Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Андрэй Зноска запрасіў папу рымскага Льва XIV наведаць Беларусь 1 кастрычніка падчас аўдыенцыі на плошчы сьв. Пятра ў Ватыкане, паведамляецца на старонцы беларускага герарха ў «Інстаграме».
«Наш Касьцёл марыць і моліцца, каб ваш візыт у нашую краіну стаў магчымым. Мы ўсе стомлены вайной паміж нашымі суседзямі, а ваш прыезд у Беларусь будзе знакам супакою і надзеі», — перадаў ён свае словы ў сацсетцы, піша Позірк.
Пасьля аўдыенцыі біскупы, якія ў ёй удзельнічалі, па чарзе падыходзілі да пантыфіка, каб прывітаць яго, размова доўжылася каля 15 сэкунд, паведамляе праект «Katolik. life. Неафіцыйнае».
8 траўня Лукашэнка павіншаваў Льва XIV з абраньнем папам рымскім і запрасіў яго ў Беларусь. Фактычна кіраўнік Сьвятога Пасада не можа прыехаць праз негалоснае правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфэсія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасьцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла (Гундзяева).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка — Гітлер, які ня змог зьехаць з Аўстрыі». Філіпенка пра забароненыя кнігі і лёс Беларусі