«Ні масак, ні антысэптыкаў, ні пітной вады». Дзяўчына трапіла ў шпіталь і стала там кантактам першага ўзроўню па каранавірусе
«Я хвалявалася, бо ў мяне слабы імунітэт, я нават ня вельмі пераймалася, што ў мяне можа быць каранавірус», — так кажа Дар’я Рублеўская. Цяпер яна ў менскім скурна-вэнэралягічным дыспансэры, перапрафіляваным пад пацыентаў з каранавірусам і кантакты розных узроўняў.
Практыка, калі пацыентаў з яркімі сымптомамі кладуць разам з тымі, у каго сымптомы слабыя, як у Дар’і, ці ўвогуле з «кантактамі», Дар’і здаецца ня самай прымальнай. Так пацыенты могуць трапіць у карантын ці, яшчэ горш, падхапіць каранавірус, ужо знаходзячыся ў шпіталі, мяркуе Дар’я.
У Брытаніі ад каранавірусу памёр кампазытар і паэт зь Менску Дзьмітры Сьмірноў
У шпіталі гораду Ўотфард у Вялікай Брытаніі ад каранавіруснай інфэкцыі памёр кампазытар і паэт, ураджэнец Менску Дзьмітры Сьмірноў. Пра гэта паведамілі яго родныя.
Дзьмітрыю Сьмірнову быў 71 год. Ён нарадзіўся ў Менску ў сям’і опэрных сьпевакоў, скончыў Маскоўскую кансэрваторыю. У Вялікую Брытанію эміграваў у 1991 годзе.
Аўтар опэр паводле твораў Уільяма Блэйка, араторыі «Песьня песьняў» ды іншых вакальна-інструмэнтальных твораў. Быў адным з ініцыятараў і арганізатараў АСМу — Асацыяцыі сучаснай музыкі.
Сьмірноў таксама апублікаваў некалькі кніг вершаў пад псэўданімам Сьмірноў-Садоўскі, перакладаў паэзію — як з ангельскай на расейскую (Уільям Блэйк), так і з расейскай на ангельскую (Міхаіл Лермантаў). Аўтар кніг пра музыку і біяграфіі Блэйка.
Каранавірусныя выбарчыя гульні ў Польшчы
10 траўня 2020 кіроўную партыю Права і справядлівасьць у Польшчы чакае палітычнае выпрабаваньне. На гэты дзень назначаныя прэзыдэнцкія выбары, на якіх яна спадзяецца пераабраньня цяперашняга прэзыдэнта Анджэя Дуды.
Парлямэнцкія выбары 2019 году аказаліся напалову пасьпяховымі для Качыньскага: кааліцыя, узначаленая партыяй Права і справядлівасьць, атрымала большасьць месцаў у Сэйме, але мінімальна прайграла апазыцыі ў Сэнаце. Што будзе цяпер, разважае Ян Максімюк.
МВФ папярэджвае: сьвет сутыкаецца з «найгоршым эканамічным спадам з часоў Вялікай дэпрэсіі»
Кіраўніца МВФ Крысталіна Геаргіева сказала, што «рост усясьветнай эканомікі рэзка адмоўны ў 2020 годзе, »калі 170 з 180 чальцоў МВФ адчуваюць зьніжэньне даходаў на душу насельніцтва.
«На самай справе мы чакаем найгоршых эканамічных наступстваў пасьля Вялікай дэпрэсіі», — сказала Геаргіева на прэс-канфэрэнцыі ў Вашынгтоне напярэдадні вясновых сустрэч МВФ і Усясьветнага банку на наступным тыдні.
Гэтыя сустрэчы таксама пройдуць віртуальна з прычыны абмежаваньняў, накладзеных у сувязі з COVID-19. Геаргіева сказала, што «існуе велізарная няпэўнасьць наконт прагнозу» і працягласьці пандэміі, і сытуацыя «можа пагоршыцца».
МВФ чакае толькі «частковага аднаўленьня» налета, нават пры ўмове, што вірус зьнікне ў канцы гэтага году, што дазволіць аднавіць звычайны бізнэс, калі будуць зьняты абмежаваньні, створаныя для стрымліваньня распаўсюду.
