчаць цывільных асобаў альбо вайскоўцаў, не вядзецца. Пакуль гэтыя аб’екты не функцыянуюць і неабходнасьці ў гэтым няма.

У ведамстве дадаюць, што раён ізаляцыі, абсталяваны пад Лепелем, ужо разабраны. Пакуль застаюцца аб’екты ў Барысаве (там раён ізаляцыі быў зроблены ў казарме), а таксама на палігоне Лосьвіда ля Віцебску.

У Мінабароне заяўляюць, што па стане на вечар 9 красавіка выпадкаў захворваньня на каранавірус сярод беларускіх вайскоўцаў няма.

Загрузіць яшчэ

XS
SM
MD
LG