Віцэ-прэм’ер Аляксандр Новак прапанаваў нарасьціць у кастрычніку пастаўкі беларускага бэнзіну ў Расею з 45 тыс. да 300 тыс. тон за месяц. Гэта вынікае са звароту Новака прэмʼер-міністру Расіі Міхаілу Мішусьціну, зь якім азнаёміўся «Коммерсантъ».
Віцэ-прэмʼер прапанаваў павялічыць яго імпарт за кошт бесьперабойнай працы сыстэмы «Транснафта» і запуску давальніцкай перапрацоўкі нафты.
Сярод іншых ініцыятыў — дазволіць на паўгода выкарыстаньне монамэтыланіліну, актанапавышаючай прысадкі, забароненай з 2016 года. Ён ужываецца для дэтанацыйнай устойлівасьці бэнзіну і можа павялічыць абʼём прадукта на рынку на 50 000 тон у месяц.
Аляксандр Новак таксама прапанаваў абнуліць увазныя мытныя пошліны на імпарт бэнзіну з Кітая, Паўднёвай Карэі і Сынгапура.
30 верасьня расійскі ўрад працягнуў часовую забарону на экспарт бэнзіну. Цяпер ён будзе дзейнічаць да 31 сьнежня 2025 года для ўсіх экспартэраў. Кабмін таксама ўвёў новую забарону на вываз за мяжу дызэльнага паліва, суднавага паліва і іншых газойляў. Гэтая мера дзейнічае да канца года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі біскуп запрасіў папу Льва XIV наведаць Беларусь