Зянон Пазьняк: Пытаньне аб крымінальнай справе супраць Лукашэнкі за бязьдзейнасьць магла б паставіць Палата прадстаўнікоў
Адкрывальнік Курапатаў, адзін са стваральнікаў БНФ і старшыня Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ, які ў 1996 годзе быў вымушаны зьехаць зь Беларусі ў палітычную эміграцыю, Зянон Пазьняк падзяліўся са Свабодай сваім бачаньнем сытуацыі ў вялікім інтэрвію.
Сьцісла
- Амэрыка, як і Эўропа, страціла дарагі час.
- Параўнаньне ЗША зь Беларусьсю можа быць толькі ў працы мэдыкаў. Беларускія лекары працуюць ахвярна, ня маючы патрэбных сродкаў забесьпячэньня, ня кажам ужо пра малую аплату.
- Самая страшная небясьпека для Беларусі — гэта маскоўскі лябараторны штам сацыяльнага каранавірусу «Лукашэнка А. Р.»
- Праца маёй жонкі належыць да той жа катэгорыі, што і праца мэдыкаў. Бездапаможных людзей без дапамогі не пакінеш.
- Ужо паведамлялася, што адна беларуска памерла. Падазрэньне на каранавірус ёсьць цяпер у адной вядомай асобы.
Тысячы амэрыканцаў патрабуюць ад Кітаю пакрыць шкоду ад каранавірусу
Як падлічылі аналітыкі, рахунак ЗША да Кітаю за няслушныя дзеяньні на пачатковым этапе эпідэміі можа скласьці 1,2 трыльёна даляраў.
Менш чым за месяц больш за 5 тысяч грамадзян ЗША далучыліся да калектыўнай позвы, пададзенай у суд у Флорыдзе, аўтары якога патрабуюць ад кітайскага ўраду кампэнсацыі за шкоду, прычыненую COVID-19. Пазоўнікі сьцьвярджаюць, што панесьлі велізарныя страты праз халатнасьць Пэкіну, які дапусьціў распаўсюд каранавірусу па ўсім сьвеце. Падобныя групавыя позвы таксама былі пададзеныя ў суды ў Нэвадзе і Тэхасе.
«Наш пазоў тычыцца тых, хто фізычна пацярпеў у выніку ўзьдзеяньня вірусу... ён таксама тычыцца камэрцыйнай дзейнасьці Кітаю, зьвязанай з гандлем на рынках, дзе прадаецца мяса дзікіх жывёл», — заявілі прадстаўнікі юрыдычнай фірмы Berman Law Group.
Мэркель пабачыла «пробліск надзеі», Джонсана перавялі з інтэнсыўнай тэрапіі ў звычайную палату
Злучаныя Штаты застаюцца на першым месцы паводле агульнай колькасьці выяўленых выпадкаў каранавірусу — рост не спыняецца, але штодзённая колькасьць новых выпадкаў стабілізавалася на ўзроўні 31–34 тысяч. Штодзень у ЗША фіксуюць звыш 1900 сьмерцяў інфікаваных, але гэты паказьнік перастаў расьці паскоранымі тэмпамі. Ды нават пры гэтым ЗША могуць выйсьці на першае месца паводле сьмерцяў ад COVID-19 да канца тыдня.
У Італіі і Гішпаніі паступова спадае і колькасьць новых выпадкаў на дзень, і колькасьць штодзённых сьмерцяў — за 9 красавіка там памерлі адпаведна 610 і 655 інфікаваных. І там, і там колькасьць «актыўных выпадкаў» працягвае расьці, але ўжо не такімі хуткімі тэмпамі, як раней.
У Нямеччыне за мінулы дзень выявілі каля 5 тысяч новых выпадкаў і 258 сьмерцяў, але колькасьць «актыўных выпадкаў» зьмяншаецца ад 6 красавіка. Канцлерка Ангела Мэркель заявіла, што бачыць «пробліск надзеі»: пакуль удаецца не дапусьціць перагрузкі сыстэмы аховы здароўя і згладзіць крывую росту.
