Пра наяўнасьць хворых на COVID-19 паведамілі 9 раёнаў Віцебскай вобласьці, пішуць «Народныя навіны Віцебска» з спасылкай на раённыя газэты:
- Аршанскі,
- Бешанковіцкі,
- Віцебскі,
- Гарадоцкі,
- Докшыцкі,
- Пастаўскі,
- Полацкі,
- Ушацкі,
- Шумілінскі.
Польшча пашырыла абмежаваньні на грамадзкае жыцьцё, каб стрымаць каранавірус
Польскія межы застануцца закрытымі да 3 траўня, урад падоўжыць тэрмін закрыцьця школ і прадпрыемстваў, заявіў у чацьвер прэм’ер-міністар Польшчы Матэвуш Маравецкі.
Прадпрыемствы застануцца закрытымі да 19 красавіка, а абмежаваньні на дзейнасьць школ, а таксама на рух чыгуначнага і паветранага транспарту будуць падоўжаныя яшчэ на два тыдні, сказаў ён.
Для жыхароў Польшчы таксама ўвялі абавязковае нашэньне масак, якія б закрывалі рот і нос, пачынаючы ад чацьвярга наступнага тыдня, і тады ўрад таксама мае апублікаваць графік «вяртаньня да новай эканамічнай рэальнасьці».
У супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі знайшлі каранавірус
У супрацоўнікаў Нацыянальнай бібліятэкі знайшлі каранавірусУ двух супрацоўнікаў унутраных дэпартамэнтаў Нацыянальнай бібліятэкі выявілі каранавірус, піша Tut.by. Хворыя і калегі, якія зь імі кантактавалі, знаходзяцца на карантыне. Паведамляецца, што хворыя і кантактныя супрацоўнікі бібліятэкі ня мелі зносін з чытачамі.
Нацыянальная бібліятэка часова закрыла чытальныя залі, частка інфармацыі даступная онлайн.
«Гэтыя супрацоўнікі ня ходзяць на працу, акрамя таго, памяшканьні, у якіх яны працавалі, зараз на карантыне і ўсе супрацоўнікі, якія зь імі кантактавалі, зараз таксама не знаходзяцца на працы. Мы дзейнічаем паводле патрабаваньняў, якія прапісала Мінздароўя, каб вірус не распаўсюджваўся», — сказала першы намесьнікі генэральнага дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Алена Далгаполава.
Толькі адзін дэпутат Палаты прадстаўнікоў надзеў маску на сэсію. ФАТАФАКТ
На паседжаньні Палаты прадстаўнікоў дэпутаты сядзяць ня парамі, як звычайна, а па адным, але маску носіць толькі адзін дэпутат са 110 — 55-гадовы журналіст Тэнгіз Думбадзэ, заўважае Office.life. На паседжаньні ён расказаў, што за апошні дзень заразіліся 20–30 мэдыкаў, адзначыў нізкія (25–30 рублёў) даплаты мэдыкам за працу, зьвязаную з каранавірусам.
Беларускі турбізнэс просіць падтрымкі ўраду ва ўмовах пандэміі. 6 прапаноў
Міністэрства спорту і турызму разам з Рэспубліканскімі саюзамі турыстычнай індустрыі і турыстычных арганізацый стварылі працоўную групу, якая падтрымае галіну ў складаны пэрыяд. Пакет прапановаў ужо накіраваны ва ўрад.
Паводле кіраўніцы рады Рэспубліканскага саюзу турыстычных арганізацый Аксаны Бічун, сярод прапанаваных антыкрызісных захадаў:
- адтэрміноўка абавязаньняў па раней заключаных дамовах з кліентамі,
- зьніжэньне з 20% да 10% ПДВ для гатэляў,
- абмежаваньне камісіі банкаў,
- паслабленьні па арэнднай плаце,
- падатковыя вакацыі на 6 месяцаў на ўсе віды падаткаў
- мараторый да 31 сьнежня на прыняцьце падатковымі органамі рашэньняў аб арышце рахункаў суб’ектаў галіны.
Каранавірус: у менскім СІЗА сустрэчы з адвакатамі перавялі на рэжым «праз шкло»
У СІЗА нумар 1 на вуліцы Валадарскага ў Менску, дзе трымаюць некалькі дзясяткаў падазраваных у злачынствах і падсудных, усе сустрэчы адвакатаў зь іх кліентамі цяпер адбываюцца толькі праз шкло з выкарыстаньнем тэлефонных слухавак.
«Гэта прынята ў сувязі з каранавірусам», — сказаў карэспандэнту Свабоды дзяжурны СІЗА. Больш атрымаць інфармацыі пра захады, прынятыя ў СІЗА ў сувязі з пандэміяй COVID-19, не ўдалося.
«Ён дыхае кіслародам, стан сярэдняй цяжкасьці». Як пачуваецца муж першай менскай ахвяры каранавірусу
У 65-гадовага Яўгена Дзеравянкі, мужа першай ахвяры каранавірусу ў Менску Вольгі Дзеравянкі, таксама пацьвердзілі каранавірус.
