Кіяўлянін цудам выжыў пад абломкамі дома пасьля ракетнага ўдару Расеі

Ратавальнікі разьбіраюць завалы шматпавярховага дома ў Кіеве пасьля расейскага ўдару

Украінскія ратавальнікі раяць класьціся спаць са сьвістком і паўэрбанкам, а таксама вучыцца квадратнаму дыханьню.

Пры канцы жніўня расейская ракета трапіла ў шматкватэрны дом у Кіеве. У кватэры Міколы Якіменкі на пятым паверсе нешта абрынулася, ўзьняўшы друз і пыл.

Не пасьпеў Мікола падумаць пра дачку, каб яна не задыхнулася ад пылу і тынкоўкі, як стала яшчэ горш.

Бэтонная пліта абрынулася на ложак і прыціснула яго.

Your browser doesn’t support HTML5

Ukrainian Life Hacks: How To Survive Being Trapped Under Rubble

Ён ня мог паварушыцца, але кажа, што «не было ні панікі, ні крыкаў». Маленькая дачка таксама трымалася мужна. «Яна спрабавала разьбіраць завалы, каб знайсьці сваю маці», — успамінае Мікола.

Сусед дапамог жонцы і дачцэ Якіменкі выбрацца вонкі. Ён жа паказаў ратавальнікам, дзе прыціснуты плітой Мікола.

«Яны адразу сказалі: „Гэта твой другі дзень нараджэньня“, — расказаў ён. — Сказалі, што гэта цуд, што я выжыў».

Мікола быў пад заваламі дзьве гадзіны. Шмат хто з жыхароў ня выжыў. Ня менш як 20 чалавек загінулі, а некалькі дзясяткаў атрымалі траўмы.

Як выжыць пад заваламі

Паколькі Расея няспынна атакуе ўкраінскія гарады і сёлы, верагоднасьць апынуцца пад заваламі цалкам рэальная. Аварыйныя службы і мэдыкі раяць, што рабіць і чаго не рабіць, каб выжыць у чаканьні дапамогі.

  • Паставіць каля ложка пітную ваду, ліхтарык і паўэрбанк.
  • Месць сьвісток — каб зьвярнуць увагу ратавальнікаў. Трэба таксама грукаць па мэталічных прадметах і крычаць. Падчас пошукаў адмыслова робяцца паўзы цішыні, каб пачуць такія сыгналы.
  • Нельга карыстацца запалкамі ці запальнічкамі — можа ўзарвацца газ, калі ў будынку ёсьць газавыя трубы.
  • Нельга спрабаваць самастойна выбрацца з-пад завалаў да прыбыцьця дапамогі.

«Галоўная памылка людзей — адразу спрабаваць выбрацца самім, — кажа Вячаслаў Тарашчанка з падразьдзяленьня, якое выратавала Якіменку. — Гэта натуральны інстынкт, і гэта добра. Але калі чалавек знаходзіцца пад заваламі, ён можа зрушыць нясучую частку канструкцыі, якая яго прыціскае. Ён можа абваліць усю канструкцыю, і яго можа раздушыць».

Таксама важна, каб пацярпелы захоўваў спакой і не панікаваў. Можа дапамагчы тэхніка квадратнага дыханьня — па 4 сэкунды на ўдых, затрымку дыханьня, выдых і паўзу перад наступным удыхам, кажа Любоў Кірнас, псыхоляг Кіеўскай службы выратаваньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». Чаго хоча Пуцін ад Лукашэнкі, а Сяргей Ціханоўскі ад Сьвятланы?