У Вялікай Брытаніі пакуль не назіраецца стабільнага запавольваньня распаўсюду каранавірусу, а колькасьць штодзённых сьмерцяў паступова расьце. Прэм’ер Борыс Джонсан быў пераведзены з палаты інтэнсіўнай тэрапіі ў звычайную, знаходзіцца «на раньняй стадыі выздараўленья».
Чым могуць абярнуцца абмежаваньні свабодаў у часе пандэміі
Ва ўсім сьвеце ўлады ўводзяць беспрэцэдэнтныя абмежаваньні грамадзянскіх свабодаў, намагаючыся прадухіліць распаўсюд каранавірусу. Але праваабарончыя арганізацыі папярэджваюць, што некаторыя ўрады выкарыстаюць надзвычайнае становішча для ўзмацненьня сваёй ўлады.
У ЗША пачалі праграму выратаваньня эканомікі ад наступстваў каранавірусу на 2,3 мільярда даляраў
Фэдэральная рэзэрвовая сыстэма ЗША абвесьціла пра запуск праграмы пазыкаў на суму 2,3 трыльёна даляраў для амэрыканскіх прадпрыемстваў, мясцовых органаў улады і хатніх гаспадарак, якія пацярпелі ад каранавірусу ў краіне.
Старшыня ФРС Джэром Паўэл заявіў, што ягоная служба мае намер выкарыстоўваць свае паўнамоцтвы рашуча, актыўна і агрэсіўна, пакуль не зьявіцца ўпэўненасьць, што эканоміка ЗША пачала аднаўляцца
Лічбы на раніцу 10 красавіка
- У сьвеце зафіксавалі звыш 1,6 мільёна выпадкаў COVID-19: 469 тысяч у ЗША, 153 тысячы ў Гішпаніі, 143 тысячы ў Італіі, па 118 тысяч у Нямеччыне і Францыі, каля 83 тысяч у Кітаі, больш за 66 тысяч у Іране, 65 тысяч у Вялікай Брытаніі, больш за 42 тысячы ў Турэччыне.
- Ад хваробаў, якія выклікаў новы каранавірус, у сьвеце памерлі 95 739 чалавек. Зь іх 18 279 у Італіі, 16 697 у ЗША, 15 447 у Гішпаніі, 12 210 у Францыі, 7 978 у Вялікай Брытаніі, 4 110 у Іране, 3 340 у Кітаі.
- Выпісалі 357 тысяч пацыентаў, якіх вылекавалі ад COVID-19. «Актыўных выпадкаў» хваробы застаецца больш за 1,152 млн, зь іх 49 тысяч у цяжкім стане.
- У Беларусі, паводле афіцыйных зьвестак на 9 красавіка, пацьверджаныя 1486 выпадкаў COVID-19, памерлі 16 чалавек, выпісаныя здаровымі 139 пацыентаў. Лекары ананімна заяўляюць, што ня ўсім хворым ставяць адпаведны дыягназ.
Чаму валянтэры БРСМ надзелі маскі
У канцы сакавіка Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі заклікаў у сваёй суполцы «Ўкантакце» захоўваць спакой і не паддавацца ніякай паніцы, калі «ўсясьветныя СМІ расказваюць пра ажыятаж у чэргах». Таксама БРСМ патлумачыў сваю пазыцыю супраць нашэньня масак.
Маўляў, «некаторыя людзі, асабліва чытачы палітызаваных апазыцыйных паблікаў, надзяваюць мэдычныя маскі на твары ня дзеля клопату пра здароўе, а з пачуцьця пазэрства, лішні раз дэманструючы такім чынам сваю «асаблівую пазыцыю».
Пасьля гэтага камэнтару прайшло больш за два тыдні. Ці памянялася стаўленьне БРСМ да масак?