«Ён дыхае кіслародам; як і ва ўсіх, стан сярэдняй цяжкасьці. Яго перавялі ўжо ў 6-ю лякарню. Спадзяемся, што ён паправіцца, кіслароду яму хапае, ён даволі моцны і без хранічных захворваньняў. Перад гэтым тэлефанаваў, дык голас быў хрыплы. Пакуль стараемся яго не турбаваць. Будзем спадзявацца на лепшае», — сказаў Мікалай. Цалкам чытайце па спасылцы >>
Лукашэнка: На пажарах у разы больш гіне, чым ад каранавірусу
Паводле Лукашэнкі, на пажарах «у разы больш гіне», чым ад каранавірусу.
Лукашэнка паўтарыў, што ў барацьбе з каранавірусам «для нас найважнейшы элемэнт — гэта эканоміка», а каранавірус — «усё гэта сыдзе, яно ўжо сыходзіць, вы бачыце, у Эўропе што адбываецца». Цалкам чытайце тут >>
Італія зьбіраецца зьняць некаторыя абмежаваньні ў красавіку
Прэм’ер-міністар Італіі Джузэпэ Контэ заявіў, што ў канцы красавіка Італія можа пачаць паступова здымаць некаторыя абмежаваньні, уведзеныя для спыненьня эпідэміі COVID-19. 9 сакавіка Італія ўвяла агульнанацыянальную забарону на грамадзкія кантакты. Праз два тыдні Контэ абвясьціў, што менш важныя прадпрыемствы, уключаючы вытворчасьць аўтамабіляў, адзеньня і мэблі, павінны спыніцца.
Агульная колькасьць заражаных каранавірусам людзей у Італіі складае амаль 140 тысяч; колькасьць сьмерцаў ад пандэміі — амаль 18 тысяч.
Прадстаўнік WHO заклікаў Беларусь разгледзець больш жорсткія віды дыстанцыяваньня — аж да карантыну
Прадстаўнік Сусьветнай арганізацыі здароўя ў Беларусі Батыр Бердыклычаў адзначыў, што з 30-31 сакавіка ў Беларусі ідзе рэзкі рост захваральнасьці, і заявіў, што ў краіне важна прыняць больш жорсткія меры сацыяльнага дыстанцыяваньня ў сувязі з пандэміяй каранавірусу да наступленьня піку захворваньняў: перавод на дыстанцыйнае навучаньне, забарона масавых мерапрыемстваў, аж да ўвядзеньня карантыну, паведамляе Tut.by.
«Калі глядзець на досьвед краін, якія прайшлі гэты шлях, з 4-6-га тыдня ідзе экспанэнтны рост выпадкаў. А да 8-га тыдня падыходзяць да піку. Для Беларусі гэта наступны этап. Гэта этап не завезеных выпадкаў, а перадачы сярод мясцовага насельніцтва. Чакаем далейшага росту», — сказаў ён.
Каранавірус: на Беларускім мэталюргічным заводзе вымушаныя водпускі, але не ва ўсіх
На Беларускім мэталюргічным заводзе ў Жлобіне Свабодзе паведамілі пра зьніжэньне вытворчай актыўнасьці на фоне пандэміі каранавірусу. Пэўным катэгорыям супрацоўнікаў па жаданьні даецца магчымасьць цягам красавіка ўзяць 5 дзён водпуску з захаваньнем заробку ў памеры 2/3 ад тарыфнага акладу.
Адпачынкі і ў Магілёве
Калектыў Магілёўскага мэталюргічнага заводу адправілі ў водпуск з аплатай заробку паводле 2/3 тарыфнай стаўкі. Пасьля публікацыяў у незалежнай прэсе рабочых былі адклікалі з адпачынкаў, але празь дзень іх азнаёмілі з загадам, паводле якога прадпрыемства будзе прастойваць да 12 красавіка «ў сувязі з праблемамі са збытам прадукцыі, выкліканымі карантынам у суседніх краінах».
Міністар здароўя Беларусі: На пік захворваньня COVID-19 выйдзем у канцы красавіка – пачатку траўня
Паводле разьлікаў Міністэрства аховы здароўя, на пік захворваньня каранавірусам Беларусь выйдзе ў канцы красавіка ці ў пачатку траўня. На пытаньне, ці мае міністэрства мэтодыку прагназаваньня сытуацыі і разьліку піку захворваньня, міністар здароўя Ўладзімер Каранік адказаў, што існуе і адпаведная мэтодыка, і плян дзеяньняў пры розных варыянтах.
Што адбываецца ў Бешанковічах? Цэнтры гігіены і эпідэміялёгіі «на дыстанцыйнай працы», кіраўніцтва райвыканкаму «на бальнічным»
Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі (Віцебская вобласьць) працуе дыстанцыйна, паведаміў намесьнік старшыні мясцовага райвыканкаму Сяргей Аўчыньнікаў. Аднак патлумачыць прычыны ён адмовіўся.
