Паветраная прастора ўздоўж мяжы Літвы зь Беларусьсю будзе закрытая да сьнежня

Літоўскія вайскоўцы на мяжы зь Беларусьсю. Ілюстрацыйнае фота

Літоўскія вайскоўцы паведамілі, што паветраная прастора ўздоўж мяжы Літвы зь Беларусьсю будзе часткова закрытая да 1 сьнежня.

«Дзеяньне зоны абмежаваньня палётаў у паветранай прасторы ўздоўж мяжы зь Беларусьсю прадоўжылі да 1 сьнежня», — паведаміла агенцтва BNS з спасылкай на вайсковых.

Абмежаваньне палётаў увялі 12 жніўня, за месяц да правядзеньня супольных расейска-беларускіх вайсковых вучэньняў «Захад-2025».

Тады ўвядзеньне абмежаваньняў абгрунтавалі сытуацыяй зь бясьпекай і пагрозамі для грамадзтва, а таксама рызыкамі, якія ўзьнікалі для цывільнай авіяцыі праз парушэньні паветранай прасторы бесьпілётнымі лятальнымі апаратамі, а таксама неабходнасьцю стварэньня ўмоў для выкананьня літоўскімі вайскоўцамі задач, вызначаных заканадаўствам, у мірны час у адказ на такія і падобныя парушэньні паветранай прасторы.

Першапачаткова гэтую меру ўводзілі да кастрычніка з агаворкай аб магчымасьці працягу забароны, калі пагроза ад бесьпілётных лятальных апаратаў, якія ўваходзяць у паветраную прастору Літвы, ня зьменшыцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Над Вільняй уначы заўважылі дрон, аэрапорт на паўгадзіны спыняў усе палёты

За апошні час было сама меней два выпадкі залёту дронаў зь беларускай тэрыторыю ў Літву: 10 ліпеня заляцеў расейскі дрон «Гербера», які імітуе «Шахед», ён быў без выбухоўкі, і 28 ліпеня — таксама бесьпілётнік «Гербера» праляцеў над Вільняй і ўпаў на палігоне за сто кілямэтраў ад мяжы, меў 2 кг выбуховага зараду.

Пасьля апошняга інцыдэнту ў Літве ўзмацнілі ахову неба. Таксама былі абвешчаныя пляны ўмацаваць мяжу і набыць новыя сродкі для выяўленьня бесьпілётнікаў і барацьбы зь імі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскае войска атрымала права хутчэй зьбіваць небясьпечныя дроны