«Ісьці ў храм ці не — справа сумленьня кожнага». Што сьвятары ў правінцыі кажуць людзям перад вялікімі сьвятамі
У Беларусі штодня павялічваецца колькасьць выпадкаў заражэньня каранавірусам, але ўлады адмовіліся ад усеагульнага карантыну. Кіраўніцтва каталіцкай царквы ў Беларусі заклікала вернікаў адсьвяткаваць Вялікдзень дома. Беларуская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату абмежавалася правіламі прафіляктыкі каранавірусу. Аб’яднаная царква хрысьціянаў веры Эвангельскай у Беларусі (пратэстанты) таксама не выказвалася пра захады дыстанцыяваньня перад сьвятамі. А што кажуць вернікам сьвятары розных канфэсій у невялікіх гарадах і мястэчках?
Напярэдадні вялікіх рэлігійных сьвятаў — Вялікадня ў каталікоў і пратэстантаў і Вербніцы ў праваслаўных — Свабода пацікавілася ў сьвятароў у розных рэгіёнах Беларусі, што яны кажуць вернікам у сувязі з эпідэміяй каранавірусу. Чытайце па спасылцы >>
У інтэрнаце БНТУ зноў ўвялі карантын праз студэнтку, хворую на каранавірус
У інтэрнаце № 6 БНТУ ўвялі карантын, пасьля таго як у адной са студэнтак выявілі каранавірус. У рэктараце сьцьвярджаюць, што дзяўчыну ўжо забрала хуткая. Аднак, паводле самой студэнткі і іншых студэнтаў, дзяўчына знаходзіцца ў інтэрнаце ад моманту, калі ў яе выявілі каранавірус, піша Onliner.by.
Ад 9 красавіка студэнтаў будуць выпускаць з інтэрнату на 20 хвілін у бліжэйшую краму.
Студэнтка адчула нядужасьць і тэмпэратуру ў канцы лютага, калі ў інтэрнаце першы раз увялі карантын. Усім студэнтам мералі тэмпэратуру, але адносна яе мэдычныя супрацоўнікі не прымалі мераў. 10 сакавіка карантын у БНТУ скончыўся і студэнтаў вярнулі на заняткі. Тэмпэратура ў дзяўчыны пэрыядычна ўздымалася на 37,6 – 38,2 градуса.
Паводле дзяўчыны даведку з вызваленьнем ад вучобы ёй адчынілі ў канцы сакавіка. Маці студэнткі настаяла, каб дзяўчыне зрабілі тэст на COVID-19, ён аказаўся станоўчы.
«Маіх знаёмых мэдыкаў хварэе каля 10 чалавек». Беларускі лекар з каранавірусам расказвае пра хваробу
«У адзін цудоўны дзень пасьля зьмены адчуў сябе нядобра, — расказвае доктар аднаго зь віцебскіх шпіталяў, які захварэў на каранавірус. Лекар ляжыць у шпіталі каля 10 дзён і кажа, што ня ведае, колькі ўсяго мэдыкаў хварэе, але «канкрэтна маіх знаёмых каля 10 чалавек».
Ён паўтарае парады, якія даўно гучаць адусюль: па магчымасьці пазьбягаць масавых месцаў, захоўваць дыстанцыю ў крамах і мыць рукі. Пра агульную сытуацыю з каранавірусам доктар кажа, што яна «канечне, ня вельмі». Інтэрвію цалкам тут >>
Зь фільму жахаў. Кардонныя труны і непрыбраныя целы на вуліцах
«Гэта падобна на сюжэт фільму жахаў, а шпіталі — на зону ваенных дзеяньняў». Так мясцовыя і замежныя лекары, якія працуюць у Эквадоры, апісваюць наступствы эпідэміі COVID-19 у Гуаякілі, найбуйнейшым горадзе краіны. Усе дзяржавы спраўляюцца з крызісам вельмі па-рознаму. На лацінаамэрыканскім кантынэнце невялікі 16-мільённы Эквадор апынуўся ў ліку найбольш пацярпелых.