У райвыканкаме сказалі, што цяпер «на бальнічным» старшыня райвыканкаму і два намесьнікі старшыні. Ці зьвязана гэта з каранавірусам, не патлумачылі. У кіраўніцы аддзелу ідэалягічнай працы, якая таксама на бальнічным, «прастуда». Паводле інфармацыі мясцовага выданьня Beshankovichy.by, у Бешанковіцкім раёне рэзка вырасла колькасьць хворых на пнэўманію. Цалкам чытайце тут >>
У Віцебскім абласным цэнтры эпідэміялёгіі і гігіены сказалі, што Бешанковіцкі раённы цэнтар гігіены «на ізаляцыі на два тыдні», аднак таксама не патлумачылі прычыны.
«Яны ня могуць папрасіць дапамогі адкрыта». Рэпартаж з Шуміліна, дзе ўсе носяць маскі, а настаўніцы шыюць камбінэзоны лекарам
Афіцыйна вядома толькі пра аднаго хворага на каранавірус жыхара райцэнтру Шуміліна ў Віцебскай вобласьці.
Неафіцыйна паведамляюць, што каранавірусам тут заразіліся нават мэдыкі раённай лякарні.
Рэпартаж і фота Свабоды з Шуміліна — па спасылцы>>
«На гармоніку граў 2 тыдні». Падазрэньне на каранавірус у санаторыі МУС на Нарачы
Санаторый «Белая Русь» на Нарачы, які належыць Міністэрству ўнутараных спраў, прыпыніў прыём адпачывальнікаў, бо ў аднаго з пацыентаў падазраюць каранавірус.
«Так, пакуль нікога не прымаем і, хутчэй за ўсё, часова закрыемся», — сказала супрацоўніца санаторыя. Паводле яе, інфікаваны — пэнсіянэр зь Віцебску. Падрабязнасьці тут>>
«Будуць выконваць, што гаворыць прэзыдэнт, — будуць здаровыя». Што думаюць у Менску пра карантын. ВІДЭА
Мы спыталі ў мінакоў на вуліцах Менску, чаму, на іх думку, улады Беларусі не абвяшчаюць у краіне карантын, як гэта зроблена ў большасьці іншых краін у сувязі з пандэміяй каранавірусу.
ByCovid19 перадалі беларускім мэдыкам тысячы халатаў і рэсьпіратараў. Шукаюць грошы на «процічумныя касьцюмы»
Адзін зь лідэраў грамадзкай ініцыятывы ByCovid19 Андрэй Стрыжак расказаў пра вынік дзейнасьці кампаніі — «лічбы, у якія ня можаш паверыць». Паводле Стрыжака, актывісты перадалі беларускім мэдыкам:
- 10 канцэнтратараў кіслароду (кожны каштаваў 2340 рублёў);
- 2600 аднаразовых хірургічных халатаў;
- 1000 рэсьпіратараў ffp1 і 1270 рэсьпіратараў ffp2, а таксама самаробныя ахоўныя маскі (вытворчасьці актывістаў «Хакерспэйсу») у шумілінскую лякарню;
- тры пральныя машыны для лякарняў (дзякуючы крамам «Электрасіла»), пральныя парашкі і мыйныя сродкі (дзякуючы крамам «Міла» і сэрвісу «Е-дастаўка»);
- 40 літраў канцэнтрату, зь якога можна зрабіць дзьве тоны дызынфэкцыйнага раствору.
Цяпер кампанія прымае заяўкі на дапамогу ад лекараў, зьбірае спонсарскую дапамогу, сродкі на Molamola і праз іншыя шляхі.
З тэрміновых патрэбаў — «процічумныя касьцюмы». Для брыгадаў «хуткай дапамогі» патрэбна 500 ахоўных касьцюмаў, каштуе такая партыя 10 500 рублёў.
Грэка-католікі Менску замест агульнай службы на Вялікдзень ладзяць пяць меншых
Кіраўнік БГКЦ, Апостальскі візытатар для грэка-католікаў у Беларусі архімандрыт Сяргей Гаек расказаў Радыё Свабода, зь якімі засьцярогамі царква рыхтуецца адзначыць Вялікдзень 12 красавіка.
Новыя дабрачынныя ініцыятывы ў Менску прапануюць жыльлё мэдыкам на час пандэміі
Кампанія «Хоммитс Глобал» прапануе мэдыкам пры патрэбе ствараць на сайце заяўкі на жыльлё падчас эпідэміі, а ўласьнікам кватэр далучацца да ініцыятывы і прапаноўваць сваю нерухомасьць на спэцыяльных умовах для людзей з групаў рызыкі. Падрабязнасьці тут>>
Пакет дапамогі ЭЗ для краінаў сьвету на барацьбу з COVID-19 дасягне 20 мільярдаў эўраў
Эўразьвяз выдзеліць агулам больш за 20 мільярдаў эўраў на дапамогу краінам-партнэрам у барацьбе з пандэміяй каранавірусу SARS-CoV-2.
Пра гэта вярхоўны прадстаўнік ЭЗ у замежных справах і палітыцы бясьпекі Жазэп Барэль заявіў пасьля відэаканфэрэнцыі з эўрапейскімі міністрамі разьвіцьця 8 красавіка. «Вірус яшчэ не пераможаны, пакуль яго не перамогуць усюды», — падкрэсьліў Барэль.