Ня стала Алены Пятросавай

Алена Пятросава

На 65 годзе жыцьця 15 студзеня памерла дасьледчыца гісторыі беларускай архітэктуры Алена Пятросава.

Паводле мастацтвазнаўцы Тамары Габрусь, Алена Пятросава нарадзілася 7 лютага 1952 году, апошнім часам хварэла на рак.

«Яна пражыла жыцьцё за пяцярых жанчын, была неардынарная, з пачуцьцём стылю. Яе бацька быў беларус, а маці армянка, так склалася жыцьцё, што яна стала падчарыцай акадэміка Фёдарава. Яна была харызматычным чалавекам, таленавітым творцам. Алена па адукацыі архітэктар, але яна была больш мастаком, чым архітэктарам. Яна ў асноўным працавала ў Інстытуце мастацтвазнаўства Акадэміі навук. Пэўны час, калі яна сыходзіла з нашай акадэмічнай сыстэмы, займалася мультыплікацыяй, а пазьней садова-паркавым дызайнам, рабіла мазаікі. І гэта ў яе выдатна атрымлівалася, бо ўсё, што тычылася малюнка, што можна было зрабіць густам і рукамі, у яе атрымлівалася заўсёды выдатна.

Алена Пятросава была кандыдатам мастацтвазнаўства, займалася нэаготыкай. Яе тэма была — „„Готыка“ і нэаготыка ў архітэктуры Беларусі“. Кнігі, на жаль, ня выдала».

Паводле мастацтвазнаўцы і гісторыка архітэктуры Сяргея Харэўскага, Алена Пятросава была вельмі вядомай дасьледчыцай гісторыі архітэктуры ў 70–80-х гадах.

«Яна суаўтарка адной з найлепшых кніжак пра Менск — „Помнікі архітэктуры Менску XVII — пачатку XX ст.“ разам з Тамарай Чарняўскай.

У нашых энцыкляпэдыях, у пяцітамовай „Энцыкляпэдыі літаратуры і мастацтва“ вельмі шмат яе артыкулаў па гісторыі архітэктуры. У прыватнасьці, па гісторыі архітэктуры Менску. Былі дзясяткі артыкулаў, прысьвечаных архітэктуры Беларусі.

Гэта яшчэ адна страта з таго пакаленьня, якое працавала не ў інтэрнэце, не з інтэрнэтам. А з той генэрацыі, якая ўсе гэтыя дакумэнты, арыгіналы трымала ў руках. І фактычна яна была адной з пачынальніц нашага сучаснага менсказнаўства. Разам зь Зянонам Пазьняком, Элеанорай Вецер, Уладзімерам Дзянісавым. Дзякуючы ў тым ліку і выдатнай кніжцы, дзе яна была суаўтаркай, цэлае пакаленьне беларусаў, менчукоў далучылася да гэтай любові да роднага горада.

У кнізе былі ўказаныя ўсе помнікі, палова зь якіх, дарэчы, ужо не існуе ў арыгінале. Таму мерныя красьлюнкі, выявы фасадаў гэтых будынкаў і іх ляпідарнае апісаньне ў гэтай кнізе — для нас ці не адзіны дакумэнт па многіх будынках, якіх ня стала за апошнія 30 гадоў.

Прыватныя абставіны былі няпростыя, Алена доўгі час хварэла».