Відэа і фатаграфіі, якія апошнімі днямі паступаюць з Гуаякілю, насельніцтва якога складае амаль 2 мільёны 300 тысячаў чалавек, нават на фоне ўсіх астатніх змрочных навін, зьвязаных з пандэміяй, вылучаюцца скрайняй безвыходнасьцю. Падрабязна чытайце тут (+ фота) >>
17 ці 41 інфікаваных каранавірусам на Берасьцейшчыне? Статыстыка Мінздароўя і аблвыканкаму не супадае
У Берасьцейскай вобласьці каранавірус пацьверджаны ў 41 чалавека, больш за ўсё ў Лунінецкім раёне — 26 чалавек, а таксама ў Берасьці — 6 чалавек, заявіў 9 красавіка старшыня Берасьцейскага аблвыканкаму Анатоль Ліс, якога цытуе sb.by. Паведамленьне пра гэта зьявілася каля 13-й гадзіны дня.
На афіцыйным сайце stopcovid.belta.by, які Міністэрства аховы здароўя рэкамэндавала як афіцыйную крыніцу апэратыўнай інфармацыі, паводле стану на 6 гадзін раніцы 9 красавіка ў бальніцах Берасьцейскай вобласьці знаходзіліся 17 хворых на COVID-19. Колькасьць хворых, паводле Мінздароўя і паводле Берасьцейскага аблвыканкаму, адрозьніваецца ў 2,4 раза.
Паводле ўчорашняй статыстыкі за 8 красавіка Берасьцейскага абласнога цэнтру гігіены, эпідэміялёгіі і грамадзкага здароўя, каранавірус у вобласьці пацьвердзілі ў 28 чалавек, тым часам як афіцыйная статыстыка пацьвярджала толькі 3 выпадкі.
Міністар аховы здароўя растлумачыў, чаму ў Беларусі не прынялі стратэгію стрымліваньня каранавірусу
Міністар аховы здароўя Беларусі Ўладзімер Каранік расказаў, чаму ў Беларусі абралі «стратэгію зьмякчэньня наступстваў» каранавірусу замест «стратэгіі стрымліваньня». Паводле Караніка, краіны «пэрыядычна пераходзяць з адной стратэгіі на другую або мяняюць яе ў працэсе прапрацоўкі», але «стратэгіі стрымліваньня» цяпер не прытрымліваюцца толькі дзьве краіны Эўропы: Беларусь і Швэцыя.
«Стратэгія стрымліваньня» накіраваная на «татальнае разлучэньне людзей», сказаў Каранік, і выкарыстоўваецца, каб запаволіць распаўсюд інфэкцыі і даць сыстэме аховы здароўя «прайсьці перагрузку» і вярнуцца ў рабочы стан. Калі захады «татальнага разлучэньня» здымаюцца, рост колькасьці хворых аднаўляецца, пераконвае ён. «Стратэгія зьмякчэньня» ж нацэленая на тое, каб не дапусьціць экспанэнцыйнага росту колькасьці хворых, трымаць яе ў межах «рэсурсных магчымасьцей сыстэмы аказаць дапамогу». Адпаведна, сваёй задачай Мінздароўя бачыць, сярод іншага, недапушчэньне лявінападобнага росту колькасьці хворых.
Сусьветны банк: У сувязі з пандэміяй беларуская эканоміка ў 2020 годзе скароціцца на 4%
Такі прагноз прыводзіцца ў дакладзе Сусьветнага банку пра ўплыў каранавірусу на эканоміку краін Эўропы і Цэнтральнай Азіію «Чакаецца, што ў 2020 годзе эканоміка Беларусі скароціцца на 4%, бо глябальны эканамічны спад, выкліканы каранавірусам, зьнізіць попыт на беларускі экспарт сыравінных тавараў і тавараў, якія пастаўляюцца ў краіны Эўразьвязу, Расеі і на іншыя рынкі», — гаворыцца ў дакладзе. Цалкам чытаць тут >>
У Воршы — першая сьмерць ад каранавірусу
У Аршанскім раёне зарэгістравалі першую сьмерць пацыента з каранавірусам. Пра гэта стала вядома 9 красавіка. У памерлага «шматлікія хранічныя захворваньні былі абцяжараныя каранавіруснай інфэкцыяй», паведаміў «Аршанскай газеце» галоўны дзяржаўны санітарны лекар Аршанскага раёну Сяргей Белы.