Глускі райвыканкам 8 чэрвеня выдаў распараджэньне «Аб аказаньні дапамогі ў нарыхтоўцы кармоў», якім фактычна прымушаў працаўнікоў 34 мясцовых прадпрыемстваў браць удзел у сенакосе (з разьліку 300 кг сена на чалавека) у парушэньне законаў і Канстытуцыі Беларусі.
Праваабарончы цэнтар «Вясна», які атрымаў названы дакумэнт, паскардзіўся на гэта ў пракуратуру Глускага раёну, але пракурор Леанід Палевіч вырашыў не праводзіць ніякіх праверак і перанакіраваў зварот у Магілёўскі аблвыканкам. Цяпер «Вясна» скардзіцца ўжо ў пракуратуру Магілёўскай вобласьці, і ўжо на бязьдзейнасьць пракурора Палевіча.
Узяць камэнтар Палевіча не атрымалася: ніводзін тэлефон Глускай пракуратуры не адказвае.
Артыкул 41 Канстытуцыі Беларусі ў частцы 4 гарантуе беларусам права на працу, але забараняе прымусовую працу. Пункт 2 артыкула 6 закону «Аб пракуратуры Рэспублікі Беларусь» забавязвае пракурора прымаць меры па прадухіленьні парушэньняў заканадаўства, ад каго б яны не сыходзілі, а пункт 4 артыкула 27 таго ж закону надзяляе пракурора паўнамоцтвамі апратэстоўваць прававыя акты і рашэньні мясцовых органаў улады і нават скасоўваць іх, калі яны пярэчаць заканадаўству.